Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(79)/2017
На кніжнай паліцы
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
У святле Бібліі

СПРАВЯДЛІВЫ ЭНОХ
Лёсы духавенства
Спадчына
Мастацтва

УБАЧЫЦЬ «АПОШНЮЮ ВЯЧЭРУ»

НДФ–2207
Інтэрв’ю

АДКУЛЬ Я МАГУ ВЕДАЦЬ, ШТО ГЭТА ГОЛАС БОГА?
Асобы

САРМАЦКІ МІЛЬТАН
Паэзія

ВЕРШЫ

І ЖАЛЬБА, І ПЯШЧОТА, І ЛЮБОЎ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ШЛЯХ ДА ЛЮБОВІ
Кіно

ХРЫСЦІЯНЕ Ў ГАЛІВУДЗЕ. ХРЫСЦІЯНЕ Ў МАСТАЦТВЕ
Асобы

«ПРАЦУЙМА, БРАЦЦЯ!..»

АБРАЗОК
На кніжнай паліцы

СВЯТЛО ПРЫГАЖОСЦІ
Роздум

УСЁ Ў СЛОВЕ…

Святы Ян ад Крыжа

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ

Трактат пра тое, як павiнна падрыхтавацца душа, каб за кароткi час дасягнуць злучэння з Богам. Парады i вучэннi як для пачынальнiкаў, гэтак i для дасведчаных, вельмi карысныя, каб вызвалiцца ад усiх рэчаў дачасных, не абцяжарваць сябе духоўнымi прывязанасцямi i застацца Ў найвышэйшай аголенасцi i свабодзе духу, неабходных для злучэння з Богам. Напiсаны айцом кармэлiтам босым, братам Янам ад Крыжа.

Працяг. Пачатак у № 2 (76)/2016.

КНIГА ПЕРШАЯ
ДЗЕЙСНАЯ НОЧ ПАЧУЦЦЯЎ

У якой гаворыцца, што такое «цёмная ноч» i чаму неабходна прайсцi праз яе, каб дасягнуць злучэння з Богам. У прыватнасцi, гаворка будзе iсцi пра «цёмную ноч пачуццяў» i жаданняў, пра шкоду, якую яны могуць нанесцi душы.

Раздзел 11
У якім даводзiцца, што душа павiнна пазбавiцца ўсiх жаданняў,
нават самых нязначных, каб дасягнуць паяднання з Богам..

1. Мне здаецца, што чытач ужо даўно хоча запытацца пра наступнае: каб дасягнуць стану паяднання з Богам, неабходна спачатку ўтаймаваць усе свае жаданнi, вялiкiя i малыя, альбо толькi некаторыя з iх, не звяртаючы ўвагi на астатнiя, прынамсi на тыя, якiя не з’яўляюцца вельмi небяспечнымi. Бо здаецца, што гэта вельмi цяжкая справа для душы — дасягнуць такога ўзроўню чысцiнi i аголенасцi, каб не мець нiякага жадання i нiякай прывязанасцi да рэчаў.

2. I вось мой адказ: не ўсе жаданнi перашкаджаюць душы i шкодзяць ёй аднолькавым чынам. Шкодзяць толькi жаданнi волi, таму што натуральныя жаданнi вельмi мала цi зусiм не перашкаджаюць паяднанню з Богам, асаблiва калi iм не паддавацца i калi воля не бярэ ў iх удзелу, нi спачатку, нi потым. У гэтым жыццi немагчыма пазбавiцца ад iх i ўтаймаваць iх цалкам, а тыя, што застаюцца, не могуць перашкодзiць душы, каб дасягнуць паяднання з Богам. Гэта адбываецца таму, што яны знаходзяцца ў нiжэйшай частцы прыроды чалавека, і найвышэйшая, гэта значыць душа, можа быць цалкам свабоднаю ад iх. Больш за тое, можа так здарыцца, што калi воля цалкам заглыбленая ў малiтву Спакою, жаданнi, якiя знаходзяцца ў пачуццёвай частцы душы чалавека, не ўдзельнiчаюць у духоўнай частцы, занятаю малiтваю.

Але душа, якая прагне дасягнуць поўнага злучэння з Богам, павiнна пазбавiцца i вызвалiцца ад усiх iншых добраахвотных жаданняў: найцяжэйшых, звязаных са смяротным грахом; меней цяжкiх, звязаных з грахом што­дзённым; цi ўвогуле нязначных, калi гаворка iдзе ўсяго толькі пра недасканаласцi. Але душа павiнна пазбавiцца ад усяго нават самага малога i спустошыцца, каб дасягнуць суцэльнага злучэння з Богам. Сэнс у тым, што гэтае злучэнне з Богам палягае на суцэльным перамяненнi нашай волi ў волю Бога, калi ў ёй ужо няма нiчога, што б пярэчыла волi Божай, а наадварот, усе яе памкненнi — гэта памкненнi выключна волi Божай.

3. I таму сцвярджаю, што ў гэтым стане паяднання з Богам ужо не iснуюць дзве волi, а толькi адна — Божая, якая стаецца i воляю душы. Вось чаму, калi б душа пажадала нечага недасканалага, насуперак Божай волi, гэта значыць, што яна недастаткова паяднаная з Богам, бо душа прагне таго, чаго Бог не прагне. I таму зразумела, што, каб дасягнуць дасканалага паяднання з Богам праз волю i любоў, душа павiнна вызваліць сябе ад усялякага добраахвотнага жадання, нават найменшага. Для гэтага неабходна, каб воля свядома i разважліва не дазваляла б сабе нiякага памкнення да недасканаласцi, каб дасягнуць такой моцы i свабоды, што можна было б адмовiцца ад недасканаласцi адразу ж, як толькi яна яе заўважыць. Я сказаў свядома i разважліва, таму што калi душа не заўважае цi не распазнае адразу ж недасканаласць, яна ўпадае ў штодзённы грэх, паддаючыся прыродным жаданням, пра якiя мы гаварылi. Пра гэтыя грахi, часта не добраахвотныя i нават мiжвольныя, напiсана, што справядлiвы ўпадзе сем разоў у дзень i ўстане (гл. Прып 24, 16). Тут жа гаворка iдзе пра грахi добраахвотныя, якiя могуць быць i штодзённымi грахамi, свядома зробленымi, хоць і самымі малымi. Дастаткова не змагчы толькi аднаго, каб перашкодзiць паяднанню з Богам. Тут я маю на ўвазе неўтаймаваны навык, бо калi жаданнi ўтаймаваныя, якi-небудзь асобны чын не можа пашкодзiць душы, нават калi i яго трэба пазбегнуць, бо ён паходзiць з недасканалага навыку. Але некаторыя звычкі паходзяць з недасканаласцяў добраахвотных, i калi iх не перамагчы, дык яны не толькi перашкодзяць паяднанню з Богам, але i не да­зволяць iсцi наперад па шляху ўдасканалення.

4. Звыклымi недасканаласцямi могуць быць наступныя: распаўсюджаная звычка шмат гаварыць; маленькая прывязанасць да нечага, якую душа нiяк не можа пераадолець, як, напрыклад, прывязанасць да нейкай асобы, да нейкай вопраткi, да сваёй келлi, да пэўнага харчу, да гутарак, да некаторых маленькiх задавальненняў, да ведаў i чутак цi iншага падобнага. Кожная з гэтых недасканаласцяў, да якiх прывязаная душа i якiя перараслi ў звычку, становіцца вялiкаю перашкодаю для ўзрастання ў цноце i руху наперад на шляху да дасканаласцi. I больш за тое, яны з’яўляюцца значна істотнейшаю перашкодаю, чым мноства здзейсненых недасканаласцяў i асобных штодзённых грахоў, якiя не паходзяць з кепскай звычкi пэўнага злога навыку. Асобныя па­дзеннi не нашко­дзяць душы так, як яе прывязанасць да пэўных рэчаў. I пакуль яна не вызвалiцца ад гэтых недасканаласцяў, нават самых найменшых, яна не зможа пасунуцца наперад на шляху ўдасканалення. Без рознiцы, якою вяроўкаю прывязаная птушка, тонкаю цi тоўстаю, бо яна так цi iнакш знаходзiцца ў няволі і не зможа ўзляцець, пакуль не разарве вяроўку. Хаця будзе слушна заўважыць, што чым танчэйшая прывязь, тым лягчэй яе разарваць, але, не разарваўшы яе, птушка нiколi не ўзляцiць. Такiм самым чынам i душа, прывязаная да нечага, нават калi валодае мноствам цнотаў, нiколi не дасягне сапраўднай свабоды паяднання з Богам. Жаданне i прывязанасць душы падобныя да рыбы-прылiпалы, пра якую апавядаюць, што яна, нягледзячы на свой малы памер, прылiпае да днiшча карабля i настолькi яго абцяжарвае, што перашкаджае iм кiраваць, каб даплысці да порта. I таму вельмi шкада бачыць такiя душы, якiя, нiбы карабель, напоўненыя багаццем духоўных дзеянняў i практыкаванняў, цнотаў i Божай ласкаю, але, паколькi iм не хапае смеласцi канчаткова пазбавiцца нейкага маленькага задавальнення, нейкай прывязанасцi цi нейкага пачуцця — што па сутнасцi адно i тое ж — яны нiколi не рухаюцца наперад i нiколi не змогуць дасягнуць порта дасканаласцi. У той час, калi было б дастаткова ўсяго толькi ўзляцець, разарваць прывязь, да якой яны прычэпленыя, i канчаткова вызвалiцца ад гэтай прыліпалы — жадання.

5. Вельмi балюча бачыць, што гэтыя душы, якiя дзеля Божай любовi пазбавiлiся ад моцных канатаў прывязанасцяў да граху i да марнасцяў, не хочуць пазба­вiцца, па Ягоным патрабаванні, ад нейкай дробязi, не большай за нiтку цi волас, каб рушыць наперад. I з прычыны такой прывязанасцi яны не толькi не рушаць наперад, але нават пачынаюць адступаць у тыл, губляючы ўсё тое, чаго яны дасягнулi i што перамаглi многiмi гадзiнамi працы. Мы ўжо ведаем, што на духоўным шляху той, хто не рушыць наперад, вяртаецца назад, i хто не крочыць перамагаючы, той крочыць губляючы. Наш Пан вучыць нас гэтаму, калi гаво­рыць: «Той , хто не са Мною, той супраць Мяне, i хто не збiрае са Мною, той губляе» (гл. Мц 12, 30). Той, хто не клапоцiцца, каб заляпiць маленькую расколiну ў глiняным гаршку, няхай не дзiвiцца, калi згубiць увесь напой у iм. Таму добра таксама нас вучыць Эклезiяст: «Хто не зважае на маленькiя рэчы, паступова дойдзе да разбурэння» (пар. Экл 19, 1), i ён жа гаворыць у iншым месцы: «Дастаткова адной iскры, каб распачаўся пажар» (гл. Экл 11, 34). Такiм чынам, адной толькi недасканаласцi дастаткова, каб прывабiць iншыя, а гэтыя апошнiя спрычыняюцца да ўзнікнення наступных. I амаль нiколi нельга спаткаць душу, якая, калi не дбае пра тое, каб перамагчы нейкае жаданне, не мела б мноства iншых недасканаласцяў, што паходзяць менавiта з яе ня­дбання i ўвесь час пагаршаюцца. Я знаёмы з многiмi асобамi, якiм Бог даў ласку, каб яны рушылi наперад у адарванасцi i свабодзе духу, але, як толькi яны пачалi смакаваць i шукаць задавальнення ў размовах i сяброўствах, яны адразу пачалi губляць духоўную радасць ад зносiнаў з Богам у святой адзiноце i паступова страцілі адчуванне радасцi i цікавасці да духоўных практыкаванняў, i не спынiлiся на гэтым, пакуль не страцілі ўсё. I гэта адбываецца таму, што яны не ўтаймавалі задавальнення i пачуццёвага жадання i не засталiся ў адзіноце перад аблiччам Бога.

6. Той, хто хоча дайсцi да канца гэтага шляху, павiнен няспынна крочыць наперад i нiколi не спыняцца. Гэта азначае, што ён павiнен нястомна працаваць, каб пазбавiцца жаданняў, а не падтрымлiваць iх. Калi не пазбавiшся iх, нiколi не дасягнеш мэты. I як дровы нiколi не ператвараюцца ў вогнiшча, калi не хапае толькi аднаго градуса цяпла, гэтаксама i душа не пераменiцца ў Бога, калi мае адну толькi недасканаласць, нават найменшую ў параўнаннi з добраахвотнымi жаданнямi. Як пазней будзе сказана ў «Ночы веры», адбываецца гэта таму, што душа мае толькi адну волю, i калi яна забрудзiцца цi зоймецца чымсьцi iншым, яна не зможа быць свабоднаю, самотнаю i чыстаю, каб Бог змог перамянiць яе.

7. Вобраз таго, пра што мы цяпер сказалi, знаходзiцца ў Кнiзе Суддзяў (гл. Суд 2, 3), дзе апавядаецца, як анёл явiўся сынам Iзраэля i абвясцiў iм, што, паколькi яны не знiшчылi варожы люд, а, наадварот, заключылi з iм саюз, Бог пакiне сярод выбранага народу ворагаў, пакуль яны не стануць для яго прычынаю па­дзення i згубы. I Бог справядлiва чынiць гэта з пэўнымi душамi. Ён забраў iх з гэтага свету, адарыў iх сваёю ласкаю, якой былi забiтыя велiканы, гэта значыць грахi, знiшчыў мноства iх ворагаў — цi падставаў для граху, якiя яны мелi ў свеце. Усё гэта Ён зрабiў для таго, каб гэтыя душы ў вялiкай свабодзе ўвайшлi ў Абяцаную зямлю паяднання з Богам. Аднак яны пачалi сябраваць i хаўруснiчаць з людам, поўным недасканаласцяў, замест таго каб знiшчыць яго. I таму наш Пан у гневе дазволiў, каб яны сталi здабычаю сваiх жаданняў.

8. У Кнiзе Езуса Навiна (гл. Нав 6, 21) ёсць таксама вобраз сказанага. Калi габрэi амаль што ўвайшлi на Абяцаную зямлю, Бог паслаў Езуса Навiна i загадаў, каб габрэi цалкам знiшчылi горад Ерыхон з усiм, што ў iм знаходзiлася, не пакiдаючы нiкога ў жывых, нi мужчыну, нi жанчыну, нi малога, нi старога, нi жывёлiну, i не дазволiў нiкому прысвоіць сабе нiводнай часткі здабычы. Гэтым самым Пан хоча сказаць нам, што, каб увайсцi ў паяднанне з Ім, душа павiнна знiшчыць у сабе ўсе прывязанасцi, якiя жывуць у ёй, вялiкiя i малыя, многiя i нешматлiкiя. Яна нават павiнна вызвалiцца ад самога жадання iх, адлучыцца ад iх, нiбыта яны не iснуюць для яе i яна не iснуе для iх. Як добра вучыць нас святы Павел, калi пiша да Карынцянаў: «Я вам кажу, браты: час ужо кароткі, так што тыя, што маюць жонак, хай жывуць, як бы не мелі, і тыя, што плачуць, як бы не плакалі; і тыя, што радуюцца, як бы не радаваліся: і тыя, што купляюць, як бы не набывалі; і тыя, што карыстаюцца светам гэтым, як бы не карысталіся; бо прамiне вобраз свету гэтага» (гл. 1 Кар 7, 29–31). Гэта кажа нам Апостал, навучаючы, наколькi адарванаю ад усiх рэчаў павiнна быць душа, калi яна прагне дасягнуць Бога.

 

Раздзел 12
У якім даецца адказ на iншае пытанне і тлумачыцца,
якiх жаданняў дастаткова, каб нашкодзiць душы.

1. Мы маглi б яшчэ шмат чаго сказаць пра «Ночы пачуццяў» у тым сэнсе, што шмат можна сказаць пра шкоду, якую наносяць душы жаданнi, i якiмi iншымi спосабамi, апроч тых, якiя мы ўжо ўзгадалi. Але тое, што я хацеў сказаць, я ўжо сказаў. Мне падаецца, што я дастаткова прадэманстраваў, чаму ўмярцвенне называецца «ноччу» i чаму неабходна прайсцi праз яе, каб дасягнуць паяднання з Богам. Аднак перш чым апавядаць пра тое, як увайсцi ў гэтую «ноч», неабходна ў якасцi заключэння звярнуцца да некаторых пытанняў, якiя могуць узнiкнуць у чытачоў у сувязi з ужо сказаным.

2. Першае пытанне наступнае: цi дастаткова любога жадання, каб нанесцi душы двайную шкоду: адмоўную, гэта зна­чыць пазбавiць душу ласкi Божай, i станоўчую, гэта значыць спрычынiцца да пяцi асноўных шкодаў, пра якiя мы гаварылi. Другое пытанне: цi дастаткова любога жадання, нават самага найменшага i любога кшталту, каб яно справакавала ўсе пяць асноўных шкодаў разам, цi адно канкрэтнае жаданне прычыняе толькi адну канкрэтную шкоду, напрыклад, калi адно правакуе хваляванне, другое — стомле­насць, iншае — душэўную цемру i гэтак далей.

3. На першае пытанне адкажу вось як: адмоўная шкода (гэта значыць, калi душа пазбаўляецца Бога) наносiцца толькi добра­ахвотнымi жаданнямi, якiя вядуць да смяротнага граху, — адзi­нага, што можа пазбавiць душу Божай ласкi ў гэтым жыццi, а ў наступным жыццi — Божай хвалы, гэта значыць Валадарства Божага. На другое пытанне трэба адказаць, што, каб нанесцi душы ўсе пяць шкодаў, разам узятых, дастаткова аднаго толькi добраахвотнага жадання, якое вядзе цi да смяротнага граху, цi да штодзённага граху, цi да недасканаласцi. Нават калi ў вынiку яны чыняць душы адмоўную шкоду, мы называем iх «станоўчымi», таму што яны скiраваныя на прывязанасць да стварэнняў, а «адмоўнымi» мы называем тыя, якiя аддаляюць ад Бога. Памiж першымi i другiмi ёсць рознiца. Жаданнi, якiя вядуць да смяротнага граху, асляпляюць, мучаюць, забруджваюць i цалкам аслабляюць душу. Жаданнi, якiя вядуць да штодзённага граху цi недасканаласцi, не прычыняюць душы зла ў найвышэйшай ступенi, бо не пазбаўляць цалкам душу ласкi, але душа падпадае пад iх уладу (смерць ласкi Божай — гэта iх жыццё). Такiя жаданнi спрычыняюцца да змяншэння ласкi. Такiм чынам, чым мацнейшае жаданне, тым больш яно аслабляе Божую ласку i тым самым павялiчвае мучэнне, слепасць i нячыстасць душы.

4. Неабходна адзначыць, што нават калi любое жаданне наносiць душы ўсе пяць шкодаў, якiя мы назвалi «станоўчымi», асобнае жаданне наносiць толькi адну канкрэтную шкоду, з якой потым вынiкаюць усе астатнiя. Сапраўды, пажадлiвасць, напрыклад, з’яўляецца прычынаю ўсiх згаданых шкодаў, але асаблiвым чынам i найбольш яна брудзiць душу i цела. Усе гэтыя сумныя рэчы вынiкаюць з прагнасцi, але найбольш яна спрычыняецца да душэўнага неспакою. Ганарыстасць правакуе ў душы ўсе благiя вынiкi, але непасрэдна i ў першую чаргу спараджае ў душы цемру i слепасць. I нават калi абжорства — прычына ўсяго благога, яно асаблiва ахалоджвае практыкаванне ў цноце. I тое самае можна сказаць i пра iншыя.

5. Кожны чын добраахвотнага жадання наносiць душы ўсе шкоды разам, бо ён непасрэдна супрацьставiцца чыну цноты. I як з аднаго чыну цноты ў душы нараджаюцца разам мяккасць, спакой, суцяшэнне, святло, чысцiня i моц, гэтак з аднаго толькi бязладнага жадання паўстаюць пакута, стомленасць, цяжар, слепасць i лянота. Усе цноты ўзрастаюць праз практыкаванне толькi адной з iх, i ўсе заганы ўзрастаюць у душы ўслед за ўзрастаннем толькi адной з iх. Нельга ўбачыць усiх наступстваў заганы ў момант задавальнення жадання, бо смакаванне, якое спазнае душа, не дазваляе гэтага. Але рана цi позна будуць адчувацца ўсе благiя наступ­ствы. Гэтую праўду вельмi добра тлумачыць раздзел з Адкрыцця (гл. Ап 10, 9–10), дзе святы Ян апавядае, як ён па загадзе анёла з’еў кнiгу, смак якой быў вельмi салодкi, але пасля ён адчуў гаркоту ў вантробах. Гэтаксама i жаданне ў момант яго задавальнення здаецца вельмi прыемным i салодкiм, i толькi потым адчуваеш усе яго горкiя наступствы. I пра гэта вельмi добра можа ведаць той, хто паддаўся ўсiм гэтым дрэнным схiльнасцям. Нават калi iснуюць такiя асобы, настолькi сляпыя i нячулыя, што не адчуваюць гэтай горычы, бо яны не шукаюць Бога i таму не заўважаюць перашкодаў, што стаяць на шляху да Яго.

6. Я не буду спыняцца на прыродных жаданнях, i таму неўсвядомленых, на думках, што ўзнiкаюць мiжволi, i на iншых недазволеных спакусах, якiя не спараджаюць у душы нiводнага названага зла. Калі асоба схільная да іх і яны выклiкаюць у ёй на нейкi момант непамыснасць, то яна мяркуе, што забрудзiлася цi аслепла. Але гэта не так. Наадварот, яны нараджаюць супрацьлеглыя вынiкi ў душы, бо яна, змагаючыся з iмi, набывае моц, чысцiню, святло, суцяшэнне i шмат iншага дабра, паводле таго, як наш Пан абвясцiў святому Паўлу: цнота дасканалiцца праз слабасць (гл. 2 Кар 12, 9). Добраахвотныя жаданнi, наадварот, спараджаюць шмат благога, пра што мы ўжо гаварылi. Таму духоўныя настаўнiкi клапоцяцца аб тым, каб iх духоўныя дзецi ўмярцвялi ўсе свае жаданнi дзеля вызвалення ад усёй iх нікчэмнасцi, а значыць ад усiх магчымых жаданняў.

Пераклад з іспанскай мовы
Святланы Грэсвi.

Працяг будзе.


    * У трактаце святога Яна ад Крыжа цытаты са Святога Пісання падаюцца на лацінскай мове. У беларускім тэксце яны пададзены ў перакладзе Святланы Грэсві.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY