|
|
|
№
2(56)/2011
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Мастацтва
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
In memoriam
Пераклады
Мастацтва
Вачыма візітатара
|
Чэслаў Мілаш — той рэдкі вялікі чалавек і вялікі паэт, які здолеў змясціць у сваё стогадовае зямное жыццё Вялікую вайну 1914–1945 гадоў, што незваротна змяла з нашай Усходняй Еўропы «стары добры свет» з польскім дваром, габрэйскім мястэчкам і «тутэйшай» вёскай з «людзьмі польскай веры» ды «людзьмі рускай веры», а потым «халодную вайну» 1945–1991 гадоў, якая скончылася ўпадкам камунізму, на чыім месцы цяпер невядома які «новы свет», заняты галоўным чынам тым, што ўпраўляе «еўрарамонт» пасавецкай спадчыны з яе індустрыялізацыяй, урбанізацыяй і культурнай рэвалюцыяй. Чэслаў Мілаш пісаў і друкаваў сучасныя вершы на працягу сямідзесяці гадоў, і ў тым яго «сапраўдная мудрасць і праўдзівая глыбіня». На мой розум, так сталася, як было, бо для яго літаратура была гісторыяй чалавека, навукай пра чалавека, а не «прыгожым пісьменствам» ці «гульнёй у словы», што б там ні пісаў сам Чэслаў Мілаш пра сваю паэзію і пра сябе. Калі ў 1935 годзе Чэслаў Мілаш першы раз прыехаў у Парыж, дзе амбасадарам Літвы быў яго вялікі сваяк Оскар Мілаш, ужо лаўрэат Нобелеўскай прэміі і жывы класік французскай літаратуры, то найперш папярэдзіў сваяка, што ён сам верыць у левыя погляды ажно да сацыялізму, а той вялікі Оскар толькі пасміхнуўся і сказаў маладому Чэславу, што ён «найперш шляхціц, а шляхціц — гэта чалавек абавязковы», што б і дзе з ім ні было». Тут можна толькі дадаць, хоць можна і не дадаваць, што яшчэ ў 1855 годзе Станіслаў Юндзіл вывеў формулу: «хто не быў сацыялістам да трыццаці гадоў, той не мае сэрца, а хто так і застаўся сацыялістам пасля сарака гадоў, той не мае розуму», але неяк так выйшла ў Чэслава Мілаша, што да канца сваіх дзён быў ён не проста чалавек абавязковы, але і чалавек абавязаны. Здавалася, заўжды пісаў для сябе і стараўся жыць для сябе, але чым далей, тым болей выходзілі ў яго нават не бязлітасныя аналізы нашага шалёнага свету, але за прароцтвам прароцтва, хоць ніколі не пісаў наўпрост ні палітычных прагнозаў, ні маральных інструкцый — пісаў пра сябе, а выходзіла калі не пра ўвесь сусвет, то пра ўвесь чалавечы свет «нашай Усходняй Еўропы». Каб пра што-кольвек сведчыць, найперш мусіш ясна акрэсліць, а што ж такое ты сам, сведка — і калі такога акрэслення ад Мілаша дабіваліся, калі пад канец ХХ ст. ён пераехаў з каліфарнійскага Бэрклі ў польскі Кракаў, то Мілаш цалкам паважна па змесце, хоць з непрыхаванай іроніяй у словах заявіў, што ён «артадаксыйны каталік», таму што «ліцвін польскай культуры»... Хто ведае гісторыю кальвінскай і каталіцкай рэфармацый XVI–XVII стст. у Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім разам з гісторыяй усіх маскоўскіх, казацкіх, турэцкіх і шведскіх войнаў 1558–1667 гадоў, той Мілаша зразумее, а хто ведае толькі школьную ці «нацыянальную» гісторыю як далёкага, так і нашага часу, таму зразумець Чэслава Мілаша будзе сапраўды цяжкавата. Зрэшты, сам Мілаш так «падвёў рысу» незадоўга да свае смерці: кажа, і я з усімі, і са мною ўсе мелі клопаты — ад Івашкевіча з Гедройцем да Бродскага з Гавелам — а вось за мяне разумнейшы быў адзін Караль Вайтыла vel Ян Павел ІІ, бо я сам сябе часта не разумеў, а ён заўсёды спраўляўся... Сёлета Чэслаў Мілаш пражыў свае сто гадоў і жыве паміж нас далей. Алесь Чобат
Гл. таксама:
|
|
|
|