Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(82)/2017
З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam

САЛЕЗІЯНІН — СЫН КАВАЛЯ
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы

«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...»
Проза
Віншуем з юбілеем!

«ПАЧАКАЙ, ЗАТРЫМАЙСЯ...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ

Яўген МАЛІНОЎСКІ

АСОБА НА РОСТАНЯХ: ПСІХАЛАГІЧНАЯ РЭФЛЕКСІЯ БЕЛАРУСА НА ТЛЕ ПОСТАЦІ ФРАНЦІШКА

Сучасныя гістарычныя і тэалагічныя даследаваннi ўсходнеславянскага хрысцiянства, прысвечаныя 500-годдзю выдання «Бібліі Рускай...», зыходзяць з недахопу бiяграфiчных звестак пра яе аўтара. Таму рэтраспектыўная ацэнка адпаведнасці постаці Першадрукара самасвядомасці сучаснага беларуса чакае свайго дапаўнення з боку псіхалогіі, бо для яе прадмету больш важным з’ўяўляецца лагічная пераменная менталітэту беларуса, якому цалкам, на наш погляд, адпавядае асоба Францішка Скарыны. Рэальнае поле непаразуменняў на гэты конт выбухнула iнцыдэнтам меркавання вядомага навукоўцы Аляксандра Пашкевiча ў «Нашай Нiве»: «Калі лічыць «нашай» верай толькі ўніяцтва, то тады мы павінны прызнаць, што і ўся гісторыя, якая была ў нас да канца XVI ст. і якую прасоўвалі выключна прадстаўнікі іншых канфесій, было «ня наша». А гэта азначае, што выпадаюць самыя слаўныя часы Вялікага Княства Літоўскага з дзейнасцю Францыска Скарыны ўключна. Ды і потым, аж да 1839 г., «наша» гісторыя ў такім выпадку — фактычна толькі гісторыя сялянства, бо менавіта яно ў асноўным і складала прыхаджан уніяцкай царквы, а эліты належалі да іншых канфесій, перш за ўсё рымска-каталіцкай» [1].

На тле элiтных твараў i кволых сялянскiх хатаў паўстаe прадмет псiха-гістарычнага даследавання асобы, не абцяжаранай багаццем, славаю, кананізацыяй цi сакралiзацыяй, як гэта адбывалася, напрыклад, з iншым беларускiм першадрукаром, дыяканам Iванам Фёдаравым. Псіхалогія паклікана, перш за ўсё, для выяўлення чалавекам свайго падабенства Логасу ў думках, пачуццях i паводзiнах, артыкуляваных не столькi гiсторыяй i культурай, колькi тым, чаго так не хапае нашаму земляку, — свабодаю i годнасцю [2]. Логас — гэта заўжды нябачная асоба, не iндывiд, не суб’ект, не асiлак. Вiртуальны вiцязь (ад сканд. viking) стаiць на «распутье смерти, жены, богатства» ў той час як актуальная aсоба заўжды знаходзіцца на ростанях думак, галоснасцi, праваабароны.

Тэрмінам «віртуальны» (лац. virtus — мужны) рымляне абазначалі сукупнасць усіх магчымых якасцяў, уласцівых мужчынам — фізічная сіла, годныя паводзіны, маральнасць. Ахутаны легендаю мужнасці подзвіг плебея Луцыя Вяргінія, які, ратуючы сваю любімую дачку Віргінію ад распусты консула-дэцэмвіра Апія, прылюдна забівае яе са словамі «толькі так, дачка мая, я магу зрабіць цябе свабоднаю». Пад уплывам публічнага подзвігу бацькі адбылося паўстанне 449 г. да н.э., калі падступная ўлада дэцэмвіраў была зрынутая, а імя Віргінія засталося сінонімам некранутасці.

Асоба — істота генералізаваная адносна гендэрных, сацыяльных ды нацыянальных стасункаў. Асабісты выбар, у адрозненне ад віртуальнай матывацыi вiцязя, звязаны з Іншаю, нябачнаю, не публічнаю асобаю, ахвярны подзвіг якой застаецца актуальным па-за межамі сацыяльна-адукацыйных канструкцый. Прафесар культуралогіі Ю. В. Чарняўская некалі aпублiкавала ў сацсетках тэкст пра iнцыдэнт, звязаны з крызісам нашай адукацыйнай сістэмы. Выпускніца Універсітэта культуры і мастацтваў, прэтэндуючая на чырвоны дыплом, абрынула ў «культурны шок» чальцоў ДзЭК падсвядомай падменаю сціплай постаці асобы публічнаю фiгураю «вiцязя»:

— Хто з беларусаў першым пераклаў Біблію на родную мову?

— Марцін Лютэр? — няўпэўнена прамармытала выдатніца.

— Кінг? — падступна справакаваў інтраекцыю няшчаснай экзаменатар.

— Кiнг! — канчаткова выціскаючы свядомасць, дзяўчына выракла рэдукцыю слова viking.

Што праўда, у сітуацыі ўціску асабістыя здольнасці да ідэнтыфікацыі Іншай асобы загортваюцца, застаецца толькі рабская пакора прыняцця ўлады чужога меркавання. Змена колеру дыплома з чырвонага на «ружовы», апрача педагагічнага абурэння, выклікае яшчэ і псiхааналiтычную ўедлівасць, што да бессвядомасцi, «структураванай, — па Жаку Лакану, — як мова». У дадзеным выпадку склалiся ўмовы сiмвалiчнага змяшчэння iмёнаў таго часу, калі Марцін Лютэр (які не Кiнг) дэманстратыўна прыбівае менавiта ў 1517 годзе да дзвярэй Вітэнбергскай кірхі свае тэзісы. Аўтарытэтны брытанскі часопіс “The Economist”, параўноўваючы Францішка Скарыну з аўтарам дзевяноста пяці тэзісаў Рэфармацыі, называе нашага земляка адной з найвялікшых постацяў у еўрапейскай культуры і адукацыі.

Сённяшняя культурна-адукацыйная рэальнасць такая, што адсутнасць у ёй асобы суправаджае адсутнасць нацыянальнага ўніверсітэта. Гэта стварае ўмовы замацавання «Кода aдсутнасцi як калажу беларускай ментальнасцi» (В. Акудовiч). Падобна «Чорнаму квадрату» К. Малевіча, супрэматызм напластавання (фр. coller) эмацыйных станаў «прывучанай бездапаможнасці» (М. Сэлігман) выціскае гатоўнасць уласнага станаўлення як рэлігіі асобы. Некрытычнае стаўленне Аляксандра Васільевіча да «нашай», г. зн. «не ўніяцкай веры», правакуе распаўсюджаную для навукоўцаў суб’ектыўную ацэнку царкоўнай гісторыі, з якой, быццам бы, «выпадае» дзейнасць яе слаўнага прадстаўніка.

Калі разгледзець выключную дзейнасць Першадрукара гэтак, каб яна ментальна не адрознівалася ад справы каталіцкай супольнасці ut unum sint [3], дык яе псіхалагічная сутнасць палягае на канфесiйнай еднасці першасвятарскай малiтвы Езусa: «Каб усе былі адно» [Ян 17, 21]. Нагадаем, па-першае, што задоўга да Рэфармацыi ўжо існавала, i цяпер нiкiм не адмененая, Фларэнцiйская Унiя (unio) 1439 года, якую вольны чалавек Скарына, безумоўна, мог вызнаваць, аб чым у першую чаргу сведчыць зусiм «не праваслаўнае» iмя Францішак, якое перакладаецца менавiта як «свабодны». Слова, успрынятае асобаю, робiцца iсцiнай: «Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 32). Вызваліць aд чаго? Перадусiм, aд падзелаў на гаспадара і раба праз хрысцiянскую альтэрнатыву асабістасці:

Маліся ж, бабулька, да Бога,
Каб я панам ніколі не быў:
Не жадаў бы ніколі чужога,
Сваё дзела як трэба рабіў.
Каб прад меншым я носу не драў,
А прад большым не корчыў спіны,
Каб грэх свой прад сабой я пазнаў,
У другiх каб не відзеў віны.

Францiшак Багушэвіч,
«Афяра».

Па-другое, усім вядома, што расiйскае слова «крестьянин» паходзiць ад грэчаскага χριστιανός. Калi, з пункту гледжання А. В. Пашкевіча, гісторыя уніі — гэта «фактычна толькі гісторыя сялянства», дык віленскае барока з полацкай Сафіяй і «Полацкім сшыткам», архітэктурным ансамблем Жыровiцкага манастыра або Траецкаю Царквою ў Вольна пад Баранавічамі хіба не адлюстроўваюць сялянска-гарадскую еднасць народа з «самых слаўных, — па аўтару, — часін Вялікага Княства Літоўскага»?

Па-трэцяе, сам Аляксандр выдатна ведае, што, апрача сялянаў і «эліты», існавалі яшчэ вольныя гараджане (лац. cives), або мяшчане (польск. mieszczaniе) — трэцяе саслоўе «дробнага бюргерства», для якога ў ВКЛ канца XVI ст., сапраўды, як адзначае аўтар, склаліся ўмовы для выбару рэлігіі. Але, у асноўным, сярэдні клас мяшчанства ментальна больш адпавядаў духу Крэўскай 1385 года, Люблінскай 1569 года, Берасцейскай 1596 года Уніі двух народаў і аднаго, каталіцкага веравызнання рымскага ды візантыйскага абрадаў. Асноўнымі сферамі заняткаў мяшчанаў уніятаў былі рамёствы, промыслы, гандаль. Менавіта з мяшчанства ўзнікае сацыяльны пласт інтэлігенцыі. У шостым нумары «Мужыцкай праўды» беззямельны шляхціц Вінцэнт (Кастусь) Каліноўскі піша пра адраджэнне ўніяцкай Царквы як падставы для адраджэння Вялікага Княства Літоўскага. Пасля 1917 г., у часе панавання дыктатуры пралетарыяту і ідэалогіі бяскласавага грамадства, слова «мяшчане» ўжывалася з адмоўнай характарыстыкай меркантыльных людзей з абмежаваным кругаглядам, як, напрыклад, у п’есе М. Горкага «Мяшчане». На гэтым алегарычна непрыдатным тле, мною, савецкім юнаком, неяк збянтэжана ўспрымаўся ў тую пару бацькоўскі наказ: «Помні, што мы былі вечнымі мяшчанамі ды нікому ніколі не падначальваліся».

Гараджане, адпаведна саслоўю, перадавалі словы Пісання на роднай мове. Доктар Францішак Скарына першым распачынае дыялог з чытачом, метадычна павялiчваючы ўзровень яго псiхалагiчнай гатоўнасцi да бiблейскай навукi. Дзіўным падаецца той факт, што, нягледзячы на найбольш частае, у параўнанні з іншымі часткамі Бібліі, перапісванне чатырох Евангелляў, першадрукар Францішак Скарына іх не перакладаў. Гледзячы на памеры падарожнай Бiблii і аўтарскія каментары, можна з упэўненасцю вызначыць яе не літургічную мэту штодзённага выхавання мешчаніна, эканомна карыстаючага здаровы сэнс «старых мяхоў» [гл. Мц 9, 17]. Між тым, як «цвёрдая ежа», «новыя мяхі» і «маладое віно» Евангелля захоўваліся тлумачом для адкрыцця тым, «хто праз ужыванне маюць спрактыкаваны розум, каб разабрацца, што добрае, а што благое» (гл. 4, Гбр 5, 14). У адрозненне ад недасканала антрапаморфных станаў і ўласцівасцяў абывацеля, асоба ў пэўнай ступені валодае дарослай рэфлексiяй дасканаласці «да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты» (Эф 4, 13). Падмуркам паўналецця становіцца пісьменнасць ды ўменне трымаць удар у прэсiнгавaй сiтуацыi «падазронай асобы», якая аж да канца застаецца «соллю зямлi» (гл. Мц 5, 13). Калі гэтае вызначэнне мужнасці з Нагорнай пропаведзi падмяняецца ідэалагічным змацаваннем увараўскай трыяды (граф С. С. Уваров, 1833), тады руская інтэлігенцыя пачынае сумаваць па ўланах, драгунах ды кавалергардах — «вечно бабьем в русской душе» (М. Бярдзяеў). І вось на тле экстрэмісцкага параду «победоносцев» і «хоругвоносцев» з іх фундаметалізмам, панславізмам, манархізмам і гоманегатывізмам, адбываецца Унія, якая прытрымліваецца экуменізму і гуманізму, спалучаючы асабiстае аб’яўленне веры з захаваннем традыцыйных праваслаўных каштоўнасцяў, у першую чаргу, жанатым духавенствам.

Што да каталіцкай Кангрэгацыі Веравучэння, Тамаш Аквiнскі тэзісам «прымат інтэлекту над вераю» ўпершыню ў гісторыі чалавецтва азначыў навуковую парадыгму cognition dei experіmentalis, або дасведчанага спасціжэння Бога. Гэтая эксперыментальная парадыгма з XIII ст. сягае наўпрост да сучаснага навуковага вопыту Г. Хофстэдэ (нідэрл. Gerard Hofstede), які класіфікаваў сукупнасць паказчыкаў культуры розных народаў з улiкам пяцi параметраў: дыстанцыраванасць ад улады, адасобленасць, маскуліннасць, або мужнасць у дасягненні выніку дарагой цаною, пазбяганне нявызначанасці, доўгатэрміновая арыентацыя на будучыню праз стратэгічнае мысленне. У ментальным самавыяўленнi народа больш відавочнай робіцца адэкватная яму перадумова еўрапейскай культуры замест субкультурна падлеткавага стану талерантнай нявызначанасцi. Асабiстае быццё чалавека пачынаецца з кaнатыўнага (лац. conativeвалявы) вызнання ўласнага выбару: «Будзь воля Твая як у на небе, так і на зямлі». Зямля «братоў маіх Русі» прагне, паводле Скарыны, пранікнення ў свой генезіс вечных каштоўнасцяў праз культурныя пласты, якія выклікаюць трансфармацыю асобы разам з захаваннем рэлiгiйнай традыцыі. Менавіта «старыя мяхі» (гл. Мц 9, 17) дапамагаюць народу адаптавацца да новай Еўропы. Гэтая супольнасць створана, па-першае, каталiцкаю культураю, па-другое, цывілізаваным унiверсiтэтaм, па-трэцяе, пратэстанцкаю індывідуальна-ліберальнаю эканомiкаю.

Усім прыхільнікам Балонскага працэсу вядома гісторыя, па якой заснавальнікамі ўніверсітэта былі зямляцтвы, або выхадцы з адной мясцовасці, так званыя нацыі. Не кароль, не курфюрст, не Папа Рымскі, але менавіта ўніверсітэцкае юнацтва знаходзіцца ў аснове саматоеснасці шматнацыянальнай Еўропы. Мне могуць запярэчыць, што самая першая нацыя, габрэі, не навучалася ва ўніверсітэце! Але габрэйскім універсітэтам быў і застаецца ТаНаХ, або Тора, Небіім і Хетубім (Пяцікніжжа, Прарокі, Пісанні). Згадаем, што толькі Ізраэль карыстаецца Законам Майсея ў якасці дзяржаўнай Канстытуцыі. Біблія вызначыла назву габрэйскай нацыі: Народ Кнігі. Еўрапейскія нацыі, паводле генетычнага прадпiсання, з’яўляюцца спадчынай аднаго з сыноў Ноя: «Хай распаўсюдзіць Бог Яфэта. І хай ён пражывае ў палатках Сэма» (гл. 4, Быц 9, 27), г. зн. увойдзе разам з габрэямі ў надзел Кнігі.

Унiверсiтэцкая свабода блiжэй да iсцiны, чым семінарская паслухмянасць. Ваяўнiчы атэiст Славой Жыжак, пераасэнсоўваючы экзiстэнцыяльны лозунг Ф.М.Дастаеўскага «Eсли Бога нет, то всё мне позволительно», абвяшчае яго сучасную iнтэрпрэтацыю: «Калi Бог ёсць, дык усё мне дазволена». Праводзячы такiм спосабам дэканструкцыю як праварадыкальнай, так i лявацкай, уласна, інфантыльна-антыхрыставай («я бог») эгасімптаматыкі, фiлосаф міжволі сцвярджае думку aпостала Паўла: «Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць» (1 Кар 6, 12). Парадокс у тым, што не праваслаўная сентэнцыя Фёдара Мiхалыча, а лагічная філіроўка з атэiстычнай iронii Жыжака аказваецца больш тоеснай з высноваю Iзраэля: калi Бог ёсць любоў, дык улюбёнаму Дaвiду на вайне з Галiяфам можна ўсё: шпульнуць у злога камень з прашчы або, пры неабходнасцi, і тамагаўк. «Вынішчэньне зла вызначана збытнай праўдай» (гл. 4, Іс 10, 21). І месцам справядлівага вынішчэння зла робіцца сам чалавек. У такі спосаб увараўскай трыядзе «самодержавие, православие, народность» існуе гегелеўская альтэрнатыва, якая разам са зняццем (Aufhebung) утварае гістарычны крок асабістага набыцця свабоды і незалежнасці. Пры дыялектычным паўторы гэтага кроку можна здабыць свабоднае ад правага ды левага ўхілу адмысловае прыняцце Творцы. Калі, як па Гегелю, тэза роду і антытэза вырадка разам складаюць сінтэз станаўлення, дык гэтым станаўленнем і ёсць Бог. Імя Бога Ізраэля праз інфінітыў дзеяслова з футурыстычнай інтэнцыяй יהוה спасцігаецца менавіта як дзеяслоў «Быць. Станавіцца» (гл. 4, Ян 8, 32), па Гегелю — das Werden, а па М. Лютэру — “Ich werde, das Ich werde sein” («Я станаўлюся тым, што я буду»).

Калі Імя Бога любові старанна абязлічваецца афіцыйнаю трыядаю, прывілея свабоды становіцца вытокам фармавання студэнцкай нацыі часоў Скарыны: “Frei ist der bursch”, або «Бурш вольны!». Актуальнасць гэтай прывілеі ў тым, што студэнт вольны ў сваіх думках i самастойных рашэннях, не падначаленых чужым ацэнкам ды жаданням. Амаль праз 900 гадоў пасля Балоньі як пачатку адукацыйнага працэсу паэт Эдуард Асадаў зрабіў «адкрыццё» для фізікаў ды лірыкаў 60-х: «Так пусть, пройдя моря и континенты, сухарь этнограф в атлас занесёт, мол есть такая нация — студенты — лихой, не унывающий народ». Дэвіз “Universa universis patavina libertas” («Генеральная свабода для ўсіх») стаў інкунабулaй нацыянальнай ідэнтычнасці вечнага студэнта, які марыць аб свабодзе «братоў маіх Русі». Так звяртаецца да нас тлумач кнігі «Библия Руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Людзі паспалітыя адносілі сябе да полісу як справы народнай (пар. Respublika). Пры гэтай справе ўсе органы дзяржаўнай улады абіраліся на пэўны тэрмін і фармаваліся агульнанацыянальнымі прадстаўнічымі ўстановамі ВКЛ, выключаючы спадчынны ці іншы, не выбарны спосаб перадачы ўлады, а грамадзяне валодалі асабістымі і палітычнымі правамі. Толькі напрыканцы XVIII ст. людзi паспалітыя зрабiлiся прыгоннымi сялянамi. Да Першага падзелу ВКЛ народ паспаліты, у адрозненне ад служылых казакоў, культурна ўпрыгожвае зямлю, на якой жыве. З гэтай эстэтычнай інтэнцыі, уласна, і пачынаецца Скарынаў пераклад 2-й страфы 1-га раздзелу Быцця. Звыклая для слыху сінадальная страфа «Земля же была безвидна и пуста» ў Скарыны пачынаецца пранікнёнымі словамі: «Земля же бе неплодна і не украшенна». Ад спустошанага «чарнобыльскага» пейзажу да захаплення прыгажосцю Зямлі — «и виде Бог, яко добро», ствараецца перспектыва яе плоданашэння разнастайным хараством народаў, значная частка якіх аж да гэтай пары скаваная, па ўласнай упартасцi, ланцугамі злачынства.

Адна з цікавых і загадкавых біблейскiх гісторый — легенда пра Юзафа ды яго рознакаляровую вопратку. Разадраная і афарбаваная прадажнымі братамі крывёю ягняцi (гл. 4, Быц 37, 33), яна сімвалізуе гісторыю барацьбы нацый за ўласную ідэнтычнасць праз уяўную смерць Месіі, яго кенозіс (гр. Κένωση — спусташэнне) і самапрыніжэнне аж да прыняцця постаці слугі (гл. Флп 2, 7). Але паўстанне ў цэласны вобраз славы народа Ізраэля не абыходзiцца без прыметніка «кашэрны» (ад іўр. כָּשֵׂר, «цэласны»), якi з’яўляецца антонімaм прыметніка «трэфны» (ад іўр. טְרֵפָה, «разадраны»). Aдсюль становiцца больш зразумелым значэнне Ізраэля, народа Божага, ужо не разадранага на «Юдэя, язычніка, раба, вольнага, мужчын, жанчын», але цэльнага, як туніка Езуса (гл. Ян, 19, 23), патомства Абрагама і, паводле абяцання, спадкаемцы (гл. Гал 3, 29).

У постацi Скарыны мы бачым ментальнае прадстаўніцтва беларуса, схільнага да адасобленасці, адзінокага працаўніка, які прайшоў, як па трыядзе Сюрэна К’еркегарда, шлях мешчаніна ад эстэтыкі захаплення хараством сваёй зямлі, праз этыку сейбіта, да рэлігіі вызнаўцы Езуса Найсалодкага ў Акафісце пяра «лебядзінага», акраверш якога складае фразу: «Делал доктор Скоринич Франціскус». Мешчанін, набыўшы сілу iталiйскай медычнай навукі, на якой трымаецца еўрапейская цывілізацыя, ён не злоўжываў гэтаю сiлаю праз ганаровую постаць магната. Упершыню ва ўсходнім славянскім свеце лекар Скарына звярнуўся да асобы, якая валодае ўласным здароўем па меры пазнання Божага вобраза. Уганараваны дыпломам бакалаўра праз курс «свабодных навук» Ягелонскага і вучонай ступенню доктара Падуанскага ўніверсітэтаў, Францішак Скарына атаясамлівае сябе, праз «слаўны горад Полацк», з народам паспалітым. Горад «слаўны» азначае цывілізаваны праз атрыманне магдэбургскага права ў 1498 годзе. Не будзе лішнім нагадаць, што ні Масква, «Трэці Рым», ні Пецярбург ніколі не валодалі такім правам. Жыхары гарадоў, якія атрымалі магдэбургскае права, вызваляліся ад феадальных павіннасцяў, ад суда і ўлады ваяводаў, старостаў і іншых дзяржаўных чыноўнікаў, замест чаго ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. І вось baccalarius, г. зн. «бедны і малады рыцар, уладальнік маёнтка без зямлі», але шчаслівы праз «спадчыну зямлі» (гл. Мц 5, 5), адноўленай аж праз дзясяткі пакаленняў, які, урэшце, навучаецца адрозніваць сябе ад іншых, як адрозніваць правую руку сваю ад левай (гл. Ён 4, 11).

«Малая падарожная кніжыца»,
надрукаваная Ф. Скарынам у Вільні ў 1522 г.

На тле самаактуалізацыі асобы сучасны партрэт з умоўнай назваю «Скарына Піцерскі», працы мастака Нікаса Сафронава, можа паслужыць «кодам адсутнасці» саматоеснасці ў нашага сучасніка, які не ведае ўласнай гісторыі. Справа ў тым, што гэты партрэт у 2013 годзе знік з мастацкай галерэі Брэсцкай крэпасці, а ўзамен яго была выстаўлена карціна, на якой тым жа аўтарам намалявана «жанчына ў вобразе белай коткі» з таямнічым подпісам: «Ён вернецца». Каб уявіць сабе таго, хто мусіць вярнуцца, звернем увагу на метафару коткі, якая ў егіпцянаў асацыявалася з месяцам і прысвячалася багіням Ісідзе і Баст, г. зн. захавальніцам шлюбнага саюзу. Котка атаясамлялася з ноччу, пладавітасцю і весялосцю, таму жаночую істоту Баст і малявалі ў абліччы коткі. Часам яе лічылі жонкаю бога-творцы Птаха або атаясамлялі з маці неба Нут, у сувязі з чым Баст таксама набыла функцыі сонечнага Вока. Тут і паўстае ў памяці вядомы сігнет Францішка Скарыны, на якім выяўлена прамяністае Сонца анфас з прытуленым да яго тварам маладзіка ў профіль. Сімвал «Месяц сонечны» адпавядае фізічнаму здароўю, атрыманаму праз духоўнае: orandum est ut sit mens sana in corpore sano. Гэтае правіла Ювеналa звычайна рэдукуецца «Пракруставым ложам», каб без уступнай малітвы orandum ды атрымаць адразу «ў здаровым целе здаровы дух».

Для антраполагаў і псіхолагаў міфічная сімволіка можа стацца надзвычай важнаю крыніцаю інфармацыі. Паводле З. Фрэйда, міф — той крок, з дапамогаю якога асобны індывід выходзіць з масавай псіхалогіі, што міжвольна пабуджае выказванні спантаннай самаацэнкі ў эмацыйным адлюстраванні рэчаіснасці. На думку Псіхааналітыка, міфы паўсталі як калектыўная фантазія, якая адлюстроўвае жаданні цэлых народаў. Механізм іх узнікнення той жа, што і пры комплексе выцясненне-замяшчэнне кампенсуючай мрояй. К. Юнг лічыў, што ў міфалагічных вобразах знаходзяць увасабленне падзеі псіхічнага жыцця. Падабенства міфалагічных сюжэтаў па ўсім свеце тлумачыцца дзеяннем архетыпаў, агульных псіхічных структураў калектыўнага несвядомага, якія адлюстроўваюць глыбінныя падструктуры асобы.

Напрыканцы свайго стогадовага жыцця стваральнік структурнай антрапалогіі Клод Леві-Строс сцвярджаў, што крызіс культурнай ідэнтыфікацыі стане бядою XXI стагоддзя, і прагназаваў пашырэнне праблемаў культурна-псіхалагічнага плану, які ўключае ў сябе не столькі ўсёабдымнае веданне і вопыт, колькі лінгвістычны здабытак і маральную годнасць: «Дваццаць першае стагоддзе або будзе гуманітарным, або яго не будзе наогул». Структурная антрапалогія патрабуе разгляду культурна-міфалагічнай ідэнтыфікацыі не толькі як эстэтычна-эмацыйнай сувязі асобы з цывілізаваным светам, але як важнага механізму яе ўзаемадзеяння з культурным асяроддзем, валодаючым прадпісаннем рэлігійнай згуртаванасці: «Веры патрэбна культура, а культуры патрэбна вера» (св. папа Ян Павел ІІ).

Ф. Скарына ініцыятыўна надае свабодзе чын «мы», які ўключае станоўчыя сістэмныя ўяўленні «пра іншых» у культуры, мове, тэрыторыі пражывання, гістарычным мінулым, дзяржаўнасці: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птицы, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рыбы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих». Аднак той жа Скарына, як і кожная, без выключэння, цывілізаваная асоба, не змог пазбегнуць астракізму ў ганенні праз адмоўныя гетэрастэрэатыпы, непрыманнi, ухіленнi, пагарды да persona odioso ў сітуацыі цемрашальства. У 1525 годзе Францішак Скарына прадпрымае місіянерскае падарожжа ў Маскоўскае княства, адкуль яго не толькі выганяюць як ерэтыка, які асмеліўся дапоўніць «священное слово превыспренне щегольским злоумышленным заумствованием», але, у схiзматычным свавольстве, публічна спальваюць на мяжы з ВКЛ малыя падарожныя кнігі, аб чым ёсць пісьмовае сведчанне ад 1552 года караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста да Альберта Крычке, свайго пасла пры папу Юлію III [5]. Асоба заўжды падуладнaя прэсiнгу, у першую чаргу aд блiзкiх людзей, ад радзiмы, да якой свяцiцель наiўна далучаў i Масковiю. Паказальна, што на працягу ўсяго XVI стагоддзя імя беларускага першадрукара было тут пад забаронаю.

Некалі адна з маіх былых парафіянак паўшчувала мяне такімі словамі: «Дзярэўню горадам ня зробіш». Пра лёс уніяцкага святара ва ўціску маскоўскіх царкоўных уладаў лепш прачытаць у кнізе Дзяніса Лісейчыкава [6], але яшчэ напярэдадні заключэння Берасцейскай Уніі становішча маскоўскага кліра не выглядала менш дэпрэсіўным. Дыякан Іван Фёдараў толькi пасля смерцi быў узнесены на п’едэстал. У 1566 годзе, пацярпеўшы пераслед, ён, разам з Пятром Мсціслаўцам, мусіў пакінуць Маскву і вярнуцца ў ВКЛ. У пасляслоўі да львоўскага «Апосталa» 1574 года ёсць запiс, што ў Маскве яму прыйшлося зведаць вельмі моцную і частую азлобленасць ў адносінах да сябе не ад цара, а ад дзяржаўных i «свяшчэнных» начальнікаў, а таксама настаўнікаў, якія зайздросцілі яму, ненавідзелі яго, абвінавачвалі ў ерасях і хацелі знішчыць Божую справу кнігадруку.

Падначаленасць аўтарытэту — гэта балванахвальства. Фарысеi, пытаючы стражнікaў храма пра Езуса, заклікалі менавіта да падпарадкавання: «Хіба паверыў у Яго хто са старэйшын або з фарысеяў?» (Ян 7, 48). Веруючы начальнiк — гэта нонсэнс. А xрысціянiн, якi лiчыць сябе самога добрым настаўнiкам, — гэта саманадзейны маргiнал. Варлам Шаламаў, сын святара, прыдумаў, так бы мовіць, 11-ю пастанову: «Не вучы блiжняга свайго».

Лёс «Бібліі Рускай...» ёсць адлюстраваннем рэчаіснасці, акружанай усялякімі начальніцкімі агаворкамі. Грамадства ўмацоўваецца толькі праз дзяржаўную санкцыю сiлы, у тым лiку сiлы ведаў, манапалізаваных гэтак, што напачатку яна станоўча ахоплівае ўсіх сваіх чальцоў і дабрачынцаў. Затым справа адукацыі і асветы раптам бурыцца і падае ў тым самым выглядзе, у якім яшчэ незадоўга перад тым ухвалялася і заахвочвалася ўладамі. Падобная ненатуральная дзея адбылася і з ужо гатовым да друку дзесяцітысячным накладам першага тома Святога Пісання на рускай мове, які так і не ўбачыў свет. Напрыканцы 1825 г. яго асобнікі былі спаленыя на цагляным заводзе Аляксандра-Неўскай лаўры. Гэтым завяршылася праца Расійскага Біблейскага таварыства (РБT) па перакладзе і выданні рускай Бібліі. Астатнія кнігі Старога Запавету, пераклады якіх паспелі зрабіць у рамках праграмы РБT, у друк ужо не пайшлі. Крызіс у справе рускага перакладу быў пераадолены толькі ў 1856 г., калі, дзякуючы настойлівасці Мiтрапалiта Маскоўскага Філарэта Драздова і яго аднадумцаў, на працягу царавання Аляксандра ІІ было вынесена афіцыйнае сiнадальнае рашэнне аб аднаўленні рускага перакладу Святога Пiсання. Першае поўнае выданне рускай Бібліі ў Сінадальным перакладзе выйшла толькi ў 1876 годзе, але было ўжо позна, каб асветаю i культураю папярэдзiць навалу камунiстычнага мадэрнiзму, што адкрываў беззаконнага чалавека, сына згубы, «які будзе працівіцца і ўзвышацца над усім, што называецца Божым і годным пашаны, так што ў святыні Божай засядзе, выдаючы сябе за Бога» (2 Тэс 2, 4).

I ўсё ж не меншую небяспеку, чым мадэрнізм, мае комплекс, калі не сказаць «свінакомплекс», у духу «сучаснага пасцішу» (фр. pastiche) — гэта монстр праваслаўнага атэізму. Так, губернатар Вадзім Патомскi ў сваім выступленні на ўстаноўцы ў Арле помніка Івану Грознаму агучыў дзяржаўна-арцельную «скрепу», па якой цар, як высветлілася, зусім не забіваў сына, а проста «своечасова не аддаў яго лекарам». Потым, дадаўшы ад сябе, начальнік паведаміў «зразумелыя» кожнаму беларусу словы: «у дарозе сын Грознага захварэў, калі яны ехалі з Масквы ў Пецярбург» (інтэрнэт-партал istoki.tv, 2016/07/21). Храм непазбежна становіцца месцам аселасцi маргiнала, выбранага атэiстычна-праваслаўным насельнiцтвам, бо нiякае iншае насельнiцтва не дойдзе да такой ступенi «арцельнай» несвядомасцi.

Расiйскае слова «артель» паходзiць ад цюркскага «орта» («арда», «сярэдзіна») i ўжываецца ў тым жа сэнсе, што і «род», «рот», «ртиться», г. зн. прысягаць, у першую чаргу — «царю батюшке». Для параўнання згадаем, што беларускае слова «талака» (пар. англ. Talking — той, хто прамаўляе) азначае суполку, малую сацыяльную групу, уласна, сям’ю, з’яднаную эмацыянальнымi мiжасобаснымi зносiнамi, не воляю правадыра, але паводле абяцанага слова ў выкананні сумеснай культурніцкай і прафесійнай дзейнасцi, што патрабуе асабiстай адказнасцi перад супольнасцю, зацiкаўленай як у зборы ўраджаю, высечцы лесу, так i ў збудаванні дома, храма.

Аўтар гіпотэзы «культурнага прарыву» ў заходняй мадэлі этнічнай ідэнтыфікацыі Рональд Інглгарт (R. Inglehart, ЗША) прыводзіць тэзіс, паводле якога высокая ступень адукацыi і прафесійнай кваліфікацыi суправаджаецца схільнасцю да постматэрыялiстычных каштоўнасцяў, значная доля якіх прыпадае на сацыяльна-псiхалагiчны статус бацькі альбо яго эгрэгара. Эгрэгар (ад грэч. ἐγρήγορος «хто чувае, бадзёры, не спіць, выдатны, знакаміты»; пар. польск. grzeczny) — у постматэрыялiстычных рухах душа рэчы, анёл, «ментальны кандэнсат», спароджаны думкамі і эмоцыямі людзей, якія маюць самастойнае быццё. Вядома, Францішак Скарына — не помнік праведнасці, бо не «зусім белы і пухнаты», мяркуючы па «крадзяжы» нямецкіх спецыялістаў друкара і юдэя-лекара, што стала прычынаю крыўды герцага Альбрэхта Гальдштольда, які 26 мая 1530 года ў лісце да ваяводы віленскага запатрабаваў вяртання людзей. Гэты выпадак лакалізуе, дарэчы, ментальную адпаведнасць эгрэгара беларусаў, схільных да дробных авантураў дзеля важнай справы. Францішак Скарына не артадокс <...>, але менавіта эгрэгар нацыі. З гэтым тэрмінам звязана анаматалагiчнае (ад грец. onoma — iмя) непаразуменне з біяграфіяй першадрукара. Так, надпіс на помніку ў Полацку абвяшчае: «Георгій Францыск Скарына». Упершыню гэтае iмя пачалі ўжываць у другой палове XIX ст. пасля апублікавання ў 1858 г. копіі дзвюх граматаў караля Жыгімонта I на лацінскай мове. Памылка прачытання паслужыла падставаю некаторым даследчыкам лічыць, што сапраўдным іменем Скарыны было праваслаўнае Георгій. І толькі ў 1995 г. беларускі гісторык і кнігазнаўца Георгій Галенчанка знайшоў арыгінальны тэкст прывілею караля Жыгімонта, у якім вядомы фрагмент быў выкладзены наступным чынам: «egregium Francisci Scorina dе Роlосzkо artium еt medicine doctoris». Пасля выкрыцця фальсіфікацыі перапісчыка спрэчкі вакол імя першадрукара, якія вяліся на працягу стагоддзя, спыніліся [5].

Адчужэнне імя эгрэгара нацыi было наканаваным рэальнаю траўмаю безбацькоўства, дакладней, безайцоўства праваслаўна-атэiстычнага насельнiцтва. Неўратычная абыякавасць праз «спіраль маўклівасці» (Э. Ноэль-Нойман) садзейнічала выгнанню імя Францiшка з цэнтра сталіцы аж на Старабарысаўскі тракт, «распутье» Масквы i Піцера, адпаведна культурашоку, згодна з якім «он жил и творил там». Жывое iмя асобы было замененае помнiкам Першадрукару працы скульптара Алеся Дранца «на ростанях» Нацыянальнай бiблiятэкi з лапiдарнай i таму ўжо бяспечнай для фiлiсцера «Падарожнай Бiблiяй». У проціборстве iнтэлiгента i фiлiсцера перамагае апошнi, г. зн. Галiяф. Рэальнае месца эгрэгара нацыi было вызвалена для вiртуальнага «віцязя».

Ментальны фактар падзелу фiгуры Скарыны паміж гісторыяй і актуальнасцю пераконвае нас у сялянскім неразуменні праваслаўнай версіі імя «Георгій» (ад грэч. Γεώργιος — земляроб) на тле ліберальнай інтэнцыі «слаўнага горада» Францішка (ад лац. Franciscus — свабодны). Імя, у якасці маркера канфесійнага менталітэту нацыі, азначае коласаўскі стан юнака «на ростанях» (лац. discurro), блуканне віцязя па пакутах. Як асіметрычнае пачуцце Enten-еller паводле С. К’еркегарда, так лёс беларуса — «або-або», матывуе асабісты выбар: або застацца, або ўсё ж такі знайсці выйсце з выраджанай «большой деревни» да «новага Ерузалема, які сыходзіць ад Бога з неба, падрыхтаванага, быццам нявеста, прыбраная для свайго жаніха» (гл. Ап 21, 2).

Асабісты шлях сучаснага беларуса сёння ў чымсьці паўтарае шлях славутага літвіна ад Сярэднявечча да Асветы. Толькі для Скарыны ён распасціраецца праз кнігадрук, а для кожнага з нас — праз больш даступны спосаб інтэрнэту. «Спіраль маўклівасці» мае ўладу над грамадскасцю толькі абмежаваны час. Па iронii лёсу Чарнобыльскі шлях 26 красавiка 2016 года быў пазначаны канфесійным дыскурсам: з аднаго боку, у артыкуле знакамітага гісторыка, з другога боку — у электроннай публікацыі невядомага псіхолага на Рэспубліканскім вэбiнары, прысвечаным 500-годдзю «Бібліі Рускай...» [7]. Гэтая апошняя падзея адбылася ў Інстытуце псіхалогіі, які размешчаны акурат па вуліцы Францыска Скарыны, 13. Дыскурс, як перасоўванне з вёскі ў горад, накшталт шэсця па Егіпецкай пустыні, спаўняецца запаветнаю мэтаю «Зямлі абяцанай», бо «люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають». Францішак вяртаецца малою падарожнаю кніжыцаю ад Нацыянальнай бібліятэкі вялікім праспектам па гарадскім маршруце «Усход» (гл. Лк 1, 78) — «Плошча Незалежнасці».

Гл. таксама:
АЛЕСЬ ЖЛУТКА :: ФРАНЦІШАК СКАРЫНА: ЖЫЦЦЁ ДЗЕЛЯ СЛОВА ::
МАРЫНА ПАШУК :: БЕЛАРУСКІЯ ПЕРАКЛАДЫ СВЯТОГА ПІСАННЯ Ў ПЕРЫЯД З 1926 ПА 2017 гг. ::


  1. Пашкевіч, A. В. «Нашай» верай было не толькі ўніяцтва [Electronic resource]. – Mode of access : http://nn.by/?c=ar&i=189711.
  2. Малiноўскi, Я. Л. Тэапсiхалогiя / Я. Л. Малiноўскi. – Баранавiчы : БарДУ, 2012. – 473 с.
  3. Иоанн Павeл II.Ut Unum Sint. Энциклика / Католическая энциклопедия: в 5 т. Т.5. – Москва: Изд. францисканцев, 2013. — С. 895—896.
  4. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў / пер. У. Чарняўскага – Мінск : Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012.
  5. Галенчанка, Г. Заблудаўская друкарня // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: у 3 т. Т. 1: Абаленскі – Кадэнцыя / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд. і інш.). – Мінск : БелЭн, 2006. — 684 с.
  6. Лісейчыкаў, Дз. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596–1839 гг. / Дзяніс Лісейчыкаў; Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. – Мінск : Беларусь, 2015. – 717 с.
  7. Республиканский веб-семинар «Истоки формирования психологической культуры (к 500-летию первого печатного издания Франциска Скорины)» [Electronic resource]. – Mode of access : http://video.bspu.by/index.php/vebinary.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY