Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(82)/2017
З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam

САЛЕЗІЯНІН — СЫН КАВАЛЯ
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы

«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...»
Проза
Віншуем з юбілеем!

«ПАЧАКАЙ, ЗАТРЫМАЙСЯ...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ

Габрыэля ПУЗЫНЯ

ШПІЛЕЧКА З 1730 ГОДА

Катакомбы дамініканскага касцёла ў Вільні

Вільня. Касцёл Святога Духа і кляштар дамініканаў.
Малюнак Зыгмунта Вогеля.

Касцёл дамініканаў у Вільні мае глыбокія сутарэнні, населеныя памерлымі, нібы яшчэ адзін горад. Але з прыбыццём у Вільню ў 1850 годзе новага начальніка губерні быў выдадзены загад замураваць катакомбы назаўсёды. Такі загад абудзіў у многіх асобах ахвоту азнаёміцца з тым падзямеллем, аб якім ніхто датуль амаль не ведаў. Спяшаліся, пакуль быў час, а цікавасць і прывабнасць забароненага плоду перамагалі страх і гідлівасць. Маршалак П., правёўшы ўсю раніцу пад зямлёю з памерлымі, вечарам апавядаў нам з захапленнем, але і з жахам, што ён там бачыў, — а бледны, як труп, сам выглядаў нібы жыхар тых цікавых катакомбаў!.. Такая вялікая колькасць памерлых рознага стану і ўзросту наводзіла на розныя домыслы — прыходзілі думкі аб эпідэміі, вайне, пераследах; але забывалі, што час — найвялікшы знішчальнік людзей — без дапамогі паразаў і няшчасцяў, толькі сваёй заключанаю са смерцю дамоваю нагрувасціў тую грамаду нябожчыкаў, якія нас трывожаць, бо мы бачым іх усіх адразу і ў адным месцы.

Апавяданне маршалка П. было занадта жахлівым, каб магло заахвоціць узяць за прыклад ягоную адвагу. Але прайшло яшчэ некалькі дзён, і доктар Т., гледзячы на тыя катакомбы з паэтычна-гістарычнага боку, так настойліва і пераканаўча заахвочваў наведаць іх, нагадваючы, што праз пару дзён будзе ўжо запозна (бо загад замураваць меў вызначаны тэрмін), што, дадаючы адны другім адвагі, шматлікай групай і з дазволу ўрадавай улады, выбраліся мы ў падземную пілігрымку.

Было гэта зімой 1850 года. Дзясятая ранішняя гадзіна і святая Імша ў касцёле Святога Духа (былым дамініканскім) былі пунктам збору. Мясцовы пробашч і доктар Т. меліся быць нашымі праваднікамі, а цікаўных сабралася сем ці восем асобаў (пераважна кабеты). З касцёла калідорамі выйшлі мы на кляштарны дзядзінец; спускаліся мы па адным па каменных цагляных сходах, выслізганых, вышчарбаных, у цёмны доўгі лёх. Жаўнеры неслі перад намі паходні і свечкі, скляпенне нізкае, мур прамы, наздраваты і вузкі, як калідор, а пад нагамі хрумстанне стружак, сена і людскіх касцей, раскіданых, рассыпаных так густа, што іх немагчыма было абмінуць; да таго ж друз і каменне, такія ж белыя, як і косці, узмацнялі пачуццё гідлівасці і страху. Дзе толькі было крыху шырэй або якая ніша ў сцяне, усюды былі труны, пакладзеныя адна на адну, як паленне, ніводная з іх не была зачыненая, а ў некаторых прыпаднятае века. У адной труне ляжала маладая кабета, гадоў 120 назад туды пакладзеная! Аб гэтым сведчыла дата смерці на труне. На яе чапцы захаваліся карункі, а сукенка была муаравая жоўтая ці ружовая (цяжка было вызначыць пры свечцы), ручкі малыя і зграбныя, твар спакойны, рысы дробныя, але скура быццам з непаліраванага гіпсу… Далей дамініканін — рэльефныя рысы, нос гарбом, твар паважны, рукі складзены як для пацераў і святарскі крыж на грудзях. Іншыя зноў жахлівага выгляду, з перакрыўленымі вуснамі, з заламанымі рукамі, а каля іх кубламі спарахнелыя чэрві, нібы яны былі пахаваныя жыўцом у летаргіі і, абудзіўшыся ў труне, у роспачы каналі. Тут шкілет без адзення, з выгляду і па палажэнні спакойны, аднак з галавой набок і з рукамі, складзенымі à la Napoléon, такая пастава і скураная партупея на баку выдавалі ў ім рыцара.

— Гэта мусіў быць афіцэр, бо і шпага была, — чуецца голас жаўнера, які нам свяціў. — Але…,— дадаў ён праз хвіліну, — цяпер народ не такі рослы.

Там ізноў нейкая дама ў драцяным каптуры. З многіх трунаў выглядалі газавыя венгеркі і старасвецкія карункі, ніколькі не збуцвелыя. У некаторых зусім цэлая канфедэратка, і кармазынавая адамашка, і падушка атласная белая, а на той падушцы… галава трупа без цела!

Найбольшую нашу ўвагу прыцягнуў стары ў перламутравым жупане і кармазынавым кунтушы з адкіднымі рукавамі. Шкаплер, перакінуты праз спіну, трымаў у руцэ, а рукі — доўгія, дагледжаныя, і такая пачцівасць на твары, і такі спакой ва ўсёй паставе, выразна спачыў у Пану. Усіх немагчыма было пералічыць і пабачыць, навокал велізарная колькасць трунаў, а пад намі косці, прах і выкінутыя з трунаў падушкі, як бы на знак, што і яны залішнія для памерлага… Адным словам, знішчэнне, нішто. Ды, аднак, дзіўная рэч! Знаходзячыся там, не адчувалі мы ўсёй жудаснасці падобнай карціны; столькі нас было жывых, не зведалі мы гідлівасці; і толькі цяпер, падрабязна разбіраючы тыя ўражанні, робіцца халодна і страшна!

У адным закутку (а ўсе сутарэнні там у выглядзе калідораў) пабачылі мы набор маленькіх дзіцячых труначак. «Колькі ж гэта слёзаў пралітых!» — сказала пані К. як маці, якая разумее іншых мацярок.

На зваротным шляху згубілі мы былі план, куды вяртацца. Калі б так здарылася адной, то было б жудасна… не гэтага таварыства памерлых, але гэтых лёхаў без выйсця! Гадзіну часу заняла ў нас вандроўка па тым свеце; з радасцю пабачылі мы сонца, неба, паветра; а выходзілі мы не без здабычы, не здольныя ўваскрасіць кагосьці з паснулых там навекі, вярталі мы свету праз 120 гадоў пахаваную там са сваёй паняю шпілечку. Самая адважная з нас вынула яе з карункавага каптурыка той маладой ладнай пані.

Паварочваючы на галерэю, па якой ідзе працэсія, доктар Т. звярнуў нашу ўвагу на мармуровую надмагільную пліту, умураваную ў сцяне. Надпіс на ёй быў наступны (бо яго на месцы я даслоўна перапісала) :

Пастой, госцю, — пазнай нас, падземных,
Якія цябе чакаем —
Я, Базыль Баршчэўскі,
Году Панскага 1607.
Веку майго 50 гадоў —
І я Андрэй Арлоўскі,
Году 1610 —
У гэтай цёмнай гасподзе
мы апярэдзілі
цябе.
Просім, маліся за нас
да Пана Бога —
А пакуль са смяротнымі,
сам з сабою і са смерцю
Спазнайся — ідзі ж у супакоі.

________________

Гэты знак жонка Эльжбета Барташоўна, Каралькевічава, віленская бурмістрава з дачкой Ганнай Арлоўскай —
На вечную памяць сваім сужэнцам паставіла ў жалобе:
Году Панскага 1635.

_________________

Учытваючыся ў той надмагільны надпіс, бачыла я падабенства і стасоўнасць яго да тых, што ляжалі ў катакомбах, а менавіта: той паважны паляк са шкаплерам у руцэ мусіць быў панам Базылём Баршчэўскім, тая пані ў драцяным каптуры — гэта, без сумнення, жонка двух мужоў, а тая маладая і гожая пані ў ружовым муары — гэта яе праўнучка па дачцэ Арлоўскай, мужам альбо нарачоным якой мусіў быць рыцарскага выгляду шкілет…

Наша шпілечка мусіла ўмацаваць нас у думках і дапамагаць у параўнанні вякоў мінулых з цяперашнім. Бралі мы яе з сабою на шматлюдныя спатканні, дакладна занатоўваючы тое, што паўставала ў думках і ў сэрцы пад уплывам той гістарычнай шпілечкі. Усё наступнае сталася вынікам таемных размоваў з гэтым сведкам даўніх здарэнняў. Няма, аднак, там нічога важнага, бо самой гісторыі хіба толькі як на ўкол шпількі.

* * *

Шпількі жывуць доўга, хаця, ды можа, і ўласна таму, што яны маленькія і з лёгкасцю губляюцца. Змена гаспадароў, змена месцаў і прызначэнняў робіць іх жыццё багатым на здарэнні; і здолелі б яны стварыць успаміны больш займальныя, чым тыя, што мы, людзі, пішам, калі б галоўка шпількі ўмела задумвацца, разважаць і апавядаць, што яна бачыла. Але і шпілька мае сваю супольную мову з многімі, ах, з многімі людзьмі! Яна ўмее калоць, і такім чынам размаўляла са мною шпілька з 1730 года. Паколькі яна ў гэтым годзе была пахаваная, лёгка ўявіць, што яна добра памятала яшчэ больш даўнія часы. Была яна, можа, адной з першых, што выйшлі ў свет, і была, напэўна, французская. Можа, прыбыла ў Польшчу разам з картэжам Марыі-Людвікі? Можа, пры яе асобе? І суправаджала яе двойчы да алтара?.. Пасля чаго, напэўна, шляхам фраўцымеру, калі нейкая прыдворная паненка выходзіла замуж, трапіла гістарычная шпілечка на Літву, а затым сваёю чаргою, уторкнутая ў раброн1, што перадаваўся ў спадчыну ад маці да дачкі аж да чацвёртага калена, свяцілася яна, напэўна, не ў адным шлюбным вянку… А хто ведае, можа, у каўпаку якога рыцара была тая шпілечка на вайне разам з Чарнецкім або Сабескім! Так яно было ці не, хто ж тое адгадае і хто запярэчыць? Людзі, якія жывуць некалькі дзясяткаў гадоў, страчваюць памяць і не могуць дакладна пераказаць падзеяў уласнага жыцця; што ж здзіўляцца шпілечцы, якая некалькі вякоў, можа, ператрывала на свеце і больш за век праляжала ў труне?! Даты ў яе галоўцы блыталіся да такой ступені, што яна мела прэтэнзію, каб і сёння было так, як дзвесце гадоў таму. А наглядзеўшыся на волатаў даўняга часу, на іх магутны рост і загартаваныя душы, сённяшнюю моладзь лічыла за дзяцей, якія яшчэ вырастуць… О як жа яна сама здзяцінела!

Ёсць від нервовай гарачкі, якая ў вачах хворага двоіць усе прадметы; падобным чынам і мы з таго дня, калі шпілечка, здабытая з труны, апынулася сярод жывых, трапілі пад уплыў такой галюцынацыі.

Побач з сучаснасцю, жывой і шматфарбнай, часткаю якой былі мы самі, паўставала мінуўшчына, нібы яе цень, што крочыў услед за ёю. Напрыклад: калі па вуліцы ехаў які-небудзь васямнаццацігадовы маладзён і так глыбока сядзеў у сваім фаэтоне, што вярхолак ягонага капелюша ледзьве маглі ўбачыць мінакі, а двое коней цягнулі яго, быццам штосьці вельмі важнае, а двое слугаў пільнавалі, быццам штосьці вельмі крохкае; — тут жа наўзбоч паніча на агністым бахмаце2 ў цяжкіх рыцарскіх даспехах або толькі з буркай, накінутай на кунтуш, бадзёра гарцаваў шасцідзесяцігадовы стары з паголенай галавой, з магутным вусам, пры карабелі3; здавалася, што ён раз-пораз то сумным позіркам, то зноў вясёлай усмешкай ці то высмейвае, ці то шкадуе ўласнага прапраўнука!..

Калі дачка вітала з падарожжа сваіх бацькоў, цалуючы іх у твар ці ў плячо, называючы іх ты па-французску, тут жа за тою моднаю дачкою выступала наперад постаць пяцідзесяцігадовай кабеты ў раброне, абдымаючай калені бацькі і маці на звычайны «дзень добры»…

Калі на якой вечарынцы маладзёны, паўлежучы на софах і з цыгарэтай у вуснах, размаўлялі гучней за дамаў і старэйшых; быццам у абарону зараз жа паўставала некалькі юнакоў даўняга часу, маўкліва і з пашанай слухаючых дасведчаную гутарку бацькоў...

Ды нават не аднойчы дым ад цыгарэты, якую паліла маладая паненка, рабіўся падобным да кудзелі…

Ці былі гэтыя асязальныя прывіды выкліканыя з лёхаў касцёла Святога Духа разам са шпілечкай? Не ведаю. Ведаю толькі тое, што заўсёды, перш чым яны з’яўляліся, я адчувала лёгкі ўкол шпількі, якую насіла на сабе, нібы, як той казаў, дакор сумлення, пасля чаго адразу з’яўляліся постаці, з якімі сёння можна спаткацца толькі на старых карцінах і ў старых мемуарах; але перад імі, хоць былі яны ценем і з’яўляліся ў ценю, блякла і гасла жывая і квяцістая рэчаіснасць.

Гневала мяне спачатку гэтая дваістасць прадметаў, гэтая нібы прапрадзядоўская бурклівасць. Была, сапраўды, розніца, і вялікая, у знешнім выглядзе і звычаях даўнейшых і сённяшніх. Але хто ведае, на чыім баку перавага? Можа, мы ўласна з-за таго, што слабыя, што бледныя, што фамільярныя са старэйшымі, болей адухоўленыя і чуллівейшыя сэрцам?.. А сказаўшы гэта (каб заглушыць боль, які мне чыніла шпілечка бесперапынным паколваннем), рада была я хоць чым-небудзь засароміць тую з’едлівую містрыню.

Калі на банкетах нават гарадскіх багацеяў сціпла адбываў сваю чаргу кілішак, няўзнак я ўспамінала ёй аўгустоўскія часы, калі за гонар і прэстыж лічылася напаўняць вялізныя кубкі, а кожны банкет заканчваўся пад сталом. Шпілька адразу маўчала, нібы згаджаючыся, затым адным, але моцным уколам звяртала маю ўвагу на стосы бутэлек шампанскага, выпаражненых без ніякай нагоды і аказіі тымі, хто не толькі сваёй піўніцы, але і пэўнага кавалка хлеба для сваіх дзяцей не маюць, а сціплы заробак канцылярыста прызначаюць на такія трактаменты…

На жаль! Гэта была такая відавочная праўда, што я не ўспамінала ўжо болей аб Сасах. Аднак, не губляючы надзеі на тое, што некалі я выйграю, чакала я, як каня дажджу, якога вяселля, шлюбу, каб давесці шпілечцы перавагу нашага часу; бо ў выніку асветы і прагрэсу сучасныя шлюбы адбываюцца па выбары сэрца, а не па разліку, згодна з сямейнаю дамоваю. Няма сёння сярод нас сумных ахвяраў фанабэрыі і пыхі, думала я з радасцю. А шпілечка, не адзіны шлюбны букет прымацоўваючы да боку, ці не павінна была таксама ведаць, як б’ецца сэрца паненкі, што не па ўласнай волі ідзе да алтара? Пабачыць сёння гэтую розніцу і мусіць згадзіцца, нябога!

Калі я так разважала, здалося мне, што пачула я лёгкі ўкол, і ў тую ж хвіліну штосьці мне зашаптала на вуха: а разводы?

Той укол быў выпадковы; шпілечка, праляжаўшы ў труне ўсё панаванне караля Станіслава, ані сніла нават аб разводах, чым тлумачылася яе здзіўленне ў адносінах да сённяшніх сужэнскіх параў, якія нам здаюцца (і слушна) палепшанай рэдакцыяй мінулага веку. Але для шпілечкі, звыклай да іншых звычаяў, былі яны вартымі хіба вялікага спісу абдруковак. — Ша… Такім чынам, аб разводах — як бы іх не было.

Сярод гэткіх думак атрымліваю запрашэнне на вяселле маладой пары, якую злучыла сімпатыя. Шпілечка паехала са мной… Укалола яна мяне, насамрэч, пры агляданні пасагу, што каштаваў тысячы, а складаўся з лахманоў, укалола пры выглядзе пана нарачонага, які прыходзіў штораніцы да нарачонай з цыгарэтаю… А ў перспектыве мроіліся мне відзежы турніраў, і панна маладая, якая ўскладала вянок рыцару, што ўкленчыў каля яе ног… Але я прызвычаілася ўжо да гэтых прышпільванняў і рабіла выгляд, што нічога не чую і нічога не бачу.

Калі дайшло да апранання панны маладой, шпілечка была ў вялікай агітацыі, не бачачы ані дуката пасвянцонага, ані руты ў вянку, ані хлеба пад вянком. Яна прывыкла весці рэй у падобных справах, хацелася ёй і сюды ўшчаміць свой носік…, але ніхто яе не слухаў! Хто ж у ХІХ стагоддзі зважае на такую дробязь?

Вясельны картэж сабраўся ў камплекце; шпілька, дзякаваць Богу, сядзела ціхутка, цывілізавалася патроху. Ужо яе нашы фракі не абражалі, а толькі смяшылі. Увайшоўшы ў залу, панна маладая насамрэч ўпала ў ногі бацькам, што, здавалася, расчульвае шпілечку і за што я ў духу сардэчна дзякавала нявесце, бо сёння не кожная так робіць, толькі цалуючы рукі тых, хто далі ёй жыццё, выхавалі яе, выпеставалі ды, нарэшце, аддалі другому, каб з ім магла стацца шчаслівейшаю, чым з імі!

Калі ж мы ўвайшлі ў бітком набіты касцёл, вясельны картэж ледзьве здолеў праціснуцца сярод натоўпу. Шпілька дабрадушна цешылася з такога агульнага жадання благаславіць маладую пару, а я дыпламатычна прамаўчала аб цікаўнасці, звяртаючы ўсю ўвагу на ўражанне, якое зрабіла на прысутных тая маладая, прыгожая, стройная, займальная пара. Ужо была я гатовая агучыць свой трыумф, калі моцны, як ніколі, укол замяніў выбух радасці на крык болю! Некалькі галоваў павярнулася ў мой бок. Крык пайшоў à conto4 цісканіны, а я, апамятаўшыся ад болю і здзіўлення, што ж бачу? Бачу побач з маладымі другую пару сужэнцаў…, але ў раброне і кунтушы! Маладая выглядала гадоў на 18, ружы здароўя квітнелі на белым твары, чорныя валасы ў доўгіх косах спадалі на белую шыю і белую адамашку, але колер яе вачэй зразумець было цяжка пад пушыстымі цёмнымі веямі, апушчанымі долу… Дзявіца малілася. Жаніх, на жаль, выглядаў гадоў на 50, аднак быў крэпкі і румяны, яго высокі лоб напалову быў пазначаны шнарам, а смелы позірк быстрых вачэй гаварыў, што шнар гэты быў ад шаблі і атрымаў ён яго на вайне.

На выгляд гэтая пара была зусім не адпаведнаю па ўзросце, таму я з трыумфам пазірала на маю пару, падабраную адпаведна. Але дзіўная рэч! Маладыя здаліся мне даволі бледнымі і крыху змарнелымі, нібы гэта яны, а не тыя вярнуліся з таго свету!

На ілбе жаніха, які меў 27 гадоў, не было шнару, але былі зморшчыны, аб якіх прыгаслыя вочы сведчылі, што дачакаўся іх раней часу ў супакоі.

У кунтушовага пана зубы былі белыя і ўсенькія.

Фраковы пан меў іх толькі некалькі спераду, і тыя былі пачарнелыя, напэўна, ад цыгараў.

Чупрына кунтушовага была крыху з сівізною і падголеная, але густая.

Валасы фраковага былі чорныя і прыгожа завітыя, але з-пад букляў свяцілася лысіна…

Кунтуш аблягаў тулава даволі акруглых абрысаў.

Фрачак вісеў на вузкіх плячах і ўпалай грудзіне.

Гэта нічога, казала я сабе, не даючы прынізіць сябе параўнаннем. Затое сённяшняя моладзь больш працуе галавой і мае гарачэйшае сэрца.

Ай! Укалола мяне зноў шпілечка і гэтым уколам адчыніла мне сэрцы абедзвюх параў.

Кунтушовы быў равеснікам бацькі сваёй жонкі і, заняты справамі краю, да таго часу ніводнай кабеты не кахаў, а таму чыстае сэрца ў здаровым целе прыносіў на алтар сямейнага шчасця.

Нарачоная не ведала будучага мужа аж да дня заручынаў, але ведала, што будзе ягонаю жонкаю. Глядзела яна на маці, на яе любоў і пашану да свайго ягамосця, і, узмоцненая тым прыкладам, стала каля алтара, каб прысягнуць каханне таму, хто, умеючы бараніць край, здолее і жонцы сваёй быць апекаю.

Ці было сэрца пад атласным гарсэцікам і чорным фракам? Было — але не біла…, бо ўжо ці раз тыя сэрцы кахалі? Паніч кахаў і сваю будучую жонку, але сужэнства лічыў ганаровым канцом ужо доўгага жыцця! Маладая кахала і свайго будучага мужа, але ў шлюбным пярсцёнку бачыла не ланцуг, што мусіць прыкаваць яе да новых абавязкаў, але ключ, які адчыніць ёй свабоду…

Шпілечка ўзяла верх! І пад яе кіраўніцтвам два вяселлі злучыліся ў адно і ўвайшлі разам у залу. Узносячы віваты ў гонар маладых, пілі за іх здароўе шампанскае і такай з келіха і чаравічка. А калі модны аркестр граў польку, і маладая ў абдымках не мужа круцілася па зале, прафануючы свой белы вэлюм, з другога канца капэла зайграла паланэза, і маладая з бацькам сваім і першымі саноўнікамі па чарзе пратанцавала ў першай пары, адбітая, нарэшце, мужам, які яе ручкі нікому ўжо не саступіў*.

Брала я шпілечку з сабою ў касцёлы, каб расчуліць яе выглядам старасвецкіх помнікаў і іх начыння, але яна і там калола мяне, як бы хацела сказаць: «Гэта ўсё даўніна, а дзе сённяшняя праца?» — «Глядзі! — Глядзі!» — Адказвала я пакрыўджана, паказваючы ёй сённяшнія ахвяры і сёння ўзведзеныя святыні. Але яна, кальнуўшы мяне глыбей, чым звычайна, вырвала з маіх грудзей крык: «Ах, праўда! Гэта добра на сёння, але будучыні не дачакае!»

Бачачы, што горад не дагаджае шпілечцы, я павезла яе на вёску, наўмысна выбраўшы дзеля трыумфу цяперашніх часоў дом, дзе ўмеюць пагадзіць старадаўнюю пышнасць і цноты з сённяшнім выхаваннем і густам. Палац пані Х. быў модна збудаваны, але ў сярэдзіне меў даўнія кілімы і старыя габелены. У шафах старасвецкай разьбы стаялі прадзядоўскія келіхі, а сама пані ткала арнаты на кроснах. Не сумнявалася я, што тут шпілечка схіліць сваю ганарлівую галоўку. І сапраўды, з самага пачатку па яе маўчанні я здагадалася, што яна, відавочна, чулася прыніжанаю і яе ўразіла такое разумнае паяднанне даўніны з сучаснасцю. Калі ж мы прывіталіся з гаспадыняй, якая сядзела ў канцавым кабінеце enfilady, а яна ўсадзіла мяне ў глыбокі фатэль за Альбом Вільні і Узоры сярэдніх вякоў, цешыла мяне здзіўленне шпілечкі, якая, спазіраючы на такое высокае мастацтва, анямела.

У гадзіну запрасілі да стала. У вялікай зале, сцены якой аздаблялі партрэты продкаў, быў накрыты стол на пяць асобаў. Гаспадыня была ўдавою і, апрача старога капелана і дзвюх паненак, нікога з хатніх не было. Стравы былі вытанчаныя, смачныя, пададзеныя з элеганцыяй. Я чакала камплімента ад шпілечкі, але замест гэтага выдала крык, нібы мне костка стала ўпоперак горла; дзіўная рэч, бо гэта было consomée5, найруплівейшым чынам пазбаўленае костак! Прычынаю майго крыку быў неміласэрны ўкол, і ў тую ж хвіліну я пабачыла постаці, што выходзілі з рамаў партрэтаў і рассаджваліся разам з намі за сталом, які падоўжыўся аж да канца залы. Уваходзілі праз усе дзверы рэспектабельныя панны і маладыя людзі, усе бадзёрыя і прыстойныя. Стравы на стале таксама змяніліся, былі спажыўныя, але не вытанчаныя. Срэбра было цяжкое, як і стравы, але мёд ліўся ў кубкі і весялосць была агульная…

— Vous ne mangez pas?6 — Спытала гаспадыня, убачыўшы, што я не дакранулася да смажаніны і адмовілася ад гародніны.

Зразумеўшы свой промах, я перапрасіла за няўважлівасць, і прывіды зніклі…

Вечарам заседзеліся мы ў салоне вакол століка ў модных фатэлях; мы чыталі, размаўлялі, было нам вельмі добра. Але гаспадыня мусіла выходзіць з салону, каб аддаваць распараджэнні; капелан пайшоў на свае пацеры, і былі хвіліны, калі я заставалася адна. Не было мне нудна, але было страшна сярод тых агромністых залаў. Але працягвалася гэта нядоўга, бо шпілька зноў калола і салоны напаўняліся тымі асобамі, якіх я бачыла за сталом, капэла грала на хоры, а моладзь танчыла да ранку…

Прыйшоўшы ў свой пакой, я загадала шпільцы патлумачыць яе папрокі. — «Твае ціхія бяседнікі мне зусім не імпануюць, — гаварыла я, каб збіць з яе пыху. — Кожны век мае свой звычай, і невядома, што мілей мець у доме: ці пастаянны гармідар і танцы замест ціхай свабоды, ці тлустыя стравы замест далікатнай кухні?»

А шпілечка на тое, колючы мяне зноў: «Згода! Але калі хто любіць самоту, навошта такі вялікі палац? Хіба што сённяшняе я, як паветра, само запаўняе ўсе пустоты?.. Бяседнікі мае — гэта бедная шляхта, якая харчуецца і выхоўваецца ў вялікіх паноў… Не без таго, што ёсць і сёння засцянковая моладзь, якая падсілкавалася б адной з гэтых далікатных страваў, калі б кошт яе зрэдукаваць на зразы альбо штуфады7, а месца, як кажуць, хапіла б у тым палацы для паловы павету…

— Досыць гэтага, буркліўка! — адказала я. — Сёння лёгкія не такія моцныя, як раней, трэба шмат паветра для кожнага паасобку, і хоць з ім жа разам паглынаем нуду, аддаем перавагу ёй, а не дыханню людзей іншага класу…

Гэтак, набуркатаўшыся на маю шпілечку, ездзіла я з ёю доўга па краі; рабілася яна штораз больш кемліваю і з многімі вобразамі асвойталася, як сумленне, якое ў рэшце рэшт заспакойваецца і ўжо больш не коле. Адной толькі змены яна не магла бачыць без абурэння і не раз мяне калола аж да крыві: калі бачыла, як коней гасцінна адсылалі да карчмы. Я дапытвалася ў яе, чаму гэта яе больш абурае, чым штосьці іншае?

— Звычкі і звычаі, — адказвала яна мне, — часта мацнейшыя за самі цноты, і таму з’яўляюцца іх ахоўнікамі. Калі звычаяў пазбудземся, у што ж ператворацца цноты?..

Бачачы, што шпілечцы цяжка дагадзіць, не зважаючы ўжо на яе капрызы, паехала я для сваёй уласнай пацехі ў колішнія Сапліцоўскія мясціны. Там нанесеныя шпілечкаю раны паціху гаіліся, аднак жа і там не ўсё было па-старому…, новыя завядзёнкі звыклым шляхам пракраліся і туды, як і ў іншыя месцы, але грунту там не парушылі, ва ўсялякім разе мне самой так здавалася. Але, каб не псаваць сабе крыві, не пыталася я ўжо больш ні аб чым у шпілечкі, адклала яе ўбок як рэліквію даўніны і нават мела не раз крыўду на яе, што без патрэбы раскрыла мне вочы … Ах! Гэта вялікая праўда, што калі не можам штосьці змяніць, лепей заставацца ў змане!

Пісана ў 1856 годзе
ў Гарадзілаве.

* Апярэджваючы закіды тых, хто лічыць, што я не зусім слушна прызнаю перавагу мінулых часоў, аж да адмаўлення шчасця і годнасці сучасных сужэнскіх параў, адкажу: так, безумоўна, у выніку суровых прынцыпаў і строга рэлігійных уяўленняў, якія існавалі на той час ва ўсім краі і амаль паўсюдна ў свеце, прасцей было тады мець шчасце ў няроўным шлюбе, чым сёння ў згодзе і роўнасці. Відаць, што разводы, прайшоўшыся па краі, як ураган, тое, што не здолелі разбурыць, пахіснулі. Але, дзякуй Богу, сляды гэтага буралому сустракаюцца ўсё радзей і ўрэшце іх зусім не будзе. Ужо маем шчаслівы таму пачатак, бо ў хвіліну, калі гэтае пішу, дайшла да нас вестка аб вяселлі, якое адбылося недалёка ад нас, пад Менскам, а тое ў спосаб, які дагадзіў бы самой шпілечцы. Панна маладая мела на сабе хлеб, цукар і пасвянцоны дукат (спадчыну па бабцы). А баль распачаўся паланэзам. Было шампанскае, але быў і мёд; была даўняя гасціннасць, бо было старапольскае сэрца. Дай Божа шчасця маладой пары! Дай Божа доўгага жыцця іх бацькам і штораз больш такіх прыкладаў! — (Прыпіска Аўтаркі).


  1. Раброн – старадаўняя жаночая сукенка з крыналінам (тут і далей – заўвагі перакладчыка).
  2. Бахмат – кіргізская парода коней.
  3. Карабеля (гіст.) – крывая шабля (парадная).
  4. На рахунак (іт.).
  5. Кансамэ – крэпкі булён (фр.).
  6. Вам не смакуе? (фр.).
  7. Тушаная ялавічына (пол.).

Пераклад з польскай мовы Ірыны Багдановіч.
Паводле: [Gabryela Puzynina] «Małe a prawdziwe opowiadania.
Przez Autorkę w Imię Boże». — Wilno, 1857..

Гл. таксама:
ІРЫНА БАГДАНОВІЧ :: ПРЫГОДЫ ЦУДОЎНАЙ «ШПІЛЕЧКІ» ГРАФІНІ ГАБРЫЭЛІ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY