|
|
|
№
1(79)/2017
На кніжнай паліцы
Вялікія містыкі
Пераклады
У святле Бібліі
Лёсы духавенства
Спадчына
Мастацтва
Інтэрв’ю
Асобы
Паэзія
Прэзентацыя
Кіно
Асобы
На кніжнай паліцы
Роздум
|
...Ад сенсацый у наш час не чакаюць дабра, але гэтая не мела ніякай пагрозы, таму і сенсацыяй магла быць толькі для спецыялістаў ды журналістаў. А можа, гэта і ўвогуле не сенсацыя — абраз Хрыста, які «лічыцца адным з найлепшых твораў Дамеля», на стале рэстаўратара ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску... «Пад гэтымі сімваламі пакуты і смерці, пад заслонаю тварэння ўласнага пэндзля, пад вялікім алтаром спачываюць астанкі самога Дамеля. Ані ў капліцы, ані ў надворнай яе сцяне грабніцы мастака няма — маўзалеем яму служыць уласны твор», — пісаў Уладзіслаў Сыракомля («Мінск», 1992 г., пераклад з польскай мовы Хрысціны Лялько), наведаўшы ў сярэдзіне пазамінулага веку капліцу на Кальварыйскіх могілках. Але пра які «маўзалей» ідзе гаворка? У цьмяных абрысах, у хаосе пашкоджанняў і забруджванняў рэстаўратару цяжка ўявіць тое, што бачыў Уладзіслаў Сыракомля. Адзінае, што сапраўды бачна і несумненна, дык гэта мноства разрываў палатна і пах распаду, тлену, тое жудаснае пачуццё, якое перажываеш кожны раз, калі сутыкаешся з варварскімі адносінамі да мастацкага твора... Для рэстаўратара ўсё пачынаецца з хіміка-фізічных даследаванняў і пробнай працы, па выніках якой складаецца «Праграма рэстаўрацыйных мерапрыемстваў» — так называецца дакумент, які папярэднічае кожнаму рэстаўрацыйнаму ўмяшальніцтву. Праца пачынаецца пасля зацвярджэння праграмы музейнаю рэстаўрацыйнаю радаю. Першы пункт праграмы гучыць наступным чынам:
1. Замацаванне асновы і фарбавага слою жывапісу з дапамогаю BEVA–374. ...Працэс рэстаўрацыі — гэта амаль медытацыя. Аднастайная праца патрабуе напружанай увагі, але падчас яе ў галаву прыходзяць самыя розныя думкі, тым больш, што на стале не праца невядомага мастака, а, напэўна, сапраўды, знакамітага Яна Дамеля. Вядома, што Ян Дамель пісаў карціны на гістарычныя тэмы, партрэты, пейзажы, шмат працаваў для касцёлаў, паспяхова праяўляючы сябе ў розных стылях — і класіцызм, і неакласіцызм, і рамантызм былі падуладнымі яго пэндзлю. У музеях Літвы, Польшчы і Расіі карціны мастака займаюць пачэсныя месцы. У Беларусі захаваліся ўсяго тры яго творы: «Святы Юзаф з Дзіцяткам Езусам» у вішнеўскім касцёле; «Святая Канстанцыя» — у Нацыянальным мастацкім музеі; «Вызваленне Паўлам І Касцюшкі» — у музеі Ваньковічаў у Мінску. Аднак ці ўсе гэта ведаюць? Як і тое, што Ян Дамель — беларускі мастак. Гавораць жа некаторыя, што гэта творца, так бы мовіць, трайной нацыянальнай прыналежнасці, а «па месцы адсідкі, несумненна, рускі». Спадабаўся яго пейзаж «Захад сонца ў Табольску» — дык можна і ў рускія мастакі запісаць! Калі ісці за такою логікаю, то і кардынал Свёнтэк, які «па месцы адсідкі» 10 гадоў правёў у Гулагу ў Інце і ў Варкуце, «таксама рускі», і такіх «рускіх» на постімперскай прасторы, і царскай, і савецкай, проста безліч — бяры і ўзбагачай рускую культуру! Ян Кшыштаф Дамель (1780–1840) нарадзіўся ў Курляндыі, у Мітаве (цяпер Елгава, Латвія). Скончыў Віленскі ўніверсітэт. 1820–1822 гг. правёў у ссылцы ў Табольску, Томску і Енісейску. З 1822 г. жыў у Мінску, дзе і пахаваны на «могілках мінскай арыстакратыі» — так назваў Уладзіслаў Сыракомля Кальварыйскія могілкі. І лепшы свой твор, сваю апошнюю карціну, Ян Дамель напісаў у Мінску, і цяпер яна рэстаўруецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Рэстаўрацыяй кіруе Аляксандр Лагуновіч, а дапамагаюць яму Святлана Ішмаева, Сяргей Шаціла і Кацярына Грачова. Праца працягваецца паўгода і блізкая да завяршэння. 2. Расчыстка адваротнага боку палатна. ...Чамусьці амаль заўсёды трэба даказваць, што гэта беларускае, а не польскае ці літоўскае, ці якое-небудзь яшчэ. Вядомая гісторыя. Гісторыя Беларусі, якую мы ўяўляем, чытаючы Адама Міцкевіча (чый ён?) і Францішка Багушэвіча (мужыцкі адвакат!). Гісторыя Беларусі, якую мы ўсё яшчэ адкрываем, у тым ліку праз Караткевіча і праз фотаздымкі Яна Булгака, углядаючыся ў твары і пейзажы ў амаль містычным нетутэйшым святле... Зрэшты, у гэтым выпадку ніхто нічога не аспрэчвае і не даказвае. Проста на рэстаўрацыйным стале ляжыць палатно, якое пакуль цяжка назваць карцінаю, але рэстаўрацыя дакажа, што гэта карціна, і належыць яна пэндзлю Дамеля, які жыў і працаваў у Мінску.
3. Выдаленне дэструктыўнага лаку, які страціў аптычныя ўласцівасці, з фарбавага слою жывапісу. ...Запыленае палатно памерам тры на тры метры прывезлі з экспедыцыі па «зачыненых культавых памяшканнях» яшчэ ў 1970-я. З асцярогаю расклалі на падлозе: здавалася, што старое палатно з разрывамі рассыплецца пад рукамі. Выява не чыталася. Паглядзелі, згарнулі ў рулон і змясцілі ў НДФ — навукова-дапаможны фонд, пад нумарам 2207. І гадоў на сорак быццам забылі. Тады ў музеі нават не было вялікага стала, таму што не было вялікай майстэрні. Не было і кваліфікаваных спецыялістаў. Іх увогуле не было. І незразумела было, што гэта за палатно. Не было магчымасці даследаваць. З часам многае змянілася, і аднойчы, правяраючы захаванасць палотнаў на рулонах, праверылі і НДФ–2207. Аварыйны стан палатна патрабаваў тэрміновага паратунку, апрача таго, ужо можна было даследаваць жывапіс, каб вызначыць яго месца ў калекцыі музея. ...Замацавалі аснову жывапісу і фарбавы слой. Расчысціўшы жывапіс ад памутнелага лаку, убачылі ў залатым ззянні анёла з чашаю і спакутаваныя вочы Збаўцы. «З’явіўся Яму анёл з нябёсаў і ўмацаваў Яго...»
4. Склейванне разрываў палатна, выраб «пратэзаў» для страчаных частак палатна. ...Няўжо гэта тая карціна, пад якою, назваўшы яе найлепшаю ў сваёй творчасці, Ян Дамель завяшчаў пахаваць сябе? У аснове кампазіцыі карціны — евангельскі тэкст ад Лукі, адзіны, у якім гаворыцца пра з’яўленне анёла напярэдадні ўкрыжавання Хрыста. Няма ні змораных сном вучняў, ні ўзбуджанага натоўпу на чале са здраднікам, ні задняга плану... За спінаю Хрыста — цемра. Кампазіцыйны рух імкнецца ўверх — там анёл у залатым ззянні, і туды звернутыя спакутаваныя вочы Збаўцы. Мастак выбраў сюжэт, які падкрэслівае трагічную адзіноту Хрыста. Быць ці не быць — гэта не пра Бога, а пра чалавека. Магчыма, у апошнія гады свайго жыцця Ян Дамель адчуваў гэта найбольш востра. Зрэшты, раней ці пазней трагізм адзіноты спазнае амаль кожны, каму дадзены розум... 5. Расцяжка палатна на падрамніку, выпрамленне дэфармацый палатна. ...Біяграфія Яна Дамеля магла б напоўніць сюжэт аповесці або фільма. Яго жыццё было насычаным прыгодамі, працаю, кантактамі з няпростымі людзьмі, барацьбою за існаванне. Што ні кажы, а тыя, хто нарадзіўся пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, жылі ў эпоху вялікіх узрушэнняў: нашэсце і разгром Напалеона, цяжар панавання Расійскай імперыі, філаматы і філарэты, масоны, шляхта, авантурысты, наёмнікі, касмапаліты... Дзіўна, але праз два гады пасля смерці Яна Дамеля высветлілася, што нікому не вядомыя абставіны яго нараджэння, выхавання, першых гадоў маладосці. І цяпер мы ведаем пра яго не больш, чым яго сучаснікі. І ведалі б яшчэ менш, калі б не яго далучанасць да адной крымінальнай справы — ён, рамантычна-бездапаможны, добры, няздольны на рашучыя ўчынкі, сябраваў з фальшываманетчыкам Ігнатам Цэйзікам — непераўзыдзеным ювелірам, «беларускім Банвенута Чэліні», адным з найбольш вядомых паўстанцаў 1830 года, які рабіў фальшывыя грошы, «каб падарваць эканоміку ворага», а пад канец жыцця так захапіўся гэтаю справаю, што яна стала для яго хваравітаю маніяй. Ян Дамель даў яму свой пашпарт для выезду за мяжу і забяспечваў яго папераю, на якой рабіліся фальшывыя асігнацыі. Вось і саслалі мастака ў Сібір, на ўсялякі выпадак, каб пазбегнуць магчымых наступстваў у будучыні...
6. Дубліроўка на BEVA–371 Film. ...У сувязі з гісторыяй пра фальшывыя грошы Дамель у архіўных дакументах згадваецца часцей, чым у сувязі з мастацтвам. Калі б не ўзбуджэнне следчай справы супраць Ігната Цэйзіка, Ян Дамель з’ехаў бы ў Пецярбург, бо яго незапатрабаванасць і безграшоўе ў Вільні былі ўжо невыноснымі. І быў бы ён тады сёння польска-літоўска-рускім мастаком, а не польска-літоўска-беларускім. Зрэшты, сібірскія пейзажы Яна Дамеля найлепшыя ў яго пейзажнай творчасці, асабліва «Захад сонца ў Табольску»... Пагадзіцеся, што трэба сапраўды мець талент, працалюбства, добры, вясёлы характар, каб, будучы ссыльным, пасябраваць з самім гаспадаром Сібіры — генерал-губернатарам. М. Спяранскі паходзіў з народу і прыцягнуў да сябе ўвагу імператара дзякуючы свайму працалюбству і здольнасцям, і менавіта гэтыя якасці ён убачыў і ацаніў у ссыльным мастаку. Пасля ссылкі Ян Дамель прыехаў у Мінск. Тут ён завяршыў свой жыццёвы шлях і тут напісаў сваю апошнюю карціну, якая... зараз будзе нацягнутая на падрамнік. 7. Нацягванне карціны на падрамнік. ...Ян Дамель адносіўся да сваёй творчасці як да рамесніцтва. Ён не чакаў ніякага натхнення, а проста браў заказ, выконваў яго ў тэрмін і атрымліваў за гэта грошы. У яго не было маёнтка, і яму заўсёды былі патрэбныя грошы. Ён шмат працаваў. ...Дзіўна, але калі з небыцця раптам паўстае карціна, фарбы якой захавалі ў сабе адбіткі пальцаў мастака, разумееш, што мінулае адваёўвае сабе месца ў будучыні. І менавіта рэстаўратар адкрывае далягляды будучыні для непаўторнага мінулага. 8. Стварэнне рэстаўрацыйнага грунту ў месцах страты жывапісу. ...Біяграфічныя дадзеныя Яна Дамеля вандруюць з выдання ў выданне. Віленскі перыяд яго творчасці добра пададзены Т. А. Карповіч у зборніку «Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» (выпуск 6, 2005 г.) дзякуючы дакументам, знойдзеным у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі — там захоўваецца і біяграфія мастака, напісаная ім самім. Успаміны і сведчанні яго сучаснікаў вельмі супярэчлівыя, але дакладна тое, што Ян Дамель — таленавіты рознабаковы мастак і яго карціна пасля рэстаўрацыі зойме належнае месца ў беларускім жывапісе XIX стагоддзя. 9. Нівеліроўка стратаў фарбавага слою карціны. Аднаўленне страчаных фрагментаў жывапісу. Пакрыццё лакам. ...Для рэстаўратараў ператварэнне старога запыленага палатна ў мастацкі твор — справа звыклая, але ў гэтым выпадку ўсе пагадзіліся: так, сенсацыя! Ян Дамель пазнаў бы свой твор «Малітва ў садзе Аліўным» пасля нашай рэстаўрацыі. І Уладзіслаў Сыракомля таксама пазнаў бы гэту карціну...
P. S. 21 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбудзецца прэзентацыя адрэстаўраванага твора Яна Дамеля.
|
|
|
|