 |
* * *
Вада мае здольнасць
прымаць любую форму,
але захоўвае сутнасць.
Гэта – галоўнае.
|
* * *
Nu locuim intr-o tara, locuim intr-o limba.
Patria este limba, nimic altceva1.
M. E. Choran
Слонцо закаціласё за гае далёкія,
пад старою дзічкаю коўзаецца змрок,
і кудысьці дзеласё даўняё, высокаё,
ўсё, што ты, няўдаліца, затрымаць ня змог.
Верабіны гнуткія на платэ паклаліся,
полё разгарнуласё сівым палатном,
ну чаго ж вы, дзетачкі, гэтак іспужаліся
то заранка бліскае над начным сялом…
Мятавы вецер,
шантавы вецер
стагоддзямі
пыл узнімае
і апускае на дол,
белых рамонкаў,
што да мяне падыходзілі,
круціць пялёсткі
і высыпае
ў прыпол.
Ад «алімпійкі»,
што легла лінейнай пазнакаю
на пераходы
між возерскам і падлессем,
гук прапаўзае вужакаю
праз перашкоды,
вуха казыча
і растае
ў міжлессі.
Усё, што я чую,
над гэтымі скрыжаваннямі,
усё, што я ведаю
пра непарыўнасць часоў,
увасабляецца
словамі-заклінаннямі,
перадаецца таму,
хто аднойчы
паўторыць іх
зноў.
|
* * *
Перамена
месцамі складнікаў
мае ў большай ступені
філасофскі сэнс,
чым матэматычны.
Асабліва
для складнікаў.
Хоць сума, безумоўна,
не мяняецца.
|
Дзень
Фердынанда Рушчыца
Менавіта ў час
халоднага ветру
і непазбежна яркага сонца,
калі мокрае вецце
здаецца промнямі святла,
мы маем права
быць нешчаслівымі,
сумнымі,
адсутнымі.
Мы маем права думаць,
што няма ніякай заганы
у непераадоленай адлегласці,
у неадноўленай памяці,
у неабавязковасці
існавання навідавоку.
І мы можам стаяць
ля касцёла
ці ля царквы,
распусціцца
сваімі тканкамі
ў сонечным мроіве
або плысці
па перакуленых нябёсах
разам з мінулагоднім лісцем,
ведаючы нешта
пра чаргаванне
руху і нерухомасці.
Менавіта ў час,
калі мокрае вецце
здаецца промнямі святла.
|
* * *
Птушыныя галасы
запаўняюць гукавыя пустоты,
у паабедзенны час
пачуццё неадольнай дрымоты
апаноўвае, і за ветрам,
што разгортвае ледзяныя трасы,
рухаецца рака,
штурхаючы цёмныя масы
вады, і чаіцаў белая пляма
мяняе бесперапынна абрысы
на цынавых хвалях,
дзе іх чарада мітусіцца.
І патэнцыйны снег
пагражае з асфальтаванага неба,
а ўсё, што належыць вясне,
ператворана ў небыць.
Час ад часу навіслая хмара
расплюшчвае вока
і ліставую мазаіку
высвятляе з паўзмроку.
Цёмна-шэрая сцюжнасць
выглядае
даволі злавесна,
і трэба мець
сапраўдную мужнасць,
каб у такое надвор’е
ўваскрэснуць.
|
* * *
Ёсць людзі лёгкія
як аблокі,
неабцяжараныя зямлёй,
яны ўзнімаюцца
разам з ветрам
без засмучэнняў,
без шкадаванняў,
і гэтак проста
плывуць па свеце,
не пакідаючы за сабой
ні сумнай радасці,
ні папрокаў
сваіх нявыкананых абяцанняў.
І я,
спрабуючы зразумець аблокі,
гляджу на неба
блакітны бляск,
дзе абсалютнасць
маіх вытокаў
і недасяжная легкадумнасць.
Непераўзыдзеная адлегласць
між светабачаннямі
праз нас
наўпрост кладзецца,
але нарэшце
мне больш не горка,
мне больш не сумна.
Здзьмухваю
памяць,
як пыл з люстэрка,
дзе ўсім адбіткам
адзіны скон,
ёсць людзі
лёгкія, як аблокі,
не мне імкнуцца
ім наўздагон...
|
|
 |