Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(79)/2017
На кніжнай паліцы
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
У святле Бібліі

СПРАВЯДЛІВЫ ЭНОХ
Лёсы духавенства
Спадчына
Мастацтва

УБАЧЫЦЬ «АПОШНЮЮ ВЯЧЭРУ»

НДФ–2207
Інтэрв’ю

АДКУЛЬ Я МАГУ ВЕДАЦЬ, ШТО ГЭТА ГОЛАС БОГА?
Асобы

САРМАЦКІ МІЛЬТАН
Паэзія

ВЕРШЫ

І ЖАЛЬБА, І ПЯШЧОТА, І ЛЮБОЎ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ШЛЯХ ДА ЛЮБОВІ
Кіно

ХРЫСЦІЯНЕ Ў ГАЛІВУДЗЕ. ХРЫСЦІЯНЕ Ў МАСТАЦТВЕ
Асобы

«ПРАЦУЙМА, БРАЦЦЯ!..»

АБРАЗОК
На кніжнай паліцы

СВЯТЛО ПРЫГАЖОСЦІ
Роздум

УСЁ Ў СЛОВЕ…

Андрэй ШПУНТ

САРМАЦКІ МІЛЬТАН

Спрабуючы данесці да чытачоў «Нашай веры» святой памяці вобраз суайчынніка, зразумеў, што раблю гэта дзеля папаўнення шэрагу класікаў нашай літаратуры. Безумоўна, гэта здабытак абодвух народаў былой Рэчы Паспалітай, таму спадзяюся, што дадзеная публікацыя стане ўнёскам у справу вяртання яшчэ аднаго імя ў культурнае лона Бацькаўшчыны.

…Расейскія грэнадзёры, якія мёрзлі каля Новага Палаца напрыканцы лістапада 1795 г., чулі, як з боку апартаментаў былога караля і вялікага князя даносіліся падобныя на ўсхліпванні гукі. Станіслаў Аўгуст сапраўды плакаў… ад смеху. Разам са світаю. Каля каралеўскага крэсла валялася прывезеная аднекуль з літоўскай правінцыі кніжка нейкага кс. Бакі SJ «Нататкі аб непазбежнай смерці» (Вільня, 1766). Кніжка была разгорнутая, здаецца, на гэтым месцы:

                Смерць-матуля, быццам дуля,
                ўжо пад носам вострыць косы.
О грэшнік жа ўпарты!
зацяты, пракляты.
                Хвост падцісні, каб як блісне
                cмерць касой, ты змог душой
Змагацца, збаўляцца
ад згубы, рахубы.
                Смерць-бабуля, як цыбуля,
                Плакаць змусіць, як прыдушыць.

(Тут і далей пераклад вершаванага тэксту
з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.)

Сябар генерала Ясінскага, удзельнік паўстання 1794 г., шляхціц са Слонімшчыны Раймунд Корсак, праз якога кніжка кс. Бакі трапіла да караля, не адмовіў сабе ў задавальненні разам з пачынаючым пісьменнікам Леанам Бароўскім (коштам дабрачынцаў, якіх не прыйшлося шукаць) зрабіць у 1807 г. другое выданне гэтага шэдэўра са сваёй жартаўлівай прадмовай і дэдыкацыяй Л. Бароўскага да віленскага бурмістра ў парадыйным стылі а la Бака.

Імя ксяндза з Літвы такім чынам аправілася ў лаўры, але сумніўнай славы. Сапраўды, позняе барока не асабліва багатае на выдатныя фігуры, як пісаў польскі даследчык творчасці кс. Бакі Антоні Чыж, — нават «не асобы, хутчэй натоўп», але на гэтым тле постаць нашага ксяндза яшчэ больш адметная. Ярлык а la Бака азначаў вершы, вартыя хіба што пустога смеху. «Бака асёл», «Бака кака», «Бака срака» — гэткія смелыя надпісы, стылізаваныя пад славутага паэта, пакінуў на палях кнігі біскуп Людвіг Лэнтоўскі.

Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у Варшаве.

Сёння ў Польшчы, акрамя перавыданых твораў цалкам рэабілітаванага кс. Бакі, мы бачым безліч прысвечаных яму навуковых і папулярных публікацый; часопіс «Fronda» ў 1995 г. устанавіў паэтычную прэмію імя кс. Юзафа Бакі, а рок-гурты «Budzy i Trupia Czaszka» i «Armia» ў 2004 г. выпусцілі сумесны альбом «Uwagi Józefa Baki», пабудаваны на арыгінальных тэкстах.

У нас жа з таго часу, як у 1855 г. Уладзіслаў Сыракомля адрадзіў імя кс. Бакі, толькі ў 1993 г. у ЭГБ была змешчаная згадка пра безыменнага аўтара, прысвечаная «польскаму паэту і каталіцкаму прапаведніку». Чаму ён стаў «польскім», адказваць не трэба: гэтак жа адбылося з Міцкевічам, Чачотам, Сыракомлем ды іншымі творцамі. І не толькі таму, што прагныя суседзі больш адбіралі, чым аддавалі. Занядбанне нацыянальнай спадчыны — асобная тэма, якой прысвечана не адна публікацыя.

Але нават у польскага генеолага Севярына Урускага беларускасць Бакаў герба «Масальскі зменены» не выклікала сумненняў. Пісаў, што паходзілі з заможнай беларускай фаміліі зямянаў Масальскага княства ў Севершчыне, перасяліліся (не пазней за пачатак XVI ст.) са сваімі ўладарамі ў Віленскае ваяводства і прынялі іх герб. У дакументах сустракаюцца ў прыватнасці імёны Грыгорыя, старосты рагачоўскага (1573) і старосты гродскага троцкага (1600); Міхала, падстаросты мсціслаўскага (1632); Яна Казіміра, падчашага троцкага; Самуэля, стольніка смаленскага (1648) і інш. Нарэшце згадваецца «дабрадзей езуітаў» (як назваў яго кс. Ян Пашакоўскі SJ) Адам Бака, скарбнік мсціслаўскі і ўладальнік маёнткаў на Меншчыне, у сям’і якога 18 сакавіка 1707 г. нарадзіўся сын Юзаф.

Зерне, кінутае Адамам, лягло ў дабратворную глебу. У 16 гадоў Юзаф уступае ў Таварыства Езуса, стаўшы на доўгі і напружаны шлях дасканалення, каб быць сапраўдным езуітам. У 1735 г. прыняў святарскае пасвячэнне, а ў 1740 г. склаў манаскія абяцанні.

За сціплымі радкамі біяграфіі кідаецца ў вочы не зусім характэрная для езуіта рэч: за гады вучобы, як пісаў Караль Эстрайхер, ён «не здабыў, аднак, ніводнай навуковай ступені». З іншага боку, чытаючы вершы кс. Бакі, менш за ўсё думаеш пра яго навуковую кваліфікацыю. Нароўні з навукоўцамі Таварыства Езуса патрабавала місіянераў, палымяных прапаведнікаў, якія ў часы Контррэфармацыі вярнулі ў лона Касцёла шмат заблукаўшых авечак і ў розных канцах свету прыводзілі да Езуса цэлыя кантыненты. Менавіта гэтай якасцю вылучаўся малады кс. Бака, і менавіта яму выпаў гонар прамаўляць гамілію аб добрай смерці ў Менску 18 верасня 1739 г. на пахаванні маршалка надворнага літоўскага Ігнацыя Завішы. Трэба ўявіць сабе барока ва ўсёй яго трыумфальнай пышнасці. Катафалк літаральна патанаў у моры святла ад 4 тысяч свячэй і 10 тысяч аліўкавых лампадаў (У. Сыракомля дадаў яшчэ 2 тыс.), ад золата адзення безлічы святарства ў атачэнні бляску і шматквецця пяхотных і кавалерыйскіх аддзелаў. Мабыць, так зіхацеў двор Ерузалемскага Храма ў апошні дзень Свята Кушчаў. У паветры лунаў водар ладана з прысмакам пораху ад пахавальных гарматных салютаў. У. Сыракомля піша, што, мабыць, тады сціплы і пабожны кс. Бака, паглядзеўшы на «веліч і мізэрнасць чалавека, першы раз задаўся думкай апявання непазбежнай смерці». Услед за класікам асмелімся дадаць, што, магчыма, тады ж ён напоўніцу адчуў пакліканне да місіянерскай працы.

Прыкладна ў тыя ж часы Адам Бака падараваў свайму сыну 10 тысяч злотых, а таксама вёскі Сліжын і Янушковіцы (у заходняй частцы Барысаўскага пав.), і на атрыманыя грошы ў в. Блонь (Ігуменскі пав., пры ўпадзенні р. Цітаўка ў Свіслач, за 60 вёрстаў на паўднёвы ўсход ад Менска) кс. Бака заснаваў езуіцкую місію, якая атрымала назву Missio Bakana, з касцёлам і рэзідэнцыяй (не захаваліся). «Сціплы сын, — заўважае Сыракомля, — пакінуў айцу заслугу фундацыі». Біёграф кс. Бакі Юльян Барташэвіч адзначае, што асада славілася на ўсю Літву не багаццем, а значэннем. Гэта быў свайго роду апорны пункт накшталт крыжацкага бургу сярод бяскрайніх пушчаў, адкуль нястомны кс. Бака ў 40–50-я гг. XVIII ст. рабіў свае «рэйзы» — даносіў Божае слова да шляхецкага і сялянскага люду.

Наколькі нам вядома, ён хутка завязваў кантакты, будучы чалавекам жывым, інтэлігентным і ў той жа час не пазбаўленым грубаватага гумару. Мясцовая шляхта неаднойчы звярталася да кс. Бакі, каб напісаў вершам нейкі ліст ці віншаванне, што ён рабіў з ахвотаю і лёгкасцю.

Лёс калісьці паўсюдна вядомай Missio Bakana У. Сыракомля параўноўвае з лёсам Троі, якую ледзьве адшукалі намаганнямі Шлімана. Сёння ЭГБ згадвае вёску Блонь у вялікіх артыкулах толькі ў сувязі з дзейнасцю ў ёй у ХІХ — пач. ХХ ст. сялянскіх арганізацый сацыялістычнага і антырэлігійнага кірунку: шматлікімі гэткімі ж рэвалюцыянерамі — прадстаўнікамі шляхецкага роду Бонч-Асмалоўскіх. Крыўдна. Такая вось гісторыя.

Дык вернемся хутчэй у часы кс. Бакі, якому ў душпастырскіх падарожжах былі цесныя навакольныя межы. Перыядычна ён наведваў Вільню, дзе набыў вялікую папулярнасць як прапаведнік, у 1763–1764 гг. у Наваградку выконваў абавязкі надворнага капелана ў Ганны Людвікі Радзівіл, у наступным годзе (1765–1766) служыў суперыёрам варанчанскай місіі. Невядома, з якіх прычынаў кс. Бака пакінуў місію ў Блоні і з 1767 г. стала жыў у Вільні ў доме пры касцёле св. Казіміра, дзе працаваў катэхізатарам. Як і раней, ён праводзіў актыўную душпастырскую дзейнасць, выконваючы абавязкі прапаведніка і апекуна Брацтва добрай смерці і Кангрэгацыі мяшчанаў, а таксама быў прэфектам капліцы Божага Цела пры акадэмічным касцёле св. Яна. Скасаванне Таварыства Езуса не адбілася на яго абавязках, а Віленская акадэмія дала яму ў 1773 г. ступень доктара тэалогіі.

Вокладка кнігі кс. Бакі «Uwagi o śmierci niechybnej», 3-е выд.

У 1780 г. кс. Бака, які дагэтуль ніколі не пакідаў межаў ВКЛ, прыехаў па нейкіх справах у Варшаву і 2 траўня раптоўна памёр. Быў пахаваны з вялікімі ўшанаваннямі ў былым езуіцкім касцёле НПМ Ласкавай, дзе спачывае ў атачэнні біскупаў, вяльможаў і іншых дабрадзеяў Касцёла і Рэчы Паспалітай.

«Нататкі аб непазбежнай смерці» — гэта пабожны зварот да ўсіх станаў Рэчы Паспалітай. Кніга стала адным з этапных твораў у гісторыі польскай літаратуры і, спадзяемся, калісьці і ў нашай зойме сваё адпаведнае месца (як ужо занялі ў фундаментальнай анталогіі «Nie chyliłem czoła przed mocą» (Вроцлаў, 2008), што ахоплівае пяць стагоддзяў беларускай паэзіі і каля сотні творцаў — сумесным праекце Прэзідэнта польскага ПЭН клуба Адама Паморскага і беларускага перакладчыка, вядомага грамадскага дзеяча Лявона Баршчэўскага, дзякуючы якім кс. Бака, перакладзены на беларускую мову, «вярнуўся да вытокаў» (паводле выказвання Адама Паморскага).

Як згадвалася вышэй, першае выданне «Нататкаў...» адбылося ў Вільні ў 1766 г., але шырокі розгалас пачаўся толькі пасля выдання ў 1807 г. (Корсак) і асабліва у 1855 г., калі ў Вільні Уладзіслаў Сыракомля выдаў ілюстраваны томік з красамоўнай назвай — «Baka odrodzony».

Агульная рэакцыя была прыкладна такой, як у Фелікса Бянткоўскага ў «Гісторыі польскай літаратуры» (Варшава — Вільня, 1814): «Пабожны аўтар кс. Бака, пішучы свае вершы для настаўлення, не думаў, што стануць служыць да стварэння пустога смеху, але на самай справе, нават са скрушаным сэрцам узяўшы тыя вершы ў рукі, вельмі часта трэба смяяцца, паколькі такія смешныя і трывіяльныя ўжывае звароты і выразы, што аб першапачатковай думцы аўтара цалкам забываеш». Можна прывесці шмат падобных ацэнак, калі пагартаць падручнікі і даследаванні ХІХ і пач. ХХ ст., прысвечаныя польскай літаратуры.

Паступова, крок за крокам адбывалася своеасаблівая рэабілітацыя, пераасэнсаванне, адкрыццё нанава кс. Бакі. Адзіны са стаўпоў польскай літаратуры — Юзаф Ігнацы Крашэўскі, лічыў яго добрым паэтам і тлумачыў яго высмейванне неразуменнем гістарычнага кантэксту, а Генрых Жавускі ўвогуле ацэньваў кс. Баку як «адзінага з найвыдатнейшых польскіх паэтаў». Заўважым: хаця ў выніку першай павярхоўнай рэакцыі імя кс. Бакі стала хадзячаю назваю, гэта не перашкодзіла Леану Бароўскаму назваць «бессмяротнага пяўца» (як скажа У. Сыракомля) «сармацкім Мільтанам». Нарэшце, у 1948 г. у даследаванні «Аб польскай паэзіі XVIII ст.» Вацлаў Баравы ўпершыню разглядае паэзію кс. Бакі не як гістарычны кур’ёз, падвяргаючы яе ўсебаковаму аналізу. Хіба ж крытыкі творчасці кс. Бакі не разумелі, што ён пісаў так не таму, што не ўмеў інакш, а наўмысна смела спалучаў рэчы смешныя і сур’ёзныя, набліжаўся да народнай стылістыкі, ствараў свайго роду memento mori, прызначанае для ўсіх станаў, бо гэта насамрэч было не выраджэнне літаратуры эпохі Сасаў, а цэлая плынь рэлігійнай літаратуры, што ставіла мэтаю наблізіць адвечныя каштоўнасці да масавага чытача. У гэтым сэнсе для езуіта кс. Бакі мэта сапраўды апраўдвала сродкі. Аднак, ці было складанне тых рыфмаў такім ужо прымітыўным? Крыштаф Кёлер прыводзіць выдатны прыклад: «Бака паўстае геніяльным аўтарам, які можа страсянуць сваімі чытачамі <...> у страшэнна цяжкім рытме <...>:

Куфар поўны залатое воўны,
руно залатое — але ж з труною.
Твае цюкі — клопат цяжкі,
А кажухі — боль ліхі.

Чатыры склады чатыры разы, а потым страшэнны галоп чатыры разы па тры склады! <...> ці здолееце вы ў такіх кароткіх словах распавесці, у чым змяшчаецца багацце: «Сабаліны», <...> шляхецкі, магнацкі сімвал багацця, але Бака бачыць, на чым тое багацце будуецца, на болі, бо кажа «sobole są bole», зразумела?» Дарэчы, трэба згадаць, што ўжо першы твор кс. Бакі — панегірык у гонар дабрадзея езуітаў дынабургскага старосты Яна Людвіга Плятара (Comitia honorum et aviti splendoris Joannis Ludovici Plater. Wilno,1736) — быў напісаны майстэрскай лацінай.

Касцёл у Блоні да 1917 г. Архіўны здымак.

Яцак Кавальскі ў артыкуле, прысвечаным кс. Баку, змешчаным у часопісе «Polonia Christiana» ў раздзеле «Майстар формы і зместу», піша: «Апошнія даследаванні яго творчасці і асобы засведчылі, што не быў вынаходнікам свайго „сечанага“ вершаскладання. Не вынайшаў таксама шэрагу выразаў, метафар, прымавак, якія ўплятаў у сваю паэзію. Усё гэта было ўжо вядома і практыкавалася яго польскімі (і літоўскімі. — А.Ш.) папярэднікамі і равеснікамі ў манаскіх габітах. Аднак ніводны з іх не здабыў славы Бакі. Бо арыгінальнасць Бакі заключаная ў чымсьці большым: у незвычайна майстэрскім складанні ўсіх тых літаратурных рэсурсаў у цэлае». Далей Кавальскі нагадвае, што Корсак, «віноўнік» яго папулярнасці, выдаў толькі тое, што лічыў графаманскім і забаўным, адпрэчыўшы незвычайна прыгожыя вершы і разважанні з першай часткі тома, і таму яны надоўга зніклі з поля зроку чытачоў і даследчыкаў і былі вернутыя толькі пасля Другой сусветнай вайны намаганнямі Вацлава Баравога.

Гэта былі менавіта адны з тых вершаў, якімі быў так узрушаны Ян Лехань, польскі аташэ па культуры ў Францыі ў 1930-я гг., вытанчаны інтэлектуал і паэт — ён пакінуў найцікавейшы дзённік, які вёў у эміграцыі ў Нью-Ёрку. Запіс ад 22 жніўня 1952 г.: «натрапіў на рэлігійныя вершы Бакі, сапраўдная, салідная, багатая і поўная прыгожых арабескаў паэзія. Як так магло быць, што быў ён на працягу двух стагоддзяў пасмешышчам і амаль стаў прыказкай, што высмейвае графаманію». Адзнака Леханя, які не здымаў капелюша перад славутасцямі, дарагога каштуе!..

Праз цярнёвую карону Тваю, Збавіцелю Пане,
        адпусці грахі маіх думак.
Праз закрытыя вочы Твае на крыжы адпусці
        грахі майго позірку.
Праз твар Твой збіты і вусны, смяротным болем
        скутыя, Езу мой, даруй правіны майго языка,
        і я буду адгэтуль найчасцей размаўляць пра
        Цябе і на Тваю хвалу.
Праз прыбітыя рукі Твае адпусці правіны маіх
        рук і стрымай іх ад ліхога дотыку.
Праз бок Твой, дзідай працяты, адпусці правіны
        маіх жаданняў і ўчыні мяне слугою паводле
        Твайго сэрца.
Праз прыбітыя ногі Твае да крыжа адпусці грахі
        маіх ног і скіруй іх на шлях збаўлення, каб я
        сузіраў Цябе праз вякі і, як сэрафім,
        Цябе вечна любіў.

 

ЛІТАРАТУРА


  1. Бака Юзаф//ЭГБ. Т. 1. — Мінск, 1993. — С. 281.
  2. Шыбека З. Блонская сялянская арганізацыя // ЭГБ. Т. 2. — Мінск, 1994. — С. 49.
  3. Мараш Я. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII века. — Мінск: Вышэйшая школа, 1974. — 288 с.
  4. Baka Józef. Uwagi. (Opracowanie, komientarz i posłowie Antoni Czyż i Aleksander Nawarecki). — Lublin, 2000.
  5. Baka Józef //Wielka encykłopedia powszechna ilustrowana. T. V. — Warszawa, 1891. — S. 731.
  6. Baka Józef — [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://pl.wikipedia.org/wiki/J%C3%B3zef_Baka. Час доступу: 17.06.2015.
  7. Baliński M. Dawna Akademia Wileńska. — Petersburg, 1862. — S. 208—209.
  8. Bartoszewicz J. Kośćioły warszawskie rzymsko-katolickie opisane pod względem historycznym. — Warszawa, 1855.
  9. Bartoszewicz K. Księgi humoru polskiego. T. III. — Petersburg, 1897.
  10. Bentkowski F. Historya literatury polskiey. T. I. — Warszawa — Wilnia, 1814. — S. 488—489.
  11. Budzyńska N. «Ej do nieba nam potrzeba!». — [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.opoka.org.pl/zycie kosciola/media/pk. Час доступу: 21.06.2015.
  12. Czyż A. Ja i Bóg. Poezja mietafizyczna późniego baroku. — Wrocław—Warszawa—Kraków—Gdańsk—Łódź, 1998.
  13. Estreicher K. Baka Józef//PSB. T. I. — Kraków, 1935.— S. 222—223.
  14. Koehler K. Baka Józef SJ. — [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.palus-sarmatica.pl/. Час доступу: 29.05.2015.
  15. Koehler K. Od Baki do Budzyńskiego//Fronda, № 15/16. — Warszawa, 1999. — S. 43–55.
  16. Kotarski E. Józef Baka. — [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://literat.ug.edu.pl/books.htm. Час доступу: 29.05.2015.
  17. Kowalski J. Sława i nieporozumienie, czyli rzecz o księdzu Bace//Polonia Christiana. № 19. — [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.pch24.pl/. Час доступу: 17.06.2015.
  18. Kozioł P. Ksiądz Baka. — [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://culture.pl/tworca/ks-jozef-baka. Час доступу: 29.05.2015.
  19. Ksiądz Baka powrócił do źrodła (размова Ёанны Шчэнснай з Адамам Паморскім). [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://wyborcza.pl/0,0.html. Час доступу: 17.06.2015.
  20. Lechoń J. Dziennik. T. II. — Warszawa, 1992. — S. 516—517.
  21. Nieznanowski S. Baka Józef //Encykłopedia katolicka. T. I. — Lublin, 1995. — S. 1267.
  22. «Nic nie miło, gdy się zgniło» — tanatyczny chichot w poezjach ks. Józefa Baki. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://literat.ug.edu.pl/~literat/baka/index.htm. Час доступу: 17.06.2015.
  23. Prejs M. Poezja późniego baroku. — Warszawa, 1989.
  24. Syrokomla W. Baka odrodzony. — Wilno, 1855.
  25. Syrokomla W. Mińsk//Teka wileńska. № 2. — Wilno, 1857. — S. 190—193.
  26. Uruski S. Baka h. Massalski//Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. I. — Warszawa, 1904. — S. 70—71.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY