|
|
|
№
2(56)/2011
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Мастацтва
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
In memoriam
Пераклады
Мастацтва
Вачыма візітатара
|
Тэма камунікацыі нараджаецца ўнутры чалавека. Памятаеце, як Святы Айцец Ян Павел ІІ апошні раз з’явіўся ў вакне апостальскага палаца? Яму не ўдалося нават нічога сказаць, з ягоных вуснаў не выйшла ніводнага слова. Здавалася б, гэтае маўчанне пярэчыць камунікацыі, адмаўляе яе. Але яго позірк, яго жэсты вельмі шмат перадавалі тым, хто глядзеў на яго. Таму галоўнае ў камунікацыі — ведаць, што знаходзіцца ў сэрцы чалавека, а не толькі добра разбірацца ў тэхналогіях. Ёсць вельмі прыгожая лацінаамерыканская гісторыя. Адзін чалавек хадзіў з вёскі ў вёску, з мястэчка ў мястэчка. Ён ехаў на маленькім восліку, пры гэтым іграў на арфе і спяваў, бо менавіта для гэтага яго і запрашалі ў розныя мясціны. Аднойчы ўначы, калі ён быў у дарозе, на яго напалі бандыты і ўкралі восліка, панеслі арфу, а самога збілі так, што ён застаўся ляжаць на дарозе, паміраючы. На наступны дзень некалькі чалавек, ідучы гэтаю дарогаю, знайшлі параненага. Яны спыталіся, што з ім здарылася. Той расказаў, што яго абакралі і збілі. «Але яны не змаглі вырваць музыку з майго сэрца», — дадаў ён. Дык вось, галоўнае, каб мы мелі музыку ў нашых сэрцах, таму што наша камунікацыя нараджаецца з той музыкі, якая гучыць унутры нас. Гэта гісторыя дапамагае зразумець: мая справа не ў тым, каб разбірацца ў тэхналогіях, бо ў такім выпадку дастаткова было б мець пэўную суму грошай, каб набыць сучаснае абсталяванне. Але гэта не вырашыць праблему камунікацыі ў Касцёле. Важна, каб у маіх словах заключалася тое, кім ёсць Бог, у якога я веру. Мы павінны данесці да сучаснага чалавека, што Бог любіць яго, шукае яго, каб даць яму шчасце. Касцёл — гэта служэнне, канчатковая мэта Касцёла не заключаецца ў ім самім, таму першы вобраз, які я хацеў бы вам пакінуць, гэта абмыццё ног. Я бачыў розныя прафесійна зробленыя вэб-старонкі, але мэтаю гэтай дзейнасці не з’яўляецца проста стварэнне добрага сайту. Сайт можа быць толькі пачатковым момантам у размове з сучасным чалавекам. Вельмі важна, каб гэты чалавек ведаў, што хрысціянская супольнасць выходзіць яму насустрач, гатовая прыняць яго. У Мадрыдзе ў мяне ёсць сябар — пробашч. Ён стварыў цудоўны сайт. Кажа, што на гэты сайт заходзіць больш людзей, чым прысутнічае на нядзельнай Імшы ў касцёле. Але праблема ў тым, што сайт — не мэта сама па сабе. Сайт можа быць толькі адкрыццём дарогі да сапраўднай супольнасці, да супольнасці, якая дапамагае адкрываць Езуса Хрыста. Вось у чым праблема: акрамя сайту, па-за сайтамі мы павінны ствараць жывую супольнасць. Другі біблійны вобраз, які мне хацелася б вам пакінуць, быў паказаны на днях у біблійным чытанні падчас Імшы. Памятаеце аповед пра дыякана Філіпа, які, ідучы па пустыннай дарозе, сустрэў еўнуха — саноўніка эфіопскай царыцы Кандакі? Ён — сапраўдны натхняльнік. І таму пакідаю вам гэта як вобраз сапраўднай дыяканіі культуры. Сучасны свет падобны да таго еўнуха, які едзе ў сваёй павозцы па пустыннай дарозе. Можа, вам падасца гэта дзіўным, але, нягледзячы на тое, што сёння мы маем такія добрыя сродкі камунікацыі, чалавек адчувае вельмі глыбокую самоту. Я не вельмі добра знаёмы з гуманітарнай сітуацыяй у Беларусі, але ў Еўропе, у ЗША сітуацыя сучаснага чалавека выглядае сапраўды жахлівай. Гэта безвыходная самота. У нас заўсёды з сабою ўключаны мабільны тэлефон, часам ажно два, і, нават кладучыся спаць, многія пакідаюць тэлефон уключаным. Кажуць, што ў Еўропе малады чалавек штодзённа піша каля 60 СМС. Чалавек, адчуваючы самоту ўнутры сябе, усведамляе патрэбу быць у лучнасці з іншымі. У аповедзе з Дзеяў Апосталаў Філіп ідзе побач з павозкаю, на якой едзе еўнух. Гэта як Касцёл, што ідзе побач з чалавекам. Ён не крытыкуе, не абвінавачвае. Часам у людзей складваецца такі вобраз Касцёла, які гатовы выступіць супраць кагосьці, хто ўчыніў нейкую памылку. І сёння Касцёл павінен паўстаць перад сучасным чалавекам у такім абліччы, на якім будуць прачытвацца сімпатыя, добразычлівасць у адносінах да чалавека. Сучасным людзям вельмі цяжка ісці па жыцці, і не проста з-за нейкіх эканамічных цяжкасцяў, тут выяўляюцца вельмі глыбокія экзістэнцыйныя праблемы, таму адносіны Касцёла да чалавека павінны мець такія рысы як адкрытасць, сімпатыя, гатоўнасць выслухаць. Памятаеце, якое пытанне задаў Філіп: «Ці разумееш, што чытаеш?» І еўнух адказвае: «Як жа магу разумець, калі ніхто не раз’ясніў мне?» І праблема не ў тым, каб проста ведаць тэкст прарока Ісаі. Праблема ў тым, каб разумець сэнс жыцця. Касцёл павінен ісці поруч з чалавекам, каб адкрываць яму сэнс жыцця, таму я кажу пра дыяканію ў свеце лічбавай культуры. Мы гаворым цяпер не толькі пра прылады і абсталяванне, бо ўжо Папа Рымскі Ян Павел ІІ адзначыў, што новыя сродкі камунікацыі нараджаюць новую культуру, новыя спосабы камунікацыі, новыя адносіны паміж людзьмі. Калі мы нядаўна крочылі разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам па вуліцы, хтосьці, ідучы насустрач нам, сказаў: «Пахвалёны Езус Хрыстус!» Я сказаў тады вашаму арцыбіскупу, што ў Італіі мяне ніхто б так не прывітаў. Але вы павінны быць гатовыя да таго, што калісьці і ў Беларусі вам ніхто не скажа: «Пахвалёны Езус Хрыстус!», таму што секулярызацыя вядзе да страты некаторых рэчаў. З вобразам Філіпа звязана пэўная настальгія, туга па тым, хто знаходзіцца далёка. Часам я кажу, што мы бываем падобныя да тых, хто ловіць рыбу ў акварыуме. Але вельмі шмат людзей жыве па-за межамі акварыума. Хто думае пра гэтых людзей? Хто клапоціцца пра іх? Карыстаючыся сучаснымі сродкамі камунікацыі, мы павінны паклапаціцца і пра тых, хто знаходзіцца далёка, хто ніколі не прыйдзе ў касцёл, не будзе маліцца, але адчувае ў сваім сэрцы вялікую тугу па Богу. Я не хачу павучаць і казаць, што трэба рабіць так і так. Той, хто любіць, сам знойдзе шляхі для таго, каб паказаць сваю любоў. І мне хацелася б прыехаць да вас праз год ці два, каб паглядзець, што вы вынайдзеце ў сферы сваёй камунікацыі, каб сказаць мужчынам і жанчынам, жыхарам вашай краіны, што Бог любіць іх вельмі глыбока, вельмі моцна. Наша камунікацыя — гэта тая музыка, якая гучыць у нашых сэрцах, таму я пакідаю вам гэтыя два вобразы, а таксама пажаданне быць крэатыўнымі, быць вынаходнікамі, а вынаходніцтвы павінны выходзіць з сэрца і дапамагаць рабіць тое, што можна зрабіць, каб музыка нашага сэрца як мага мацней загучала ў нашым штодзённым жыцці.
Пераклад з італьянскай мовы
Гл. таксама:
|
|
|
|