Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(79)/2017
На кніжнай паліцы
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
У святле Бібліі

СПРАВЯДЛІВЫ ЭНОХ
Лёсы духавенства
Спадчына
Мастацтва

УБАЧЫЦЬ «АПОШНЮЮ ВЯЧЭРУ»

НДФ–2207
Інтэрв’ю

АДКУЛЬ Я МАГУ ВЕДАЦЬ, ШТО ГЭТА ГОЛАС БОГА?
Асобы

САРМАЦКІ МІЛЬТАН
Паэзія

ВЕРШЫ

І ЖАЛЬБА, І ПЯШЧОТА, І ЛЮБОЎ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ШЛЯХ ДА ЛЮБОВІ
Кіно

ХРЫСЦІЯНЕ Ў ГАЛІВУДЗЕ. ХРЫСЦІЯНЕ Ў МАСТАЦТВЕ
Асобы

«ПРАЦУЙМА, БРАЦЦЯ!..»

АБРАЗОК
На кніжнай паліцы

СВЯТЛО ПРЫГАЖОСЦІ
Роздум

УСЁ Ў СЛОВЕ…

Ірына БАГДАНОВІЧ

КСЁНДЗ АДАМ СТАНКЕВІЧ
ЯК ПАСЛЯДОЎНІК СПРАВЫ
ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання
і 125-годдзя з дня нараджэння кс. Адама Станкевіча

Сёння дасведчанаму беларусу бадай ужо не трэба тлумачыць, хто такі быў ксёндз Адам Станкевіч і якая роля яго ў духоўным, грамадска-палітычным і культурным адраджэнні нашай Бацькаўшчыны. Але ўзгадаць яго асобу і паўтарыць у сувязі з юбілейнай датай — 125-годдзем з дня яго нараджэння, што гэта быў выключны ў сваім пакліканні святар, які ўсю сваю энергію (дух), веды (інтэлект) і сілы (здароўе) ахвяраваў адраджэнню Беларусі, будзе зусім справядліва і слушна. Яго жыццё было цалкам прысвечана служэнню — народу Беларусі і Богу. Таму ягонае пакліканне і абавязкі святара, якія ён выконваў у даручаных яму парафіях, спалучаліся з актыўнай грамадскай і асветніцкай дзейнасцю: ён быў паслом у польскім сейме; адным з ініцыятараў стварэння і чынным сябрам партыі Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць, Таварыства беларускай школы, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры; заснавальнікам каталіцкіх перыядычных выданняў («Хрысціянская думка»), выдавецтва і друкарні імя Францішка Скарыны ў Вільні; бліскучым духоўным пісьменнікам і публіцыстам — аўтарам грунтоўных па ахопу фактычнага матэрыялу і глыбіні іх асэнсавання кніг, брашур, артыкулаў, прысвечаных беларускаму хрысціянскаму і грамадскаму руху, яго гісторыі, вызначальным падзеям і дзеячам («Хрысціянства і беларускі народ», «Беларускі хрысціянскі рух», «Родная мова ў святынях», працы пра Францішка Скарыну, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча ды іншыя). Без перабольшвання, ксяндза Адама Станкевіча можна назваць з вялікай літары Святаром і Асветнікам, Душпастырам і Настаўнікам народу, які стаў на шлях нацыянальнага вызвалення і меў патрэбу ў духоўным правадырстве.

Можа, пра тое духоўнае правадырства яшчэ і не задумваўся малады клерык Адась Станкевіч, рыхтуючыся да душпастырскай службы ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі і нават цэлебруючы сваю прыміцыйную Імшу ў крэўскім парафіяльным касцёле 1 студзеня 1915 года1. Але ўжо і тады, будучы клерыкам, ён не ашчаджаў сябе дзеля грамадскай справы, стаўшы адным з ініцыятараў і заснавальнікаў культурна-асветнага гуртка беларусаў-семінарыстаў, а неўзабаве актыўна далучыўшыся да іншых ініцыятываў грамадскага і рэлігійнага жыцця: склікання і правядзення 1-га з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску ў траўні 1917 г., утварэння ў тым жа 1917 г. хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці (партыі) і заснавання яе друкаванага выдання — газеты «Крыніца» («Беларуская крыніца»), рупячыся і ў далейшым пра стварэнне і пашырэнне інстытутаў нацыянальнага грамадскага жыцця, робячы рэальнай справу адраджэння свайго народа, даручанага яго душпастырскай апецы і духоўнаму правадырству.

 

Не будзем тут спыняцца на падрабязным апісанні жыццёвага шляху і рознабаковай дзейнасці ксяндза Адама Станкевіча, адаслаўшы зацікаўленага чытача да грунтоўнага даследавання Уладзіміра Конана2. Адзначым толькі, што, спазнаўшы і ў даваенны час рэпрэсіі з боку польскай улады за сваю актыўную беларускую дзейнасць (аб гэтым сведчыць яго высылка ў 1936 г. на некалькі гадоў з Вільні ў Слонім, дзе ён быў капеланам і спаведнікам у кляштары сясцёр непакалянак), кс. Адам Станкевіч усё ж напоўніцу сутыкнуўся з жорсткай рэпрэсіўнай дзяржаўнай машынай ужо ў пасляваенны час, калі ў Вільню, вызваленую ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вярнулася савецкая ўлада. Беларуская справа і яе дзеячы ізноў апынуліся ў небяспецы. Адама Станкевіча арыштоўвалі двойчы: у снежні 1944 г., але тады ён быў неўзабаве адпушчаны; і ў красавіку 1949 г., калі ён атрымаў 25 гадоў зняволення, быў адпраўлены ў Тайшэтлаг і там закатаваны амаль адразу па прыбыцці: 4 снежня 1949 года. Так пакутна завяршыўся шлях яго духоўнага правадырства, яго служэння Богу і народу — да паўнаты ахвяры, да аддання жыцця дзеля бліжняга.

Але 24 кастрычніка 1949 г. кс. Адам Станкевіч быў яшчэ ў Вільні, чакаў этапу. Аб гэтым сведчыць яго ліст — запіска з перасыльнай турмы да сясцёр Марыі і Ганны Шутавічанак, напісаная па-руску, што таксама ўскосна дае зразумець, наколькі змянілася сітуацыя і стала неспрыяльнай сама атмасфера грамадскага жыцця ў паваеннай Вільні, дзе пачаўся жорсткі працэс татальнай саветызацыі і русіфікацыі. «Вильнюс. 24.Х.49. — Милые, дорогие сестрицы! Писал Вам с пересыльной 22.Х. Пишу ещё. Спасибо за передачу, жаль Ваших трудов, можно было бы обойтись. Продуктов достаточно; а какие роскошные брюки и ватовка! Жаль, что нельзя повидаться! Но ничего — всё равно душой мы едино. Сегодня-завтра уезжаем; куда — не знаем. При первой возможности напишу, но когда это будет — Бог знает. 23.Х. я отправил здесь св. Мшу. Какое счастье! Я служил, а мне прислуживали два ксендза. Горячо я молился и о Вас, мои милые. Приготовьте (если удастся) молитвенник с Мшой по латыни, польский или литовский, а также молитвенник литовский, открытки, карандаш, бумагу, иголку, ножницы (малые, к рукам), пришлёте, когда сообщу свой адрес. Привет там кому следует. Какой я счастлив[ый], что Вас имею, мои светлые ангелы, и как я благодарен Вам! Марыська и Аннушка — не горюйте, берегите здоровье, молитесь, Бог даст увидимся. Я счастлив, что терплю за такие возвышенные идеалы и что Вы мои в этом помощницы. <…> Ваш неизменно — Ад.Станкевич»3.

У гэтым лісце выявілася таксама ўся паўната і веліч асобы кс. Адама Станкевіча: прымушаны змяніць святарскае ўбранне на «шыкоўную ватоўку», ён застаўся верным свайму душпастырскаму пакліканню, верным Богу, ён цэлебраваў святую Імшу, нават будучы вязнем перасыльнай турмы, і збіраўся гэта рабіць у лагерным зняволенні, колькі б яно ні доўжылася. Можа, гэта і было прычынай хуткай расправы над ім. Ён не толькі не наракаў і не скардзіўся, а пісаў, што ён шчаслівы цярпець за «гэтыя ўзвышаныя ідэалы» — веру ў адраджэнне Беларусі і ў Божае Валадарства.

На дарозе да Божага Валадарства і адраджэння Беларусі заўсёды былі свае правадыры і дзеячы. Найславутым з іх Адам Станкевіч лічыў беларускага першадрукара Францішка Скарыну, асобе і дзейнасці якога надаваў выключнае значэнне ў справе будавання культурнай будучыні Беларусі. У 1925 г. шырока і ўрачыста адзначалася 400-годдзе кнігадруку на землях былога Вялікага Княства Літоўскага, звязанае з выданнем Скарынам у Вільні ў 1525 г. кнігі «Апостал» (выданне ў 1522 г. «Малой падарожнай кніжкі» было на той час яшчэ невядомае). Менавіта тады Скарына становіцца фактычна культавай фігурай беларускага нацыянальнага адраджэння ва ўспрыняцці інтэлігенцыі, грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў, святароў. Пра Скарыну з’яўляюцца публікацыі ў тагачасным перыядычным друку і асобныя выданні. Сярод іх найважнейшае месца займае грунтоўны нарыс кс. Адама Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі (1525–1925)», які быў апублікаваны ў 1925 г. у некалькіх віленскіх перыядычных выданнях («Беларуская доля» і «Крыніца») і тады ж двойчы выйшаў асобнай брашурай на лацініцы і кірыліцы.

Гэта па сутнасці першае на беларускай мове аналітычнае фундаментальнае навуковае даследаванне, прысвечанае асобе і дзейнасці Скарыны (разам з чэшскамоўнай дысертацыяй Ігната Дварчаніна), якое паклала пачатак беларускаму скарыназнаўству. Аўтар звяртае ўвагу на сам 400-гадовы юбілей, калі «вялікі і слаўны беларус — друкар Францішак Скарына з Полацка заснаваў друкарню «в доме почтиваго мужа Якуба Бабича, найстаршего бурмистра славнаго и великаго места Виленскаго»4. Гэта была першая друкарня ў Беларусі і ва ўсёй усходняй Еўропе (пазней, як ужо згадвалася, было ўстаноўлена, што дату заснавання друкарні трэба адносіць на тры гады раней). А.Станкевіч у сваім нарысе згадвае кнігу «Апостал», надрукаваную Скарынам у 1525 г. у гэтай друкарні «ў стараславянскай мове са значнай дамешкай мовы беларускай», і падкрэслівае: «За гэта сапраўды вялікае дзела беларускі народ свайму беларускаму культурніку павінен паставіць памятнік, каб памяць аб ім ніколі ня счэзла з душы народнай, каб імя яго было знаёма кожнаму беларусу ад малога да старога»5. Аўтар, аднак, скрушліва адзначае, што ў тагачасных варунках жыцця беларускі народ не можа так уславіць свайго вялікага сына, як гэта належыць, «але і моўчкі абысьці гэтае культурнае сьвята беларускі народ такжа не павінен. Тым, чым зможам, павінны мы славіць сёлетні скарынаўскі юбілей»6. Сваю працу кс. А.Станкевіч лічыў сціплым унёскам у гэтую ўрачыстасць.

Сёлета Беларусь і ўвесь культурны свет таксама ўрачыста адзначаюць велічную юбілейную дату: 500-годдзе ўсходнеславянскага кнігадруку, бо ўпершыню ў 1517 годзе ў чэшскай Празе Францішак Скарына надрукаваў, як вядома, «Псалтыр», а затым яшчэ цэлы шэраг біблейскіх кніг Старога Запавету. Гэта быў бясспрэчны цывілізацыйны прарыў, бо, як пісаў А.Станкевіч, кнігадрукаванне адкрыла народам Еўропы шлях культурнага і гістарычнага самаразвіцця, паколькі да гэтага кнігі ў Еўропе пісаліся пераважна на латыні і былі даступныя нешматлікім колам адукаваных і багатых прадстаўнікоў насельніцтва. Друк жа, паводле А.Станкевіча, «прымусіў нежывую ўжо мову лацінскую ўступаць паволі месца жывым народным мовам, дапамагаючы гэтак паўставаць новым народам і грамадзянствам з новым зьместам жыцьця»7. З гэтых разважанняў аўтар робіць слушную выснову аб тым, што першыя друкары могуць быць названымі «тварцамі і закладчыкамі сучаснай культуры і цывілізацыі»8. Менавіта з такімі меркамі падыходзіць А.Станкевіч і да ацэнкі здзейсненага Ф.Скарынам.

У асобным раздзеле аўтар апісвае жыццё Ф.Скарыны, асвятляе вядомыя на той час яму факты біяграфіі першадрукара. У іншых раздзелах з глыбокай дасведчанасцю А.Станкевіч характарызуе «скарынаўскія друкі», пражскія і віленскія, адзначае іх асаблівасці. Так, гаворачы пра пражскія выданні, А.Станкевіч надае важнае значэнне прадмовам («прадслоўям») і іншым аўтарскім тэкстам Ф.Скарыны, дзе беларускі друкар тлумачыў змест біблейскіх кніг. А. Станкевіч лічыць гэтыя тэксты менавіта творамі літаратурнымі: «Уласныя прадслоўі і некаторыя часам іншыя дадаткі, — піша ён, — паказуюць нам Скарыну ня толькі як выдаўца і перакладчыка, але такжа і як свайго роду літаратара»9.

 

Асноўнымі ідэямі скарынаўскіх друкаў А. Станкевіч лічыць ідэі «маральныя» і «прасветныя». Ён называе Скарыну «беларускім патрыётам і чалавекам, усестаронна асьвечаным», які бачыў «усе недастаткі культурнага жыцьця беларускага народу», асабліва маючы магчымасць параўноўваць гэтае жыццё з жыццём народаў Заходняй Еўропы. «Служыць пашырэньню граматнасьці і асьветы агулам, а такжа ўзмацаваньню і паглыбленьню жыцьця маральнага сярод беларускага народу, — вось галоўная ідэя друкарскай дзеяльнасьці Скарыны», — лічыць А. Станкевіч10. Ён адзначае, што ў найвялікшай пашане ў беларусаў была менавіта кніга «Псалтыр», якая «найбольш служыла і практычнаму навучаньню граматнасьці»11.

Спецыяльна затрымліваецца А.Станкевіч на пытанні мовы скарынаўскіх выданняў, якую першадрукар называе ў сваіх прадмовах «руским языком» і адрознівае яе ад «языка словенскаго». Станкевіч звяртае ўвагу на тое, што камусьці гэтая мова можа падацца не беларускай. Ён даводзіць, што тагачасная беларуская мова адрозніваецца ад сучаснай, бо жывая мова развіваецца і змяняецца, і гэта натуральны працэс. А.Станкевіч пералічвае асноўныя асаблівасці мовы Скарыны і ўплывы на яе: «Беларуская мова, што за часаў Скарыны была яшчэ ня так далёка ад мовы стараславянскай, на якой вучыўся граматы і сам Скарына, за 400 гадоў адбегла ад яе небывала далёка. Далей, апрача ўплываў найсільнейшых на мову Скарыны мовы стараславянскай (аснова), мелі на яе такжа ўплыў мова чэская (словы і звароты), бо з чэскіх друкаваных кніг карыстаўся Скарына ў Празе, мова польская і літоўская (словы), бо ў жыцьці палітычным і культурным была тады стычнасьць як з палякамі, так і зь літоўцамі. Аднак усе гэтыя чужыя ўплывы і залежнасьці мовы Скарыны ў аснове не зьмяняюць і яна не перастае быць, згодна са сваім часам, беларускай»12.

Дзейнасць Ф.Скарыны зрабіла велізарны ўплыў на далейшае развіццё і пашырэнне ўсходнеславянскага і беларускага кнігадруку, але гэтым значэнне Скарыны не абмяжоўваецца, — піша Станкевіч, падагульняючы свае думкі: «Ф. Скарына сваімі кніжкамі кінуў у беларускую зямлю зерне беларускай народнай культуры і зерне любові да свайго краю і народу. Ён першы асьмеліўся парваць зь бяздушнай стараславяншчынай і зьвярнуць вочы нашага народу на яго народную жывую мову, а гэтым самым — і на яго духовыя багацьці. Гэткай ідэяй Скарыны корміцца і сяньня народ беларускі і мае яе за пуцяводную зорку свайго адраджэньня»13.

Асноўныя палажэнні гэтай працы не страцілі сёння сваёй актуальнасці, на іх абапіраліся, ідучы далей, наступныя пакаленні беларускіх скарыназнаўцаў. Самога ж Адама Станкевіча можна назваць таксама, апрача ўсіх вышэй дадзеных яму тытулаў і характарыстык, паслядоўнікам Францішка Скарыны ў справе духоўнага адраджэння і асветы народа, нездарма ж ён і заснаванай ім у Вільні друкарні даў імя першадрукара, як бы падкрэсліваючы гэтую пераемнасць. Публікуем фрагменты знакамітай кнігі нашага выбітнага мысляра і ксяндза асветніка, ушаноўваючы такім чынам яго 125-гадовы юбілей, а таксама 500-годдзе беларускага «Псалтыра» ў перакладзе Францішка Скарыны, з якога ў 1517 г. распачаўся беларускі кнігадрук.

Гл. таксама:
Кс. Адам СТАНКЕВІЧ :: ДОКТАР ФРАНЦІШАК СКАРЫНА — ПЕРШЫ ДРУКАР БЕЛАРУСКІ (1525–1925) ::


  1. У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў асабістым архіўным фондзе кс. Адама Станкевіча захаваліся яго прыміцыйныя абразкі на беларускай і польскай мовах: Ф. 4, воп. 1, адз. зах. 144, арк 1–2.
  2. Гл.: Конан У. Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі. — Мінск: Выд-ва «Про Хрысто», 2003. — 128 с.
  3. Машынапісная копія ліста захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў асабістым фондзе кс. Адама Станкевіча: Ф. 4, воп. 1, адз. зах. 136, арк. 6.
  4. Станкевіч А. З Богам да Беларусі: Збор твораў. / Уклад., нав. рэдактура, напісаньне камэнтароў і прадмовы А.Пашкевіч і А.Вашкевіч. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — С. 104.
  5. Тамсама.
  6. Тамсама.
  7. Тамсама, с. 106.
  8. Тамсама.
  9. Тамсама, с. 116.
  10. Тамсама, с. 119.
  11. Тамсама.
  12. Тамсама, с. 121.
  13. Тамсама, с. 125.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY