|
|
|
№
2(56)/2011
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Мастацтва
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
In memoriam
Пераклады
Мастацтва
Вачыма візітатара
|
Кацярына БАРЫСЕНКА
УРОК СВЯТОГА ЯЗАФАТА
Святий Йосафат Кунцевич. Документи щодо беатифікаці
Гісторыя ўкраінска-беларускіх узаемаадносінаў, відавочна, адна з найцікавейшых старонак еўрапейскай гісторыі. Калі задумацца, то, перабываючы цягам стагоддзяў у межах розных дзяржаваў, ці то Вялікага Княства Літоўскага, ці то Рэчы Паспалітай, ці то Расійскай імперыі, гэтыя два народы, усведамляючы сваю адметнасць, ніколі не супрацьстаялі адзін аднаму, нават тады, каля ўся сярэднявечная Еўропа цярпела ад міжусобных звадак і войнаў. Ва Украіне апошнім часам актыўна выказваюцца думкі пра напісанне супольнага з расіянамі падручніка гісторыі. А калі Украіна і вымагае нейкага супольнага погляду на гісторыю, то гэта мае быць толькі ўкраінска-беларускі праект, бо напраўду нас лучыць значна больш, чым падаецца на першы погляд. Найбліжэйшаю да ўкраінскай мовы, як пераканальна давёў Юры Шавялёў, ёсць мова беларуская; дзесьці ад ХІІІ да ХV стагоддзя існуюць пэўныя складанасці з аднясеннем пісьмовых помнікаў да тае ці іншае традыцыі, хоць ужо на мяжы XVI–XVII стагоддзяў у тагачасных Украіне і Беларусі выразна ўсведамлялі розніцу паміж дзвюма мовамі. А ўнёсак у развіццё абедзвюх нашых культураў Мялеція Сматрыцкага, Тэадосія Сафановіча, Сімяона Полацкага, Дзмітрыя Тупала, Георгія Каніскага немагчыма пераацаніць. Адной з найцікавейшых праяваў украінска-беларускага мінулага з’яўляецца і стварэнне на нашых землях Уніяцкае Царквы. Сённяшняя аж залішне секулярная прастора ва Украіне не пакідае месца для паважнай ацэнкі крыніцаў, датычных духоўнай гісторыі, хоць яны ёсць не менш важнымі (а часам і асноўнымі) дакументамі мінулых стагоддзяў, чым крыніцы свецкія, а даследаванне іх дапамагае больш дакладна аднавіць тагачасныя падзеі, асабліва калі гаворка ідзе пра падзеі супярэчлівыя. Вось жа кніжка «Святий Йосафат Кунцевич. Документи щодо беатифікації...», якая пабачыла свет ва ўкраінскім выдавецтве «Місіянер», дзякуючы высілкам айцоў ЧСВВ, дае магчымасць больш дакладна сфармуляваць сітуацыю памежжа XVI–XVII стст., якую выдатны гісторык М. Грушэўскі слушна назваў «вайною Русі з Руссю». Той, хто цікавіцца гісторыяй гэтага перыяду, заўважыць, што яна, як правіла, тлумачыцца выключна з пазіцыяў праваслаўя. Сапраўды, са школьнай лаўкі нам метадычна гаворыцца пра ўніятаў, якія адабралі храмы, эксплуатавалі і чынілі збыткі з праваслаўнага насельніцтва Украіны ды Беларусі. Адным словам, былі рэлігійнымі фанатыкамі, пазбаўленымі ўсяго людскага. Прапанавая «Місіянерам» кніжка дае магчымасць зірнуць на гісторыю рэлігійных супярэчнасцяў вачыма іншага боку — Царквы Уніяцкай. Асноўны масіў тэкстаў, як вынікае ўжо з самой назвы, рэпрэзентуюць дакументы беатыфікацыйнага працэсу св. Язафата, пераважна сведчанні сучаснікаў архібіскупа ды сведкаў віцебскай трагедыі. А ўжо праз прызму тых падзеяў прачытваецца гісторыя станаўлення Аб’яднанай Царквы ды ўзаеміны з тагачаснаю польскаю ўладаю, урэшце, яе няпростыя стасункі з Царквою Праваслаўнаю. Усё гэта можна адсачыць, абапіраючыся на згадкі пра высілкі св. Язафата, скіраваныя на аднаўленне занядбаных храмаў, яго апеку над беднымі ды хворымі, шматлікія візіты на соймы з мэтаю адстойвання сваёй Царквы. Але ці не найяскравей праз прызму сведчанняў адсочваецца гісторыя супрацьстаяння дзвюх моцных асобаў — архібіскупа Полацкага Уніяцкай Царквы Язафата Кунцэвіча і архібіскупа Полацкага Праваслаўнай Царквы Мялеція Сматрыцкага ды іхняя трагедыя. Яны абодва нарадзіліся ва Украіне: Язафат — ва Уладзіміры, Мялецій — у Смотрычы. Першы так і не змог атрымаць належную асвету, але, прагны да ведаў, самастойна чэрпаў іх з кніг, прычым меў такую незвычайную памяць, што мог пры нагодзе цытаваць вялікія фрагменты. Сучаснікі нават цвердзілі, «што можна было б назваць яго хронікай або бібліятэкай усіх кніжак». Валодаючы польскаю, славянскаю ды рускаю мовамі (гэткая назва на землях тагачаснай Польскай дзяржавы дастасоўвалася як да ўкраінскай, так і да беларускай моваў), ён, як мог, спрыяў перакладу крыніцаў, напісаных на лаціне, і пашырэнню іх сярод грамадства, заахвочваючы да прыняцця уніі. Яго апанент на той час атрымаў бліскучую адукацыю на Захадзе, быў абазнаны ў гуманістычнай філасофіі, перакладаў творы Пятраркі. Бліскучы палеміст, ён заклікаў грамадства пазбаўляцца даўняй бацькоўскай традыцыі. Кожны з іх адстойваў сваю праўду, і сутнасць іх трагедыі відавочна палягае ў тым, што ім давялося жыць у час, які не пераносіў кампрамісаў. Язафат загіне ад рук натоўпу, што ўварвецца ў ягоную рэзідэнцыю ў Віцебску. Яго пахаваюць з пашанотай — развітацца з ім прыйдзе нават пастыр кальвіністаў са сваёю грамадою (гэта пры тым, што Язафат быў актыўным праціўнікам рэфармацыйнай ідэалогіі). А потым архібіскуп будзе кананізаваны ды вызнаны за святога Каталіцкаю Царквою абодвух абрадаў. Горад Віцебск пакараюць, пазбавіўшы званоў ды адабраўшы магдэбургскае права. Паміж прычынаў, што прывялі да забойства архібіскупа, назавуць і тэксты Мялеція Сматрыцкага. І той, пачуваючыся міжвольным наклікальнікам трагедыі, здзейсніць паломніцтва на Усход. У ягонай душы здарыцца надлом – уражаны людскою жорсткасцю, якую спарадзіла рэлігійная звада, ён будзе разважаць над шляхамі вырашэння сітуацыі. Вярнуўшыся, М. Сматрыцкі напіша «Апалогію», у якой абгрунтуе збліжэнне Праваслаўнай Царквы з Рымам. На тую кнігу кіеўскі праваслаўны мітрапаліт накладзе анафему, а яе аўтара змусяць выбачыцца за падобныя думкі. І тады Мялецій Сматрыцкі прыме унію (як напіша яго першы біёграф Якуб Суша, «да гэтага падштурхоўвала бязвінна пралітая кроў Язафата») і на схіле гадоў павінен будзе адракацца ад усяго, што з такой заўзятасцю бараніў у маладосці, — фактычна ваявацьме сам з сабою… Свой апошні спачын ён знойдзе ў мястэчку Дэрмань, перажыўшы свайго апанента на 10 гадоў. З часам ягоная магіла будзе згубленая, але след яго не згубіцца ў часе, і нашчадкі ажно да ХІХ стагоддзя будуть засвойваць моўныя азы з яго «Граматыкі», якую Міхайла Ламаносаў назаве разам з матэматыкай Магніцкага «вратами» сваёй вучонасці. Вядома, не ўсё так відавочна ў сітуацыі пачатку XVII стагоддзя, як можа падацца на першы погляд. Зразумелая рэч, наклікальнікамі віцебскай трагедыі не маглі быць выключна творы М. Сматрыцкага ды падбухторванні да бунту праваслаўных святароў; прычынаў трэба дашуквацца таксама і ў дзейнасці саміх айцоў базыліянаў. Яшчэ ў большай меры такія выразна антыкаталіцкія настроі былі выкліканыя палітыкай польскай шляхты, якая, прыкрываючыся лозунгамі веры, уціскала правы ўкраінцаў і беларусаў. І, вядома ж, дакладнага вывучэння і публікацыі патрабуюць дакументы, звязаныя з дзейнасцю на гэтых землях айцоў езуітаў. З іншага боку, вынішчэнне казацтвам католікаў ды жорсткія расправы над святарамі ЧСВВ* (да якіх часам залічваліся нават праваслаўныя святары — і гэтыя сведчанні пададзеныя ў кнізе) аніяк не спрыялі замірэнню супраціўнікаў. Украінскімі інтэлектуаламі будзе створана нямала палемічных трактатаў, напоўненых узаемнымі абразамі ды з’едлівымі кпінамі, якія ў некаторых выпадках выціснуць на другі план багаслоўскія аспекты супрацьстаяння. Мінецца амаль паўстагоддзя, і Лазар Барановіч, рыхтуючы да друку свой палемічны трактат «Новая міра», зазначыць: «Я заўжды быў перакананы ў тым, што пярэчыць ім (то бок, «лаціна-ўніятам») трэба міралюбна, каб яны ўспрынялі гэта з павагаю; істотны сам прадмет, які мусіць зацікавіць іх, – і перамога будзе нашай». З тае пары ўкраінская праваслаўна-каталіцкая палеміка часцей будзе способам дэманстрацыі літаратурнай здатнасці апанентаў. Ды як бы там ні было — гэта наша гісторыя. Да бясспрэчных плюсаў выдання можна аднесці і змешчаныя ў ім тэксты «Катэхізму» ды «Правілаў» Язафата Кунцэвіча, што дазволіць даследчыкам больш поўна характарызаваць дзейнасць архібіскупа. Для беларускіх даследчыкаў будуць цікавымі згадкі пра тое, што працэс вёўся па-беларуску (потым дакументы, згодна з тагачаснымі вымогамі, былі перакладзеныя на лаціну), ды пратранскрыбаваныя беларусізмы, якія часам зберагліся ў тэкстах сведчанняў. Кніжка «Святий Йосафат Кунцевич. Документи щодо беатифікації...» ёсць унікальным дакументам эпохі, які спрыяе больш поўнаму яе аднаўленню, і гэтым яна каштоўная для беларускіх і ўкраінскіх навукоўцаў. Не менш важнае ёсьць тое, што яна дазваляе асэнсаваць: перабіранне цераз край, кіраванне эмоцыямі, а не здаровым сэнсам, сляпы фанатызм a priori ніколі не прыводзяць да дабра, а здольныя толькі руйнаваць. Кацярына БАРЫСЕНКА
* ЧСВВ — Чин святого Василія Великого (традыцыйная назва ордэну базыліянаў на ўкраінскай мове).
|
|
|
|