Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(56)/2011
Жыццё Касцёла

Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM

Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

АХОЎНАЯ СЦЯНА БЕЛАРУСІ
З архіваў часу

«ЛЮСТЭРКА ЭПОХІ...»

ЛІСТАВАННЕ
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы

УРОК СВЯТОГА ЯЗАФАТА
In memoriam


ЁН ШУКАЎ ІСЦІНУ...


ВЯЛІКІ КОНАН


АДМЕТНЫ ПОЧЫРК


ПАКЛІКАНАЯ


ВЕРШЫ


«СЛОЎ РАСПАГОДЖАНАЯ ДАЛЬ...»
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГЭТАЙ КРАІНЕ...
Вачыма візітатара

ORDO FRATRUM PRAEDICATORUM

Ірына БАГДАНОВІЧ

«СЛОЎ РАСПАГОДЖАНАЯ ДАЛЬ...»

На пісьменніцкім з’ездзе. У першым радзе:
Валянціна Коўтун, Ніна Мацяш, Ларыса Геніюш;
у другім радзе: Данута Бічэль, Уладзімір Караткевіч. Мінск, 1981 г.
Фота У. Крука.

Пісьменнікі не знікаюць бясследна, хоць, бывае, адыходзяць заўчасна. На ўзлёце творчасці абарваўся зямны шлях Валянціны Коўтун — пісьменніцы самабытнай, яркай, якая глыбока разумела сутнасць зямнога жыцця і пражывала свой існы шлях у пошуку Нябеснага Валадарства. Яе творчасць пра гэта яскрава сведчыць. Дык узыйдзем жа, акуратна і басанож, на яе духоўна-творчую сцяжыну, каб дакрануцца хаця б крыху да гэтай высокай і трапяткой сутнасці.

Першы паэтычны зборнік вершаў Вялянціны Коўтун, дзяўчынкі з глыбокага Палесся з беларускай настаўніцкай сям’і, што вандравала па вясковых школах у рэчыцка-пінскім геаграфічным арэале глыбокіх савецкіх часоў, называўся «Каляровыя вёслы» (1971). Ці не воплескі дняпроўскіх, а пазней прыпяцкіх хваляў гартавалі яе ўзрушаныя, на сонцы выспеленыя, настоеныя радкі, каб яны потым натхнёна і бескампрамісна выдыхнуліся, прыйшлі да сучасніка з першага ж праграмнага верша «Песня»:

Радкоў лясная ўсхваляванасць,
Слоў распагоджаная даль,
Зноў растрывожаны світанак
Сваю расу траве аддаў…

І постаць светлая Радзімы,
Мой новы дзень на скразняку, –
Усё стаіць перад вачыма,
Падпёршы кулаком шчаку…

У маім уяўленні Валянціна Коўтун так і застаецца натхнёнай спашукальніцаю «слоў распагоджанае далі»… І гэта ж яна сама ва ўлюбёнай позе — «падпёршы кулаком шчаку», — сядзела дні-ночы — ночы-дні напралёт над сваімі радкамі, снуючы трапяткую, свярблівую думку: аб Радзіме, аб сутнасці таленту, аб руплівіцах на гэтым шляху (Цётцы, Еўфрасінні ды часткова прыдуманай ёю самой лагернай пакутніцы — пісьменніцы савецкіх часоў Лесі Беларускі), аб каханні, што запаляе сэрцы ўзрушаным неспакоем… Гэта ж менавіта тыя самыя «вечныя пытанні», дзеля якіх і прыходзіць у свет ПІСЬМЕННІК з ласкі Божай, і нараджаецца ТАЛЕНТ… Талент, які ніколі не пытаецца і не будзе пытацца, ані колькі яму за гэта заплацяць, ані як яго за гэта ўганаруюць…

У творчай асобе Валянціны Коўтун спалучаліся розныя таленты: лірычны, эпічны, драматычны, талент філолага-навукоўца, які ўмее не толькі тварыць, але і трапна разважаць аб творчасці, а таксама талент фалькларыста, які быў глыбока прасякнуты хараством народнай песні… Вызначальнаю рысай яе шматграннага літаратурнага таленту была, на маю думку, узнёслая метафарычнасць, што нараджалася натуральна, нязмушана — пад уплывам рэальных уражанняў і бруйлівай фантазіі. Не штучныя, а менавіта ёмістыя, — яе метафары ўвасаблялі адметнае, вобразнае жыватварэнне словам. «Паэты растуць і разгортваюць свае крылы не толькі разам са сваім часам, але і з усім бязмежжам Творчасці. Гэта і касмічнае люстэрка і выява ўнутры яго…», — пісала Валянціна Коўтун у прадмове да сваёй кнігі выбраных вершаў, якую сімвалічна назвала «Свяча любові» (2006). І ў самой назве, і ў згаданых радках — сутнасць разумення Творчасці і шляху Творцы. Менавіта любоўю поўніліся радкі яе твораў, любоў яна перадавала ўсім нам — чытачам-сябрам ды чытачам-незнаёмцам — як запаленую свечку, каб асвятляць нераскаяную цемру чалавечага супраціву Богу…

Раніла яе найперш глыбокая здрабнеласць пісьменніцкага чыну і духоўная абніжанасць валадароў слоў. Так і напісала ў канцы мая 2001 года ў «Незавершаным вершы»: «У Калыме секлі елкі элітныя… // Сталі мудранькія… прыкарытныя…». І гэта — аб калегах-пісьменніках, аб творцах — валадарах слоў… Балючыя радкі… І каялася за ўсіх:

Дзе падзеліся нашы Костусі?..
Ці зблудзіліся? Ці заброснелі?
А былі ж Алаізамі... Янкамі…
Сёння бавімся прамаўлянкамі…

Былі вязнямі, эмігрантамі,
Сталі, можа, калабарантамі?..
Беларускія супляменнікі…
Гаварлівыя нашы пісьменнікі.
Каемся, Госпадзі!

Глыбока кранае мяне і паэзія кахання Валянціны Коўтун: не проста пачуццёва-прачулая, жыццёва-дакладная, але і філасафічная, мудрая, можна сказаць, па-біблейску «сафійная». Яна пісала ў сваіх развагах аб каханні, што гэта «страсць зямная і псалмы нябесныя», глыбока разумеючы дваістую сутнасць вялікага пачуцця — або вялікай стваральнай і жыццяноснай энергіі, дадзенай Богам для чалавека ў якасці наймацнейшай рухальнай сілы яго зямнога прабывання, у якой перапляліся цялесныя адчуванні («страсць зямная») і духоўная звышсіла («псалмы нябесныя»). Так яна і чулася ў сваім зямным прабыванні: ва ўдзячнасці за ўзрушлівыя калівы пачуццёвае радасці ды ў прасветленым разуменні іх нестасоўнасці з вымярэннем чалавечага быцця вечнасцю. У ёй жа — у вечнасці — чалавек застаецца толькі сам-насам з Богам. Чытаючы яе вершы, мне здаецца, што яна гэта адчувала і свядома і несвядома:

Сівых анёлаў стомленае веча.
Жарсці забытай хвалі паплылі…
І рукі, што я клала Вам на плечы,
У крылы зноў цяпер перараслі.

Здавалася, такі прастор шырокі,
Такая непазбежнасць вышыні!
Але чаму ў палёце адзінокім
Не пра вякі гаворым, а пра дні?...

Як мне здаецца, менавіта гэтае яе імкненне «гаварыць пра вякі», тады як жыццёвы рух асуджае нас толькі на маўленне «пра дні», прывяло яе да жадання ўвасобіць у літаратурных творах постаці Еўфрасінні Полацкай і Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Яна і сябе вымярала па гэтых высокіх імёнах, арыентуючыся на іх як на Ідэал служэння Праўдзе і Справядлівасці, Годнасці і Красе, а таксама і, можа, найперш — Свабодзе. Свабодзе ўзнімацца над вярыгамі зямнымі, плоцевымі, грахоўна-спакуснымі, прыгожымі ў гэтай заўсёдна зманлівай для чалавека на яго зямным шляху спакуснасці. Бо спакуса па сутнасці сваёй не можа быць непрывабнаю! На тое яна і спакуса, каб блішчэць, задзіўляць «хараством» і «дасканаласцю» ды клікаць у свае гарачыя абдымкі… Постаці Еўфрасінні і Цёткі давалі права і моц расшчапляць абдоймы спакусаў, выходзіць на суровыя прасцягі Праўды евангельскага Дэкалогу і Вечных Ісцінаў, дзе найперш шануюцца ахвяра і аскеза, убогасць і міласэрнасць, уменне красамоўна маўчаць і немудраслоўна гаварыць…

А Пісьменніку на гэтым шляху, можа, трэба быць найбольш абачлівым і руплівым, каб не растрачваць свайго таленту, дадзенага Богам, на пустое: на тое, каб угодліва патрапляць густам меркантыльнага свету, які толькі і чакае задавальнення сваіх распусных фантазій. Сапраўдны пісьменнік — гэта найперш Божы слуга і Ягоны апостал Слова! Такі пісьменнік свядома абыходзіць спажыўныя купіны забаўляльных, эратычных ды забойчых сюжэтаў, дзе сцёртасць мовы кампенсуецца парушэннем цэнзурных нормаў выражэння. Ён рупіцца толькі пра тое, каб распарадзіцца належным чынам каштоўнасцю важкіх, з Неба спасылаемых Словаў… Мне здаецца, Валянціна Коўтун была якраз такім Пісьменнікам!

Першым жа гістарычным вобразам, даступным для літаратурнага асэнсавання-ўвасаблення, сталася для Валянціны Коўтун менавіта Алаіза Пашкевіч — легендарная наша Цётка — натхнёная спявачка аб Беларусі на самым пачатку ХХ стагоддзя, згарэлая, як свечачка, у вогнішчы трасцаў-хваробаў пакутліва нараджальнага тады беларускага нацыятворчага шляху. У сваім першасным з’яўленні Цётка «наведала» паэтычную фантазію Валянціны Коўтун лірычна: пісьменніцай была створана паэма «На зломе маланкі», якая ўвянчала яе паэтычны зборнік з такой жа самаю назвай у 1981 годзе:

То цемры чад, трызненне сноў,
То раптам вецер бразне форткай…
Аглухла Вільня ад званоў.
У парку ціха ходзіць Цётка…

Уяўляецца, што менавіта праз вобраз Цёткі пісьменніца шукала адказы на балючыя пытанні нацыянальнага быцця беларусаў, так і не вырашаныя ні на пачатку, ні ў канцы ХХ стагоддзя: асабліва што датычылася роднай мовы і ідэнтычнасці, укарэненай у рэчаіснасць годным радаводна-шляхетным дрэвам мінуўшчыны, у кроне якога спяваюць шчаслівыя райскія птушкі цяпершчыны ды будучыні… Цётка вярталася да Валянціны зноў і зноў, стукаючыся ў пісьменніцкае сэрца, аж пакуль з яго, урэшце, не выпрыснуліся драматычная паэма «Суд Алаізы» (зборнік «Метраном», выдадзены ў 1985 г., уганараваны Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова ў 1986-м) і раман «Крыж міласэрнасці» (1987).

Драматычны твор, як і раман, вымагаў і адпаведных мастацкіх сродкаў рэалізацыі. Апрача рэальнай гераіні — Алаізы — тут дзейнічаюць вымышленыя персанажы, якія насамрэч маглі быць адмоўнымі ці станоўчымі спадарожнікамі лёсу ўлюбёнай гераіні. Так ці іначай, яны ўплывалі на пазіцыю Алаізы-рэвалюцыянеркі, змагаркі з царскім самадзяржаўем, і на пазіцыю Цёткі-пісьменніцы, грамадзянкі ўяўленай краіны будучыні — залатавалосай, сінявокай, дасканалай у сваім харастве, — Беларусі, якая апрачхнулася, нарэшце, і якая збірае сваіх дачок-сыноў на годнае будаўніцтва нацыянальнага Дому… Многія радкі твора ўспрымаюцца сімвалічна, маюць па-над сюжэтавы сэнс, як, напрыклад, гэтыя: «Ёсць пацукі. Ёсць геніі радзімы… // Каго ты, будучыня, станеш зваць сваім?».

Вяршыняй творчасці Валянціны Коўтун як празаіка, несумненна, стаў раман (ці, як яна сама яго жанрава вызначыла, раман-жыціе) «Пакліканыя» (2002), прысвечаны Еўфрасінні Полацкай. Сюжэтнай канвой твора стала падарожжа Еўфрасінні ў Ерузалем. Пісьменніцы ўдалося глыбока і пераканаўча ўзнавіць і сам вобраз святой патронкі Беларусі і панараму жыцця Полацкага княства ранняга Сярэднявечча. Знешні кантэкст падзеяў і ўнутраная логіка вобраза галоўнай гераіні ў рамане Валянціны Коўтун поліфанічна сплятаюцца. Галоўным жа акордам твора гучыць ідэя пакліканасці — пакліканасці да святасці, да служэння Богу і Айчыне, да жыцця ў любові і міласэрнасці.

Вобраз Еўфрасінні прысутнічае і ў многіх вершаваных творах Валянціны Коўтун. З ім як бы злучана яе пісьменніцкае светаўспрыманне, бо ён дапамагае расстаўляць акцэнты, вызначаць сапраўднае, адрозніваць праўду ад хлусні, высокае ад прыземленага. У сваёй кнізе «Свяча любові» Валянціна Коўтун назвала цэлы цыкл літаратурных партрэтаў «З роду Еўфрасінні». У вершы «Беларускім паэтэсам» з гэтага цыклу, прысвечаным Алаізе Пашкевіч (Цётцы), Ларысе Геніюш, Яўгеніі Янішчыц, яна пісала:

…Набрацца мужнасці – і жыць!
І ў ззянні слоў праз год прагоны,
Праз мір і войнаў каламуць,
Як кветкі, вашыя імёны
На шлях Айчыны пакладуць!

Паэтычны голас Валянціны Коўтун быў мужным і шчырым, часам горкім у сваёй праўдзівасці, калі яна разважала над праблемамі сучаснага нацыянальнага быцця беларусаў, як, напрыклад, у вершы «Свабода» («Ўпіваецца ў народ двухмоўе – // Змяі раздвоены язык…»), часам узнімаўся да прарочасці. Было заўважна, асабліва ў паэзіі апошняга дзесяцігоддзя, як узрастала духоўнасць пісьменніцы, якая шукала адказы на пытанні зямнога быцця ў нябёсным. Яна разумела пісьменніцкі шлях як служэнне, а не як даставанне выгодаў ды славы. Вось сутнасныя радкі з верша «Замест рэквіема»:

О, продак мой, не асудзі,
Што праўдай не душа, а сытасць.
І пашкадуй, і павядзі
Да Божай чашы ад карыта.

А ў вершы «Аднагодкам», прысвечаным Сяргею Законнікаву, яна разважала аб сяброўстве як адной з вечных каштоўнасцяў быцця, аб вернасці і страце ілюзій, і як суцяшэнне для блізкіх, «калі піла падлічвае гады», дзялілася спазнаным у глыбіні ўласнае душы адкрыццём, якое гучала як запавет ад Валянціны:

Адчуўшы смак хвіліны і бяссмерця,
Спазналі ўдар крыла і забыцця.
І ўсё-такі… Сябры мае…Паверце…
…Не боймася… Ні смерці, ні жыцця.

Гэтыя радкі выразна сведчаць пра тое, як арганічна ў паэзію Валянціны Коўтун перацякала духоўнае святло евангельскіх ісцін, як яно станавілася жывым спазнананнем праз зямны шлях, непрыдуманай праўдай яе творчай існасці. Няхай жа палае Свяча яе Любові для нашага духоўнага спажытку.

Ірына Багдановіч

Гл. таксама:
Крыстына ЛЯЛЬКО :: ПАКЛІКАНАЯ ::
Валянціна КОЎТУН :: ВЕРШЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY