Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(56)/2011
Жыццё Касцёла

Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM

Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

АХОЎНАЯ СЦЯНА БЕЛАРУСІ
З архіваў часу

«ЛЮСТЭРКА ЭПОХІ...»

ЛІСТАВАННЕ
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы

УРОК СВЯТОГА ЯЗАФАТА
In memoriam


ЁН ШУКАЎ ІСЦІНУ...


ВЯЛІКІ КОНАН


АДМЕТНЫ ПОЧЫРК


ПАКЛІКАНАЯ


ВЕРШЫ


«СЛОЎ РАСПАГОДЖАНАЯ ДАЛЬ...»
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГЭТАЙ КРАІНЕ...
Вачыма візітатара

ORDO FRATRUM PRAEDICATORUM

Сяргей КАНДРЫЧЫН

ПАВАГА — АДКАЗНАСЦЬ — ЛЮБОЎ:
ДАРОГА НАПЕРАД

(роздум навукоўца)

Тэкст Святога Пісання жывы для ўсіх — і для пастуха старажытнага Рыма, і для топ-менеджара нашых часоў. Ён адаптаваны да кожнага этапу гісторыі, асабліва да найбольш выпрабавальных яе момантаў, а спосабы яго разумення мяняюцца разам з ростам здольнасцяў чалавека. Сёння мы можам прызнаць існаванне рознага зместу, або сэнсаў рознай складанасцi ў тэксце Святога Пісання, i выбар ступенi складанасцi залежыць ад нашага вопыту i розуму, які набываецца ў працэсе развіцця асобы і ўсёй цывілізацыі1. Менавiта таму гэта Кнiга на тысячагоддзi, і розныя сэнсы, закладзеныя ў ёй, не замiнаюць духу вучэння, а толькі па-новаму прымушаюць успрымаць яго. Словы Святога Пісання адразу ажываюць, калi чалавек iх усведамляе, і гэтыя ж словы набіраюць вялізную моц, калі трывала ўваходзяць у яго жыццё.

Дух Бібліі — стан пошуку і руплівай працы, а не стан супакою і асалоды, гэта рух душы, а не застылыя яе формы. Біблейскія запаведзі задаюць кірунак руху, прымушаюць да працы розуму і працы духу. Сапраўднае хрысціянства — гэта заўсёды творчы працэс (пра які марыў М. Бярдзяеў).

Кожная асоба ў выключных абставінах і ўмовах, якія выпалі на яе долю, або ў сітуацыі «тут і цяпер», павінна адрозніць дабро ад зла, здзейсніць свой выбар, прыняць рашэнне аб нейкім самастойным учынку. Якім будзе гэты ўчынак — залежыць ад духоўных і фізічных здольнасцяў асобы, а таксама ад тых этычных і культурных нормаў, якія засвоіў чалавек на працягу жыцця.

Мараль і нормы культуры складаліся цягам гісторыі ўсяго чалавецтва, і гэты працэс не спынены. У штодзённай практыцы мы нават не задумваемся аб «нармальнасці» ці адпаведнасці нормам большасці нашых учынкаў, бо яны вызначаны полем дзеяння адпаведнай культуры. Роля хрысціянскай маралі ў фармаванні культурнага поля вялізная, і значнасць гэтай маралі ўзрастае, калі чалавек трапляе ў выпрабавальныя сітуацыі, дзе ён вымушаны «выкарыстаць агульныя веды пра дабро і тым самым выказаць сваё меркаванне аб правільнасці формы паводзінаў тут і цяпер» (Ян Павел II).

Менавіта надзея на добры ўчынак у час выпрабавання закладзена ў сарцавіну хрысціянства, задача якога бачыцца ў назапашванні добрых учынкаў. «Усё, што дабро, то нашае» (святы Юстын).

Звычайна нашы паводзіны вызначаны ўплывам асяроддзя і спраектаваныя на пазіцыю асяроддзя або на ацэнку звонку. Аднак ацэнкі нашых дзеянняў па восі «дабро — зло» з боку вонкавых назіральнікаў могуць розніцца. Тыя ж вонкавыя назіральнікі могуць мець цалкам рознае стаўленне да нашых станоўчых ці адмоўных учынкаў. Таму, каб не згубіцца ў разнародных вонкавых арыенцірах, мы намагаемся дастасаваць нашы дзеянні да запатрабаванняў нейкай асобнай (рэферэнтнай) групы, увага і думка якой для нас найбольш істотныя. Разам з тым у час выпрабавання нават добра вядомая пазіцыя паважаных намі асобаў ці інстытутаў не вызваляе ад неабходнасці самастойнага ўчынку (хоць нярэдка ўся наша самастойнасць заключаецца ў хаванні за нейкую публічную думку).

Трэба добра ўсведамляць, што без надзейных механізмаў псіхалагічнай абароны (Фрэйд) ніякая асоба не здольная на паўнавартаснае жыццё. Мы павінны ўспрымаць уласныя паводзiны як адпаведныя нормам, нягледзячы на правакуючыя вонкавыя ўплывы і магчымыя адрозненні ў ацэнках. Толькі вось мяжа паміж паталагічнымі і адаптыўнымі формамі гэтай абароны даволі няпэўная і хісткая. Напрыклад, што з таго, калі мы даведаліся, што ў афрыканскіх краінах штодня паміраюць ад голаду сотні дзяцей, а ў Расіі амаль штогод згараюць дамы прытулку інвалідаў разам з людзьмі? А можа дастаткова цвяроза паглядзець на тое, што робіцца вакол нас? Ці адчуваем мы асабістую адказнасць за тое, што адбываецца навокал? І як рэалізуем яе «тут і цяпер»?

Рэлігія можа стаць надзейным спосабам духоўнай абароны, аднак калі яна дапамагае адгарадзіцца ад мірскіх справаў, стварае штучную заслону ад жыцця, то выступае ўжо як сродак паталагічнай абароны, ператвараецца ў «мёртвую веру». Добра вядомыя прэтэнзіі да рэлігіі як да сродку, што «перамяшчае цэнтр жыцця па-за межы самога жыцця» (Ф. Ніцшэ), ці да сродку «ілюзорнага шчасця», які падобна опіуму парушае сувязь асобы з рэчаіснасцю (К. Маркс).

Відавочна, што гэтыя філосафы «рэжуць праўду-матку», і нам вядомыя наступствы тых грамадскіх працэсаў, да якіх мела дачыненне іх «бескампрамісная» філасофія. Іх пазіцыя аднабаковая і небяспечная, але яна мае пад сабою моцную глебу, бо падзел паміж вераю і жыццём насамрэч існуе і нельга не заўважаць яго існавання. Гэты падзел непазбежны, і ён не на карысць веры і не на карысць жыцця.

Жыццё чалавека павінна мець плён — ім павінны стварацца нейкі матэрыяльны ці духоўны прадукт. Калі добрага плёну няма, то лёс чалавека падобны да лёсу кепскага семені, пасеянага на кепскай глебе. Рэлігія (дакладней, рэлігii) закліканы дапамагчы стварыць гэты выніковы прадукт на нейкай адметнай культурнай глебе. Вера надае сэнс працы і жыццю. Любыя спробы рацыяналізацыі жыцця без аднясення да найвышэйшых каштоўнасцяў выглядаюць няпэўнымі, у той час калі рацыянальныя трактоўкі праяваў духоўнай сферы ў прынцыпе немагчымыя. У гэтым заключаецца парадокс рацыянальнасці: бо рацыянальнасць, якую здольны ацаніць чалавек, абмежаваная тым сегментам яго жыцця, што прадстаўлены ў выглядзе таварна-грашовых адносінаў ці базавых фізіялагічных патрэбаў. За межамі гэтай дзейнасці падставы рацыянальнасці паступова губляюцца, бо набіраюць сілу нормы культуры, інстынкты ці іншыя рэгулятары паводзінаў, а іх тлумачэнне зводзіцца да банальнага «так трэба» або «так было заўсёды». Падобным тлумачэнням ёсць альтэрнатыва — таямнiчая разумнасць свету, цалкам закрытая для рацыяналiзму (Г. Марсэль).

Заўважым, што дакаранні ў адарванасці ад жыцця больш адносяцца да інстытуту рэлігіі і Касцёла, чым да самога вучэння. Любыя сацыяльныя інстытуты (любая Царква) не могуць быць дасканалымі, яны заўсёды павінны расці, а думкі, ідэі і дух Святога Пісання з’яўляюцца стымулятарамі гэтага росту.

Паспрабуем вызначыць тую сферу, дзе падзел паміж патрэбамі штодзённага жыцця і ідэямі хрысціянства, а дакладней, паміж законамi жыцця грамадства і Законам біблейскім павінен быць мінімальны. У гэтай сферы ўзаемадзеянне веры і розуму павінна быць найбольш плённым, бо мы ўжо хіба дараслі да таго, каб свядома ўспрымаць веліч і прастату Божых запаведзяў. Насамрэч, чалавецтва праходзіць шлях ад метадаў рэгуляцыі паводзінаў у выглядзе сляпога жаху перад найвышэйшай сілай ці нязнаным абсалютам да разумення і актыўнага ўдзелу ў Божай працы, прынамсі, да частковага ўсведамлення значэння біблейскіх запаведзяў: «каб праз іх вы сталі саўдзельнікамі Боскай сутнасці» (2 П 1, 4).

Сёння, калі разуменне веры робіцца ўсё больш індывідуалістычным2, стаўленне да Закону павінна быць асноўным механізмам, што згуртоўвае прыхільнікаў хрысціянства. Падзел паміж Законам і верай (ці «Законам і Дабравесцем») правесці можна, але ён пераважна штучны, бо вера без Закону існаваць не можа (мёртвая вера), а Закон без веры можа існаваць у нейкіх «прымітыўных» формах, але гэтыя формы — ненадзейны прытулак духу. Незалежна ад падыходаў атрымоўваецца, што добрая вера — гэта тая, якая найлепей дапамагае здзяйсняць Закон.

Змест Дэкалогу даволі празрысты, але заўсёды з’яўляюцца цяжкасці і выпрабаванні пры рэалізацыі Закону ці пры наданнi яму канкрэтнага сэнсу. Разуменне таго, што маральнасць можа існаваць асобна ад нейкiх канкрэтных формаў веры — істотны фактар уплыву на выбар рэлігійнай пазіцыі. А калі прызнаць, што праўда не можа быць інстытуцыяналізаваная цi цалкам спасцігнутая Царквой, суадносіны паміж розумам і верай робяцца яшчэ больш няпэўнымi. Аднак гэты стан няпэўнасці, або адчуванне неабходнасцi пошуку, выглядаюць больш натуральнымі, чым непахіснае ўсведамленне сваёй правільнасці. Менавiта ў сітуацыі ломкі ці актыўнага фармавання поглядаў, або ў «перыяды сумненняў і хваляванняў», з’яўляецца магчымасць для веры і розуму выступаць «адносна адно аднаго ў якасці крытычнага і ачышчальнага фактару, а таксама стымулу, які натхняе на далейшыя пошукі і глыбокі роздум» (Ян Павел II). Гэта перыяды духоўнага росту.

Дух Бібліі даўно жыве па-за самім тэкстам. Прыгадайма, колькі разоў і пры розных абставінах мы чулі або пра бервяно, якое не заўважаем у сваім воку, або іншыя ўрыўкі з хрысціянскіх запаведзяў. Сёння ўспрымаецца як відавочнае: «Усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, і вы ім рабіце. Бо ў гэтым Закон і Прарокі» (Мц 7, 12)

Хіба не варта пачынаць дыскусію з разумнікамі, якія задаюць пытанні накшталт: «А калі чалавек не жадае, каб да яго адносіліся добра? Або калі ён злы на сябе і на ўвесь свет?» Відавочна, што гэта сфера паталогіі і тут павінны дзейнічаць нормы Закону і дапамогі. Сёння нельга прымітыўна, неасэнсавана прымаць i выказваць «любоў да бліжняга» ці «любоў да Бога», бо калі гэта проста дэкларацыі, то яны застаюцца пустым гукам. Хрысціянская любоў — гэта не салодкія ўсмешкі: «Дзеці, не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю» (1 Ян 3, 18).

I справа не толькi ў вялізнай семантычнай нагрузцы, якую мае слова «любоў» як у хрысцiянстве так і ў паспалітай мове. У выказванні гэтай любові закладзены творчасць і праца, як і ва ўсім вучэнні. Трэба разумець, што «бліжні» — гэта не толькі той, хто жыве побач або з кім штодня сустракаешся на вуліцы ці на працы, але і той, з кім уступаеш у сутыкненне ці барацьбу; або гэта асоба, з якой маеш найбольш кропак суаднясення і ад якой залежыць твой лёс.

Вучэнне Хрыста не дазваляе селектыўна ставіцца да нашага атачэння або праяўляць «любоў» і добразычлівыя адносіны толькi там, дзе iх праявіць зручней (зноў жа, больш рацыянальна). Нельга адводзіць позірк ад самых вострых момантаў нашага жыцця — выпадкаў сутыкнення з «бліжнімі», асобамі і групамі, якія нам не сiмпатычныя: напрыклад, іншыя палітычныя партыі ці іншыя канфесіі (бо няма нiчога больш невыноснага, чым агітатары за памылковы палiтычны курс або актыўныя прыхільнікі «памылковай» рэлігіі). Прыгадайма, што каб эфектыўна разабрацца з ідэйным ворагам ці канкурэнтам, часцей выкарыстоўваецца ярлык, запускаюцца механізмы стэрэатыпізацыі: «вораг народа», «вораг нацыі», «слуга д’ябла», «не той крыві», «не той веры», «ерэтык»...

Мы запраграмаваныя на супрацьдзеянне і канкурэнцыю, але наколькі гэта будзе адпавядаць нормам маралі залежыць ад нас. Чалавек не можа жыць адасоблена ад свету, ён непазбежна ўступае ў сістэму іерархічных адносінаў і спрабуе дасягнуць вынікаў: намагаецца быць лепшым вучнем (у тым ліку і лепшым вучнем Хрыста), лепшым спартсменам, лепшым бізнесменам і г.д. «Ці не ведаеце вы, што на стадыёне бягуць усе бегуны, але ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб атрымаць яе!» (1 Кар 9, 24).

Гэта натуральна, бо гэта рух самога жыцця, але цяжка ўявіць сабе гэты рух без правілаў і этычных нормаў. Калi на хакейную пляцоўку выйсці са стрэльбаю, усiм зразумела, што гульня адбудзецца не па правілах, а калі тое ж робіцца ў палітыцы, то нехта спрабуе акрэслiць гэта як «жорсткія рэаліі жыцця». У сутыкненні асобаў і думак нормы хрысціянскай маралі набываюць значэнне асноўнага рэгулюючага механізма (у ідэале гэта прававыя нормы, толькі да іх далучаюць механізмы дзяржаўнага рэгулявання). Альтэрнатыва першынству маралі толькі адна — «вайна кожнага супраць усіх» і монстр-дзяржава ў якасці ўсё кантралюючага Левіяфана (Гобс).

У штодзённых сутыкненнях хрысціянская любоў больш разумецца як павага да бліжняга, як фармальная так і рэальная. «Мірыся з працiўнiкам тваiм хутка…» (Мц 5, 25). «Любіце ворагаў вашых…» (Мц 5, 44). Згадаем выпадкі выказвання «павагі» пасажырамi ў перапоўненым транспарце... Часам працэдура праяўлення павагі (цi непавагi) адбываецца аўтаматычна, як элемент культурнай традыцыі, але ў большасці выпадкаў яна патрабуе духоўных высілкаў.

Змест хрысціянскай любові, безумоўна, заснаваны на павазе да чалавека як да адметнай асобы са сваімі поглядамі і дасягненнямі. Кожны з нас востра ўспрымае адсутнасць павагі і разумення. Сітуацыя тыповая для аўтарытарнага грамадства. Згадаем вядомае п’янае адкрыццё: «Ты меня уважаешь?» Паспрабуйце выкарыстаць замест «уважаешь» слова «любіш».... Атрымаецца зусім не тое...

Павага і любоў да асобы, павага да жыцця неразрыўныя з адказнасцю за жыццё іншых. У першую чаргу за тое жыццё, да зараджэння якога ты маеш непасрэднае дачыненне. Пытанне аб рэгуляванні рэпрадукцыйнай функцыі не мае простага рашэння. З аднаго боку тут пазіцыя Касцёла — «pro vitae», з другога — рэальнае жыццё, якое не дазваляе фармальнага стаўлення.

Чалавек, які прымае на сябе адказнасць за народжанае ім дзіця, з’яўляецца гарантам яго нармальнай будучыні, але калі ён такой адказнасці не мае, жыццё дзіцяці ператвараецца ў шэраг выпрабаванняў, за якія ўжо ніхто канкрэтна адказнасці не нясе або яна пасіўна перакладаецца на ўсіх. Прывядзем прыклад планетарнага маштабу: з аднаго боку — Кітай з палітыкай рэгулявання нараджальнасці, з другога боку — афрыканскія краіны з некантралюемым ростам насельніцтва і дзіцячай смяротнасцю ад голаду і хваробаў. Можа, хтосьці і знойдзе нейкія станоўчыя моманты ў другім прыкладзе і нават вызначыць вінаватых, якія не дазваляюць гэтым станоўчым момантам рэалізавацца, але «афрыканскі» прыклад менш сімпатычны, бо там мала рэальнай павагі да жыцця.

Дыскусія аб маральных аспектах карыстання сродкамі кантрацэпцыі і перарывання цяжарнасці не дазваляе выкарыстоўваць фармальныя штампы і спрашчэнні. Цвёрдая пазіцыя Касцёла ў шматлікіх выпадках дазваляе ратаваць будучае жыццё, бо ў нашым грамадстве часцей узнікае праблема не са шматдзетнымі сем’ямі, а з нараджэннем першага, а можа і адзінага дзіцяці (добры прыклад у стужцы «Востраў»).

Аднак гэтая цвёрдасць пазіцыі Касцёла павінна быць дзеля жыцця, а не для захоўвання формаў веры. Добра вядома, што найбольшая спакуса для верніка і для Касцёла — выносіць прысуд. Калі пазіцыя адносна практыкі перарывання цяжарнасці сканцэнтраваная толькі на самім моманце аборту, а ўсе астатнія пытанні, якія існуюць да і пасля аборту разглядаюцца як другасныя або самавырашальныя, то слабасць такой пазіцыі відавочная. Варта прызнаць комплексны характар праблемы, у вырашэнні якой адказнасць за біялагічнае і сацыяльнае жыццё маці і дзіцяці мае першаснае значэнне.

У якасці прыкладу звернем увагу на некаторыя «гендэрныя» аспекты праблемы. Увесь цяжар выпрабаванняў і сам «цяжкі грэх» кладзецца на плечы маладой жанчыны (часам і яе бацькоў). Мужчына выконвае больш «станоўчую» ролю: ён усяго толькі садзейнічаў узнікненню новага жыцця, і тое, што ён адмаўляецца ад удзелу ў яго станаўленні, безумоўна, кепска, але значна «меншы грэх», чым здзяйсняе яго ўжо былая сяброўка. Святар вынесе маральны прысуд, а далейшы лёс маці і дзіцяці перакладаецца на ласку Пана Бога. Не выключана, што да гэтай жанчыны падыдзе нейкі «добрасумленны вернік» і прыгадае, што, маўляў, ты дачка Евы, якая саграшыла, і цяпер павінна адказваць за гэты грэх. Найбольш «прывабліваюць» парады некаторых палітыкаў: маўляў, вы нараджайце дзяцей для дзяржавы, а калі вы не хочаце іх выхоўваць самі — мы іх забярэм і ўсім забяспечым. Зразумела, чаго ва ўмовах нашай сацыяльнай сістэмы варты той клопат.

Між тым пашыраецца з’ява сіроцтва пры жывых бацьках. Нярэдка жанчына адмаўляецца ад дзіцяці ўжо ў раддоме (нават атрымлівае ад дзяржавы грошы за «адказнiка»). Але наколькі такія паводзіны лепшыя за аборт, цяжка сказаць. Павiнна быць адказнасць за гэтых пакінутых дзяцей, якiя часцей схiльныя да дэструктыўных цi крымiнальных паводзiнаў, часцей паміраюць ад хваробаў, пакутуюць у жыцці і нясуць пакуты іншым (Кетле).

У сувязі з гэтым варта ўспомніць і пра адказнасць за жыццё маладых жанчын, якiя пад прэсам асяроддзя часам намагаюцца захаваць у тайне сваю цяжарнасць i вырашаюць рабiць крымiнальны аборт, што нярэдка мае драматычныя наступствы. А можа гэта проста кара грэшніцам і не варта спыняцца на нешматлікіх выпадках іх смерці?..

У жыцці няма ўніверсальных рашэнняў, і ад самастойнага выбару чалавека ніхто не вызваляе. Тым не менш ад гэтага выбару мы часцей намагаемся ўхіліцца, бо самастойны ўчынак патрабуе значных высілкаў, часам выклікае неспакой і небяспеку для жыцця. Многія людзі нават не адчуваюць неабходнасці ў прыняцці ўласнага рашэння і хаваюцца за плечы «аўтарытэтаў» ці афіцыйных дактрынаў. Менавіта тады і з’яўляюцца на свет гістарычныя выслоўі кшталту: «Я за тых, за каго правадыр» або «Я проста выконваў загад»....

Аднак ёсць і сумленная альтэрнатыва: кожны з нас павінен скіроўвацца на духоўную сілу Пана Бога, якога адчуваў бы сваім сэрцам, а не рабіць сабе няпэўных куміраў. Гэта першае патрабаванне Закону, самае галоўнае і самае цяжкае для выканання.

Прыстасавальніцтва (канфармізм) ва ўзаемадзеянні з асяроддзем — непазбежны элемент нашага жыцця. Дзеяння сацыяльнага прэсу фактычна нельга пазбегнуць і зададзеныя ім формы паводзінаў таксама выконваюць або адаптыўную, або паталагічную функцыю («…яшчэ ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне»; Мц 26, 34).

Чалавек павінен разумець свае слабасці і памылкі і намагацца іх выправіць — у гэтым сэнс пакаяння. І зноў жа, гэтая праца немагчыма без арыенціра на найвышэйшую сілу і вялікія прыклады працы Духа. Аднак гэтую працу павiнен выконваць сам чалавек. Ён павінен прапусціць праз сябе, праз сваё сумленне суму сітуацыйных уздзеянняў і прыняць уласнае рашэнне. Гэты працэс часцей павінен быць зарыентаваны на асяроддзе.

Калі сацыяльнае асяроддзе здаровае, то асоба атрымлівае моцны стымул для такой працы, і наадварот, калі паталагічнае вонкавае ўздзеянне інстытуалізаванае (фармальна ўзаконенае), то стымул для духоўнай працы не ўзнікне.

Здаровая дзяржава — гэта тая, функцыянаванне якой не пярэчыць Закону. Наогул, ці можа пярэчыць сучаснае заканадаўства Закону або ці можа Закон пярэчыць заканадаўству (ці магчыма сітуацыя закон vs Закон)? Не будзем шукаць юрыдычныя хітрыкі ці разважаць аб «літары і духу» розных законаў. Адно пэўна — Закону пярэчыць тое заканадаўства, якое не выконваецца ці проста дэкларуецца або выконваецца селектыўна (для «нашых»).

Сучасныя веды дазваляюць ацаніць дзейную моц хрысціянскіх запаведзяў. Іншымі словамі, мы дараслі да таго, каб зразумець, што біблейскія запаведзі не супярэчаць законам жыцця грамадства (або сучасныя маральныя і этычныя нормы павінны грунтавацца на гэтых запаведзях)3.

На чым сапраўды варта сканцэнтравацца, дык гэта на ўвядзенні ў школьную праграму вывучэння асноваў хрысціянскай маралі. У Расіі гэтую неабходнасць зразумелі, але там узніклі цяжкасці з рознымі рэлігійнымі плынямі. У Беларусі ёсць усе падставы ўводзіць «хрысціянскую мараль» у саму назву прадмета. Прадмет павінен быць свецкім, але прадстаўнікі асноўных хрысціянскіх канфесіяў павінны прымаць удзел у распрацоўцы праграмы і ажыццяўляць кантроль за яе выкананнем. Пытанні праграмы павiнны грунтавацца вакол маральных і духоўных каштоўнасцяў тэксту Святога Пісання, а пытанне практыкі веры застанецца па-за вучэбным курсам. Ці будзе гэта яшчэ адзін «пусты» прадмет — залежыць ад яго выкладчыкаў.

Сёння зразумела, што ў бліжэйшае дзесяцігоддзе нашае грамадства чакаюць цяжкія выпрабаванні. Спыніць самазнішчальныя механізмы немагчыма, але каб выйсці з гэтых выпрабаванняў у якасна новым стане, грамадству патрэбны пэўныя духоўныя здольнасці. Без плённай працы духу пераход на новую ступень гістарычнага развіцця ў прынцыпе немагчымы. Таму любыя зрухі ў духоўным жыцці, а тым больш у сферы адукацыі, могуць мець вырашальнае значэнне для нашай будучыні.

Аднак сама навука і добрыя веды законаў толькі падстава для сумленнага жыцця і яны не забяспечваюць іх аўтаматычнае выкананне. Нам востра патрэбна напружаная праца духу, а гэтая праца заўсёды калектыўная. Варта падкрэсліць сведчанне Святога Пісання аб тым, што Суду падлягаюць не толькі асобныя людзі, але і цэлыя народы, бо выніковы прадукт нашага жыцця і нашай працы мае сацыяльны характар (ён можа быць створаны толькі супольнасцю). Трэба ўсяляк здзяйсняць і падтрымліваць дабро, намагацца быць бліжэй да яго і як мага далей ад ілжы і хамства (намагацца ізаляваць зло). І формы духоўнай працы могуць быць самыя розныя: музычнае свята4, супольная пілігрымка...

Нават калі ў нас знойдуцца сілы на Дзяды запаліць зніч за кожным вакном i каля кожнага помнiка на могiлках, то нас ужо не будуць палохаць ніякія выбары ці рэферэндумы, бо раніцай у краіне абудзяцца не проста людзi — гэта будзе Народ.


  1. Напрыклад, вызначым асаблiвасцi ўспрымання часу ў розных сістэмах вымярэння:
    «І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым. І быў вечар, і была раніца, дзень шосты» (пар. Быц 1, 31).
    «Умілаваныя, гэта адно няхай не будзе схавана ад вас, што ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень» (2 П 3, 8).
    Калі вы ў стане зразумець, што значыць адзін дзень Бога, які ёсць альфа і амега, то карыстайцеся сваёю разумоваю схемаю, але з павагаю адносцеся да здольнасцяў і поглядаў іншых. Паўтаруся, тэкст Бібліі жывы для ўсіх, ён спраўны і ў часе, і ў разнародным людскім асяроддзі. Другі прыклад — у тэксце Святога Пісання выразна прагледжваецца дынаміка ў адносінах да гістарычнага і духоўнага значэння рабства:
    «Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны лічыць гаспадароў сваіх годнымі ўсялякае пашаны, каб не было наганы на імя Божае і вучэнне» (пар. 1 Цім 6, 1).
    «Кожны няхай застаецца ў тым стане, у якім пакліканы. Рабом ты пакліканы? Не турбуйся. Але калі можаш стацца вольным, скарыстай з лепшага. Бо раб, пакліканы ў Пану, ёсць вольнік Пана; гэтаксама і пакліканы вольнік ёсць раб Хрыстовы. Вы куплены дарагою цаною; не рабіцеся рабамі людзей» (пар. 1 Кар 7, 20–23).
  2. Індывідуалізацыя адносінаў да веры і вучэння непазбежны працэс, але ён не павінен замінаць дзеянню тых механізмаў, што згуртоўваюць вернікаў. Напрыклад, індывідуалізацыя рэлігійных поглядаў у сучаснай Польшчы абмяркоўваецца ў працы: Mariański J. W co i jak wierzą katolicy w Polsce (Analiza sociologiczna) Roczniki Nauk Społecznych. Tom XXXVI, zeszyt 1–2008, s. 73–103.
  3. Дэкалог пераважна вызначае тое, што чалавек не павiнен рабiць, або аберагае «ад пастак жыцця». У той жа час за выкананне (i выбар?) канкрэтнай праграмы жыцця адказны сам чалавек.
  4. Прыгадаем шматтысячныя святы народнай песні, якія праводзіліся ў Таліне ў савецкія часы.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY