![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||
№
4(82)/2017
![]() З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з Данутаю БІЧЭЛЬ з нагоды юбілею
«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...» Проза
Віншуем з юбілеем!
Паэзія
Пераклады
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура
|
Род знікае — і род нараджаецца. І толькі цудатворныя абразы жывуць у вяках, нагадваючы нам пра тое, што калісьці была адзінаю Царква і хрысціяне не падзялялі свае святыні на каталіцкія і праваслаўныя... Большасці хрысціянаў добра вядомая гісторыя канстанцінопальскага абраза, які стаў самым шанаваным у Цэнтральнай Еўропе і асабліва ў каталіцкай Польшчы. Гісторыю гэтую, з тых часоў як падзяліліся канфесіі, людзі расказваюць па-рознаму, але абавязкова згадваюць і пра паўстанне супраць рымлянаў у 60-я гады І ст., і пра захоўванне абраза Божай Маці ў пячорах каля мястэчка Пелы ў гарах Юдэі, і пра імператрыцу хрысціянку Алену, якая прывезла абраз з Ерузалема ў Канстанцінопаль, і пра часы іканаборства, у якія загінула нямала святых выяваў. Памятаюць пра гэта і католікі, і праваслаўныя... Магчыма, у сувязі з асветніцкаю дзейнасцю Кірылы і Мятода, а можа, з прычыны жаніцьбы князя Уладзіміра Кіеўскага з візантыйскаю царэўнаю, але адна з 70-ці іконаў, напісаных, паводле падання, самім евангелістам Лукою, апынулася ў Галіцыі, у замку Бэлз, і стала сямейнаю святыняю галіцкіх князёў. Магчыма, паводле лёсу, а можа, паводле Божага Провіду разам з замкам Бэлз абраз Багародзіцы перайшоў у валоданне сілезскага князя Уладзіслава Апольскага і як бы набыў канфесійную прыналежнасць, бо князь Апольчык быў католікам.
Апынуўшыся ва ўласнасці католіка, абраз Багародзіцы не страціў сваёй цудатворнасці, а наадварот — выратаваў замак падчас аблогі татарамі. Абраз вынеслі на абарончую сцяну, і адна са стрэлаў упілася ў шыю Багародзіцы. Калі з раны пацякла кроў, на татараў спусцілася густая цемра, якая прынесла з сабою паніку і жах смерці, — татары кінуліся наўцёкі... Далей пачынаецца больш рэальная гісторыя абраза Чэнстахоўскай Божай Маці, бо князь Апольскі перадаў святыню манахам паўлінам, якія жылі ў кляштары на Яснай Гуры. Было гэта ў 1382 годзе. З таго часу абраз пачалі называць Чэнстахоўскім, бо Маці Божая... не дазволіла перавезці сябе ў іншае месца, і Чэнстахова стала месцам паломніцтва мільёнаў вернікаў. Цуды іконаў праяўляюцца і ў тым, што яны самі выбіраюць для сябе месца і нават настойліва супраціўляюцца яго змене. У 1430 годзе на Ясную Гуру напалі гусіты, для якіх не было нічога святога. Што яны рабілі з людзьмі, жахліва нават уявіць, а ікона, якая не пажадала пакідаць свайго месца, атрымала два ўдары шабляю і была разбітая на тры часткі. Святататцы адразу ж атрымалі Божую кару, а манахі, падабраўшы дошкі, злучылі іх разам і паставілі абраз на ранейшае месца. На жаль, пашкоджанне іконы было значным, і яе фактычна перапісалі — пад сённяшнім жывапісам няма нават рэшткаў візантыйскага пісьма. Нават грунт быў пакладзены занава, бо тэмперная фарба не клалася на рэшткі былога жывапісу, зробленага ў тэхніцы энкаустыкі (васковымі фарбамі). Як сведчаць дакументы ордэну манахаў святога Паўла на Яснай Гуры, іконы рэстаўравалі ў 1434 годзе ў Кракаве пры двары Уладзіслава Ягайлы. Драўляная панэль (121,7 × 81,5 см) — аснова жывапісу — адзінае, да чаго, магчыма, дакранаўся сам Хрыстус, калі ікона была сапраўды напісаная на сталешніцы стала, за якім адбывалася Апошняя Вячэра. Ёсць думка, што абраз перапісалі ў заходняй італьянскай манеры менавіта каталіцкія іканапісцы, і многія праваслаўныя вернікі лічаць, што пад акаталічаным вобразам захоўваецца сапраўдны лік Багародзіцы, напісаны святым Лукою, — такім чынам, трэба думаць, што евангеліст Лука да канфесійнага падзелу быў праваслаўным. «Блажен кто верует...» Зрэшты, незлічоныя цуды абраза Маці Божай Чэнстахоўскай падарылі радасць усім сапраўды веруючым — і католікам, і праваслаўным. У знак прызнання асобай цудатворнай сілы іконы яе з XVII ст. па волі караля Яна Казіміра называюць Каралеваю Польшчы, а ў 1717 г. абраз быў урачыста каранаваны, і цяпер католікі, завяршаючы свой паломніцкі дзень на Яснай Гары, спяваюць перад цудатворным абразом «апэль»: «Maryjo, Królowo Polski, jestem przy Tobie, pamiętam, czuwam!»
З цягам часу выява цудатворнага арыгінала ўвасобілася ў мностве спісаў, захаваўшы прыкметы іконаграфічнай схемы. Сёння ва Украіне, у Беларусі і ў Расіі нямала копіяў Чэнстахоўскай Маці Божай, якія ў Польшчы называюць «славянкамі», бо яны значна адрозніваюцца і непадабенствам твару Багародзіцы, і тэхнікаю выканання. Безумоўна, пры пэўнай цярплівасці і настойлівасці, падобных да тых, з якімі вернікі на каленях пераадольваюць камяністы шлях да святыні, мастакі пры іх звыклым майстэрстве маглі б выканаць дакладнейшую копію цудатворнага арыгінала, але нават уяўляць не хочацца, што было б, калі б увесь свет запоўнілі іконы копіі — усе аднолькавыя, як друкаваная прадукцыя. Пэўна ж, не знешняга падабенства дабіваліся іканапісцы і багамазы, выконваючы спісы з цудатворных святыняў. Часам гэта былі абразы, напісаныя паводле словаў або ўласнага ўяўлення — гэтак званыя народныя іконы. Напісаныя з вераю, яны па волі Божай чынілі цуды. ...Адлегласць у часе паміж маёю сённяшняю думкаю і яе аб’ектам у мінуўшчыне запоўненая не адраджэннем і ўваскрашэннем аб’екта, а ўсяго толькі здольнасцю думкі пераадольваць такога роду адлегласці, такія бездані. Думка, якая робіць гэта, называецца памяццю, як слушна заўважыў Робін Коллінгвуд у сваёй працы «Ідэя гісторыі». ...Гледзячы на ікону, намагаючыся спасцігнуць таямніцу яе паходжання, мы вызначаем тып арыгінала, спісам якога яна з’яўляецца, распазнаючы яго па вядомых прыкметах, але часам з-за мноства дапаўненняў гэта вельмі цяжка разгледзець.
У нас на Беларусі даволі шмат спісаў абраза Маці Божай Чэнстахоўскай. Абраз Маці Божай Адзігітрыі з вёскі Камаі ўражвае самабытнасцю і менавіта непадабенствам да арыгінала — мяркуючы па ўсім, ён быў напісаны не самім паломнікам у Чэнстахову, а паводле аповеду пілігрыма, якому ўпрыгожаны залатымі лілеямі сіні мафорый Багародзіцы падаўся расшытым залатымі зоркамі. Сцвярджэнне, што камайскі абраз быў напісаны ў 1610 годзе ў Кракаве, патрабуе доказаў, аднак будзем паблажлівымі, бо цуды невытлумачальныя, але людзям уласціва знаходзіць свае натуральныя тлумачэнні звышнатуральным цудам, і легенды, звязаныя з першакрыніцамі, зліваюцца з гісторыямі спісаў. Сляды ад удару шабляю — прыкмета Чэнстахоўскага абраза, схаваныя пазнейшымі запісамі, былі не заўважнымі пад пацямнелаю аліфаю ўжо перад першым панаўленнем, інакш іх, вядома ж, не пасмелі б не аднавіць. Калі б не гэтая «метка», убачаная пад мікраскопам, цяжка было б здагадацца, што абраз належыць да тыпу Чэнстахоўскай Адзігітрыі. Выява Божай Маці не падобная да Той, што на Яснай Гары: прадаўгаваты твар, буйнаваты падбародак, велікаваты нос, вялікія вочы, пухлы рот з доўгімі куткамі вуснаў і амаль нябачныя сляды ад удараў шабляю на правай шчацэ. Камайскі абраз пасля рэстаўрацыі і выдалення двух слаёў фарбаў паўстаў перад намі яркім, светлым, усмешлівым, усяго толькі з дзвюма рыскамі на шчацэ, і нагадваў сумны вобраз Чорнай (Ча́рнай) Мадонны з Чэнстаховы. Сляды ад шаблі, раскрытыя ў працэсе рэстаўрацыі, сведчаць пра тыповую прыналежнасць абраза. У Камайска-Чэнстахоўскай іконы слынная гісторыя — з XVIII ст. яна занесеная ў рэестр як цудатворная. Мноства гісторый пра спробы ўкрасці і вывезці цудатворныя абразы сведчаць пра тое, што святататцы былі пакараныя, а іконы заставаліся на сваіх месцах. У сувязі з гэтым раскажу пра выпадак у Камаях. Як вядома, для злодзеяў амаль няма перашкодаў. Аднойчы ўночы яны забраліся ў камайскі касцёл Яна Хрысціцеля — сарвалі каваныя, з пазалочанага срэбра шаты з абраза ў галоўным алтары і вынеслі іх, але ікону вынесці не здолелі ці таму што яна не пралезла ў акно, на якім злодзеі ламалі краты, ці таму што цудатворныя святыні самі вырашаюць, дзе ім быць. Дарэчы, на месцы злачынства міліцыянеры знайшлі згубленую адным са злодзеяў квітанцыю аб кватэрнай плаце з прозвішчам і адрасам у Ленінградзе. Злачынцу хутка знайшлі, аднак вярнуць шаты не ўдалося: злодзеі паспелі іх пераплавіць... Не абаронены шатамі жывапіс абраза быў прымітыўна, па-дылетанцку закрыты прафілактычнаю заклейкаю — абразу патрабавалася рэстаўрацыя, і яе даручылі мне, а таму мне не раз давялося пабываць у Камаях — пра назву мястэчка, пра касцёл і пра ікону я ўжо пісаў у нататках рэстаўратара «З „Агульнага сшытка“» («Наша вера», № 1, 2015 г.).
Мясцовы касцёл — галоўная адметнасць наваколля. Укаранёны ў самую макаўку ўзгорка на скрыжаванні пяці дарогаў, у самым цэнтры вёскі, ён заўсёды з усіх бакоў бачны на фоне неба. Касцёл, пабудаваны ў 1606 годзе, быццам высечаны з цэльнай глыбы. Ён натуральна гарманіруе з двухметровым крыжам, зробленым з валуна на скрыжаванні дарогаў яшчэ з даўніх часоў. Касцёл, у якім захоўваецца абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, невысокі, усяго 16 метраў. Магчыма, шатры яго вежаў калісьці былі вышэйшымі, але цяпер яны менавіта такія, і ў гэтым іх чароўная своесаблівасць. Просты трохкутны шчыт з чатырма нішамі завяршае фасад, фланкаваны вежамі з вузкімі вокнамі. Вежы ўпрыгожваюць байніцы рэдкай чашападобнай формы. Гаворачы пра стыль архітэктуры касцёла, хочацца назваць яго лапідарным, бо ён надзвычай ясны і лаканічны, але не прайграе ў параўнанні з такімі помнікамі абарончага тыпу, як цэрквы ў Сынковічах і Мураванцы. Наадварот, суровая грунтоўнасць і мэтаскіраванасць касцёла выглядаюць як выразнае сведчанне неабходнасці жыць, абараняючыся, і гэта ўдала ўвасоблена ў рысах готыкі, рэнесансу і барока. Ядры пушак, умараваныя ў сцены, — гэта памяць пра шведаў, якія намагаліся праверыць на трываласць сцены двухметровай таўшчыні падчас Паўночнай вайны. Але найбольш трывалым у супрацьстаянні шведам, калі згадаць «патоп» і Паўночную вайну, быў абраз Чэнстахоўскай Багародзіцы, а збудаванне касцёла як абарончай крэпасці — гэта ўсяго толькі элементы архітэктурнага стылю. Без усялякіх гістарычных каментарыяў зразумела, што архітэктура касцёла — Дома малітвы, надзейнага прыстанку, цытадэлі, захавальніцы цудатворнай святыні — дапамагае ўявіць абставіны мінуўшчыны на ўзгорыстым беразе былой ракі Камайкі... Цудоўна і дзіўна тое, што на працягу 400 гадоў існавання касцёл ні разу не быў зачынены для вернікаў, нават падчас разгулу хрушчоўскага атэізму (1958–1964). Будзем думаць, што і гэта было дзякуючы абароне Нябеснай Валадаркі.
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |