Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(79)/2017
На кніжнай паліцы
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
У святле Бібліі

СПРАВЯДЛІВЫ ЭНОХ
Лёсы духавенства
Спадчына
Мастацтва

УБАЧЫЦЬ «АПОШНЮЮ ВЯЧЭРУ»

НДФ–2207
Інтэрв’ю

АДКУЛЬ Я МАГУ ВЕДАЦЬ, ШТО ГЭТА ГОЛАС БОГА?
Асобы

САРМАЦКІ МІЛЬТАН
Паэзія

ВЕРШЫ

І ЖАЛЬБА, І ПЯШЧОТА, І ЛЮБОЎ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ШЛЯХ ДА ЛЮБОВІ
Кіно

ХРЫСЦІЯНЕ Ў ГАЛІВУДЗЕ. ХРЫСЦІЯНЕ Ў МАСТАЦТВЕ
Асобы

«ПРАЦУЙМА, БРАЦЦЯ!..»

АБРАЗОК
На кніжнай паліцы

СВЯТЛО ПРЫГАЖОСЦІ
Роздум

УСЁ Ў СЛОВЕ…

Адам ДВАРАКОЎСКІ

УБАЧЫЦЬ «АПОШНЮЮ ВЯЧЭРУ»

Ёсць творы мастацтва, вядомыя кожнаму з кніг, фільмаў, каляровых рэпрадукцый. Па іх мы атрымліваем уражанне пра карціну, скульптуру або помнік архітэктуры. Калі пашчасціць убачыць нешта з гэтага «ўжывую», узнікае ўнутраны канфлікт паміж тым, што мы бачым, і што малявалася нашаму ўяўленню. Здараецца, што, разглядаючы твор «ужывую», мы не атрымліваем моцнага ўражання. Але ёсць шэдэўры, якія ў рэчаіснасці ўплываюць на чалавека неімаверна моцна, і гэтыя ўражанні застаюцца незабыўнымі. Адзін з іх — гэта «Апошняя Вячэра» Леанарда да Вінчы.

Убачыць фрэску няпроста. Каб захаваць яе, штодня можна прапускаць у рэфектарый міланскага кляштара Санта Марыя дэлле Грацые толькі васемсот чалавек. Гэта зусім няшмат, калі ведаць, што ў сталіцу Ламбардыі кожны дзень прыязджаюць дзясяткі тысяч турыстаў. Квіток трэба набываць мінімум за месяц, і неабходна прыйсці дакладна а вызначанай гадзіне. Пасля група з 25-ці чалавек праходзіць праз кляштарныя брамы ў спецыяльны пакой-шлюз, дзе некалькі хвілін рэгулюецца тэмпература і вільготнасць паветра. Пасля гід тлумачыць правілы бяспекі і распавядае крыху пра Леанарда да Вінчы, і толькі тады адчыняе дзверы. Нарэшце можна ўвайсці ў рэфектарый.

Старажытны кляштарны сталовы пакой — даволі вялікае памяшканне, выцягнуты прастакутнік. Даўжэйшыя сцены белыя, без вокнаў і без упрыгожванняў. На меншых сценах з аднаго боку — манументальнае «Укрыжаванне», а з іншага — мэта нашага наведвання, найбольшая і найцудоўнейшая фрэска генія італьянскага Адраджэння, якая захавалася да нашага часу. Але каб захапляцца ёю, наведнікі маюць толькі 15 хвілін. Да таго, як увойдзеш у рэфектарый, здаецца, што гэта вельмі доўга, а перад фрэскаю хвіліны мінаюць, як адно імгненне. Часу замала. Хацелася б застацца тут і гля­дзець — зблізу, здалёк і зноў зблізу, сузіраючы кожны захаваны фрагмент фрэскі, бо ніводная, нават найлепшая рэпрадукцыя, не стварае такога ўражання, як рэальная «Апошняя Вячэра».

Леанарда да Вінчы. «Апошняя Вячэра», 1498 г.
Мілан. Рэфектарый пры касцёле Санта Марыя дэлле Грацые.

Леанарда нарадзіўся ў тасканскай вёсцы Вінчы, а зрабіў свае першыя крокі як мастак у Фларэнцыі, у майстэрні славутага ў тыя часы мастака і скульптара Верок’ё. Захаваўся абраз, у працы над якім малады Леанарда дапамагаў тады свайму настаўніку. Анёл, які клен­чыць унізе «Хросту Езуса Хрыста», значна адрозніваецца ад астатняй часткі твора. Кажуць, што Верок’ё, вельмі дасведчаны мастак, убачыўшы намаляваны вучнем фрагмент, мусіў заявіць, што больш не будзе маляваць. Сапраўды, ён заняўся скульптураю, і вельмі паспяхова, а Леанарда развіваўся далей у жывапісе, цікавіўся паэзіяй, музыкай, архітэктурай, дакладнымі і прыродазнаўчымі навукамі.

У 1482 г. ён прапанаваў свае паслугі міланскаму князю Ладавіку Сфорца, якога называлі Іль Мора. Князь быў уражаны шматбаковымі здольнасцямі і дасканалымі манерамі мастака і наняў яго арганізатарам прыёмаў і забаваў. Рыхтуючы маскарады і прадстаўленні для каралеўскага двара, Леанарда меў вольны час і займаўся назіраннямі за прыродаю, эксперыментамі і праектаваннем розных машын і механізмаў, якія сам прыдумваў. Выпадкова, час ад часу, ён браўся за пэндзаль. Тады ўзнік партрэт Цэцыліі Галерыяні, паўсюдна вядомы як «Дама з гарнастаем». Тады ж таленавіты нараджэнец Тасканіі атрымаў найважнейшую замову ў сваім жыцці, як высветлілася за мінулыя стагоддзі.

У 1495 г. прыёр дамініканскага кляштара пры касцёле Санта Марыя дэлле Грацые замовіў улюбёнцу княжацкага двара фрэску на адной са сценаў рэфектарыя, сцэну з Апошняй Вячэры Хрыста. Леанарда працаваў над ёю на працягу чатырох гадоў, з вялікімі перапынкамі. Час ад часу ён захапляўся іншымі праектамі і цэлымі тыднямі не заходзіў у майстэрню. Нецярплівым замоўцам ён тлумачыў, што гэты час патрэбны яму, каб знайсці адпаведнае натхненне для працы.

Аднойчы ён цэлы месяц не з’яўляўся ў рэфектарыі, і прыёр кляштара напісаў скаргу самому князю. Калі Ладавіка нагадаў Леанарда пра фрэску, той упэўнена адказаў, што спыніў працу, бо шукае мадэль для Юды, але нідзе не можа знайсці мужчыну з такім брыдкім і злым тварам, як трэба. Аднак, калі прыёр так спяшяецца, то Леанарда можа напісаць здрайцу Апостала з яго самога. Дамініканін не на жарт спалохаўся і нейкі час не турбаваў мастака. Фрэска была завершаная ў.

З таго часу і да сённяшняга дня майстэрства, з якім напісаная «Апошняя Вячэра», захапляе ўсіх, хто яе бачыць. Але не ўсе і не заўсёды маглі ацаніць мастацкую каштоўнасць гэтага твора. Падчас напалеонаўскіх войнаў у кляштары кватаравалі французскія жаўнеры, і рэфектарый працягваў быць сталовым пакоем. Толькі жаўнерам не хацелася ісці туды ў абход, праз калідор. Яны знайшлі простае рашэнне, прабіўшы дзверы ў сцяне, якая аддзяляла кухню ад сталовага пакою. Сапраўды простая і геніяльная думка, калі б не адна дробязь — менавіта на гэтай сцяне знаходзілася «Апошняя Вячэра». Ніжняя цэнтральная частка твора была незваротна страчаная.

Кляштар пасля бамбёжак падчас Другой сусветнай вайны.

Вялікая пагроза для фрэскі ўзнікла напрыканцы Другой сусветнай вайны, калі самалёты саюзнікаў вялі бамбардзіроўку Мілана. Сцяна рэфектарыя была цалкам, да самай столі, абкла­дзеная мяхамі з пяском, і, відаць, гэта выратавала «Апошнюю Вячэру».

Найбольшаю ж пагрозаю для шэдэўра была і з’яўляецца няўмольнасць часу, які неміласэрна нішчыць вельмі тонкі слой фарбы. З часоў Сярэднявечча на сценах малявалі метадам al fresco, на свежай тынкоўцы. Мастак клаў тонкі слой грунту на кавалак сцяны і на працягу некалькіх гадзінаў замалёўваў яго фарбамі. Пігмент замацоўваўся на вільготнай свежай тынкоўцы. Калі слой высыхаў, фарба трымалася вельмі моцна.

Аднак Леанарда не карыстаўся класічным правераным метадам, бо гэта патрабавала хуткага малявання, а паправіць або дамаляваць нешта было немагчыма. Гэтага мастак не мог сабе дазволіць, ён вельмі часта нешта папраўляў і змяняў кампазіцыю сваіх твораў. Відаць, гэтак было і з «Апошняй Вячэрай». Ён скарыстаўся эксперыментальным метадам нанясення фарбы, і праз пяцьсот гадоў твор пачаў сыпацца і выцвітаць проста на вачах.

У васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя распачалася складаная праца па кансервацыі, якая доўжылася 21 год, у пяць разоў даўжэй, чым напісанне фрэскі. Яе пачысцілі, прыбралі верхнія дамалёўкі, як мага больш узмацнілі каляровы слой, і дзякуючы гэтаму мы можам убачыць фрэску.

Леанарда вырашыў пака­заць сцэну, апісаную ў Евангеллі па­водле Мацвея, у той момант, калі Езус прамаўляе: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне» (Мц 26, 21). Апосталы, размеркаваныя па групах у тры чалавекі, надзвычай эмацыйна рэагуюць на словы Настаўніка. У іх жэстах і міміцы бачныя здзіўленне, шок, роспач, адпрэчванне, спроба высветліць, што значаць гэтыя словы. Юда, павернуты да нас плячыма, трымае ў руцэ мяшэчак — напэўна, са срэбранікамі.

Адзіны, хто застаецца спакойным сярод гэтых драматычных падзеяў, — гэта Езус у цэнтральнай частцы фрэскі. Яго постаць прамяніцца спакоем і дабрынёю. Над Яго галавою няма німба, няма арэолу, толькі вакно за спінаю, праз якое відаць краявід у ясны сонечны дзень. Галава Хрыста знаходзіцца ў цэнтры, на перасячэнні ўсіх ліній перспектывы. Дастаткова аднаго пагляду, каб зразумець, хто з’яўляецца на фрэсцы найважнейшаю асобаю.

Прадуманую кампазіцыю, дасканалую перспектыву, ідэальна перададзеныя эмоцыі можна разглядаць у гэтым творы і сёння. Але часткова геніяльнасць фрэскі для нас страчаная ўжо назаўжды. З ранейшых апісанняў вядома, што металічны цынавы посуд, які стаіць на стале, быў намаляваны так дакладна, што ў ім было відаць адбіткі ўбрання Апосталаў. Цяпер убачыць падобныя дробязі ўжо немагчыма — у такім стане знаходзіцца фрэска.

Аднак наймацнейшае ўра­жанне ствараецца, калі глядзець на твор з адлегласці, з сярэдзіны пакоя. Геніяльнасць мастака выяўляецца ў неймаверным адчуванні перспектывы. Лініі сценаў, вокнаў і дзвярэй сыхо­дзяцца такім чынам, што ўзнікае ўражанне, быццам евангельская сцэна адбываецца тут і цяпер, а прастора, у якой знаходзіцца стол, — гэта працяг рэфектарыя, які цягнецца яшчэ далёка за плячыма Езуса і Яго вучняў.

Распавядаючы пра «Апошнюю Вячэру», нельга не ўзгадаць пра схаваныя у жывапісе таямніцы і паведамленні. Ва ўзнікненні розных легендаў на гэты конт вінаваты, зрэшты, і сам Леанарда, пра якога дакладна вядома, што ён вельмі любіў загадкі і рэбусы. Ён сам ствараў сабе вобраз загадкавага і таямнічага мастака, таму не без прычыны сёння кажуць пра мноства схаваных у фрэсцы знакаў.

Загадкавы фрагмент фрэскі.

Адзін музыка і матэматык знайшоў на ёй схаваны нотны запіс кароткага рэквіема. Нехта іншы ўгледзеў падабенства паміж Езусам і Тамашам, дапусціўшы, што Леанарда так інтэрпрэтаваў адзін з апокрыфаў, дзе гаворыцца пра тое, што Тамаш і Езус былі двайнятамі. Падобныя недарэчныя «таямніцы» лёгка абвяргае навука і здаровы розум, як, напрыклад, вядомую загадку з дадатковаю рукою, якая трымае нож і скіроўвае яго ў бок апостала Барталамея. Пасля апошняй кансервацыі стала выразна бачна, што гэта ніякая не таямнічая невядома чыя рука, а рука Пятра, які абапёрся на яе, устаючы ад стала.

Найбольш пра «Апошнюю Вячэру» загаварылі пасля публікацыі рамана Дэна Браўна, дзе распавядаецца пра схаваны ў фрэсцы код, які раскрывае самыя дзівацкія і недарэчныя тэорыі. Аўтар «Коду да Вінчы» звярнуў увагу на той факт, што постаць святога Яна, намаляваная праваруч Езуса, мае адзенне супрацьлеглых адзенню Хрыста колераў і вучань сядзіць у такой позе, што калі б Ян нейкім цудоўным чынам апынуўся з іншага боку ад Настаўніка, то яго галава апусцілася б на плячо Хрыста. Гэтага «ўважлівага назірання» было дастаткова, каб палічыць, што святы Ян — гэта Марыя Магдалена. Тэорыю вельмі лёгка абвергнуць хаця б таму, што калі праваруч Хрыста Магдалена, дзе тады падзеўся святы Ян, які, паводле Евангелля, быў адной з ключавых асобаў у намаляванай сцэне.

Не варта затрымліваць увагу на недарэчных тэорыях. У фрэсцы можна знайсці мноства відавочных сведчанняў геніяльнасці мастака і адначасова сведчанняў вялікай таямніцы — таямніцы Збаўлення. І сапраўды, шкада часу на пошук схаваных кодаў або канспіратыўных паведамленняў у сусветных маштабах. А яшчэ больш шкада, што папулісцкая інтэрпрэтацыя і ўяўная тэорыя змовы прывялі да таго, што мноства людзей, гледзячы на геніяльны твор мастацтва, шукае ў ім схаваныя значэнні, не заўважаючы таленту мастака і прыгажосці намаляванай сцэны.

Сапраўды, варта паехаць у Мілан хаця б толькі для таго, каб наведаць рэфектарый пры касцёле Санта Марыя дэлле Грацые.

Пераклад з польскай мовы
Сабіны Руткоўскай.
Паводле: Poloniа Christiana,

№ 51, ліпень-жнівень 2016 г..


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY