Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(79)/2017
На кніжнай паліцы
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
У святле Бібліі

СПРАВЯДЛІВЫ ЭНОХ
Лёсы духавенства
Спадчына
Мастацтва

УБАЧЫЦЬ «АПОШНЮЮ ВЯЧЭРУ»

НДФ–2207
Інтэрв’ю

АДКУЛЬ Я МАГУ ВЕДАЦЬ, ШТО ГЭТА ГОЛАС БОГА?
Асобы

САРМАЦКІ МІЛЬТАН
Паэзія

ВЕРШЫ

І ЖАЛЬБА, І ПЯШЧОТА, І ЛЮБОЎ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ШЛЯХ ДА ЛЮБОВІ
Кіно

ХРЫСЦІЯНЕ Ў ГАЛІВУДЗЕ. ХРЫСЦІЯНЕ Ў МАСТАЦТВЕ
Асобы

«ПРАЦУЙМА, БРАЦЦЯ!..»

АБРАЗОК
На кніжнай паліцы

СВЯТЛО ПРЫГАЖОСЦІ
Роздум

УСЁ Ў СЛОВЕ…

Кс. Адам СТАНКЕВІЧ

ДОКТАР ФРАНЦІШАК СКАРЫНА —
ПЕРШЫ ДРУКАР БЕЛАРУСКІ (1525–1925)

Ліхія жыцьцёвыя варункі, як мы ўжо гаварылі вышэй, не далі вялікаму беларускаму друкару давясьці да канца яго друкарскую і літаратурную працу для «люду посполитаго». У 1525 г. ці, можа, крыху пазьней, надрукаваўшы ў Вільні «Апостала» і «Малую падарожную кніжыцу», Скарына быў прымушаны спыніць сваю ідэйную работу. Пасьля сказанага году ўжо больш нічога ня ведама, каб Скарына дзе што далей друкаваў.

Аднак зярняты, кінутыя вялікім культурнікам у родную зямлю, не заглохлі — яны дзе-нідзе на Беларусі і ў Літве абыходзілі і давалі плод.

Скарынаўскія выданьні сваёй дасканаласьцяй і прыгоствам з боку вонкавага, а такжа жывой народнай мовай, зразумелай для шырокіх масаў, былі прыкладам і прычынай такой жа далейшай работы як у беларусаў, так і ў суседзяў.

Так, напрыклад, Іван Фёдараў, друкар маскоўскі, меў пры сабе да помачы беларуса Пятра Мсьціслаўца і, друкуючы ў Маскве 1563–1564 гг. кнігі, пэўна ж, ведаў ад гэтага беларуса аб друках Скарыны і браў іх сабе за ўзор.

Асабліва выразна відаць уплыў Скарыны — і то з боку ідэйнага — на друкарства ўкраінскае. Ідэя друкаваць Сьвятое Пісаньне ў народнай мове па Скарыне насамперад прывілася на Валыні. У хуткім часе па Скарыне на Валыні паяўляецца аж чатыры кніжкі, друкаваныя па-ўкраінску: Эвангельле 1556–1561 гг. у м. Перасопніцы, Эвангельле 1595 г. у Уладзімеры, Новы Закон 1581 г. у м. Харашэве і Эвангельле 1595 г. у Луцку. За прыкладам Скарыны ўкраінскія друкары ўжо такжа друкуюць кніжкі дзеля дабра «люду посполітого».

Але, рэч зразумелая, найбольшае значэньне скарынаўскія друкі мелі для далейшага разьвіцьця беларускага друкарства і беларускай культуры.

Маю на думцы «Катихисис» Сымона Буднага, выданы ў Нясьвіжы ў 1562 г., і «Эвангелие» Базыля Цяпінскага без абазначэньня году выданьня.

Нясьвіскі «Катэхисис» зьяўляецца выразным насьледаваньнем скарынаўскіх друкаў як з боку вонкавага, так і ідэйнага.

Літары, якімі надрукавана большая часьць «Катихисиса», такія ж, як і ў скарынаўскіх праскіх друках. А ўзноў, літары, якімі надрукаваны прадслоўі да таго ж «Катихисиса», такія, як літары скарынаўскіх друкаў віленскіх.

Ясна, што Сымон Будны, аўтар «Катихисиса», ці мо выдаўцы яго, заказваючы літары, як узор давалі літары скарынаўскіх друкаў.

Ня меншы таксама ўплыў мелі друкі Скарыны і на ідэйны бок «Катихисиса».

Кніжка гэтая надрукавана такжа па-беларуску і з падобнымі прадслоўямі і пасьляслоўямі.

Вось для прыкладу некаторыя месцы з яго:

Докончана ест сия книга зовемая Греческимъ языкомъ Катихисисъ… Богу ко чти и посполитымъ людемъ языка рускаго къ наказанью и доброму наученію… Которое вѣры еси ты? Христианское вѣры. Што виненъ оумѣти Христианинъ? Чотыри речи умѣти, и водле того жити маеть.

Эвангельле Цяпінскага такжа шмат у чым залежнае ад скарынаўскіх друкаў беспасрэдна або пры пасрэдніцтве нясьвіскага «Катихисиса». Надрукавана яно, безумоўна, тымі ж літарамі, што «Катихисисъ», бо так, як ён, падобнае да друкаў Скарыны і тыя ж, што і «Катихисисъ», мае розьніцы ад гэтых жа выданьняў.

Апрача гэтага, у Эвангельлі Цяпінскага спатыкаюцца вялікія літары ў рамках, што і ў скарынаўскіх віленскіх друках, на пачатку разьдзелаў і ў загалоўках. Літары гэтыя, відаць, жыўцом перайшлі ў друкарню Цяпінскага.

Эвангельле Цяпінскага надрукавана такжа па-беларуску. «Евангелие, — кажа Цяпінскі, — вубогой моеи друкарни отмене выдруковано». Час выданьня няведамы, але ў кожным выпадку незадоўга пасьля «Катихисиса».

Маскоўскія друкары — «Moskwitin» Іван Фёдараў і беларус Пётар Мсьціславец — у 1564 г. з Масквы пераходзяць на Беларусь і ў Заблудаве, карыстаючы з прыхільнасьці гетмана Рыгора Хадкевіча, у 1569 г. друкуюць «Эвангеліе». Бяжэнства гэтых друкароў ня ў іншы край, але ў Беларусь, беларуская народнасьць аднаго зь іх, а такжа прыхільнасьць да друкарска-выдавецкай справы гетмана безумоўна сьведчаць аб вялікіх уплывах скарынаўскай працы і аб яе значным пашырэньні.

Далей бачым, што Пётар Мсьціславец пакідае Заблудаў і перабіраецца ў Вільню, дзе ў 1575 г. у друкарні братоў Кузьмы і Лукі Мамонічаў прадаўжае друкарскую працу, перарваную Скарынам.

Такім чынам, скарынаўская друкарская ідэя, пакінуўшы сьляды ў Маскве і ў беларускім Заблудаве, вярнулася ўзноў у Вільню як у цэнтар беларускай культуры і пачала далей цьвісьці і разьвівацца. Друкарня Мамонічаў, якая шмат што з друкарскіх прыладаў атрымала ў спадку па Скарыне, у канцы XVI ст. разьвівае шырокую і разнародную выдавецка-друкарскую дзеяльнасьць. Мамонічы друкуюць кніжкі ня толькі для Беларусі, Літвы і Ўкраіны, але такжа для Маскоўшчыны і для паўдзённых славян.

Пасьля Кузьмы і Лукі Мамонічаў разьвіваў працу сваіх папярэднікаў сын Кузьмы Лявон Мамоніч, каторага выдавецкая дзеяльнасьць пакідае значныя сьляды яшчэ ў першай палове XVII ст.

Побач з друкарняй Мамонічаў пад уплывам добрага пачатку Скарыны ў Вільні паўставалі іншыя. Так, напрыклад, ад 1585 г. да 1604 г. працавала там ужо друкарня каталіцкая, у 1596 г. — друкарня царкоўнага брацтва, ад 1608 г. да 1628 г. — друкарня Сьвята-Траецкага манастыра, ад 1611 г. да 1652 г. — друкарня Сьвята-Духаўскага манастыра ў Вільні і ў Еўі каля Вільні, друкарня ў Лоску, Магілёве і інш.

Усе гэтыя друкарні на працягу якіх 75 гадоў (1574–1650) выдалі, як кажа праф. І. Сьвянціцкі, 110 кніг, каторыя дайшлі да нас. А трэба ведаць, што ўся гэтая пазьнейшая ў нашым краі выдавецка-друкарская дзеяльнасць ёсьць сапраўды дзіця ідэй Скарыны, бо бадай уся яна носіць на сабе сьляды скарынаўскіх друкаў як з боку вонкава-тэхнічнага, так і з боку ідэйнага, ці зьместу.

Але на гэтым не спыняецца значэньне Скарыны на полі культуры беларускай і агулам краёвай. У яго культурнай дзеяльнасьці ёсьць асаблівыя рыскі, на якія такжа мусіма тут зьвярнуць увагу.

Ф. Скарына сваімі кніжкамі кінуў у беларускую зямлю зерне беларускай народнай культуры і зерне любові да свайго краю і народу. Ён першы асьмеліўся парваць зь бяздушнай стараславяншчынай і зьвярнуць вочы нашага народу на яго народную жывую мову, а гэтым самым — і на яго духовыя багацьці. Гэткай ідэяй Скарыны корміцца і сяньня народ беларускі і мае яе за пуцяводную зорку свайго адраджэньня.

Скарына праз свае кніжкі кідае ў беларускую душу зерне добра зразумелага дэмакратызму: ісьці ў народ і працаваць для дабра «люду посполитаго». Ён першы прыступіў да культурнай працы, маючы навоку найшырэйшыя і найцямнейшыя беларускія сялянскія масы. Раскрыць душу народу і паклікаць яе сілы да жыцьця было мэтай працы Скарыны. А думкі гэтыя нашага друкара сьвежы і цяпер: і мы сяньня не да чаго іншага імкнемся.

Скарына сваімі кніжкамі далучае Беларусь да агульнаэўрапейскай культуры. Ён першы ў нас уводзіць паняцьце аб сямі свабодных навуках, каторыя ў XVII ст. разьвіліся ў нас як належыцца.

Знаёміць такжа Скарына Беларусь і агулам з інтэлектуальнай працай Заходняй Эўропы. Так, напрыклад, ён пераносіць на беларускі грунт модную ў той час за граніцай навуку аб праве: «законы и права, — як сам кажа, — имиже люди наземли справоватися имають». Вось што аб гэтым Ф. Скарына гавора ў прадслоўі да кнігі «Второзаконие»:

Потреба тежъ ведати, иже Закон или право разноличнеся отлюдей называеть. Единое посполитое (jus naturale) понеже отъ всехъ народовъ посполите соблюдаемо ест… Другое право языческое (jus gentium), от многіхъ ибо языковъ ухвалено ест… Некоеже право Рицерское или военное еже на войне соблюдаемо бываеть… Иное пак право Местьское иное морское, а иное купецькое.

Словам, Ф. Скарына як вялікі культурнік даў беларускаму народу ўсё што мог, а мог дужа многа, бо паклаў асновы і зрубы пад народны беларускі дом, будаваньне якога сяньня беларускі народ паводле ўзораў свайго вялікага сына і вядзець далей.

Паводле: Станкевіч, А. З Богам
да Беларусі : Збор твораў. — Вільня:
Інстытут беларусістыкі, 2008. —
С. 123–125.

Гл. таксама:
Ірына БАГДАНОВІЧ :: КСЁНДЗ АДАМ СТАНКЕВІЧ ЯК ПАСЛЯДОЎНІК СПРАВЫ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ::


    * У тэксце захавана мова арыгінала.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY