|
|
|
№
2(56)/2011
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Мастацтва
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
In memoriam
Пераклады
Мастацтва
Вачыма візітатара
|
Немагчыма вывучаць гісторыю таго ці іншага кляштара, абмінаючы мінуўшчыну ўсяго закону, да якога гэты кляштар належаў. Паколькі ў беларускай гісторыяграфіі пачаткі і дзейнасць дамініканаў асветленыя даволі слаба, мусім хаця б крыху затрымацца на гэтым пытанні. Мы коратка пагаворым пра тое, з якіх прычынаў узнік дамініканскі закон, як ён пашыраўся ў свеце і якім чынам браты прапаведнікі з’явіліся на Беларусі (зазначым адразу, што пры напісанні гэтага тэксту мы карысталіся даведачнымі выданнямі і сінтэзамі па гісторыі Касцёла)2. Асноўная частка нашага даследавання будзе прысвечана стану мінскага касцёла і канвента ў 1796 г. (яна будзе надрукаваная ў наступным нумары). Дамініканскую тэму мы завершым артыкулам «Кнігазборы мінскіх дамініканаў» пад рубрыкай «Кніжныя скарбы».
Перадумовы стварэння
З’яўленне на пачатку ХІІІ ст. ордэнаў новага тыпу — такіх жа жабрачых законаў, як дамінікане і францішкане — было выклікана даволі неадназначнай рэлігійнай сітуацыяй, што склалася ў Еўропе ў ХІ–ХІІ стст. На жаль, так нярэдка здаралася ў гісторыі, што слабасць чалавечае натуры прыводзіла да фармалізацыі найлепшых пачынанняў, якія вырасталі з найчысцейшых імкненняў чалавечае душы, але ў выніку страчвалі шмат з таго, дзеля чаго задумваліся. Падобная рэч адбылася і з манаскімі законамі. Так, напрыклад, манахі аднаго з першых ордэнаў, бэнэдыктыны, паводле прадпісанняў свайго заснавальніка, павінны былі здабываць кавалак хлеба штодзённага працаю ўласных рук, што выдатна ілюструе іх дэвіз: «Оra et labora!» — «Маліся і працуй!». Аднак, атрымліваючы ад сеньёраў, на чыіх землях знаходзіліся іх кляштары, абшырныя ўладанні і шчодрыя дарункі, манаскія супольнасці з часам узбагачаліся і паступова адыходзілі ад строгага захавання пастановаў св. Бэнэдыкта. Гэта прывяло да патрэбы рэфармавання закону, у выніку чаго з яго вылучылася новая, больш суворая, галіна — цыстэрсы; зрэшты, іх у 2-й палове ХІІ ст. напаткаў той самы лёс. Падобныя працэсы мелі месца і ў асяродку свецкага духавенства, якое таксама нярэдка занадта моцна прыкладалася сэрцам да зямных дабротаў, губляючы асноўную мэту свайго святарскага служэння. Узбагачэнне касцёльных інстытуцый і занядбанне імі прынцыпаў першаснага хрысціянства прыводзіла да росту незадавальнення Касцёлам сярод свецкіх вернікаў. Народная пабожнасць, вельмі развітая ў гэты час, патрабавала выхаду, але з прычыны недаверу да клеру і ўплыву ерэтычных вучэнняў (такіх, як, напрыклад, маніхейства, што пачало пранікаць у Еўропу пасля крыжовых выправаў), яна часта вылівалася ў формы, непрымальныя для Касцёла. Наогул ХІІ ст. характарызуецца шырокім дыяпазонам народных рэлігійных рухаў. Некаторыя з іх Касцёл той ці іншы час і ў той ці іншай ступені талераваў — як, напрыклад, бегардаў і бегінак; з іншымі ж распачаў незміральную барацьбу — як з катарамі і вальдэнсамі. А паколькі ўсе гэтыя рухі займаліся актыўным прапаведваннем сваіх ідэй, сітуацыя ўрэшце запатрабавала рашучага адказу з боку Касцёла — новага апостальства, новай евангелізацыі, носьбітамі якой і меліся стаць створаныя на пачатку ХІІІ ст. законы дамініканаў і францішканаў.
Дзейнасць св. Дамініка Дамінікане сваім ўзнікненнем абавязаныя, у значнай ступені, катарам — гэтаму ці не найбольш масаваму і небяспечнаму для каталіцкай веры ерэтычнаму руху Сярэднявечча. Менавіта супраць яго скіраваў вастрыё сваёй дзейнасці заснавальнік закону братоў прапаведнікаў, прадстаўнік візігоцкага шляхецкага роду Гусманаў Дамініга, больш вядомы ў літаратуры пад лацінскай формай свайго імя — Дамінік, што ў перакладзе азначае «Божы». Нарадзіўся Дамінік дэ Гусман каля 1175 г. у Калеруэга ў Кастыліі (правінцыя Бургос). Сям’я ягоная славілася сваёю пабожнасцю, і хлопец з самага маленства быў прызначаны для духоўнага стану. Таму яго спачатку аддалі на выхаванне сваяку святару, які выконваў свае абавязкі ў блізкім касцёле, а затым — у 1184 г. — адправілі для здабыцця навукі філасофіі і тэалогіі ў катэдральную школу Паленцыі. Закончыўшы вучобу, Дамінік быў у 1196 г. высвячаны і прызначаны канонікам катэдральнага сабора г. Осма ў Кастыліі, дзе праз пяць гадоў заняў пасаду намесніка прэпазіта капітулы. Неўзабаве па прыездзе яго ў Осма, у 1198 г., была праведзена рэформа капітулы, якая абавязала канонікаў прытрымлівацца прынцыпаў супольнага жыцця на падставе манаскіх статутаў. Далучэнне да манаскай аскезы моцна паўплывала на фармаванне духоўнасці маладога святара, а паколькі ў Осме была прынятая рэгула св. Норбэрта, дык нядзіўна, што і пазней за ўзор правілаў жыцця законнікаў новага ордэну св. Дамінік узяў менавіта прэманстранцкія статуты, распрацаваныя на аснове правілаў св. Аўгустына. Немалы ўплыў на кшталтаванне асобы і далейшы лёс Дамініка аказала таксама сяброўства з тагачасным прэпазітам капітулы Дыега дэ Асеведа, які пазней заняў пасаду біскупа Осма. Менавіта суправаджэнне гэтага царкоўнага дзеяча ў ягоных дыпламатычных падарожжах і спрычынілася да сутыкнення будучага заснавальніка ордэну дамініканаў з асноўнымі праблемамі або, як сёння кажуць, «выклікамі» свайго часу.
У прыватнасці, падчас адной з такіх паездак Дамінік назіраў пераможны паход вучэння альбігойцаў3 у паўднёвай Францыі і пераканаўся ў поўнай бяссільнасці царкоўных структураў у барацьбе з гэтай ерассю. Сустрэча Дыега з Асеведа і Дамініка з цыстэрсамі, якія былі накіраваныя Папам для змагання з гэтым рухам, паказала, што традыцыйнымі сродкамі ерасі не перамагчы. Гэта спрычынілася да зразумення неабходнасці выпрацоўкі новых формаў барацьбы, якія нярэдка запазычваліся ў ідэалагічных праціўнікаў. Так, у прыватнасці, было вырашана распачаць новую евангелізацыю, якую б ажыццяўлялі вандроўныя прапаведнікі, што ўласным прыкладам простага жыцця ва ўбостве прапагандавалі б сярод люду ідэалы хрысціянства. Гэтая форма абвяшчэння каталіцкай дактрыны, называная «sancta praedicatio» або «praedicatio Christi», была ў 1206 г. зацверджана папам Інакенціем ІІІ. Пасля таго, як у 1207 г. памёр біскуп Дыега дэ Асеведа, а цыстэрсы ў 1208 г. склалі з сябе абавязкі папскіх легатаў у змаганні з катарамі, Дамінік ачоліў місію ў паўднёвай Францыі. Ён двойчы адмаўляўся ад прапанаванай яму пасады біскупа, аддаючы ўсе сілы і энергію барацьбе з ерассю, а ў 1215 г. узяў удзел у ІV Латэранскім Саборы, прысвечаным гэтай праблеме. Біскуп Тулузы Фулькон прызначыў Гусмана з ягонымі супрацоўнікамі афіцыйнымі прапаведнікамі сваёй дыяцэзіі. Пасля заканчэння Сабору Дамінік непасрэдна ўзяўся за стварэнне ордэну. Ужо ў 1215 г. яму склалі законныя шлюбы першыя дамінікане, а ў 1216 г. ён склікаў капітулу, на якой абвясціў статуты новага ордэну. Узімку 1216–1217 гг. папа Ганоры ІІІ булай «Religiosam vitam» ад 22 снежня 1216 г. і брэвэ ад 21 студзеня 1217 г. афіцыйна зацвердзіў дамініканскі ордэн. У наступныя гады Дамінік пакладае высілкі, каб умацаваць пазіцыі ордэну прапаведнікаў і пашырыць яго ўплыў на ўвесь хрысціянскі свет. Для гэтага ён рассылае сваіх паплечнікаў у найбольш важныя асяродкі каталіцкай думкі — Парыж, Балонью, Мадрыд, а сам выязджае ў Рым. Гэта дало яму магчымасць распаўсюдзіць свае ідэі сярод вернікаў і знайсці новых кандыдатаў для ўступлення ў ордэн. У 1218–1219 гг. Дамінік праводзіць першую візітацыю канвентаў ордэну ў Францыі, Іспаніі і Італіі, а на генеральных капітулах 1220 і 1221 гг. надае яму арганізацыйную структуру, паводле якой ордэн падзяляецца на правінцыі. Памёр Дамінік 6 жніўня 1221 г. у Балоньі, а ў 1234 г. ён быў кананізаваны папам Рыгорам ІХ.
Ордэн айцоў прапаведнікаў Смерць заснавальніка не спыніла імклівага развіцця і распаўсюджвання ордэну дамініканаў. Спярша ў вялікіх, а затым і ў меншых гарадах пачынаюць закладацца кляштары; паступова афармляеццца і набывае выразнасць структура і ідэалогія закону. Ужо ў 1220 г. было прынята рашэнне цалкам адмовіцца ад усялякай уласнасці і жыць выключна з ахвяраванняў (што і надало законам з такой формай самаўтрымання назву мендыканцкіх, або жабрачых). Асноўныя пасады займаліся шляхам абрання, але прыёр быў адказны перад супольнасцю канвента, якая яго выбрала, правінцыял — перад правінцыяльнай капітулай, а генерал — адпаведна, перад капітулай генеральнай. У кожным з канвентаў ствараюцца адмысловыя школы — «студыі» (studium particulare), у якіх выкладалася філасофія ў тагачасным яе разуменні — як сукупнасць ведаў пра навакольны свет і асновы навук, неабходных для яго спазнавання. Прычым навучанню і падрыхтоўцы будучых прапаведнікаў надаецца так шмат увагі, што кожны канвент фактычна ператвараецца ў вучэльню. Праводзіць заняткі ў дамініканаў меў права толькі лектар з вышэйшай адукацыяй, г. зн., які скончыў 4-гадовы курс тэалогіі. Браць жа ў іх удзел былі абавязаныя ўсе насельнікі кляштара, незалежна ад узросту, вучонасці, працягласці святарскага служэння і практычных абавязкаў. Неабходнасць сталага даадукавання і самаразвіцця падкрэсліваецца нават у ордэнскіх статутах, якія патрабавалі, каб законнікі «ўдзень і ўначы, дома і ў падарожжы нешта чыталі або над нечым разважалі». Апрача таго, у кожнай правінцыі засноўваўся і своеасаблівы ўніверсітэт — «генеральныя студыі» (studia generalia), дзе дасведчаныя прафесары выкладалі поўны курс тэалогіі. Такая пільная ўвага да адукаванасці сваіх членаў ператварыла ордэн прапаведнікаў у самы інтэлектуальны закон у свеце — і такім ён заставаўся на працягу стагоддзяў. Сотні дамініканаў з часам займалі прафесарскія катэдры ў найбуйнейшых універсітэтах Еўропы — у Парыжы, Оксфардзе, Падуі, Кёльне і інш.; выдавалі сотні тысяч тамоў кніг — ад зборнікаў казанняў і да працаў па філасофіі ды тэалагічных трактатаў; услаўлялі свой ордэн, здабываючы славу вядомых ва ўсім свеце пісьменнікаў, тэолагаў, філосафаў і навукоўцаў — як, напрыклад, аўтар «Залатой легенды» Якуб дэ Варагінэ, Альберт Вялікі ці Тамаш з Аквіна. Разам з тым, асноўнай задачай дамініканаў было ажыццяўленне душпастырскай дзейнасці, увасобленай у прапаведніцтве і спавяданні. Спярша яны вялі працу ў парафіяльных святынях, будуючы для сябе ж толькі невялічкія — адпаведныя зароку беднасці — касцёлікі, дзе праводзілі штодзённае набажэнства. Аднак паколькі мясцовыя святары далёка не заўсёды з ахвотаю прымалі дапамогу з рук прышлых законнікаў, пачынаючы з сярэдзіны ХІІІ ст. ордэн будуе ўсё больш уласных касцёлаў, каб мець магчымасць прыходзіць з пастырскай дапамогай. Шмат увагі надаецца і працы законнікаў на місіях сярод паганаў. Паступова евангелічная і місіянерская дзейнасць ордэну не толькі ахоплівае ўсю Еўропу, але перасягае межы кантыненту і пранікае спярша ў Азію і Афрыку, а пазней — у Лацінскую Амерыку, дзе дамінікане не раз выступалі ў абарону правоў індзейцаў (згадайма тут імёны Антонія з Мантэсіна і Баўтрамея дэ Лас Касаса). Напрыканцы ХVІІ ст. — у час сваёй найбольшай пашыранасці і шматлікасці — ордэн аб’ядноўваў у сваіх шэрагах каля 30 000 членаў у 45 правінцыях на розных кантынентах.
Закон прапаведнікаў На Усходзе Еўропы дамінікане з’явіліся неўзабаве пасля таго, як аформіліся ў ордэн. Заслуга ў гэтым належыць біскупу Кракаўскаму Івону Адравонжу, які атрымаў выдатную тэалагічную і юрыдычную адукацыю ў Парыжы ды Вічэнцы і меў моцныя сувязі з інтэлектуальнымі і духоўнымі каталіцкімі асяродкамі ў Заходняй Еўропе. Падчас свайго знаходжання ў 1219–1220 гг. у Рыме ён сустракаўся са св. Дамінікам і дамовіўся з ім аб стварэнні дамініканскай місіі ў Кракаве. Дзеля гэтага, вярнуўшыся ў Польшчу, ён накіраваў у Балоньскі канвент для праходжання навіцыяту групу аднадумцаў на чале з Яцкам (Гіяцынтам) і Чэславам Адравонжамі, якія раней суправаджалі біскупа ў падарожжы ў Рым і прысутнічалі на ягонай сустрэчы са св. Дамінікам. На свята Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў 1223 г. Івон Адравонж перадаў дамініканам, якія вярнуліся з Італіі, кракаўскі касцёл Святой Тройцы, а ўжо ў 1225 г. была створана Польская правінцыя ордэну, першым кіраўніком якой стаў Яцэк Адравонж. Такім чынам, Польшча зрабілася для дамініканаў (як пазней і для шэрагу іншых лацінскіх законаў) плацдармам, з якога яны з часам пачалі пашыраць свой уплыў на суседнія тэрыторыі. Перадусім гэта датычыла і далучанай да Кароны ў ХІV ст. Чырвонай Русі, і Вялікага Княства Літоўскага, якое пасля Крэва перманентна знаходзілася ў стане уніі з Польскай дзяржавай. Новаствораныя кляштары аўтаматычна ўваходзілі ў склад Польскай правінцыі. Тым не менш заўсёдная нязгода паміж украінцамі і палякамі прывяла да таго, што ў 1612 г. пасля доўгіх змаганняў з пераменным поспехам нарэшце была канчаткова зацверджана самастойная Руская правінцыя пад тытулам св. Яцка. Яна ахоплівала населеныя пераважна хрысціянамі грэка-візантыйскага абраду абшары на ўсход і поўдзень ад Польшчы (нават Малдавію і Трансільванію!). З гэтай прычыны ў яе была ўключаная і значная частка беларускіх земляў, на якіх, праўда, у той час дамініканскіх кляштараў не было (за выключэннем толькі нядаўна заснаванага менскага). Населеныя балтамі тэрыторыі ВКЛ, а таксама Вільня і паўночна-заходняя частка сучаснай Беларусі, засталіся ў складзе Польскай правінцыі. Размежаванне паміж гэтымі дзвюма адміністрацыйнымі адзінкамі ордэну яшчэ доўга з’яўлялася камянём сутыкнення. Яскравы прыклад гэтага дае гісторыя менскага канвенту, які хоць і быў заснаваны ў 1605 г. законнікамі з Вільні, але пасля перагляду межаў увайшоў у склад Рускай правінцыі, а яго насельнікі мусілі вярнуцца ў родны кляштар. З другога боку, фундаваны ў 1630 г. канвент у Берасці быў закладзены і ўвесь час заставаўся пад юрысдыкцыяй польскага правінцыяла. Што датычыць балцкіх і рэшты беларускіх тэрыторый, дык яны спярша ў 1644 г. вылучыліся ў асобную кангрэгацыю, а ў 1647 г. утварылі Літоўскую правінцыю пад тытулам Анёла Ахоўніка, на чале якой быў пастаўлены а. Петроні Каменскі. У межах Вялікага Княства Літоўскага дамінікане найраней асталяваліся ў Вільні. Даследчык гісторыі Віленскай дыяцэзіі кс. Ян Курчэўскі распавядае, што ўжо сам св. Яцэк у 1230 г. прайшоў землі Русі і Літвы ўшыркі і ўдоўжкі, абвяшчаючы Добрую Навіну4. Гэтае сцвярджэнне стварае крыху перабольшаны вобраз яго дзейнасці, бо заснавальнік польскіх дамініканаў удзельнічаў у місійнай дзейнасці ў Кіеве і сярод прускіх балтаў, а таму азначаныя вышэй тэрыторыі перасякаў, толькі падарожнічаючы да месца свайго прызначэння. Зрэшты, кс. Курчэўскі і сам піша, што віленскі касцёл Святога Духа, пазней шырока вядомы як дамініканскі, быў перададзены ордэну толькі ў 1501 г. Аляксандрам Ягелонам5. А паколькі аб прыналежнасці да дамініканаў тае ці іншае святыні ў ранейшы час нічога невядома, дык і гаварыць пра сталую прысутнасць закону ў сталіцы княства можна толькі з пачатку ХVІ ці з канца ХV ст. Найранейшыя задакументаваныя звесткі пра ўдзел дамініканаў у рэлігійным жыцці Вільні таксама паходзяць з гэтага перыяду — у прыватнасці, сведчанні, што біскуп Войцэх Табар абавязаў іх прамаўляць казанні ў касцёле св. Яна, звязаныя з адыходам колішняй святадухаўскай парафіі да гэтай святыні. Калі не браць пад увагу фантастычныя, як нам здаецца, звесткі пра заснаванне ў 1320 г. братамі прапаведнікамі наваградскага кляштара, дык на тэрыторыі сучаснай Беларусі дамініканскія канвенты пачалі з’яўляцца досыць позна. Фактычна за асваенне нашых земляў ордэн актыўна ўзяўся толькі на пачатку ХVІІ ст., зацвердзіўшы спярша ў 1605 г. менскі фундуш ваяводзіны Соф’і Служкавай, а затым заснаваўшы кляштары ў Дзярэчыне і Астраўцы (1618 г.), Шклове (1619 г.), Астроўне (1621 г.), Стоўбцах (1626 г.) і ў іншых месцах. Разам з тым большая частка канвентаў у абодвух асноўных для беларускіх земляў правінцыях закону ўзнікла ў 2-й палове ХVІІ ст. — гэта, у прыватнасці, кляштары ў Пінску (1666 г.), Полацку (1671 г.), Чашніках (1674 г.), Заслаўлі (1678 г.), Слоніме (1680), Хатаевічах і Галаўчыне (1681 г.), Клецку (1683 г.), Ракаве (1686 г.), Друі (1697 г.) і ў іншых месцах. Працэс з’яўлення новых дамініканскіх канвентаў працягваўся нават яшчэ і на пачатку ХVІІІ ст., як пра тое сведчыць заснаванне кляштараў у Дудаковічах (1701 г.) і Халопенічах (1703 г.). Але спынімся на гэтым месцы нашага расповеду, каб уважлівей прыгледзецца да гісторыі менскага канвенту, якому будзе прысвечаны наш наступны артыкул.
|
|
|
|