![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
№
4(82)/2017
![]() З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з Данутаю БІЧЭЛЬ з нагоды юбілею
«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...» Проза
Віншуем з юбілеем!
Паэзія
Пераклады
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура
|
Працяг. Пачатак у № 3 за 2017 г. ALMA MATER CRACOVIENSIS Склаўшы прысягу і прыклаўшы руку да слова Божага, Францішак Скарына апынуўся ва ўлонні Кракаўскай Alma Mater — Маці Карміцелькі. Гэтак звалі свае ўніверсітэты іх выхаванцы, якім веды і тытулы, атрыманыя ў час навучання, дазвалялі заняць высокае становішча ў грамадстве, забяспечыць сабе хлеб надзённы і дах над галавою. Два найстарэйшыя еўрапейскія ўніверсітэты, заснаваныя ў ХІІ ст., Балонскі і Парыжскі, сталі ўзорам, паводле якога пазней ствараліся іншыя ўніверсітэты Еўропы, у тым ліку і Кракаўскі. Універсітэт у Балоньі узнік на грунце ранейшых школаў права і славіўся навукаю кананічнага і рымскага права. Кіруючую ролю тут адыгрывалі студэнты, якія са сваіх шэрагаў абіралі рэктара. Шкаляры рассяляліся пераважна па найманых у гараджанаў дамах (гаспіцыях). Парыжскі ўніверсітэт склаўся на аснове катэдральнай і кляштарных школаў Парыжа. Гэта была вучэльня, дзе рэй вялі магістры («настаўнікі»), якія абіралі рэктара са свайго асяроддзя. Галоўным кірункам навучання была тэалогія. Студэнты жылі пераважна ў калегіях, арганізаваных на ўзор кляштараў, з гэткімі ж кляштарнымі парадкамі сумеснага жыцця. Пазней калегіі, толькі аддалена падобныя на сённяшнія студэнцкія інтэрнаты, атрымалі назву бурсаў. Кракаўскі ўніверсітэт у 1364 г. з дазволу Апостальскага Пасаду заснаваў Казімір Вялікі. Універсітэт павінен быў складацца з трох факультэтаў: юрыдычнага, вызваленых навук і медыцыны. Арганізоўваўся ён на ўзор Балонскай вучэльні з перавагаю юрыдычных навукаў, але заўчасная смерць караля ў 1370 г. і незацікаўленасць ягонага наступніка ў развіцці навучальнай установы прывяла да яе заняпаду1. Узнаўленне ўніверсітэта звязанае з дзейнасцю каралеўскай пары: Ядвігі, якая ў тэстамэнце адпісала на патрэбы ўніверсітэта свае ўпрыгожанні ды іншае дабро, і Уладзіслава Ягайлы, які ахвяраваў вучэльні шэраг наданняў і атрымаў ад Папы булу з прывілеем заснавання поўнага ўніверсітэта з чатырма факультэтамі: тэалагічным, юрыдычным, вызваленых навук, альбо філасофіі, і медычным. На гэты раз за ўзор быў узяты Парыжскі ўніверсітэт. Адкрываючы галоўную школу ў Кракаве з вянцом навук — тэалогіяй, Ягайла меў на мэце і падрыхтоўку святарскіх кадраў для наталення духовага голаду ў родным Вялікім Княстве Літоўскім. Урачыстая інаўгурацыя ўніверсітэта адбылася 22 ліпеня 1400 г., праз год пасля смерці каралевы Ядвігі2.
У часы навучання Скарыны Кракаўская Alma Mater была ў зеніце сваёй славы. Як і іншыя еўрапейскія, універсітэт быў шчыльна звязаны з духоўнымі ўладамі. Ён развіваўся пад апекаю Апостальскага Пасаду: утрымліваўся галоўным чынам з прыбыткаў касцёлаў і кляштараў, а выкладчыцкія кадры і студэнты ў значнай колькасці належалі да духоўнага стану. Канцлерам універсітэта, які даваў ліцэнзію на выкладанне, станавіўся чарговы Кракаўскі біскуп. Выкладчыкі трымалі цэлібат, а студэнты былі абавязаныя весці лад жыцця, мала адрозны ад манаскага (жанатыя не маглі быць навучэнцамі ўніверсітэта). У арганізацыйным плане Кракаўскі ўніверсітэт, як і іншыя сярэднявечныя, быў дэмакратычнаю ўстановаю з самакіраваннем і аўтаноміяй. Найвышэйшым органам кіравання быў агульны сход выкладчыкаў універсітэта, аднак склікаўся ён толькі ў самых важных выпадках: для абрання са сваіх шэрагаў рэктара, а таксама для прыняцця пастаноў і статутаў, абавязковых для ўсіх факультэтаў. Пытанні, якія не мог вырашыць рэктар, разглядаліся ўніверсітэцкаю радаю, якая складалася з рэктара і дэканаў трох факультэтаў: тэалагічнага, юрыдычнага і філасофскага, паколькі медычны факультэт дзейнічаў спачатку не ў поўнай меры. Рэктар абіраўся на паўгода: 24 красавіка ў дзень св. Юр’я на летняе паўгоддзе, а 16 кастрычніка ў дзень св. Гала — на паўгоддзе зімовае. Пры добрым кіраванні той самы рэктар мог выбірацца на новы тэрмін. Для паслугаў і дапамогі рэктар меў у сваім распараджэнні служыцеляў універсітэта, бэдэляў, якія наглядалі за парадкам, натарыяў, якія вялі ўніверсітэцкую дакументацыю. Большасць з гэтых функцый выконвалі самі студэнты3. Факультэцкае кіраванне было арганізаванае, як можна меркаваць, падобна да агульнаўніверсітэцкага. Найвышэйшую ўладу меў агульны сход усіх прафесараў, якія вялі заняткі на факультэце, у тым ліку і з іншых факультэтаў. Агульны сход ствараў камісію па распрацоўцы і рэфармаванні статутаў факультэта, прымаў факультэцкія статуты і пастановы, разглядаў і вырашаў справы пра занядбанне прафесарамі факультэта сваіх абавязкаў у навучанні, а таксама пра парушэнне прынятай для дактароў і магістраў формы вопраткі. Выбары дэкана адбываліся два разы на год: у найбліжэйшую суботу перад 24 красавіка — днём св. Юр’я, і ў суботу перад 6 красавіка — днём св. Гала. У дапамогу дэкану ў той жа дзень выбіралі з ліку прафесараў факультэта двух асістэнтаў. Новаабраны дэкан прысягаў свайму папярэдніку, што будзе трымацца статутаў і пастановаў факультэта і паведамляць рэктару пра ўсе правіны і парушэнні пры выкладанні і дыспутах. Пасля гэтага ён прымаў прысягу ад кожнага прафесара, што той не дапусціць да экзамена кандыдатаў на бакалаўра ці магістра з уласнай карысці альбо асабістае прыхільнасці. Каб лепей ацаніць здольнасці кандыдатаў, дэкан павінен быў на працягу паўгода весці для іх практычныя заняткі. Гэтыя заняткі былі абавязковыя, і калі кандыдат ухіляўся ад іх, ён не дапускаўся да экзамена на ступень і мусіў чакаць наступнага тэрміна. На працягу месяца пасля заканчэння кадэнцыі дэкан мусіў даць у прысутнасці двух абраных для гэтага прафесараў справаздачу свайму наступніку з усіх прыбыткаў і выдаткаў факультэта4.
ЖЫТЛО
Пасля ўнясення свайго імя ў Метрыку ўніверсітэта Францішак, сын Лукі з Полацка, напэўна, заняўся пошукамі даху над галавою. Існавалі тры месцы, дзе ён мог спыніцца: пры калегіуме ў якасці сэрвітара, пры парафіяльнай школе і ў адной з бурсаў. Было два калегіумы, у якіх сяліліся магістры вызваленых навук і мясціліся аўдыторыі для заняткаў: калегіум большы (Collegium maius), дзе на ніжнім паверсе размяшчаліся аўдыторыі, а на верхнім — агульная зала для заняткаў, а таксама жылыя пакоі выкладчыкаў, і калегіум меншы (Collegium minus). Магістры, якія ўваходзілі ў склад калегіума выкладчыкаў пэўнага факультэта, мелі сталае жытло ў будынку калегіума. Шкаляры, якіх туды сялілі, мелі абавязак прыслугоўваць магістрам — за гэта калегіум забяспечваў ім жытло і частку харчавання, а другую частку павінен быў забяспечыць той магістр, якому прыслугоўваў пэўны шкаляр-сэрвітар. Ложак такія шкаляры мелі ў пакоі свайго магістра, але харчаваліся яны за асобным сталом5. У 1447 г. была прынятая пастанова пра тое, што прафесар, які жыве ў калегіуме, можа трымаць за кошт калегіума не больш за аднаго сэрвітара, а калі жадае мець іх больш, то за кожнага павінен плаціць штоквартальна шэсць грошаў. Такіх шкаляроў, якім удзялялі асаблівую ласку, даючы жытло ў калегіуме, называлі грацыялістамі (ад лац. gracia — ласка), але, у адрозненне ад першых, яны павінны былі плаціць за жытло пяць з паловаю грошаў, а таксама два разы ў год уносіць асаблівую плату за карыстанне з розных бэнэфіцыяў, якімі надзялялі калегіум, і за апальванне. У Collegium minus гэтая плата складала адпаведна 24 грошы за летні семестр і 30 грошаў за зімовы6. Іншым месцам, дзе Скарына мог атрымаць жытло, былі парафіяльныя школы — прынамсі ў сямі з іх, як сведчаць дакументы, разам з вучнямі сяліліся і шкаляры ўніверсітэта. Шкаляры плацілі тут адносна танна: у школе пры касцёле св. Ганны ўнёсак складаў сем грошаў, да гэтага дадавалася плата за карыстанне ложкам — паўтара гроша, і за ацяпленне — чатыры грошы на год7. Харчаванне студэнты мусілі забяспечваць сабе самі: яны маглі атрымаць яго за паслугі школе ці касцёлу (прыслугоўваючы і спяваючы на набажэнствах) ці харчаваліся з ласкі парафіянаў. Бяднейшыя маглі разам з вучнямі школы зарабляць на навучанне і ўтрыманне, жабруючы на вуліцах Кракава. На чале парафіяльнае школы стаяў яе рэктар, уладзе якога падлягалі ўсе яе вучні і насельнікі, але ў спрэчных выпадках канчатковае рашэнне было за рэктарам, якому падпарадкоўваўся не толькі ўніверсітэт, а і ўсе парафіяльныя школы. Самаю прывабнаю для студэнтаў была школа пры касцёле Усіх Святых — яе найчасцей абіралі на жытло шкаляры Вялікага Княства і Мазовіі, хоць бальшыню насельнікаў складалі ўсё ж юнакі з Кароны8.
Месцам, адмыслова прызначаным для пасялення студэнтаў, былі бурсы (ад лац. bursa — торбачка, гаманец, кішэня; пераносна: грошы, плата); так называлася таксама грашовая сума, якую ўносілі студэнты за пражыванне. Пазней назва перайшла і на будынкі, дзе яны сяліліся. На той час, калі ў Кракаў завітаў па веды Францішак Скарына, у горадзе дзейнічала шэсць бурсаў. Бурса філосафаў, згодна з традыцыяй, была закладзеная ў адзін час з аднаўленнем універсітэта ў 1400 г. і спачатку прызначалася на жыллё прафесарам, якіх запрасілі з Прагі на запачаткаванне навук у Кракаўскай Alma Mater. На пачатку ХVI ст. у ёй жылі пераважна нямецкамоўныя студэнты з Сілезіі, Прусіі, Славакіі і Нямеччыны. У 1409 г. з фундацыі доктара тэалогіі Яна Існэра была закупленая камяніца на скрыжаванні вуліц Вісльнэй і Голэмбей на жытло для бедных шкаляроў з Вялікага Княства Літоўскага. Яна атрымала назву Бурса бедных. Каля 1461 г. з фундацыі Яна Длугаша быў закуплены суседні дом на вуліцы Вісльнэй. Бурса магла даваць прытулак звыш 50-ці студэнтам. Тут найчасцей і сяліліся студэнты з Вялікага Княства. Менш іх было ў канцы XV — пачатку XVI ст. у Ерузалемскай бурсе, фундаванай у 1456 г. Кракаўскім біскупам Збігневам Алясніцкім і перабудаванай на сродкі Яна Длугаша пасля пажару ў 1462 годзе. Мясцілася яна на рагу вуліц Ягелонскай і Голэмбей — у яе мурах маглі атрымаць месца каля 100 жыхароў. Бурса Яна Длугаша на вуліцы Гродзкай, інакш званая Бурса кананістаў, пачала функцыянаваць з 1485 г. (як вынікае з назвы, яна была фундаваная Янам Длугашам для студэнтаў кананічнага права). Венгерская бурса размяшчалася ў прыватнай гарадской рэзідэнцыі роду Мельштынскіх на вуліцы Брацкай і прызначалася для студэнтаў з Венгерскага каралеўства. Гэткі ж нацыянальны характар мела і Нямецкая бурса, у якой сяліліся студэнты з нямецкіх земляў. Яна знаходзілася на вуліцы св. Ганны за Collegium Maius. Не выключана, што наш Францішак Скарына мог пасяліцца ў любой з гэтых бурсаў, але больш верагоднымі падаюцца дзве з іх: Ерузалемская і Бурса бедных. Ерузалемская бурса патрабавала ад студэнта, у параўнанні з Бурсай бедных, большых выдаткаў на ўтрыманне9. Сродкі нашага маладога земляка, хутчэй за ўсё, не былі надта вялікія, таму найбольш верагодна шукаць яго сляды ў Бурсе бедных. Мабыць, у браму гэтага будынка ён і пастукаўся ў адзін з сакавіцкіх ці красавіцкіх дзён 1505 г.
Парадкі ва ўсіх кракаўскіх бурсах былі амаль аднолькавымі — за ўзор для іх статутаў былі ўзятыя статуты магістарскіх калегіумаў. У адрозненне ад калегіумаў, якімі кіравалі прэпазіты, выбіраныя з саміх жыхароў, на чале бурсаў ставіўся сеньёр, якога прызначалі дабрадзеі бурсы. У бурсах захоўвалася і пасада прэпазіта, якога выбіралі са студэнтаў, — яго функцыі зводзіліся да пабожных чытанняў падчас пасілкаў. ...Можна ўявіць, як, увайшоўшы ў будынак бурсы, Францішак Скарына накіраваўся да сеньёра, каб засведчыць яму сваю іматрыкуляцыю ва ўніверсітэт, пасля чаго сеньёр прыняў ад яго ўступнае ў памеры для Бурсы бедных — два з трацінаю грошы, і прысягу прыкладна такога зместу:
Я, N. (Францішак), прысягаю пану правізару і сеньёру ды ягоным наступнікам, што буду ім паслухмяным, абяцаю захоўваць статут і пастановы, датычныя Бурсы бедных, і дбаць пра дабро яе супольнасці, не адкрываючы таямніцы бурсы староннім асобам. Няхай дапамагае мне ў гэтым Бог і Святое Божае Евангелле10. Сеньёр быў абавязаны спраўдзіць веды новапрыбылага ў лаціне. Пасля гэтага яму павінны былі паказаць пакой, дзе ён спыняўся на час навучання, і месца за сталом для агульных пасілкаў. Але для таго, каб набыць статус паўнапраўнага студэнта і жыхара бурсы, трэба было прайсці выпрабаванне, якое мела свае вытокі яшчэ ў дахрысціянскім часе і захоўвалася ў еўрапейскіх універсітэтах: depositio beani — зняцце бэана. Гэтую назву тлумачаць як вытворную ад французскага bec jaune — жаўтароцік, ці як гукаперайманне ад бэкання бараноў. Сэнс гэтага своеасаблівага абраду ініцыяцыі палягаў у тым, каб «зняць» з уступаючага ў студэнцкую супольнасць «кару» і бруд дрэннага, грубага выхавання і звычак, «абчасаць» яго, ачысціць ад таго, што замінала б яму стаць чалавекам выхаваным і культурным, і праз гэта ўзняць на новую ступень чысцейшага і шляхотнейшага жыцця. Дзеля гэтага ў вызначаны дзень у асобным пакоі збіраліся ўсе насельнікі бурсы: шкаляры, бакалаўры, магістры. У іншым памяшканні чакалі сваёй чаргі на экзекуцыю бэаны. Пад абразлівыя выгукі і кпіны, штуршкі, а часам і поўхі, уводзілі аднаго з бэанаў і клалі на пастаўленую пасярод пакоя лаўку. Драўлянымі інструментамі ў выглядзе вялікай сякеры, пілы, гэбля абсякалі, абпільвалі і габлявалі «чурбак», да якога прыпадабняўся ўведзены небарака. Успрымаючы як жывёлу, яму прыраблялі рогі, асліныя вушы і ўстаўлялі ў рот вялікі драўляны кол. Затым спілоўвалі прыробленыя рогі, абціналі прыклееныя вушы, а разам з імі доўгія валасы, і вялікімі абцугамі вырывалі ўстаўлены кол. Чынілася таксама вадкае ачышчэнне: вушы і твар абмывалі растворам солі і палівалі віном. Дзея магла разнастаіцца да бясконцасці дзякуючы багатай фантазіі і вынаходлівасці ўдзельнікаў. Усё адбывалася пры агульнай весялосці, але было вялікаю неспадзяванкаю, іспытам цярплівасці і пакоры для таго, над кім спраўляўся абрад. Пасля таго як бэан мыўся і пераапранаўся, яго прымалі як паўнапраўнага ў студэнцкую супольнасць. Перад ці пасля абраду за кошт бэанаў спраўлялася адмысловая вячэра, на якой не бракавала ежы і напояў11. Усе бурсы, таксама як калегіумы і парафіяльныя школы, падлягалі непасрэднаму кіраванню ўніверсітэта, якому належала права рэдагавання статута і выдання пастановаў, датычных бурсаў, права прызначаць ім кіраўніцтва, кантраляваць іх дзейнасць і ў апошняй інстанцыі вырашаць спрэчкі. Кіравалі пэўнаю бурсаю правізар і сеньёр, кожны ў межах сваёй кампетэнцыі. Правізара выбіралі з старэйшых прафесараў. Ён жыў па-за бурсаю і апекаваўся яе фундушамі і бэнэфіцыямі, забеспячэннем апальвання і харчавання, дбаў пра захаванасць будынкаў, наглядаў за дзейнасцю сеньёра, вырашаў у першай інстанцыі розныя спрэчкі. Ахоўваць лад у бурсе згодна са статутам і пастановамі было даручана сеньёру. Ён павінен быў пільнаваць захаванне статута ўсімі жыхарамі будынка і меў над імі судовую ўладу. Суды праходзілі ў кожную суботу, і на іх мусілі збірацца ўсе насельнікі бурсы. У дапамогу сеньёру з ліку жыхароў абіралі дарадцаў, якіх у Бурсе бедных было пяцёра: аднаго вылучалі з магістраў, якія жылі ў бурсе, двух — з бакалаўраў і яшчэ двух — са шкаляроў. Сеньёр адказваў за паводзіны жыхароў бурсы таксама і за яе мурамі: ён мусіў ведаць, калі і па якой справе кожны выходзіць з бурсы ўдзень, і замыкаў яе браму праз гадзіну пасля заходу сонца ў летні час і праз тры гадзіны ў час зімовы. Сеньёр меў права і абавязак у любы час удзень і ўначы наведваць пакоі бурсакоў, сачыць за тым, каб яны рэгулярна хадзілі на лекцыі, не забываліся паўтараць пройдзенае, бралі ўдзел у дыспутах, якія пад яго кіраваннем штосуботы праводзіліся ў бурсе, дбаў пра парадак і чысціню ў памяшканнях12. За парушэнні статута і ўнутраных парадкаў прадугледжваліся даволі суровыя пакаранні, пераважна грашовыя. Пры першым парушэнні спачатку спаганялася нейкая намінальная сума, пры другім парушэнні яна павялічвалася ўдвая, пры трэцім — яшчэ ў два разы, а далей жыхар выключаўся з бурсы і пазбаўляўся права на жытло ў іншых бурсах горада13. У жыццядзейнасці ўстановы вялікую ролю адыгрываў дыспэнсатар, ці, як звалі яго ў Бурсе бедных, карбаніст, які абіраўся з яе насельнікаў і займаўся закупам дроваў на ацяпленне, а таксама прадуктаў харчавання і падзелам ежы на порцыі перад падачаю на агульны стол. Наймалася кухарка, звычайна старэнькая жанчына з добрай рэпутацыяй. Ад жыхароў бурсаў раз на тыдзень збіралі грошы, якія зваліся бурсаю на харчаванне, і на тыя рэчы, што закупляліся для нармальнага функцыянавання ўстановы. Апрача таго, студэнты плацілі за жытло. У Бурсе бедных гэтая плата ўносілася чатыры разы на год, што разам складала 20 грошаў14. Разам са студэнтамі ў бурсах жылі і іхнія слугі. У Бурсе бедных дапускалася мець не больш за аднаго слугу на пакой, які мусіў служыць не толькі свайму гаспадару, але і ўсім у пакоі. Бурсы былі абсталяваныя вадаправодамі і клаакамі. Каб пазбегнуць пажару, не рэкамендавалася ўначы перамяшчацца па будынку з адкрытым агнём — свечкамі, лямпамі ці лучынаю, у тым ліку й да прыбіральні. Забаранялася выкідаць праз вокны смецце і нечыстоты. Не ва ўсіх пакоях былі грубкі ці каміны. У вялікім агульным пакоі, дзе адбываліся сходы і супольныя пасілкі, была вялікая печ, да якой узімку выстройвалася чарга. У чарзе да печы і размеркаванні месцаў за сталом, а таксама ў працэсіях захоўваўся парадак першынства: для магістраў і бакалаўраў — паводле часу прамоцыі, а для шкаляроў — паводле часу пасялення ў бурсу. Пільна захоўваўся наказ пра супольнае спажыванне ежы ў вызначаны час; за спазненне было прадугледжанае пакаранне. Харчаваліся два разы на дзень пасля ранішніх заняткаў ва ўніверсітэце каля 11-й гадзіны і пасля вечаровых — каля 18-й. Да стала прыходзілі з уласнымі нажамі і лыжкамі. Перад агульным пасілкам і пасля яго чыталася адпаведная малітва, а ў час яго — урыўкі са Святога Пісання ці з твораў айцоў. Гэтая справа даручалася прэпазіту, якога ў Бурсе бедных ставілі ратацыйна на два тыдні паводле чарговасці пасялення. Падчас ежы захоўвалася маўчанне, сваркі і звады за сталом караліся больш жорстка. Забароненае было харчаванне за сценамі бурсы і яшчэ больш катэгарычна — начлег у іншым месцы. У бурсах студэнты жылі па 2–3 чалавекі ў пакоі. У памяшканні, відаць, была даволі сціплая мэбля: ложкі, стол, гліняны свечнік, у багацейшых студэнтаў — металічны, посуд, рукапісы ці асобныя друкаваныя кніжкі, прылады для пісьма. Насіць зброю і трымаць яе ў пакоях студэнтам забаранялася. Статуты забаранялі таксама насіць у бурсе, універсітэце і за іх межамі свецкую вопратку. У якасці верхняй вопраткі прадпісвалася насіць доўгую суконную туніку (накшталт сутаны) з каптуром ці без яго, чорнага ці шэрага колеру, падперазаную ў поясе пасам. Галаўным уборам служыла шапка. Дапаўнялі строй нагавіцы, чаравікі ці боты. Узімку на туніку апраналі кажух, больш заможныя студэнты мелі футра. Падыспод адзявалася кашуля15. Сучасны даследчык гісторыі Кракаўскага ўніверсітэта Кшыштаф Барада падае звесткі пра камплект вопраткі, патрэбнай на два гады навучання для шараговага шкаляра, і яе кошты: 2 тунікі альбо туніка і кабат; 2 пары нагавіцаў, чаравікі, шапка, каптур, бялізна, у тым ліку кашуля, пас ды іншыя дробныя рэчы, кажух. Усё разам каштавала каля 220 грошаў16.
НАВУКА І ВОЛЬНЫ ЧАС
Навучальны год падзяляўся на два семестры: зімовы, які распачынаўся назаўтра пасля свята св. Лукі Евангеліста (19 кастрычніка), і летні, які пачынаўся назаўтра пасля дня св. Марка Евангеліста (26 красавіка). Незадоўга перад гэтымі датамі адбываліся выбары рэктара і дэканаў, якіх абіралі на паўгода. За паўмесяца да гэтых выбараў на будучае паўгоддзе магістрам рассылалі спіс кніг, паводле якіх яны павінны былі выкладаць у гэтым семестры, з указаннем лекторыя (аўдыторыі). У 1491 г. былі ўстаноўленыя тэрміны канікулаў: навагоднія пачыналіся ад Божага Нараджэння (25 снежня) і заканчваліся на Аб’яўленне Пана (6 студзеня). Летнія канікулы доўжыліся ўвесь ліпень і палову жніўня. Канікулярныя дні прадугледжваліся таксама паміж зімовым і летнім семестрам ад першай нядзелі пасля Вялікадня да свята св. Юр’я (24 красавіка), паміж летнім і зімовым семестрам — ад свята св. Міхала (29 верасня) да свята св. Гала (16 кастрычніка). Акрамя таго, вольнымі ад заняткаў былі нядзелі і дні святаў, якіх паводле статутаў універсітэта налічвалася каля 90. У падзеле гадавога цыклу важную ролю мелі так званыя сухадні — дні посту ў сераду, пятніцу і суботу, якія прыпадалі на пачатак кожнай з чатырох пораў года: пасля свята св. Люцыі (13 снежня); пасля Папяльцовае серады; пасля ўрачыстасці Спаслання Святога Духа; пасля свята Узвышэння Святога Крыжа (14 верасня). На сухадні прыпадалі іспыты на ступень бакалаўра. Для правядзення іспытаў у іншы час быў патрэбны дазвол ад дэкана факультэта. Абавязковыя заняткі праводзіліся толькі ў дні, прызначаныя для выкладання. Публічныя дыспуты прыпадалі на суботу, але дні канікулаў і святочныя прызначаліся для неабавязковых заняткаў: пастановаю факультэта вызваленых навук з 1451 г. бакалаўрам прадпісвалася падчас канікулаў цягам месяца ці хаця б трох тыдняў выкладаць неабавязковыя прадметы і наладжваць дыспуты ў час посту два разы на тыдзень17. Дзень заняткаў шкаляра на факультэце вызваленых навук пачынаўся вельмі рана, каля 5-е гадзіны ў летнім семестры і каля 6-е — у зімовым; заканчваўся каля 16-е гадзіны ўлетку і каля 15-е зімою. Перапынак на сняданак у летні перыяд быў дзве гадзіны, з 9-е да 11-е, а ў зімовы — адну гадзіну, з 10-е да 11-е. Такім чынам, шкаляр у будні займаўся 9 гадзінаў у летнім семестры і 8 у зімовым. Урок альбо дыспут доўжыўся не 45 хвілін, а роўна гадзіну — 60 хвілін18. Заняткі студэнтаў факультэта вызваленых навук адбываліся ў памяшканнях Collegium Maius ці, як яго іначай называлі, Collegium Artistarum — Калегіума артыстаў, г.зн. тых, хто вывучаў artes — вызваленыя навукі-мастацтвы. Калегіум меў для заняткаў каля сямі аўдыторый, больш слушна называных лекторыямі, якія мелі сваё найменне паводле антычных аўтараў: Марона (г.зн. Вергілія), Платона, Пталамея, Арыстоцеля, Сакрата, Гіпакрата і lectorium Prope Valvam (лекторый каля ўваходу з боку ўнутранага дворыка, каля драўляных дзвярэй). Паколькі факультэт вызваленых навук быў самы вялікі, выкарыстоўваліся таксама і лекторый Гіпакрата, прызначаны для медыкаў, і лекторый тэолагаў. Для лекцый маглі выкарыстоўвацца і пакоі прафесараў, якія жылі на другім паверсе. Тэолагі маглі займацца ў любым з лекторыяў, калі яны не былі занятыя. Частка заняткаў, перадусім неабавязковых, для студэнтаў факультэта вызваленых навук магла, відаць, праводзіцца і ў Collegium Minus. Заняткі для студэнтаў юрыстаў праводзіліся ў іх асобным калегіуме. На дольным паверсе Collegium Maius мясцілася вялікая бібліятэка артыстаў, якая мела багатую калекцыю рукапісаў і друкаваных кніг, ахвяраваных пераважна выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітэта, а таксама іншымі дабрадзеямі. На той час фонд бібліятэкі быў узбагачаны рукапіснымі кодэксамі і старадрукамі, атрыманымі ад болей чым ста ахвярадаўцаў19.
Універсітэцкая адукацыя ў тагачаснай Еўропе была двухузроўневай. Першы агульнаадукацыйны ўзровень забяспечвала навучанне на факультэце вызваленых навук, ці, як яго інакш называлі, філасофскім. Прымалі на яго юнакоў не раней як з 14-гадовага ўзросту. Пры паспяховым навучанні і выкананні неабходных патрабаванняў прыкладна праз два гады можна было атрымаць ступень бакалаўра, а яшчэ праз два — ступень магістра. Ступень магістра вызваленых навук, якую ў іншых універсітэтах (напрыклад, у Падуі) лічылі доктарскай, была канчатковаю кропкаю ў філалагічна-філасофскай адукацыі й давала магчымасць (ліцэнзію) выкладаць вызваленыя навукі ў любой еўрапейскай навучальнай установе. Настаўнікі, якія выкладалі для студэнтаў факультэта вызваленых навук, падзяляліся на некалькі катэгорый. Найвышэйшае месца ў іерархіі займалі старэйшыя магістры. Нагадайма, што магістрамі ў шырокім значэнні гэтага слова лічыліся дактары і магістры ў вузкім сэнсе. Старэйшыя магістры жылі ў Collegium Maius і належалі да яго арганізацыйна, яны звычайна мелі ступені магістраў вызваленых навук і тэалогіі і маглі выкладаць тэалогію і прадметы з цыклу вызваленых навук. Усім прафесарам гэтага калегіума, а прафесарамі ў той час называлі ўсіх выкладчыкаў, былі прызначаныя з розных фундушаў даволі багатыя бэнэфіцыі (калегіятуры) з пэўнымі ўмовамі, якіх мусілі прытрымлівацца бэнэфіцыянты. Малодшыя магістры ўваходзілі ў склад Collegium Minus і таксама мелі матэрыяльную падтрымку ў выглядзе бэнэфіцый з 14-ці фундушаў, г.зн. імі забяспечвалася 14 калегіятураў — 14 малодшых магістраў калегіятаў. Насамрэч, у час навучання Францішка Скарыны іх было менш, 9-12, бо некаторыя фундушы былі бедныя і часам не забяспечваліся. Магістры, якія належалі да Collegium Minus, выкладалі толькі прадметы з цыклу вызваленых навук. Ніжэй на кар’ернай лесвіцы стаялі магістры, якія не атрымлівалі бэнэфіцый, а толькі маглі браць удзел у нарадах факультэта: extranei de facultate — экстраардынарныя магістры з факультэта. Самую ніжнюю прыступку займалі тыя, якія не мелі на факультэце ніякіх правоў: extranei non de facultate — экстраардынарныя магістры не з факультэта. Той, хто абраў кар’еру ўніверсітэцкага прафесара, пасля атрымання ступені магістра вызваленых навук павінен быў выкладаць на факультэце, да якога яшчэ не належаў, — extraneus non de facultate. Пасля гэтага пры ўмове сумленнага выканання за гэты час прадугледжаных статутам абавязкаў яго прымалі на факультэт, але яшчэ два гады ён мусіў працаваць як extraneus de facultate. Пасля правядзення патрэбнае кольнасці заняткаў і рэгулярнага ўдзелу ў дыспутах ён станавіўся паўнапраўным прафесарам факультэта — magister actu regens — і мог прэтэндаваць на адпаведныя бэнэфіцыі. Выкладчыкі ўсіх гэтых катэгорый вялі абавязковыя заняткі на факультэце вызваленых навук. Агульная іх колькасць на пачатку ХVI ст. складала каля 35-ці асобаў, з іх старэйшых выкладчыкаў было каля 10-ці, малодшых — каля 12-ці і экстраардынарных — каля 14-ці. Неабавязковыя, факультатыўныя прадметы ў час канікулаў і святочных дзён мусілі весці бакалаўры, якія мелі намер здабыць ступень магістра. Бакалаўр, які хацеў атрымаць гэтую годнасць праз два гады, мусіў на працягу гэтага часу адказваць магістру ў час дыспутаў, месяц ці прынамсі тры тыдні весці неабавязковыя заняткі на канікулах і ў святы, а таксама ладзіць дыспуты ў нядзелі і браць удзел у трох звычайных дыспутах магістраў. Калі гэтыя ўмовы не выконваліся, экзамен на ступень магістра адкладаўся. У 1504/1505 і 1506/1507 гг. прынамсі 7 бакалаўраў павінны былі весці неабавязковыя заняткі і дыспуты для студэнтаў факультэта артыстаў20. Паводле падлікаў Антонія Карбавяка, у 1504/1505 г. ва ўніверсітэт запісалася 291 асоба, 141 з якіх — з Польшчы і Вялікага Княства, а 150 — з іншых краінаў21. У адным семестры са Скарынам у 1504/1505 г. былі іматрыкуляваныя чатыры асобы з Вялікага Княства Літоўскага: Венцэслаў са Слуцка, Георгій з Ваўкавыска, Мікалай з Ашмянаў, Мікалай з Дзітвы і, магчыма, Тамаш з Падлесся22. З 245-ці асобаў, якія былі іматрыкуляваныя ва ўніверсітэт у 1505-м каляндарным годзе, 111 чалавек паходзілі з Польшчы. З іншых краінаў, у парадку змяншэння: 47 — з Венгрыі, 31 — з Сілезіі (Шлёнска), 22 — з Нямеччыны, 16 — з Прусіі, каля 9 з Чэхіі і Маравіі; рэшту складалі выхадцы з Заходняга Памор’я і Любускае зямлі, якія не ўваходзілі ў склад Кароны, а таксама асобы неакрэсленага паходжання23. Паводле грамадскага стану большасць студэнтаў належала да мяшчанаў і шляхты, астатнія — да іншых станаў. У 1500–1509 гг. мяшчане складалі 62 %, шляхта — 7 %, астатнія каля 30 % — найверагодней, вясковая, засцянковая шляхта, і, хутчэй як выключэнне, больш заможныя сяляне24. Толькі вельмі малая частка студэнтаў заканчвала навучанне на факультэце вызваленых навук са ступенню ў вызначаныя для прамоцыі тэрміны. Так, з запісаных у 1504/ 1505 г. ва ўніверсітэт 291-й асобы ў 1506/1507 г. сталі бакалаўрамі толькі 6025.
ВЫЗВАЛЕНЫЯ НАВУКІ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ
Поўны курс сямі вызваленых навук — septem artes liberales, ці філасофіі — у гуманітарных навучальных установах, да якіх належалі парафіяльныя і катэдральныя школы, а таксама філасофскія факультэты ўніверсітэтаў, складаўся з двух узроўняў (trivium і quadrivium) — літаральна, трохпуцця і чатырохпуцця. Да trivium адносілі граматыку з паэтыкай, рыторыку і дыялектыку, да quadrivium — арыфметыку, геаметрыю, музыку і астраномію. У ніжэйшых парафіяльных школах з trivium вывучалі толькі лацінскую граматыку, а таксама лічэнне і пісьмо, касцёльныя спевы. Навучанне ў катэдральных школах ахоплівала ўжо ўсе прадметы trivium, але не ў дастатковым аб’ёме, а таксама часткова некаторыя звесткі з quadrivium. Поўны курс вызваленых навук маглі даваць толькі ўніверсітэты. Перад атрыманнем ступені бакалаўра вызваленых навук студэнт мусіў засвоіць дысцыпліны з trivium і нейкія веды з quadrivium. Калі ж ён працягваў навучанне, то для атрымання ступені магістра мусіў авалодаць усімі вызваленымі навукамі. Як вынікае з універсітэцкіх дакументаў, Францішак Скарына паступіў ва ўніверсітэт у канцы зімовага семестра 1504/1505 г., прыкладна на зыходзе сакавіка і пачатку красавіка 1505 года. Можна меркаваць, што гэта было пасля Вялікадня, які ў 1505 г. святкаваўся 23 сакавіка. А літаральна праз тыдзень, паводле статута, пачыналіся міжсеместравыя канікулы, што цягнуліся, як ужо было сказана, да свята св. Юр’я (24 красавіка). Праз тры дні пасля свята Марка Евангеліста пачынаўся новы семестр, таму рэальна прыступіць да заняткаў на факультэце Скарына мог толькі на пачатку летняга семестра 1505 года. На канікулах ён меў час азнаёміцца з горадам, універсітэтам, знайсці жытло ў бурсе ці ў іншым месцы, наведаць неабавяковыя заняткі і дыспуты, якія праводзілі бакалаўры. Такім чынам, калі Скарына распачаў заняткі ў Кракаўскім універсітэце пасля Вялікадня ў летнім семестры 1505 г., то завяршыў сваё навучанне ў сярэдзіне зімовага семестра перад Божым Нараджэннем у 1506 г., атрымаўшы ступень бакалаўра. Але для таго, каб быць дапушчаным да іспыту на атрыманне гэтае ступені, трэба было выканаць некалькі ўмоваў. Па-першае, пасля запісу ў Метрыку ўніверсітэта новаму студэнту неабходна было знайсці сабе куратара з ліку магістраў, які б ім апекаваўся, кіраваў і дапамагаў у навучанні і студэнцкім жыцці. Без такога куратара ўсе праслуханыя лекцыі і практычныя заняткі пры прамоцыі на бакалаўра кандыдату не залічваліся. Хто быў такім апекуном у Францішка Скарыны, невядома. Па-другое, трэба было вывучыць некалькі абавязковых прадметаў, інакш кажучы, праслухаць іх выкладанне і адбыць практычныя заняткі па пэўных кнігах з цыклу trivium, якія складалі своеасаблівы канон, без чаго Скарыну не дапусцілі б да экзамена. Па граматыцы падчас ягонага навучання выкладалася найбольш пашыраная на працягу Сярэднявечча і яшчэ ў Новым Часе Ars grammatica («Граматычнае мастацтва») Элія Даната — настаўніка св. Гераніма, дзе ў выглядзе пытанняў і адказаў падавалася марфалогія лацінскай мовы, а таксама звесткі са стылістыкі і рыторыкі. Сінтаксісу была прысвечаная таксама вельмі папулярная ў Сярэднявеччы вершаваная кніга Аляксандра дэ Віля Дэі Doctrinale puerorum («Навука для дзяцей»)26. Практычныя заняткі па граматыцы Даната ў летнім семестры 1505 г. вёў магістр Марцін Тарновеч, а ў летнім семестры 1506 г. — Станіслаў з Клепажа. Практычныя заняткі па падручніку Аляксандра дэ Віля Дэі ў зімовым семестры 1506/1507 г. вёў Міхал з Вроцлава27. Усе прадметы па дыялектыцы, інакш кажучы, логіцы, грунтаваліся на працах Арыстоцеля. Для іспыту на ступень бакалаўра патрабавалася абавязковае вывучэнне ягоных кніг і каментараў да іх пазнейшых аўтараў. Спасціжэнне логікі Арыстоцеля пачыналася з засваення твораў пад агульнаю назваю Ars vetus («Старое мастацтва») альбо Logica vetus («Старая логіка»), дзе разглядаліся асноўныя пытанні логікі — катэгорыі мыслення, а таксама выказванні і меркаванні28. Кнігу Ars vetus (Logica vetus) у летнім семестры 1505 г. чытаў Марцін Тарновеч, практычныя заняткі вёў Ян з Глогава; у зімовым семестры 1505/1506 г. чытаў Станіслаў з Клепажа, а практычныя заняткі вёў Мікалай Мікаш з Кракава; у летнім семестры 1506 г. чыталі Альберт з Пётркава і Міхал з Вроцлава; у зімовым семестры 1506/1507 г. чыталі Мацей з Ілкуша і Ян з Глогава, практычныя заняткі паводле Пятра Тартарэта вёў Ян са Львова29. Паралельна па гэтых пытаннях выкладалася кніга арыстоцелеўскага каментатара Пятра Гішпанца Parva logicalia («Малыя лагічныя творы»), якую ў летнім семестры 1505 г. чытаў Мікалай Мікаш з Кракава, а прыктычныя заняткі па ёй вёў Альберт са Свадзышэвіч; у зімовым семестры 1505/1506 г. чытаў той жа Мікалай Мікаш з Кракава, а практычныя заняткі праводзіў Станіслаў Клепаж; у летнім семестры чыталі Ян з Глогава і Якуб з Кракава; у зімовым семестры 1506/1507 г. — Станіслаў з Познані, а практычныя заняткі вёў Станіслаў з Клепажа30.
Пасля гэтага можна было пераходзіць да засваення кнігі Logica nova («Новая логіка»), у якой разглядалася вучэнне пра высновы (Analitica priora — «Першыя аналітыкі») і пра доказы, вызначэнні і падзелы (Analitica posteriora — «Другія аналітыкі»). Па кнізе Logica nova ў летнім семестры 1505 г. практычныя заняткі вёў Леанард з Добшыч; у зімовым семестры 1505/1506 г. іх вёў Марцін з Ілкуша; у летнім семестры 1506 г. — Леанард з Добшыч; у зімовым семестры 1506/1507 г. — Фэлікс з Ляскі31. Відаць, паралельна чыталіся і вяліся практычныя заняткі паводле аналітыкаў32. Потым праходзілася кніга Liber elenchorum з разглядам сафізмаў. Яе ў летнім семестры 1505 г. чытаў Альберт з Свадзышэвіч; у зімовым семестры 1505/1506 г. — Марцін з Ілкуша; у летнім семестры 1506 г. — Ян Нагольт; у зімовым семестры 1506/1507 г. — Марцін з Шамотулі33. На лагічным вучэнні Арыстоцеля будавалася і ўласна ягоная філасофія. Таму пасля лагічных трактатаў надыходзіла чарга кніг па філасофіі прыроды — Libri physicorum. Іх у летнім семестры 1505 г. чытаў Ян з Глогава, працягваў чытаць Станіслаў Клепаж, а таксама чытаў дэкан Сымон з Шэпжа; у зімовым семестры 1505/1506 г. чытаў Сымон Шэпрч, практычныя заняткі вёў дэкан Міхал з Вроцлава; у летнім семестры 1506 г., працягваючы, чытаў Сымон з Шэпрча, а дэкан Пётр з Кракава, відаць, вёў практычныя заняткі; у зімовым семестры 1506/1507 г. чытаў Валянцін з Сандаміра, а дэкан Леанард з Добшыч, відаць, вёў практычныя34. Да філасофіі прыроды належала яшчэ адна абавязковая для вывучэння кніга Арыстоцеля — De anima («Пра душу»). У летнім семестры 1505 г. яе чыталі Мікалай Мікаш з Кракава і Ян Нагольт; у зімовым семестры 1505/1506 г. — Пётр з Кракава, а практычныя заняткі вёў доктар Марцін з Шамотулі; у летнім семестры 1506 г. чытаў Марцін з Вольбажа (перастаў працягваць за два тыдні перад Вялікім пастом), а таксама чытаў Марцін з Ілкуша; у зімовым семестры 1506/1507 г. чыталі Ян з Міхалова і Ян з Глогава, практычныя заняткі паводле Яна дэ Магістрыс вёў Ян з Стобніча35. Пачатковыя веды па астраноміі давала кніга De sphera materialis Яна дэ Сакрабоско, якая таксама была абавязковаю. У летнім семестры 1505 г. яе чытаў Ян Нашкоўскі; у зімовым семестры 1505/1506 г. — Якуб з Кракава; у летнім семестры 1506 г. — Ян з Глогава; у зімовым семестры 1506/1507 г. — Марцін з Тарновеча36. Апрача абавязковых, на факультэце выкладаліся творы, якія належалі да курсу граматыкі, паэтыкі і рыторыкі. Вывучалася больш грунтоўная «Граматыка» Прысцыяна (V–VI стст.) і папулярныя дапаможнікі па складанні лістоў Францішка Нігэра (1452–1496) «Спосабы ліставання», «Спосаб ліставання» Яна Сакрана (1443–1527), «Лісты да блізкіх» Францыска Філельфуса (1398–1481). Чыталіся і творы гісторыкаў: «Скарот гісторыі ад заснавання Рыма» Эўтропія (IV ст.), «Нарыс усіх войнаў» Флёра (ІІ ст.), «Жыцці цэзараў» Светонія (І ст.), «Югуртынская вайна» Салюстыя (86–35 гг. да Н.Х.), «Выказванні і дзеі, вартыя памяці» Валерыя Максіма (І ст.). Значная ўвага надавалася прамовам, лістам і філасофскім творам Цыцэрона (106–43 гг. да Н.Х.) — «Пра абавязкі», «Сон Сцыпіёна», «Лісты да блізкіх», «Тускулянскія разважанні», «Парадоксы», і філасофскаму трактату Баэцыя (475–524 гг.) «Пра суцяшэнне філасофіяй». Вялікую ролю ў выхаванні творчых здольнасцяў і мастацкага густу студэнтаў адыгрывалі трагедыі Сенекі, паэтаў Вергілія (70–19 гг. да Н.Х.) — «Энеіда», «Георгікі» і «Буколікі»; Гарацыя (65–8 гг. да Н.Х.) — «Паэтычнае мастацтва»; Авідзія (43 г. да Н.Х.–18 г. пасля Н.Х.) — «Журботныя элегіі», «Героіды», «Ібіс»37.
Вывучэнне абавязковых кніг было галоўнаю ўмоваю допуску да іспыту на ступень бакалаўра. Трэба было таксама пацвердзіць наяўнасць запісу ў Метрыцы пра паступленне ва ўніверсітэт і аплату поўнага ўступнага ўнёску — 8 грошаў. Скарына, які ўнёс пры паступленні толькі два грошы, павінен быў даплаціць яшчэ шэсць. Неабходна было аплаціць і заняткі выкладчыкам, што складала каля 350-ці грошаў38. Акрамя таго, перад іспытам ён паўгода наведваў заняткі, што праводзіліся дэканам факультэта, якім у зімовым семестры 1506 г. быў бакалаўр кананічнага права Леанард з Добшычаў. За паўгода да іспыту на ступень бакалаўра неабходна было прыняць удзел у пэўнай колькасці дыспутаў, якія праводзілі магістры. Нарэшце дэкан абвяшчаў адкрыццё іспыту, заклікаючы ўсіх ахвотных і падрыхтаваных да запісу на іспыт (intitulatio), вывешваючы абвестку пра гэта. У прызначаны час вечарам у адным з калегіумаў, большым ці меншым, збіраліся кандыдаты на бакалаўраў ды іхнія магістры. Кандыдаты мусілі прад’явіць на пісьме спіс праслуханых лекцыяў і практычных заняткаў з прозвішчамі выкладчыкаў, якія іх вялі (cedula). Магістры маглі выказваць свае заўвагі і засцярогі адносна кандыдатаў, калі, напрыклад, нехта не наведаў патрабаванай статутам колькасці заняткаў, не аплаціў іх магістру, абразіў яго ці падняў на яго руку альбо ў сваіх паводзінах паказаў сябе чалавекам нявартым, непрыстойным, злачынцам ці аматарам азартных гульняў. Зрэшты, дэкан у гэтым абмеркаванні мог прыняць бок студэнта і вырашыць справу на яго карысць. У выніку кандыдаты атрымлівалі ці не атрымвалі допуск да іспыту (admissio). На гэтым жа сходзе абіралі двух ці чатырох экзаменатараў. На працягу трох-чатырох дзён экзаменатары праводзілі апытанне кандыдатаў па розных прадметах. У канцы папярэдняга іспыту кожны з экзаменатараў павінен быў размеркаваць кандыдатаў паводле ўзроўню іх ведаў, а дэкан на падставе гэтых адзнакаў складаў канчатковы агульны спіс — locatio generalis. Апытанне і лакацыя разам займалі больш за дзесяць дзён. Вытрымаўшы апытанне і атрымаўшы лакацыю, кандыдат на працягу 15-ці дзён мусіў разлічыцца з універсітэцкай касаю ці даць абяцанне разлічыцца ў акрэслены час і атрымаць ад дэкана пасведчанне пра гэта — сігнэт (signetum). Лакацыя заставалася таемнаю да часу адкрыцця наступнага экзамена. Цяпер кандыдаты павінны былі здзейсніць дэтэрмінацыю — дыспут у прысутнасці экзаменатараў з магістрам-прамотарам на зададзеную гэтым магістрам тэму. Пры вялікай колькасці кандыдатаў і пры ўмове прамежку паміж дыспутамі ў некалькі дзён, хоць часам у адзін дзень маглі дыспутаваць некалькі кандыдатаў, дэтэрмінацыя магла расцягвацца больш чым на дзесяць дзён. Калі нехта не здолеў правесці дыспут у вызначаны тэрмін, гэта пагражала яму стратаю набытае лакацыі і паўтарэннем усяго працэсу ад пачатку. Калі ж дэтэрмінацыя была паспяхова здзейсненая, кандыдат атрымліваў ступень бакалаўра. Прамотар урачыста абвяшчаў кандыдата бакалаўрам вызваленых навук і сімвалічна ўручаў яму пальчаткі. Прамоцыю завяршала гасціна, якую наладжваў новы бакалаўр, і ўрачыстае ўручэнне дыплома ад імя дэкана39. Гэтай важнай падзеяй у жыцці Скарыны закончылася яго навука ў Кракаўскай Alma Mater. Дзякуючы захаваным дакументам універсітэта і працам шэрагу даследчыкаў гэтай знакамітай вучэльні мы можам цяпер узнавіць некаторыя этапы і падзеі ў жыцці нашага першадрукара. Прыезд у Кракаў, прысяга, іматрыкуляцыя, выбар магістра-апекуна, жыццё ў бурсе і заняткі ва ўніверсітэце, бакалаўрат... Хутчэй за ўсё, перапыніць сваё навучанне яго змусілі фінансавыя цяжкасці і, магчыма, больш прывабная перспектыва здабыць сродкі на жыццё і далейшую адукацыю ў іншым месцы. Пра тое, што ён атрымаў ступень магістра (доктара) у нейкім іншым еўрапейскім універсітэце, сведчаць запісы ў Актах акадэмічных ступеняў Падуанскага ўніверсітэта за 1512 г., дзе ён названы доктарам вызваленых навук. Але дзе ён апынуўся пасля кракаўскага экзамена на бакалаўра ў канцы 1506 г., застаецца загадкаю, адной з тых таямніцаў, якіх шмат пакінуў па сабе «выдатны муж, у вызваленых і лекарскіх навуках доктар, Францішак Скарына са слаўнага места Полацкага».
Гл. таксама:
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |