Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(79)/2017
На кніжнай паліцы
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
У святле Бібліі

СПРАВЯДЛІВЫ ЭНОХ
Лёсы духавенства
Спадчына
Мастацтва

УБАЧЫЦЬ «АПОШНЮЮ ВЯЧЭРУ»

НДФ–2207
Інтэрв’ю

АДКУЛЬ Я МАГУ ВЕДАЦЬ, ШТО ГЭТА ГОЛАС БОГА?
Асобы

САРМАЦКІ МІЛЬТАН
Паэзія

ВЕРШЫ

І ЖАЛЬБА, І ПЯШЧОТА, І ЛЮБОЎ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ШЛЯХ ДА ЛЮБОВІ
Кіно

ХРЫСЦІЯНЕ Ў ГАЛІВУДЗЕ. ХРЫСЦІЯНЕ Ў МАСТАЦТВЕ
Асобы

«ПРАЦУЙМА, БРАЦЦЯ!..»

АБРАЗОК
На кніжнай паліцы

СВЯТЛО ПРЫГАЖОСЦІ
Роздум

УСЁ Ў СЛОВЕ…

Андрэй АКУШЭВІЧ

ЛІТАРАТУРНАЯ СПАДЧЫНА
АПОСТАЛА ПАЎЛА
Ў ВЫДАННЯХ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ

Барталамэо Мантанья.
«Святы апостал Павел».

Фрагменты з «Дзеяў святых Апосталаў», датычныя гісторыі навяртання і місіянерскай дзейнасці апостала Паўла, а перадусім лісты Апостала маюць надзвычайную ролю ў літургіі слова, а таксама ў помніках хрысціянскага пісьменства. Ужо ў канцы І ст. Касцёл прыняў пасланні апостала Паўла «як боганатхнёнае апостальскае выяўленне асноўных ісцін евангельскага вучэння»1. Асаблівым фактарам у гэтым сэнсе стала тая акалічнасць, што Павел пачаў прапаведаваць вучэнне Хрыста ў той час, калі чатырох кананічных Евангеляў яшчэ не было: пасланні Апостала храналагічна папярэднічаюць ім2.

Цяжка пераацаніць ролю Апостала і ў якасці місіянера хрысціянскай веры сярод народаў Еўропы. Святы Павел за межамі Тэтраевангелля становіцца фактычна цэнтральнай фігурай Новага Запавету. Так, другую і трэцюю часткі «Дзеяў Апосталаў» цалкам займае аповед пра місіянерскую дзейнасць Паўла, якая ахапіла тэрыторыю ад Ерузалема да Рыма. «Коратка можна сказаць, — падкрэслівае біёграф св. Паўла Рынальда Фабрыс, — што з дваццаці васьмі главаў, на якія падзелена ў друкаваных выданнях кніга Дзеяў, прынамсі шаснаццаць прысвечаныя Паўлу»3. У Новым Запавеце змешчаныя трынаццаць лістоў Паўла, напісаных паміж 50 — 60-мі гадамі да розных народаў, прынамсі сем з гэтых трынаццаці лістоў прызнаныя аўтэнтычнымі, гэта значыць, напісанымі або прадыктаванымі асабіста апосталам Паўлам. Складаным застаецца пытанне пра аўтарства «Паслання да Габрэяў»: пры тым, што ўсходняя (грэчаская) традыцыя прыпісвала яго апосталу Паўлу, у самім тэксце паслання, у адрозненне ад іншых, адсутнічае імя аўтара. Да таго ж, «Пасланне да Габрэяў» паводле мовы і стылёвых асаблівасцяў таксама адрозніваецца ад астатніх4. Ёсць меркаванне, што «Пасланне да Габрэяў» з’яўляецца перакладам (зробленым святым Лукою) таго тэксту, які быў напісаны Паўлам па-габрэйску, а Тэртуліян называў аўтарам гэтага паслання апостала Барнабу5. Большасць сучасных каментатараў прытрымліваецца думкі, што «Пасланне да Габрэяў» — «Паўлава паводле духу, з’явілася ў асяроддзі, блізкім да Апостала, але фактычна напісана іншаю асобаю»6.

Цалкам натуральна, што літаратурная спадчына апостала Паўла мела ўплыў на філалагічную і экзегетычную дзейнасць Францыска Скарыны. Уплыў гэты праяўляўся разнастайна. Па-першае, у кнізе «Апостал» (Вільня, 1525) беларускі першадрукар апублікаваў 13 пасланняў апостала Паўла і «Пасланне да Габрэяў», аўтарам якога Францыск Скарына лічыць Апостала, на што паказваюць загаловак да прадмовы, разгорнуты загаловак перад пачаткам самога твора і адпаведнае пасляслоўе: «Послания ко Евреом Светого Апостола Павла сказание доктором Франциском Скориною с Полоцка Богу ко чти и людем посполитым к навчению починается»7; «Ко Евреом послание Светого Павла, Апостола Христова, еже написал ест к ним евреіским языком. Потом пак Святый Лука-евангелист выложил е на грѣческий. А замыкаеть в собѣ глав 13»8; «Доконано ест ко Евреом посланіе светого славного апостола и мученика Христова Павла»9.

Нягледзячы на тое, што ў сучаснай бібліістыцы аўтарства «Паслання да Габрэяў» аспрэчваецца, у сістэме поглядаў Францыска Скарыны яно адносіцца да спадчыны апостала Паўла і ідэнтыфікуецца як яго чатырнаццаты твор, надрукаваны ў «Апостале» (1525). Неаднойчы, звяртаючыся да цытатаў з «Паслання да Габрэяў», Францыск Скарына апеляваў да аўтарытэта менавіта апостала Паўла.

Кожнаму пасланню ў Скарынавым «Апостале» папярэднічае разгорнутая прадмова выдаўца. Толькі прадмова «Паслання да Філімона» невялікая па аб’ёме, як і само пасланне, што складаецца з адной главы. У сваіх прадмовах першадрукар дае неабходныя тлумачэнні і каментары да пасланняў Апостала, пераказвае іх змест, узгадвае ключавыя вобразы, фарміруе асноўную думку і сцісла выкладае сюжэт твораў. Тым самым выдавец выдзяляе найбольш неабходнае, на яго погляд, для разумення чытачом тэкстаў апостала Паўла, расстаўляе акцэнты. Пры гэтым Францыск Скарына не выкарыстоўвае дакладных цытатаў, якія шырока прадстаўлены ў прадмовах да пражскіх выданняў першадрукара. Тыя цытаты, якія можна аднесці да дакладных, уплецены ў прадмовы да пасланняў св. Паўла з «Апостала» (1525) Францыска Скарыны ў пераказ зместу адпаведных твораў «Апостала народаў». Так, у прадмове Францыска Скарыны ў «Пасланні да Эфесцаў», выкарыстана цытата з «Першага паслання да Карынцянаў» (1 Кар 15, 32), якую сам першадрукар маркіруе непасрэдна ў тэксце: «Прото и святый Павел великую працу имел, нежели навернул их на веру Христову, яко сам о том во первом посланіи ко Коринфом пишет, глаголя, иже во Ефесе со звермиборяшеся»10. З аднаго боку, гэта цытата дапамагае выявіць сюжэтную дамінанту «Паслання да Эфесцаў», з іншага боку, яна функцыянальна набліжаецца да пераказу зместу паслання, прычым з дапамогай іншага паслання са спасылкай на яго. У наступным фрагменце гэтай жа прадмовы выкарыстоўваецца тэкставы матэрыял «Дзеяў Апосталаў» (20, 16–17): «И для великое любви, юже имеаше к ним, внегда шол мимо Ефес во Ерусалим, от Милита послал к ним, и призвав старейшины церковныя, велми ласкаве навчаше их, яко и о том светчить Лука-евангелист во Деаниех апостолских»11.

Прыведзены фрагмент можа быць кваліфікаваны і як цытата ў вузкім значэнні слова, і як пераказ адпаведнага сюжэта з «Дзеяў Апосталаў» са спасылкай на першакрыніцу. У самым пачатку прадмовы «Паслання да Эфесцаў» Скарына падобным чынам зноў адсылае да «Дзеяў Апосталаў» (Дз 19–20), пры гэтым адпаведны фрагмент выкарыстоўваецца ім у якасці гісторыка-біяграфічнага каментарыя: «Иефес град старейший был ест во Асіи меншей. В нем же прежде бѣ святый апостол Павел три лѣта, проповедая в них слово Божие и препирая жиды на сонъмищех и еллины во училищех, и чуда великая чиняй, яко же пишеть святый Лука во Деаниех апостолских»12.

У прадмове «Паслання да Рымлянаў» Сяргей Цемчын выявіў свабодна пераказаны адпаведны дыялагічны фрагмент апакрыфічных «Жарсцяў апосталаў Пятра і Паўла (вялікіх)» (2-я пал. V ст. — сяр. 2-й пал. VI ст.)13. Выкарыстанне гэтага фрагмента вучоны звязвае са спробаю выкласці сутнасць біблейскіх тэкстаў для шырокай аўдыторыі, не абазнанай у Святым Пісанні.

Пасланні апостала Паўла апраўленыя ў Францыска Скарыны не толькі прадмовамі, але і загалоўкамі прадмоваў, разгорнутымі загалоўкамі перад асноўным тэкстам біблейскай кнігі, главаў14 і пасляслоўямі. Адметна, што пасланні апостала Паўла маюць агульны тытульны ліст з адпаведным загалоўкам: «Починаються епистолы светого, славного и верховнаго в небе навченаго Апостола Христова Павла»15. Загалоўкі прадмоваў да пасланняў у «Апостале» супастаўныя з разгорнутымі загалоўкамі на тытульным лісце пражскіх выданняў Ф. Скарыны, што тлумачыцца спецыфікай афармлення выдання 1525 г.: «К Селуняном втораго послания Павла, Христова апостола, сказание доктором Франциском Скориною с Полоцка Богу Вседержителю ко вечной чти починается»16, «К Галатом послания светого Павла-апостола сказание доктором Франциском Скориною с Полоцька Богу ко чьти и людем посполитым к науце починается»17. Разгорнутыя загалоўкі перад асноўным тэкстам кнігі, як і загалоўкі прадмоваў, могуць змяшчаць экзегезу, пераказваць асобныя элементы Святога Пісання, называць колькасць главаў у пэўным лісце, што гаворыць аб выкананні гэтымі загалоўкамі таксама асобных функцый прадмовы або прысвячэння: «Коринфом починаеться епистола верховнаго апостола Господьня Павла, юже писал во Филиппусе-граде, и послал Стефаном, и Фортунатом, и Ахаиком, и Тимофеем, а имаеть в собе глав 16»18, «К Галатом послание светого апостола Павла, еже написал сам своею рукою велми чудно и посылаеть к ним от Рима, а замыкаеть в собѣ глав шесть»19.

Да адпаведных главаў пасланняў апостала Паўла Францыск Скарына змясціў надпісанні, пра што сам гаворыць у пасляслоўі да «Апостала» (1525): «Главы же, яко и во всех книгах Бівліи, Ветхаго и Новаго закона, мною на русъки язык выложеных, што которая в собѣ кратце замыкаеть, ко знайдению скоро всякое речи потребное во Бож[е]ственых писаниех»20. Лічым мэтазгодным ідэнтэфікаваць дадзеныя тэксты менавіта як надпісанні, а не як кароткі пераказ зместу главы: тут запатрабаваныя біблейскія кампаненты (сюжэты, думкі, вобразы), дакладна прасочваецца арыентацыя на паэтыку біблейскага верша (у прыватнасці, біблейскі паралелізм). У сваю чаргу, гэтыя надпісанні могуць быць расцэнены як вершаваныя тэксты, створаныя ў традыцыях біблейскага вершаскладання. У цэлым стварэнне паэтычных травесцій на аснове тэкстаў Святога Пісання адпавядае агульнай тэндэнцыі той эпохі: паэтычныя пералажэнні Бібліі віталіся, бо яны даказвалі, што «паэзія можа быць свяшчэннай»21.

У надпісаннях главаў, якія Францыск Скарына надрукаваў пры выданні пасланняў апостала Паўла, таксама ёсць пэўны дыдактычны элемент, што гаворыць пра наяўнасць у гэтых тэкстах біблейскай парэнезы. Пад парэнезай разумеецца «кароткае, добразычлівае павучанне(і), што нагадвае [аўдыторыі] аб маральных практыках, якіх яна павінна прытрымлівацца ці пазбягаць; і выяўляе ці мае на ўвазе агульнасць светапогляду ды не дапускае пярэчанняў»22. Сама вершаваная форма спрыяе больш моцнаму эстэтычнаму і дыдактычнаму ўздзеянню на чытача, дапамагае яму лепш засвойваць адпаведныя тэксты. У надпісанні Францыск Скарына ўводзіць таксама экзегезу, што можна праілюстраваць наступнымі прыкладамі:

[Надпісанне 16 главы «Паслання да Рымлянаў»]

Припоминаеть апостол людей богобойных,
залецая их.
Да и мы таковы же будем вотерпеніи.
Таже скончаваеть послание
23.

[Надпісанне 4-й главы «Другога паслання да Карынцянаў»]

Похваляеть апостол служение Новаго Закону,
и велить для Христа добрые дела чинити,
и теж злыя противности терпети
24.

У асобных надпісаннях можна заўважыць выкарыстанне розных сістэм вершаскладання, што праяўляецца, апроч іншага, у паслядоўным выкарыстанні рыфмы. Адзначаныя асаблівасці дазваляюць сцвярджаць, што некаторыя надпісанні выконваюць таксама функцыю мнеманічных вершаў да главаў пасланняў апостала Паўла, чытанне і дэкламацыя якіх маглі быць, на думку Ф. Скарыны, карыснымі для «паспалітага» чытача, напрыклад:

[Надпісанне 6-й главы «Першага паслання да Цімафея»]

Навчаеть апостол владыки,
дабы о иных печу имели,
от злого ся воздержали,
доброе наследовали,
на богатество не уповали
25.

Тэксты пасланняў апостала Паўла ў выданні Ф. Скарыны (за выключэннем «Першага паслання да Цімафея») завяршаюцца пасляслоўямі, а «Другое пасланне да Карынцянаў» — пасляслоўем-малітвай. У гэтых тэкстах можна заўважыць, што не толькі святы Павел, але і яго сачыненні надзяляюцца Ф. Скарынам эпітэтамі пазітыўнай ацэнкі: «Доконано ест чудное к Римляном послание светого, верховнаго в небе, навченаго учителя, Христова апостола и мученика Павла»26, «Доконано ест первое и второе послание к Коринфом светого славного и верховнаго апостола Христова и избранного сосуда Божия Павла»27, «Доконано ест ко Тіту послание светого славного учителя, апостола Христова Павла»28 і інш.

Славаслоўе ў адрас святога Паўла прадстаўлена і ў форме жанраў літургічнай паэзіі. Так, у выдадзеным Францыскам Скарынам «Следаваным Псалтыры» (Вільня, 1522)29 змешчаны «Акафіст светому верховному апостолу Петру и Павлу и всем апостолом», «Канон святым верховным апостолом Петру и Павлу, и всем дванадесети», малітва пасля адпаведнага акафіста і «Молитва в четверток святым апостолом, глаголемая по каноне», у якіх аўтар звяртаецца да Пятра і Паўла. У вершы «Акафіст пресладкому імени Господа нашего Ісуса Христа» цытата з паслання апостала Паўла (Флп 2, 9-11) выкарыстана для ўсхвалення імя Збаўцы: «Дивное имя твое, Ісусе, Спасе нашь, недостойными усты воспоминающе, славим тя, иже ест более всякого имени etc.»30. У гэтым жа акафісце Ф. Скарына звяртаецца і непасрэдна да асобы апостала Паўла: «Царю мой и Боже мой, поспеши помиловати мя, яко же помиловал есь Петра отверзшегося, много бо крать аз отвергохся тебе нечисътыми делы своими, и яко же принял еси Павла, гонившего тя, тако приими мя, Свете, недостойнаго, и яко возвал есь Матфея от мытарей и вчинил его еувангелистом, тако допусти мя прославити имя твое пресвятое, Ісусе, и пети тобѣ в животе и по смерти с ними вовеки: Аллилуйа!»31.

Адзначым, што Аляксандр Наумаў і Марыёла Вальчак Мікалайчакова ў польскамоўным выданні літаратурнай спадчыны беларускага першадрукара «Franciszek Skoryna z Połocka. Życie i pisma» (Гнезна, 2007) звязваюць з пасланнямі апостала Паўла асобныя месцы твораў Ф. Скарыны з «Следаванага Псалтыра» 1522 года, што абумоўлена спецыфікай і паэтыкай яго тэкстаў32.

У сваіх выданнях Францыск Скарына неаднаразова адсылае чытача да пасланняў апостала Паўла з дапамогаю маргіналій-спасылак у прадмовах і маргіналій паралельных месцаў у асноўным тэксце Святога Пісання. Таксама ёсць і ўказанні на чытанне твораў апостала Паўла ў Саборніку з «Апостала» (1525).

Вялікая ўвага святому Паўлу і яго спадчыне надаецца ў прадмовах не толькі да саміх пасланняў Апостала, але і да іншых кніг Бібліі. Пры гэтым першадрукар пералічвае лісты Паўла, характарызуе іх змест і адзначае вартасці твораў: «Третии пак писма дал нам Господь Бог, иже пишуть о мудрости, о разуме и о науце Нового и Ветхаго Закона, яко суть епистолы или послания святого апостола Павла: к Римляном едино, к Коринфом двое, к Галатом едино, ко Ефисеем едино, к Филипписеом едино, к Коласаем едино, к Селуняном двое, к Тимофею двое, к Титу едино, к Филимону едино, ко Іевреом едино» (Прадмова да «Першай кнігі Самуэля»)33; «Пак ли ти ся любить разумети ло[г]ику, она же учить з доводом розознати правду от кривды, чти книгу светого Іова или Послания светого Апостола Павла» (Прадмова «Во всю Библію рускаго языка»)34. «И [Пётр. — А. А.] приводить нас к доброму житию приповестями книг, и страхом судъного дня отводит от злых дел, и велит святого Павла епистолы часто чести» (Прадмова да «Другога паслання Пятра»)35.

Францыск Скарына таксама звяртаецца да асобы апостала Паўла, акцэнтуючы ўвагу на яго значэнні ў біблейскай гісторыі: «Затым — Павел-апостол ко седма церквам пишеть послания, осмое ко Евреем, Тимофея, и Тита и Филомона научаеть, — сосуд избранный и вчитель всех народов» (Прадмова «Во всю Библію рускаго языка»)36; «Вѣликий Лука Анътиохийский, в лекарских науках доктор пренавченый и евангелист Ісус Христов предивный, товариш славнаго всех народов учителя и апостола Господьня Павла»37; «За тым починаеть жития или деяния светых апостол, а наболей дву верховных, святого Петра и святого Павла, ему же товаришем был, доводне сказывати»38; Во сих же других пишеть о том же возрастающем, процвѣтающем и плод безчисленый выдающем; яко на первом казаніи святого Петра приступиша ко вере Христове и крестишеся мужев боле[е] трех тысещ, што ж пак потом наболей епистолами и проповеданнем святого Павла и иных светых апостол, они же всю вселенную навратиша»39; «Наболей пак святый Лука в сей книзе ку концу пишеть о навращеніи дивном ко вере Христове святого апостола Павла, опроповеданіи его, о хоженіи и плаваніи его по морю даже до Рима» (Прадмова да «Дзеяў святых Апосталаў»)40.

У сваіх прадмовах беларускі першадрукар актыўна выкарыстоўвае цытаты з пасланняў апостала Паўла. Гэтыя цытаты апелююць да аўтарытэта Апостала, выступаюць важным складнікам экзегезы і з’яўляюцца неад’емнай часткай твораў першадрукара, элементам іх паэтыкі. Спынімся на некалькіх прыкладах.

Прадмова да «Псалтыра» («Кніга Псальмаў», 1517) адкрываецца цытатай з «Другога паслання да Цімафея»: «Всяко писание Богом водъхненое полѣзно ест ко учению и ко обличению, исправлѣнию и ко наказанию правды. Да совѣршен будеть человѣк Божий и на всяко дѣло добро уготован», — яко святый апостол Павел пишеть. И сего ради Светые Писма уставлѣна суть к нашему навчению, исправлѣнию, духовному и телесному, различными обычаи: едины Законом Ветхым и Новым, другые светыми пророки даны суть нам, иные деянием светых отець, а некые прытъчами премудрых учителей, некоторые теже песнями и псалмы, от царя Давыда и от иных Божиих певцев сложеными, яко ест Псалътыр»41. У дадзеным выпадку цытату «Усё Пісанне натхнёна Богам і карыснае для навучання, дакору, выпраўлення і ўзгадавання ў справядлівасці, каб дасканалым быў чалавек Божы, настаўленым на ўсякае добрае дзеянне» (2 Цім 3, 16–17)42 варта лічыць «біблейскім тэматычным ключом» (паводле тэрміналогіі Р.Пікіа43) не толькі да гэтай прадмовы, але і да ўсёй творчай спадчыны Ф. Скарыны. Не выпадкова фрагмент менавіта з гэтай цытаты на 18-ці мовах упрыгожвае будынак Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь у Мінску.

Цытаты з пасланняў апостала Паўла могуць размяшчацца ў прадмовах разам з цытатамі з іншых біблейскіх кніг, утвараючы своеасаблівыя камбінацыі з цытатаў, якія набываюць у такім кантэксце новыя адценні значэння: «Жертва козельца правую а смертелную плоть нашего избавителя преобразовала иному пророку Божию пишущу: «По дву и шестидесяти неделех убит будеть Христос, и не будуть людие его, они же имають отпретися его».

Теже и доктор языков глаголеть: «Немощная убо закону о нем же немощьствоваше плотию. Бог своего сына послав в подобие плоти греха и с него учинив жертву за грех, осудил грех плотию его, да оправдание закона скончается в нас, иже не по плоти ходимо, но по духу. Сущии убо живи по плоти плотская мудръствуют, а иже по духу — духовная. Мудрость убо плотская ест смерть, а мудрость духовная — живот» (Прадмова да «Кнігі Левіта»)44.

У дадзеным выпадку Францыск Скарына будуе правобразную канструкцыю45 («Жертва козельца правую а смертелную плоть нашего избавителя преобразовала»), выкарыстоўваючы біблейскія цытаты ў якасці аргумента на карысць праўдзівасці сваіх словаў.

Зварот да «правобразаў» назіраецца ўжо ў Новым Запавеце. У «Пасланні да Габрэяў» напісана: «Закон, маючы цень будучых даброццяў, а не саму выяву рэчаў, аднымі і тымі самымі ахвярамі, штогод без перастанку складанымі, ніколі не можа ўдасканаліць тых, што прыступаюцца»46 (Гб 10, 1).

Францыск Скарына не мог не звярнуцца да вопыту апостала Паўла пры стварэнні правобразных канструкцый у сваіх прадмовах, пры тлумачэнні Святога Пісання «паспалітаму» чытачу. Адметна, што першадрукар таксама выкарыстоўвае дакладныя цытаты з пасланняў апостала Паўла, якія змяшчаюць «правобразнае» тлумачэнне, а не пераказвае іх. Напрыклад, разважаючы пра Стары і Новы Запавет, Ф. Скарына выкарыстоўвае цытату з «Паслання да Галатаў» (Гал 4, 22–26): «Сии два законы, Ветхий и Новый, вси три светии патриархи пред Моисеем указовали, болшему быти последнему, нежели первому. Авраам два сына имел ест: единаго от рабыне, а другаго от свободныя. Но той, иже от рабыне, по плоти родися, а иже от свободныя — по обетованию; еже иначей бывають сказаема — сии суть два законы. Един от горы Синай в работу ражая, еже ест Агар, Синай убо гора ест во Аравии, прилучаеть же ся к нинешнему Ерусалиму, и работает со чады своими. Вышний же Ерусалим свободѣн ест, и той ест мати всех нас»47.

Францыска Скарыну і апостала Паўла ў плане літаратурнага ўзаемадзеяння звязвае яшчэ адна акалічнасць. Балгарская даследчыца Ліла Мончава сцвярджае: «Апостал Павел упершыню ў сваіх лістах выкарыстоўвае разгорнутую прадмову — зварот да адрасата, а таксама і разгорнутую фінальную частку — пасляслоўе. Паўлава прадмова, якая замяняе кароткія прывітанні «будзь шчаслівы» (χαιρε) у грэчаскім і «будзь здаровы» (salve) у лацінскім лісце, з’яўляецца своеасаблівай рэпрэзентацыяй аўтара, у якой ён абгрунтоўвае сваю місію прапаведніка і гаворыць аб асноўнай мэце свайго аповеду. <...> Павел пашырае і заключную частку ліста, якая завяршае агульную дыдактычную лінію ліста фіналам, што ўрачыста бласлаўляе і ўслаўляе боства»48. Услед за Л. Мончавай беларускі даследчык С. Каган вядзе генезіс прадмоваў у старажытнай беларускай літаратуры ад пасланняў апостала Паўла49. Сапраўды, першыя біблейскія вершы ў пасланнях святога Паўла нагадваюць прадмову — напрыклад, Рым 1, 1–7, 1 Кар 1–9 і інш. Пэўнае сугучча, а менавіта наяўнасць малітоўнага кампанента, назіраецца ў асобных пасляслоўях Ф. Скарыны і апошніх вершах пасланняў апостала Паўла: «Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста. Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незнішчальнасці (Эф 6, 23–24)»50. «Скончалася ест книга сия, рекомая Притчи или Присловия премудраго Саломона, царя Израилева, сына Давыдова, он же был царем в Ерусалиме, с помощию Бога, спасителя и утешителя нашего, повелением, працею и выкладом избраннаго мужа, в лѣкарскых науках доктора Франциска, Скоринина сына с Полоцка, у славном старом месте Празском лѣта по нарожении Господа нашего Ісуса Христа, Сына Божия, тысещного пятсотого и 17, месеца октяврия, дня шестаго. Ему же то буди хвала, честь и поклонение с отцем и святым духом нынѣ и всегда и в вѣк вѣком. Аминь»51.

Усе гэтыя тэкставыя асаблівасці дазваляюць гаварыць пра тое, што пасланні апостала Паўла зрабілі ўплыў на развіццё жанраў прадмовы і пасляслоўя як у творчасці Францыска Скарыны, так і пасля яго. Сачыненні Апостала мелі апасродкаваныя адносіны да ўзнікнення такога феномена ў старадрукаваных выданнях Вялікага Княства Літоўскага ХVI–ХVIІ стст., як «прадмоўна-пасляслоўны комплекс»52, цэнтральным элементам якога з’яўляецца прадмова.


  1. Библия. Книги Священного Писания Ветхого и Нового Завета в синодальном переводе с комментариями и приложениями. — Москва, 2006.
  2. Курціус, Е. Р. Європейська література і латинське Середньовіччя / Пер. з німецькоi Анатолій Онишко. – Львів, 2007. — С. 284.
  3. Фабрис, Р. Павел. Апостол народов / Пер. с итал. В. Тимофеевой. — Москва: 2008. — С. 4.
  4. Гл.: Библия… С. 1893.
  5. Тамсама, с. 1893.
  6. Тамсама, с. 1893.
  7. Францыск Скарына. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія/ Уступ. арт, падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, А.В. Чамярыцкага. — Мінск, 1990. — С. 122.
  8. Biblia ruska, vyložena doktorom Franciskom Skorinoju (Prag, 1517–1519): Kommentare; Apostol. — Wilna, 1525: Fascimile und Kommentar / hrg. von Hans Rothe und Friedrich Scholz. Paderborn etc., 2002. — S. 787.
  9. Францыск Скарына. Творы… С. 123.
  10. Тамсама, с. 115.
  11. Тамсама, с. 115.
  12. Тамсама, с. 115.
  13. Темчин, С. Ю. Апокрифический источник Предисловия Франциска Скорины к Посланию к римлянам апостола Павла // Senoji Lietuvos literatūra, № 24. — Vilnius, 2007, p. 101–109.
  14. Пад надпісаннем главы мы разумеем тэкст, які размешчаны непасрэдна перад кожнай біблейскай главой і коратка раскрывае яе змест. У творчасці Францыска Скарыны надпісанні главаў выступаюць як асобны літаратурны жанр. Падрабязней гл.: Акушэвіч, А. А. «Надпісанні» главаў як творчая спадчына Францыска Скарыны // Вестник МГЛУ, серия 1: Филология, №4., 2015, с. 111–119.
  15. Biblia ruska... S. 458.
  16. Францыск Скарына… С. 119.
  17. Тамсама, с. 113.
  18. Biblia ruska... S. 531.
  19. Ibidem. S. 635.
  20. Францыск Скарына… С. 123.
  21. Pollmann, K. Das lateinische Epos in der Spätantike // Von Göttern und Menschen erzählen. Formkonstanzen und Funktionswandel vormoderner Epik / Jörg Rupke (Hg.). — Stuttgart, 2001. — S. 95.
  22. Алиева, О. В. Паренеза: философская и риторическая традиция // Вестник Православного Свято-Тихоновского гуманитарного университета. Серия 3: Филология, вып. 3 (25), 2011. — С. 23.
  23. Biblia ruska... S. 521.
  24. Ibidem. S. 600.
  25. Ibidem. S. 754.
  26. Францыск Скарына... С. 110.
  27. Тамсама, с. 113.
  28. Тамсама, с. 121.
  29. Дзякуючы Я. Неміроўскаму гэта выданне ўвайшло ў навуковы дыскурс пад назвай «Малая падарожная кніжка» Аргументацыю на карысць ідэнтэфікацыі гэтага выдання Ф. Скарыны як «Следаванага Псалтыра» гл.: Некрашэвіч-Кароткая, Ж. В. Віленскае выданне Францыска Скарыны: «Следаваны Псалтыр» ці «Малая падарожная кніжка?» // Беларускае літаратуразнаўства: навукова-метадычны зборнік, вып. 10. — Мінск, 2012. — С. 69–74.
  30. Францыск Скарына… С. 87.
  31. Тамсама, с. 93.
  32. Franciszek Skoryna z Połocka. Życie i pisma / pod red. A. Naumowa i M. Walczak-Mikołajczakowej. — Gniezno, 2007.
  33. Францыск Скарына… С. 33.
  34. Тамсама, с. 46.
  35. Тамсама, с. 106.
  36. Тамсама, с. 50.
  37. Тамсама, с. 103.
  38. Тамсама, с. 103–104.
  39. Тамсама, с. 104.
  40. Тамсама, с. 104.
  41. Тамсама, с. 17. У дадзенай кнізе А. Ф. Коршунаў вылучыў толькі адзін біблейскі верш у гэтым фрагменце — 2 Цім 3, 17. У выданні «Franciszek Skoryna z Połocka: Życie i pisma» (Гнезна, 2007) межы цытаты вызначаныя правільна, аднак крыніца цытаты ўказваецца недакладна — 2 Цім 3, 17.
  42. Біблія: Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў МХРБ, Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь. — Мінск, 2012. — С.1053.
  43. Гл.: Пиккио, Р. Slavia Orthodoxa : Литература и язык. — Москва, 2003. — С. 431–466.
  44. Францыск Скарына… С. 58.
  45. Пад правобразнай канстукцыяй мы разумеем такі біблейскі кампанент, які ў кароткай форме паказвае правобразы Новага Запавету ў Старым паводле наступнай схемы: вобраз (сюжэт) Старога Запавету + слова, якое ўказвае на тлумачэнне правобраза + вобраз (сюжэт) Новага Запавету. У прыведзеным прыкладзе мы бачым правобразную канструкцыю, падмацаваную біблейскімі цытатамі.
  46. Біблія… С. 1063.
  47. Францыск Скарына… С. 65.
  48. Мончева, Л. Апостолическое письмо в становлении художественно-эстетической традиции средневековой литературы // ТОДРЛ, т. 42. — Ленінград, 1989. — С. 191.
  49. Каган, С. Л. Генезіс жанру прадмовы ў старажытнай беларускай літаратуры // Взаимодействие литератур в мировом литературном процессе, ч. 1. — Гродно, 2003. — С. 203.
  50. Біблія… С. 1036.
  51. Францыск Скарына… С. 23.
  52. Аб прадмоўна-пасляслоўным комплексе гл.: Кароткі, У. Г. Тыпалогія прадмоў і пасляслоўяў беларускіх паслядоўнікаў Скарыны // Спадчына Скарыны: Зборнік матэрыялаў I Скарынаўскіх чытанняў (1986). — Мінск, 1989. — С. 226–232.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY