|
|
|
№
2(56)/2011
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Мастацтва
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
In memoriam
Пераклады
Мастацтва
Вачыма візітатара
|
Данута БІЧЭЛЬ
У ГЭТАЙ КРАІНЕ...
Пра выставу Аляксея Марачкіна «Жывапіс»
...Ідзе дождж, а я іду на адкрыццё выставы ў мастацкую галерэю «Крыга»… Іду паціху і ўспамінаю сустрэчы ў Менску. У мяне з Ірынай Марачкінай была агульная сяброўка — Ірына Крэнь. Калі Ірына знаходзілася ў бальніцы або ў ад’ездзе, я спынялася ў Марачкіных… Правінцыйная паэтка асмельвалася дурыць галаву аднаму з лепшых мастакоў Беларусі! Аднойчы Аляксей запрасіў мяне на літаратурную сустрэчу ў Акадэмію мастацтваў. Я вельмі хвалявалася, але ўсё адбылося добра, таму што перад тым, як даць мне слова, Марачкін выступіў сам і засяродзіў увагу сваіх студэнтаў, а на ўспамін аб сустрэчы мне падаравалі аб’яву, якую намаляваў сам Марачкін! Успамінала я і той пісьменніцкі з’езд у 1981 годзе, на якім прысутнічала Ларыса Геніюш, — гэта калі Максім Танк у перапынку паміж паседжаннямі прынёс ёй прыгаршчы цукерак з буфета, а ўсе глядзелі і захапляліся. Мастакі таксама былі запрошаныя на з’езд. Да нас падыйшлі Аляксей Марачкін і Мікола Купава, і Ларыса Антонаўна прапанавала сесці разам у зале «на перакрыжаванку», мы і селі такім парадкам: Марачкін, Геніюш, Купава і я збоку… Увечары Аляксей і Ірына Марачкіны запрасілі нас у госці ў майстроўню, якая знаходзілася на гарышчы аднаго з тых дамоў, што выходзяць на чыгуначны пляц… Ішла я і думала пра іх… Думала пра Ірыну, якая была яго натхненнем, яго Музай. Яна дзяліла з ім неспакойны пошук новага, магутнага, свежага прагнення — запоўніць прастору, абмежаваную ў проставугольніку, нечаканай навізной, дабрынёй, бясконцасцю, бляскам, захапленнем, каб здзівіць вочы тых, хто любіць хадзіць пад дажджом без парасона… Жонка, маці, князёўна, служанка, суцяшальніца, заўсёды гатовая любоўю і цярпеннем устрымаць яго ад бляску захаплення і хвалы, супакоіць яго і вярнуць у будзённасць і прастату, каб мог адпачыць і зноў пачынаць пошук… Некаторыя мастакі нават малююць вобразы сваіх жонак з удзячнасці за тыя церні, па якіх яны ступаюць... А некаторыя не малююць… Затое Аляксей Марачкін намаляваў абраз Маці Божай Апякункі Курапатаў і Маці Божай Апякункі Чарнобылю, узяў свае абразы і прайшоў з імі ў працэсіі па вуліцах Менску! Гэта ўчынак! А жонка, сяброўка, знаходзіцца заўсёды надта блізка, каб убачыць у яе постаці ўтоены вобраз самой дасканаласці… У той дажджлівы поўдзень яны ўжо былі ў «Крызе», чакаючы наведвальнікаў, і я прыйшла першай. Аляксей адразу пачаў паказваць мне свае палотны, але я не магла засяродзіцца, каб слухаць. Я разгубілася, таму што ведала іншага мастака Аляксея Марачкіна, больш традыцыйнага. Святло душы ішло і ад папярэдніх яго карцінаў, але тут святла было так шмат, што я аслепла… Дзве кантрастныя мадэрновыя карціны «У прадчуванні зімы» і «Таемная восень» займалі левую сцяну, кантраст быў мяккі, цёплы, у ветранай прасторы з халоднаю ракою і сухою асакою і мятліцаю разліта была дабрыня, не змрочны пратэст засыхання… А восень была сагрэтая цёплым сонцам лета. Сцяну ад дзвярэй займала палатно «Каін і Авель» (2002). Аляксей сказаў, што гэты твор ён прысвяціў Рыгору Барадуліну… Але, дзякуй Богу, у жыцці Барадуліна не было такой страшнай прыгоды, якая здарылася ў старажытнасці… Толькі верш з такім жа загалоўкам напісаў Рыгор Барадулін. На крывавай засохлай зямлі ляжыць знявечаны, распластаны Авель, два ахвярныя ягняты аплакваюць яго цела… Каін, таксама знявечаны грэхам братазабойства, прыціскае нагою штылет, якім толькі што забіў з зайздрасці роднага старэйшага брата… На няроўным жоўтым пясчаным гарбе пустыні відаць прывід братазабойчай вайны, ад якой ляцяць у крывавыя нябёсы збялелыя духі. Неба няма… Аляксей Марачкін сказаў, што ён пісаў гэты твор, падражаючы Пікасо, але я не ведаю так добра мастацтва, каб прыняць гэта свядома… На правай сцяне залы змясціўся трыпціх «Святы Бруна. Камень веры. Анёл. Да 1000-годдзя летапіснай Літвы»… Трыпціх створаны ў той экспрэсіўнай асацыятыўнай манеры, якой карыстаўся Марачкін раней. Вобраз місіянера святога Бруна напісаны ў поўны рост, у багатых цёмна-чырвоных шатах, з крыжам, з Евангеллем і з белай лілеяй. Яго натхнёны твар асветлены, ім кіруе моцная сіла духу абвяшчаць Хрыстовую праўду. Над галавою — німб святасці, а над німбам навісла сякера… Бруна Баніфацый, арцыбіскуп і пакутнік (974–1009) нарадзіўся ў сям’і графа ў замку Кверфурт у Нямеччыне. У Магдэбургу ў часе вучобы пачуў пра місію святога Войцеха з Лібіцаў. У 997 годзе з каралём Оттанам ён выехаў у Рым, дзе паступіў у абацтва бэнэдыктынаў на Авентуне, прыняўшы імя Баніфацы… Пасябраваў са святым Рамуальдам, які з братамі камедуламі збіраўся на місію ў Польшчу па запрашэнні караля Баляслава Харобрага. Атрымаў тытул біскупа місійнага ад Рымскага Папы Сільвестра ІІ. Праз некалькі гадоў даследуе Русь, Венгрыю, Літоўскія землі, яцвягаў… Апісвае жыццё святога Войцеха, які быў забіты стралой паганскага святара, абезгалоўлены паганамі. Яго астанкі разам з целамі пяці мучанікаў з Мяжырэчча кароль Баляслаў выкупіў за золата і пахаваў у Гнезна… Святы Бруна ўвасоблены ў прыгожай постаці чужаземца, які палюбіў Польшчу і разам з 18-цю мучанікамі скончыў жыццё недзе на літоўска-яцвяжскім памежжы. І яго цела выкупіў за золата кароль Баляслаў, але дзе пахаваў яго, невядома. Культ святога Бруна хутка пашырыўся ва ўсёй Еўропе. На правай карціне трыпціха таксама ў поўны высокі рост створана постаць анёла-ахоўніка, у такіх жа чырвоных шатах. На яго крылах і ў доле з-пад плашча відаць белае адзенне. Анёл босы, благаслаўляе праваю рукою. Твар анёла натхнёны, але сумны, над цёмнымі валасамі юнака — чырвоны птах, не падобны да голуба. Пад нагамі абодвух — і біскупа, і яго анёла — цвітуць белыя кветкі, ля падножжа растуць елкі… Каля ног анёла паўстаюць балотныя пачваркі або прывіды… Ці лёгка анёлам у місійных падарожжах за веру ахоўваць людзей, быць сувязнымі ад Бога? Ці шмат можа дапамагчы анёл? Ці баліць анёлу душа, калі яго чалавеку працінаюць стралой сэрца? Ці анёлы сапраўды не маюць сваёй волі?.. Ахвярнасць святога Бруна і яго анёла-ахоўніка паўстае на цэнтральнай карціне трыпціха «Камень веры». Прыгожы абамшэлы валун напамінае пра час, які тут спыніўся, і пра скамянелыя сэрцы яцвягаў, якія некуды зніклі. Услед за яцвягамі шмат якія магутныя сілы імкнуцца, каб зніклі і мы, каб нас тут нібы зусім і не было…Каменю не баліць? Булава і дзіда, скамянелы твар продка, (а можа нашчадка?), заціснуты ў камень… Але ж гэта камень веры! Вера зусім скамянець не можа! У веры застаецца надзея, якая трымае скамянелае жыццё, скамянелае сэрца… Над каменем светла, бо ён прыцягвае да сябе сонечныя промні і рассявае іх у прастору. Продкі-язычнікі верылі ў сонца… Але па-сапраўднаму яны верылі ў адзінага Бога, якога шукалі, якога пакуль што не сустрэлі… Яны баяліся сустрэчы з Богам — слабыя людзі баяцца ўсяго невядомага, таму ад страху забілі Яго пасланнікаў, місіянераў. ...Вера дае супакой, які разліты ў вадзе, у прасторы, у паветраным замку, намаляваным у традыцыях сучаснага дойлідства… Але святло ад каменя праходзіць шмат перашкодаў, рытуальных прадметаў, дробнага камення, пярынаў фантастычных жар-птахаў… Хто мае вочы, можа прачытаць тут сваю драматычную аповесць… Аляксей Марачкін раздаваў прысутным буклет трыпціху, на адваротным баку якога змешчаны верш мастака, прысвечаны Міколу Ермаловічу, які ў змрочныя часы панавання сучасных паганаў спаліў сваё сэрца, каб данесці беларусам праўду пра летапісную Літву… «…А ён ішоў, наш павадыр, вёў за сабою невідушчых да нашых вояў і муроў, і перуном грымелі пушчы. А ён ішоў… уноч і ўдзень пісаў свой летапіс Старонцы. Будзіў свой Край, адпрэчваў цень. І шлях здаваўся той бясконцым…» Мікола Ермаловіч 5 сакавіка 2000 года загінуў у Менску пад коламі аўтамабіля — шафёр, які на яго наехаў, меў прозвішча Бараба… …На ўрачыстым адкрыцці выставы гаварыла гаспадыня галерэі «Крыга» Марыся Мацко, пасля Аляксей Марачкін апавядаў, як ён ствараў свае карціны, якіх глыбіняў імкнуўся дасягнуць, дзяліўся сваімі таямніцамі мастацтва з прысутнымі, сярод якіх былі сябры яго жыцця, яго вучні… І слухала сівога мэтра моладзь Гародні, якая вучыцца маляваць. Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна паведала прысутным пра этапныя шляхі росту Аляксея Марачкіна, які, па яе назіраннях, працуе так і стварае тое, чаго ў Беларусі ніхто не робіць… Па прынцыпе: «Калі не я, дык — хто…» Нейкая невідочная сіла пацягнула мяне ў праём залы, дзе ў першым пакоі стаялі два крэслы. Я прысела і ўбачыла пейзаж «Духмяны саснова-летні дзень». Ствалы соснаў святлелі і неслі прахалоду… Я прытулілася містычна да «Сцяны маўчання», якая была не збітая, але сатканая з дашчаных аполкаў балотнага колеру… Узняла вочы ўверх і ўбачыла святыню ў стылі барока, абрысы вежаў якой плылі над возерам; пейзаж «Вецер на Манюце», сапраўды ветраны, вярнуў мяне да рэальнасці… Я адчула, што на мяне нехта ўважліва глядзіць… Мяне свідруюць нечыя вочы… Нечыя знаёмыя вочы свідравалі мяне гэтак раней… На сходах прысядзе недалёка і нешта мудрае скажа — ён увесь час знаходзіўся ў палоне метафараў і іншасказанняў… І ўбачыла — «У гэтай Краіне. Партрэт Анатоля Сыса», 2010 год. Партрэт удаўся. Глядзіць проста ў сэрца — з горкім шкадаваннем, з глыбокай пакутай… З таго боку люстэрка… З каменя веры… У простай, не вышыванай кашулі, з завостраным штыхом алоўка, зброяй паэта, з надламаным сцяблом рамонка, зламаны нязломны… Зламанае жыццё… Зламанае сэрца… Зламаны шлях паэта… На балотным бруку — перавернуты збанок, але ён не пабіўся, яшчэ засталіся ў ім кроплі памяці і шкадавання, віны жывых. Зводдаль валяецца сабака з такімі ж вачыма, поўнымі ненапісаных вершаў:
Рассохліся чаўны, пласкадонкі, пахіснуўся плот — трымаецца на дзвюх жэрдках, змацаваных маленькім сцяжком нашай мроі. За паламаным плотам хаваецца рассыпанае сонца, а Дняпро цячэ там, дзе звычайна трымаюць краявід нябёсы… Так я сядзела, і мне хацелася плакаць. Але я не заплакала…Я магла б пачытаць свой верш, які намалявала ў кнізе прозы «Хадзі на мой голас», але я забылася, як ён пачынаецца, бо даўно не чытаю вершаў перад слухачамі… …хмары аглухлі, сарваліся, абарваліся хмары со сну ў сон пад адхон, з хваляў сну на сну хвалі — і прапалі, стаміліся і прапалі — у драўляным чаўне на чорным парэпаным дне, не ў горле гарачай печы — у цямрэчы паэта Анатоля Сыса пахавалі, у напластаванні стагоддзяў, туды кроцік не ходзіць, не даходзіць карэнне ў сутарэнне… Чаўны, пласкадонкі, лодкі сталі на якар… і аніякай Дняпровай паводкай твае лодкі з месца не зрушыць… спынены час душыць… якія там ружы?! Памерлі гужы, арэлі — утравелі, удзірванелі…да змёртвыхпаўстання на Божую волю ты паддаўся, паэце Сыс Анатолю! Ніякай краплінай слова смагу сваю не натоліш, Беларусі не вымраіш болей неабсяжную светлую волю…
...На развітанне на дарогу я падпісала Ірыне і Аляксею Марачкіным сваю кнігу «Мост святога Францішка» — як талісман на шлях. Урэшце яны і сустрэліся на мосце святога Францішка, які злучае берагі ракі Дзвіны ў Віцебску, калі вучыліся ў адным інстытуце… Дома ўключыла радыё. Аляксей Марачкін адказваў на пытанне карэспандэнта, чаму ён прывёз выставу ў Гародню, так: — Гародню я люблю, бо гэта еўрапейскі горад, апеты паэткай Данутай Бічэль-Загнетавай… У Гародні жыў Васіль Быкаў… Мне ад гэткіх яго словаў стала цёпла, і я пачала маліцца…
|
|
|
|