![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
||||||||
№
4(82)/2017
![]() З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з Данутаю БІЧЭЛЬ з нагоды юбілею
«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...» Проза
Віншуем з юбілеем!
Паэзія
Пераклады
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура
|
— Данута, мне вельмі падабаецца, як ты апісваеш сваё першае прадчуванне творчасці ў эсэ «Толік Кіеня, месячны дожджык». Яно з’явілася ў цябе ў раннім узросце і ўжо ў маленстве вярэдзіла твае летуценні. А калі быў напісаны першы верш, і ці магла б ты яго прыгадаць? — Я крыху пісала пра гэта, таму буду паўтарацца… Рэня, старэйшая сястра, гуляла з сяброўкамі ў «Кошку і Мышку». Я толькі пачынала хадзіць. Босенькая, у кашульцы, злезла з ложка і ўчапілася за ўслончык, які стаяў пасярод хаты, а Рэніны сяброўкі, нашмат старэйшыя за мяне, не хацелі, каб я ім перашкаджала гуляць. Але нехта з іх мяне пашкадаваў: — Няхай пабудзе Мышкай! Тады Кошка спытала: — Мышка, Мышка, дзе была? — Акунь-дакунь, кунь-кунь-кунь, — адказала Мышка, бо размаўляць яшчэ не ўмела, да таго ж хвалявалася. Мяне пасля гэтак і дражнілі… Мабыць, гэта і быў мой першы «вершык». А ў пачатковай школе ў першым класе я напісала кароткія рыфмаванкі пра хлопчыкаў, якім настаўніца Любоў Антонаўна часта рабіла заўвагі на ўроках. Мае кароткія вершы змясцілі ў сценгазеце. Усе пачыталі, пасмяяліся. Гэта было зімой. Снегу было шмат. Наша школа знаходзілася на канцы вёскі ў хаце Ілюка Войдака — гэтак прозвішча гучыць па дакументах, а вясковыя называлі гэтую сям’ю Гойдавы. Звычайна мы хадзілі ў школу па пратаптаных сцежках. А тут я спалохалася, бо ўбачыла, што «героям вершаў» яны зусім не спадабаліся, і пабегла напрасткі па полі, па разорах. Хлопцы гналіся за мною і лупілі мяне снежкамі… Болей вершаў у нашай школе я не напісала, ды і паперы чыстай у мяне не было. Пасля чатырох класаў мяне пакінулі пасвіць каровы, таму 1949 год я прапусціла. 2 верасня 1950-га сястра прыйшла да мамы, каб нарадзіць Гальку ў роднай хаце — усе былі гэтым занятыя, а я ўцякла ў школу ў Дакудава. Пасля ўрокаў настаўнік прыйшоў да нас і ўгаварыў тату, каб адпусціў мяне вучыцца. Мы хадзілі ў школу праз лес. Каб дарога была лягчэйшай, пачалі ў рытм хадзе складаць вершы і так захапіліся вершаскладаннем! Калі школа скончылася, у мяне застаўся чысты сшытак у клетачку. У вольную хвілінку я ішла ў лес, да магілкі, дзе быў пахаваны кучаравы палонны салдат, якога немцы вялі па гасцінцы, а я яго, з іх дазволу, напаіла сырадоем… Каля яго магілкі я пісала вершы і пра вайну, і пра героя, які загінуў за мяне і спачывае ў нашым лесе, а навакол пяюць птушкі, цвіце шыпшына, пахне багун і спеюць сунічкі. Мама маім сшытачкам падпаліла дровы ў пліце… На першым курсе ў лідскай педвучэльні я напісала верш пра пятачок пад ліпкамі, на якім моладзь танцавала пад гармонік. Я гэты верш прачытала са сцэны, калі ў педвучэльню прыехаў Кандрат Крапіва. Класік тады сказаў, каб я прыслала верш у «Вожык», але я не паслала яго. Затое ўсе пачулі, што я спрабую складаць вершы, да мяне падышлі Нэля Пазняк і Анатоль Кяўлюк і прапанавалі далучыцца да іх, каб выдаваць сценгазету. Першакурсніцу з вясковай школы прынялі ў склад рэдакцыі сценгазеты, якую выпускалі сябры са старэйшых курсаў! Там я і друкавала свае вершы…
— А калі з’явіўся твой першы верш у рэспубліканскім друку? — Тады, калі я скончыла педвучэльню і паступіла ў Гродзенскі педінстытут. На сустрэчу да нас прыехалі з Мінска Пятро Прыходзька і Сяргей Грахоўскі. Яны выступілі ў вялікай аўдыторыі, а пасля на літаратурным гуртку, які я наведвала. Вось тады яны і ўзялі мой верш «Роднае слова». 12 лютага 1958 года яго надрукавалі ў «ЛіМе». З тае публікацыі ўсё і пачалося.
— З усяго табою напісанага я найчасцей перачытваю твой паэтычны цыкл «Водар і шолах». Мне здаецца, што ў сучаснай беларускай паэзіі ніхто не здолеў так паэтычна і ўзнёсла апісаць кветкі і зёлкі нашай зямлі, ніхто не перавязаў іх такім тугім і моцным перавяслам любові і захаплення. Як ствараўся гэты цыкл і ці захавалася ў душы сённяшняй гараджанкі тая любоў і замілаванасць да прыроды, да вясковага жыцця ўвогуле? — Я доўга збірала гэтыя вершы, прыглядалася да зёлак на лузе і ў лесе, назірала за птушкамі. Але найбольш усё вывучалася само сабою з вясковага жыцця ды з народных песняў. Мая вёска лячылася зёлкамі. Цётка Броня вылечвала шэптам урокі, пярэпалахі, «ружу», здымала боль з цела. Калі я пісала апавяданні ў кнігу «Правінцыя святога Францішка», мая суседка па доме, Яўгенія Арцукевіч з вёскі Курпікі, расказала, што яе бабуля Параска зёлкі сама не збірала, а брала ў лес сваіх малых унучак, у якіх яшчэ не было «месячных», каб зёлкі былі чыстыя. І ў Элізы Ажэшкі нешта падобнае ўспамінаецца, але я раней гэтага не ведала… Зоська Верас у маладосці вывучала зёлкі, сабрала і выдала ў Вільні ў 1924 годзе батанічны слоўнік на чатырох мовах. Аляксей Карпюк з мяне смяяўся: «Ты ўсё пра кветачкі ды пра ягадкі, а калі ж будзеш пісаць пра жыццё?!» А Васіль Быкаў успрымаў мае зёлкі ўсур’ёз. Ён мяне аднойчы так пахваліў: «У цябе атрымалася поўнае вядзёрка ягадкаў з вяршком!» Карпюк хацеў, каб я пісала вершы на грамадскія тэмы, а Быкаў успрымаў мяне такой, якой я была… Я і цяпер памятаю той грудок на ўскрайку Масцішчаў, дзе мы з Эрыкам набралі поўны кошык баравічкоў і яшчэ збіралі ў кашулю. Гэта былі апошнія Эрыкавы баравічкі. Я шчаслівая нават ад успамінаў. Мяне цягне ў лес і на луг, я сумую па сваіх сцяжынках, і сум гэты светлы.
— Данута, у цябе шмат паэтычных радкоў, прысвечаных роднай мове. Ты пішаш, што «нават дробнае слоўца нам долю звястуе». А як складваліся на працягу жыцця твае адносіны са словам? Ты па-ранейшаму давяраеш слову? — Некалі маладыя паэты, якія збіраліся ў Музеі Максіма Багдановіча ў Гародні, нібы жартам, супакойваючы сябе, казалі, што будзем пісаць, як умеем, а карэктары нас паправяць. З гадамі мне было ўсё цяжэй шукаць праўдзівае слова, бо настаўніцай мовы была мая вёска, мая мама, вясковая песня. Я так ім давярала, што не магла зразумець, чаму нельга ўжываць слова «чата», калі мама так называе і дажджавую хмару, і злосную суседку. А ў польскай мове ёсць адказ: «чата» — вайсковая адзінка… У нас ніхто не казаў «сёння», казалі «дзісь»; не было слова «суніцы», бо гэта «паземкі»… Мне непрыемна, калі папраўляюць словы «шмат» на «багата», «дзяружку» на «радзюшку». Я не люблю словаў «суворы», «агаломшаны»; у нас кажуць «круча» над Нёманам, а на Нёмане кажуць «вір». Кожнае роднае слова трымаецца на душы, на духу, на вышыні і глыбіні. Усе разважанні пра роднае слова — гэта разважанні пра наш неабдымны скарб, пра вялікае шчасце, у якім мы купаемся ўсё жыццё...
— Наколькі, на тваю думку, слова здольнае перадаць рэчаіснасць? — Слова здольнае перадаць усялякую рэчаіснасць, усе тонкія перажыванні душы, усе нюансы жыцця, пачуцці, усё, што вочы бачаць і вушы чуюць, і чаго не бачаць — таксама. Для слова няма ніякіх абмежаванняў, яно здольнае на ўсё, яно змяняе час, межы, станы рэчаў, бо «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго», — так сказана ў Евангеллі ад Яна. Беларускі народ, на жаль, страціў роднае слова і згубіў галаву, падурнеў. Мова людзей стала беднай, абмежаванай, яна не ўсведамляецца імі як родная, і па-руску гавораць абы-як…
— А што для цябе верш — гэта дыялог, размова з людзьмі і светам, з Богам, ці ўсё ж твой унутраны маналог, імкненне выказацца? — У залежнасці ад формы і зместу верш можа быць і сумоўем са светам, і размоваю з Богам, і з самім сабою. Можа быць чыстай інфармацыяй або ацэнкаю ўчынкаў і вялікіх падзеяў у грамадстве, можа быць і дыялогам: «Гэй, Музыка, можаш мне на адной сыграць струне?.. — А чаму ж бы й не?..» Я люблю такія вершы і чытаць, і складаць, але ў мяне іх няшмат. Кароткім вершам можна ахапіць увесь свет і перавярнуць усё ўверх дном. У бедным на прыгоды і вандроўкі жыцці я мела адзіны прыемны занятак, асалоду, маленне, адхланне, адпачынак і стому — складаць вершы… Верш — гэта нейкая нябачная, але не зусім бесцялесная істота, з вершам ты не адна. Верш, які ўдаецца, робіць цябе шчаслівай надоўга, часам на ўсё жыццё. Ты вяртаешся да яго, паўтараеш у цемры, калі не спіцца, — ягоныя словы, вобразы цябе грэюць. І верш збліжае цябе з іншымі людзьмі, знаходзіць табе сяброў. Найлепшы спосаб сумоўя — размаўляць вершамі… А як няма нікога — рэцытаваць вершы Богу. Бывае, ад верша ўразаецца ў памяць, застаецца адзін радок, і ён такі значны! Калі я еду ў Скідаль маршруткай і нехта выходзіць на прыпынку «Саволеўка», я ўспамінаю паэта Валодзю Шурпу і яго верш «Стаіць на зямлі Саволеўка»! І болей нічога не трэба. Оля Хвашчынская стварыла на мой верш песню пад гітару — да аднаго верша дадала два радкі з другога, бо ёй іх не хапала: «І я дацярплю тут пры кожным рэжыме, я буду маліцца, і Бог мяне прыме». Алесь Дзянісаў з двух радкоў стварыў песню: «Паміж сонным сонцам і соннай зямлёй душа размаўляе з душой». А настаўніца з вёскі Сялец, Яўгенія Барысаўна, калі ўнучка нарадзіла хлопчыка, патэлефанавала мне і кажа: «Якое шчасце, што буслік прынёс мне праўнука. Нарадзіўся, таму не згубіўся!»
— Паэзія для цябе — гэта ўцёкі ад рэчаіснасці ці, наадварот, жаданне яе зразумець? — Ад жыцця, ад людзей, ад самой сябе нельга нікуды ўцячы, можна на нейкі час схавацца, каб адпачыць ці залізаць раны. Але гэта раскоша, якую можа сабе дазволіць толькі спакойны і забяспечаны чалавек. Мне гэта не ўдалося, таму я не ўцякаю ад людзей, наадварот, іду насустрач, раскрываюся перад імі да астатку, ніколі не пакідаю сабе ніякай заслоны, нічога. Гэта мой вялікі недахоп, а можа, і хвароба. Пра гэта я і пішу: «Драбносткі жыцця мяне гоняць, як крыгу, сціскаюць і раняць. І людзі чытаюць, як простую кнігу, // мой боль, маю радасць // Прастадушнасць»… Паэзія, вершаскладанне і сталі прычынай таго, што мне прыходзіцца бескарысліва служыць людзям, асабліва старым, адзінокім, пакінутым і пакрыўджаным. Дапамагаць паэтцы са Смаргоні Веры Вайцюль укласці адзіны зборнік вершаў «А музыка гучала». Раней прыходзілася дабываць і пасылаць лекі, бо мая зямлячка Марыя Рудзь у Гародні была загадчыцай аптэкі. Я ахвотна бяруся за такую бескарыслівую работу, як, напрыклад, набраць тэкст на кампутары. Я заўважала, што калі хітрыя людзі ўцягвалі мяне ў размовы з асуджэннямі або выцягвалі з мае душы нейкія сакрэты, якіх я выдаваць не павінна была, ці проста раскручвалі мяне на балбатню, пасля, астаўшыся без іх, я «ачышчалася» ад гэтага граху вершамі. Але маліцца Ружанец і Вяночак — гэта яшчэ лепей...
— Ці змяняюцца твае пачуцці з узростам і ці змяніліся твае адносіны да людзей, да жыцця, да свету? — Вядома, і пачуцці змяняюцца, і адносіны да людзей змяніліся. Я стала больш памяркоўнай, навучылася прымаць людзей такімі, якімі яны ёсць, паважаць і выслухоўваць людзей, якія думаюць не так, як я. У цяжкіх для мяне сітуацыях аддаюся на Божую волю, прашу ратунку ў Бога, давяраю сваё жыццё і жыцці сваіх дзяцей святому Антонію. Але і адгароджваю сябе ад агрэсіі, ад людзей, якія мяне не любяць, я стараюся іх зразумець, але не імкнуся ім падабацца, а каб не раздражняць іх, трымаюся ад іх, па магчымасці, на дыстанцыі. З нейкага часу я пачала востра адчуваць халодных, злосных людзей. Яны ёсць усюды, у касцёльных супольнасцях, на жаль, таксама. Я стамляюся ад натоўпу ў абмежаванай прасторы — мне пасля баліць галава, я дрэнна сябе адчуваю. Можа, гэта таму, што ў маладосці я шмат чытала вершаў перад рознымі аўдыторыямі. Часамі нехта мяне пазнае, гэта старэйшыя людзі. Вядома, у восемдзесят гадоў найлепш бы жыць на аднаселлі, за плотам, у садку, у сваім доме, з роднымі людзьмі. Але нічога такога я не прыдбала. Найчасцей пры вырашэнні нейкіх жыццёвых праблемаў у мяне не было выбару, але Нехта, Невідочны, падказваў мне, як жыць, куды ісці, з кім быць. А з вялікім светам наладзіць адносіны немагчыма. Я толькі слухаю ды перажываю за ўвесь свет і за кожную малую істоту ў ім.
— Ты напісала калісьці: «Абняла мяне Беларусь, запаланіла, трымае…» Ці па-ранейшаму трымае гэтак жа моцна, нягледзячы на ўсе расчараванні і боль? — Калі я пісала гэты верш, думала, што можна рабіць выгляд, быццам ты не заўважаеш некаторыя непрыемныя табе з’явы ў грамадстве, і такім чынам можна быць вольнай ад іх, заставацца сабой. Не баяцца саветаў — і яны цябе не дастануць. Гэты спосаб думак і паводзінаў я атрымала ад таты, ад хутара, знаходзячыся ў тую страшную вайну ў такой маленькай, але ў такой мудра пабудаванай хаціне, у якой лёгка схавацца: уцячы з печы — у сена на гарышчы, з гарышча — праз шчыт — у лес, у стог саломы. Такое павярхоўнае, прымітыўнае разуменне гэтай страшнай «машыны», якая кацілася па нашай зямлі, разбурала ўклад жыцця звонку і знутры, разбурала культуру быту, нашу псіхіку. Я любіла Беларусь тую, якою яна была да саветаў. А маё актыўнае жыццё прыпала на 60–80-я гады, прайшло пры саветах. Я паехала ў горад, дзе савецкасць была на паверхні, людзі кланамі захоплівалі ўсё, што можна было захапіць, маёмасць, пасады, і ўзбагачаліся тайна — багацце нажываецца скупасцю і несумленнымі камбінацыямі. Касцёлы працавалі падпольна. А я была тут, як гэтая мая варонка, якую яе сястрыца выкінула з гнязда, каб болей корму ад бацькоў было ёй, і цяпер варонка жыве ў маёй кватэры. Я па-свойму трымалася за Беларусь — за Быкава і Карпюка. Беларусь, пра якую я напісала ў вершы, — гэта мае бацькі, дзядзькі, цёткі, сваякі.
— Большасць жыцця ты пражыла ў Гродне… — Так, гэты горад я выбрала на жыццё, і гэта таксама мая Беларусь. І горад гэты цудоўны, гістарычны. І прайшло па яго вуліцах шмат магутных духам, сапраўдных людзей, і засталася па іх моц духу. Тут жылі вялікія князі, каралі, паўстанцы Кастуся Каліноўскага. Святы Максімільян Кольбэ ды слуга Божы Мельхіёр Фардон неслі паслугу ў нашым францішканскім касцёле. І на мяне, і на маіх дзяцей уплывае высокая культура гэтага горада, архітэктура яго вуліц, яго будынкаў самых розных стыляў — готыкі, мадэрну, барока, канструктывізму і эклектыкі, строгіх вежаў святыняў усіх канфесій; найцудоўнейшых узораў з камення і маёлікавых плітаў на сценах з плінфы на Каложскай царкве, самай старажытнай у Беларусі і ва ўсёй усходняй Еўропе; прыгожых надмагільных помнікаў на старых могілках, цудоўных кованых балконаў, крыжоў, агароджаў, драўляных ліштваў рэзчыкаў па дрэве, гліняных вырабаў, ткацтва, вышыўкі, фатаграфіі… Майстры ўсіх відаў прафесійнага мастацтва, літаратуры, тэатра і музыкі нараджаліся ў гэтым горадзе і неслі ў свет славу пра яго. Усё гэта ў духоўным ужытку творцаў, усё вывучаецца, пераасэнсоўваецца і ўплывае на духоўны рост. Дзяцінства паэта Максіма Багдановіча, магіла яго маці, дзейнасць юнай Зоські Верас у Гародні далі мне магчымасць праявіць і сваю грамадскую актыўнасць. Ствараючы ў 80-90-я гады Музей Максіма Багдановіча, я апынулася ў самым сэрцы грамадскага руху Гародні і ўсёй Беларусі. Гэта быў час, калі развальваўся Савецкі Саюз, людзі ехалі ў свет, шукалі Беларусь, і дом Паэта чамусьці аказваўся на скрыжаванні гэтых шляхоў.
— Тваё літаратурнае пакаленне моцна ўпісана ў сацрэалізм. Наколькі табе асабіста ўдавалася з яго вырывацца? Каму з нашых творцаў, на тваю думку, гэта найбольш удалося? І наколькі гэты метад у беларускай літаратуры аказаўся жывучы? — Аркадзь Куляшоў і Пімен Панчанка напісалі прыгожыя вершы ў сацрэалізме. Максіму Танку было цяжэй з еўрапейскай культуры прыстасоўвацца да сацрэалізму, але і ў яго атрымалася. Усе, каму Бог даў талент і працавітасць, вырваліся з сацрэалізму і напісалі, што змаглі. Я адставала ад свайго пакалення, бо жыла не ў сталіцы, далёка ад сталічных рэдакцый. Я працавала на поўную нагрузку ў школе і была хатняю гаспадыняй. Неяк жыла сама па сабе. Цяжка было, але я не здавалася, і мне Бог даў крыху больш часу. Магчыма, у сваіх лепшых вершах мне ўдалося пазбегнуць унутранай цэнзуры, якую ў нас выхоўваў сацрэалізм… Сацрэалізм — гэта тэматычнае абмежаванне творцы, і яно цягне за сабой абмежаванне формы. І ў нашым духоўным часопісе ёсць свае абмежаванні. І аўтар сам сябе абмяжоўвае. Я арыентавалася на тых, каго паважала: пры сацрэалізме гэта былі Васіль Быкаў, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік. Цяпер — гэта мае чытачкі: вясковая настаўніца на пенсіі Яўгенія Кулевіч і ўся яе сям’я, мінская медычка, таксама ўжо на пенсіі, Аня Дораш, паэтка з Брэста Святлана Варонік. Я пішу для іх толькі пра светлае… Не магу ацэньваць маладую літаратуру, бо чытаю толькі паасобныя творы. Люблю сваіх калегаў з малых местаў і вёсак — Алеся Зайку, Аляксея Белага, прозу Валодзі Васько. Гэтых аўтараў мала ведаюць… Беларуская літаратура — багатая, квяцістая, разнастайная, яна прадаўжае развівацца і набірае моцы, знаходзіць новыя тэмы, новыя кірункі пры ўсіх уладах, войнах і няволях. Чытачоў у яе мала, але літаратура ствараецца, і на ёй таксама трымаецца Беларусь...
— Данута, два твае ўнукі паехалі ў свет. Як ты адносішся да гэтага іх выбару? — Цяпер у свет едуць не толькі ўнукі, а нават мае равеснікі і равесніцы. Добра павандраваць па свеце і ўбачыць жыццё ў іншых краінах. Мне падабаюцца сустрэчы моладзі свету з Рымскім Папам. Гэта цудоўна! З маіх унукаў у свет паехаў Стась Ільін. Ён працуе дальнабойшчыкам, піша прозу пра сваё жыццё ў Амерыцы. У выдавецтве «Логвінаў» выйшла яго кніга «Ветравое шкло» на рускай мове — дзённік дальнабойшчыка. Сябры, якім я падаравала Стасеву кнігу, кажуць, што яна чытаецца лёгка, здзіўляюцца, што ў Амерыцы нашай моладзі жыць не так проста, як мы тут думаем. Апавяданні Стася Ільіна публікаваліся ў «Дзеяслове», «Верасні», «Макулатуры», «Новым часе», у альманаху «Новы замак», у краязнаўчым часопісе «Охота и рыбалка», і таксама мелі добры водгук. А яшчэ ён прывозіў ці дасылаў нам часопіс «Дальнобойщик Америки», у якім вёў сваю рубрыку «Інтэрстэйты», дзе пісаў пра амерыканскія аўтамагістралі. Рэдактар часопіса Віталій Барушка ў мінулым быў праваслаўным святаром, і гэта адчуваецца па хрысціянскім змесце часопіса. Я з вялікай цікавасцю чытала Стасевы эсэ, у якіх ён апісвае аўтастрады, гісторыю іх пабудовы, розныя сустрэчы і прыгоды на дарогах. Мой унук у вольны час піша і прозу, і вершы, і тэксты для «крычашчага» рок-гурта — так ён называе гурт, у якім грае на бубне і розных бразготках. Стась мае сяброў не толькі ў Філадэльфіі, але і ў розных канцах свету — ён злавіў гэты сучасны рытм жыцця… Малодшы ўнук Антось пакуль што вучыцца ў Беластоку, але гэта амаль Беларусь. Унук Андрэй спрабуе арганізаваць сваё жыццё ў Гродне. Я ўсё ж лічу, што людзям трэба жыць там, дзе яны нарадзіліся, але мае ўнукі вырашылі іначай. Зрэшты, наш дзед Адам у пачатку мінулага стагоддзя таксама з’ездзіў у Амерыку пашукаць заробкаў, але яму не ўдалося выйграць у карты востраў, як аднаму чалавеку з Забалотні. Дзед вярнуўся дадому і дзякуючы гэтаму нарадзілася мама, а ў мамы — я.
— Ты нарадзілася на Лідчыне ў Біскупцах, пра якія ты пісала, што яны «агарнулі ўсю Беларусь». Твае родныя Біскупцы па-ранейшаму для цябе цэнтр сусвету? — Толькі ў снах… Які ж гэта цэнтр сусвету, калі я туды прыязджаю толькі на Задушны дзень? Цяпер цэнтрам з’яўляецца мая кватэра ў Гродне на першым паверсе па вуліцы Кастуся Каліноўскага, побач са стадыёнам, пабудаваным на былых габрэйскіх могілках. Калі не стала маёй сястры Рэні, Біскупцы для мяне ператварыліся ў светлы настальгічны ўспамін. Калі казаць пра Біскупцы як мой сінонім Беларусі, то гэта тое месца, дзе сфармавалася мая адказнасць перад людзьмі, сярод якіх я жыву. Гэта той уклад жыцця, які дала мне вясковая супольнасць. Да прыкладу татавай дабрыні і мамінага ўмення ўсіх накарміць, амаль не маючы прадуктаў, дадаўся прыклад цярплівай дасканаласці святога Францішка з Асізі, якога я выбрала на пэўным адрэзку свайго жыцця як свайго літаратурнага і духоўнага Настаўніка, зразумеўшы, што несвядома наследавала яго з першых сваіх крокаў. Калі ў Гродне жыў францішканін Юзаф Макарчык, мне было лягчэй, бо я мела магчымасць размаўляць з ім як з жывым святым Францішкам, але цяпер яго няма, а святы Францішак ёсць… І мае Біскупцы мяне чакаюць…
— У цябе ёсць паэтычная кніга з прыгожаю назваю «Іду сцяжынаю да Бога». Калі і дзе пачалася гэтая сцяжына, і як табе па ёй ідзецца? Ці заўсёды знаходзіш кантакт з Богам? — Я нарадзілася — і пачалася сцяжына. Мяне хрысцілі на Божае Нараджэнне! Я паспела атрымаць Першую Камунію, пакуль драўляны касцёл Перамянення Пана ў Гаўі зачынілі, а ксяндза саслалі — не ведаю куды, бо з высылкі ён паехаў у Польшчу. Некалькі разоў з мамаю мы хадзілі пешкі ў Ліду ў фарны касцёл. Памятаю вялізныя чэргі да споведзі… Пасля я вучылася ў педвучэльні ў Лідзе і жыла ў доме тарцыяркі Ядвігі: Франя з Манюсяй прынялі мяне ў цесны пакоік, дзе яны ўжо год здымалі «шчылінку» за прыгожым старым крэдансам. У тым доме жылі толькі старыя святыя людзі. Наша гаспадыня ў вялікія святы праводзіла нас на касцёльныя хоры. У Гародні я не хадзіла на Імшу — была студэнткай камсамолкай. На падсвядомым узроўні, пад скуру, нам уводзілі «вакцыну нявер’я». Але я заходзіла ў гродзенскія касцёлы — сядзела ціха, не малілася словамі. Мама малілася за мяне. Але ружанчык я мела заўсёды. Дома быў польскі малітоўнічак, мама навучыла мяне гаварыць балесныя таямніцы, і я іх адмаўляла. Чамусьці наша вёска вясною пад крыжам і зімовымі вечарамі ў чыёй-небудзь хаце адмаўляла менавіта балесныя таямніцы… Пасля смерці майго мужа Эрыка, пасля ўсяго грэшнага жыцця, я паехала да споведзі да ксяндза Уладзіслава Чарняўскага ў Вішнева, аб чым я напісала ў вершы, які друкаваўся ў «Ave Maria». Божыя сцяжынкі прывялі мяне да вас, у «Про Хрысто», бо вы мяне паклікалі. Кантакт з Богам — гэта інтымная справа, таямніца душы. Я малюся з усімі людзьмі ў фарным касцёле на Імшы па-беларуску. Мая вера на наіўным узроўні, гэтак вераць простыя жанчыны. У хвіліны адчаю і смутку я малюся больш, чым калі ўсё добра. Бывае, што малюся ноччу, да знямогі. На малітву патрэбны духоўныя сілы...
— Увогуле, тэма дарогі, хады выразна выяўлена ў тваёй творчасці. Гэта відаць нават у назвах тваіх кніг: «Дзе ходзяць басанож», «Хадзі на мой голас», «Мост святога Францішка», «Іду сцяжынаю да Бога», і сваю новую кнігу, якая рыхтуецца ў нашым выдавецтве «Про Хрысто», ты назвала «Дайсці да Каложы». Што для цябе значыць дарога, шлях? Ці ўсе напрамкі выбіраліся абдумана? Ці задаволена сваім жыццёвым шляхам? — Мае дарогі, дакладней, сцяжынкі, вялі мяне спачатку па ягады і па грыбы, а пасля — на працу і ў крамы. Калі дарога кароткая, то ходзіш па ёй і аглядаеш уважліва, фіксуеш зрокам наваколле, якое робіцца часткаю цябе. Імкнешся быць асцярожнай, уважлівай да людзей, якіх сустракаеш на сваім шляху кожны дзень: калі няма часу паразмаўляць з імі, то хоць глянуць прыязна, усміхнуцца. Я не выбірала абдумана жыццёвых шляхоў і напрамкаў. Усе мае жыццёвыя ўчынкі на эмацыйным узроўні. Але Нехта кіраваў маім жыццём. Я ўжо сказала пра гэта ва ўступе да кніжачкі, якую мы рыхтуем. «Дайсці да Каложы» — гэта жаданне дайсці да поўнай дасканаласці, зліцца з родным краявідам, з Нёманам, які вызначае адметнасць нашай зямлі, па цячэнні якога я прайшла, не адрываючыся ад яго; зліцца з зямлёю, і, калі Бог будзе ласкавы, з небам над роднай зямлёю. Дайсці да глыбіні па шляху, якім прайшлі мае продкі, аддацца на Божую волю. Вярнуцца туды, адкуль прыйшла. Вярнуцца сціпла і незаўважна…
— Данута, ты даўно заняла сваё адметнае і значнае месца ў беларускай паэзіі — за кнігу «Дзе ходзяць басанож» у свой час атрымала Дзяржаўную прэмію імя Янкі Купалы. Чаму ўсё ж прыйшла да прозы? — У маладосці я зрабіла адну пастанову: паколькі я дзяўчына, маім бацькам трэба, каб я выйшла замуж, бо так у вёсцы прынята, і таму буду пісаць толькі вершы, бо на іх не трэба траціць шмат часу… Гэтая пастанова не запісвалася як дэкларацыя. Я выхоўвала дзяцей, варыла бульбу, якая падгарала, бо я забывала пра яе, пісала вершы! Працавала на поўную стаўку настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, да прыходу з працы строгага мужа прыбірала кватэру. Усё так цягнулася, пакуль дзеці не падраслі і не памёр муж, які быў дзіцём вайны… Мне трэба было неяк зарабіць крыху больш сродкаў. Тады я пачала пісаць рэцэнзіі ў «Лім», у часопіс «Беларусь», дзе працавала ты, мая маладая зямлячка. А калі ты мяне запрасіла ў часопісы «Наша вера» і «Ave Maria», я зразумела, што тут трэба рабіць звычайную журналісцкую работу. Калі я пісала пра Янку Купалу, я змарнавала шмат паперы, бо не ўмела будаваць сказы: вершаваная мова зусім не такая, як мова прозы. Памятаю, як вы мне прапанавалі напісаць пра Канстанцыю Буйло, як я збірала сведчанні ў людзей па тэлефоне і пазнаёмілася з настаўніцамі беларускай мовы абодвух Вішневаў, як размаўляла пра Буйлянку з Нілам Гілевічам… Гэта давала столькі прыемных эмоцый! У часопісе «Наша вера» друкаваліся мае эсэ пра тых, каго я помню і люблю. Тады з’явіўся да мяне Павел Мажэйка з прапановаю скласці кнігу прозы для «Гродзенскай бібліятэкі». Кнігу я назвала «Хадзі на мой голас». Яна выйшла ў 2008 годзе. Тады думалася, што гэта будзе адзіная кніжачка прозы ў маім жыцці. Мы яе так хораша прэзентавалі — у Біскупцах, на Рэніным надворачку, перад сёстрамі і сваякамі! Рэня сядзела ў цэнтры і чытала мае вершы, якія толькі ў яе галаве захаваліся. Гэтая прэзентацыя засталася на «YouTube», толькі трэба напісаць на Яндэксе словы «Хадзіце на мой голас». Хлопцы бралі мяне ў свае падарожжы. Нельга забыць паездкі ў Мінск, у Воранава, у Бярозаўку, Наваградак, Любчу з заездам у Васілішкі да хаты Чэслава Нёмана! Алёша і Алена Белыя запрасілі нас у Баранавічы, дзе мы сустракаліся ў двары пад яблынькай у грэка-каталіцкага святара Яўгена Маліноўскага. Алёша і Павел мне паказалі Завоссе! Саюз беларускіх пісьменнікаў выдаў маю кнігу «Мост святога Францішка» ў 2010 годзе. У ёй я сабрала свае думкі пра літаратуру. Кнігу «Правінцыя святога Францішка» ў 2013 годзе я выдала крыху недапрацаванаю… Невідочныя страхі падганялі мяне. Мне хацелася напісаць пра тыя пары сужэнцаў з розных культураў — усходняй і заходняй, якія злучыліся каханнем і гэтак аб’ядналі Беларусь… «Правінцыя…» разышлася як альбомная кніга сярод маіх сябровак, пра якіх пісалася… І без гэтай кнігі мая літаратурная дарога была б недабудаванаю. Кнігу выбранага з усёй маёй творчасці ў «Беларускім кнігазборы» мне падараваў ад Бога Кастусь Цвірка. Такім чынам ён як бы паставіў маю творчасць поруч з творчасцю Янкі Купалы і і іншых нашых класікаў. Калі на мяне нападае адчай ці проста хваляванне за мае літаратурныя сцяжыны, я ўспамінаю момант з прэзентацыі гэтай кнігі ў Гродне, які захаваўся на фатаграфіі: мужчына сярэдняга ўзросту прытуляе мой томік да грудзей…
— Данута, у тваім эсэ пра Элізу Ажэшку ёсць такая фраза: «Пра сябе напісала ўсё сама». Гэтыя словы можна было б аднесці і да тваёй творчасці. Скажы, калі ласка, а чаго ты яшчэ пра сябе не напісала і што хацела б напісаць абавязкова? — Мне цяпер жыць нялёгка, бо хацела б, каб мною апекаваліся дзеці, унукі, а ім няма часу, прыходзіцца самой апекавацца іншымі: і бяздомнымі сабакамі, і птушкамі, і хворымі сяброўкамі, і сляпым паэтам Алесем Чобатам. Здараецца, я перажываю ночы ў страху з-за прыгодаў майго сына, стамляюся, не сплю, але неяк усё само сабой урэшце вырашаецца, суцішваецца. Заўсёды дапамагае малітва да святога Антонія — калі няма сілы на звычайныя пацеры, шчыра прашу сваімі словамі, каб дапамог... Паколькі я не планавала сваіх літаратурных шляхоў, то не варта казаць пра тое, чаго не напісала. Бо калі пра гэта пачнеш гаварыць, трэба пачынаць пісаць. Ніякіх планаў і самаабавязкаў! Калі Бог дасць, то буду пісаць далей вершы і апавяданні пра тых, каго помню і люблю… Пісаць пра жывых людзей цікава і адказна, бо з імі трэба быць праўдзівай, не параніць выпадковым словам і не выдумляць няпраўды.
— Дзякуй за тваю шчырасць і твой талент, Данута. Ад уясяго сэрца і ад усіх калегаў віншую цябе з юбілеем і зычу шчодрай Божай ласкі, дароў Духа Святога, натхнення і сілы яшчэ доўга жыць і радаваць нас сваімі новымі творамі. Размаўляла Крыстына Лялько.
Гл. таксама:
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |