Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(82)/2017
З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam

САЛЕЗІЯНІН — СЫН КАВАЛЯ
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы

«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...»
Проза
Віншуем з юбілеем!

«ПАЧАКАЙ, ЗАТРЫМАЙСЯ...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ

Мікола ГРАКАЎ

ДЗЕЛЯ ДАБРА «ЎЗЛЮБЛЕНАГА КАНТЫНЕНТА»

Апошнім часам, калі гаворка заходзіць пра Еўропу, усё часцей гучыць слова «крызіс». А яшчэ зусім нядаўна, практычна на вачах аднаго пакалення, тут адбываліся вялікія гістарычныя падзеі. Пераадолеўшы ўзаемны недавер і крыўды Другой сусветнай вайны, народы Еўропы з вялікім энтузіязмам і надзеяй аб’ядналіся ў адну супольную сям’ю пад блакітным штандарам з дванаццаццю зоркамі — сімвалам Жанчыны, апранутай у сонца1. З падзеннем «жалезнай заслоны», аб’яднаннем Германіі і далучэннем да агульнаеўрапейскай сям’і народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы здавалася, што Стары Свет чакае новая цудоўная перспектыва, новая эпоха Адраджэння, але, відаць, штосьці пайшло не так...

Святы Айцец Францішак, выступаючы ў Еўрапарламенце, назваў Еўропу «бабуляю», бо «складаецца ўражанне, што Еўропа стомленая і састарэлая, больш не плодная і не жыццяздольная, а вялікія ідэалы, якія яе натхнялі, здаюцца ўжо больш не прыцягальнымі»2. Разам з тым Папа ўпэўнены, што гэта не канец: «Я лічу, што Еўропа мае шмат сілаў для таго, каб ісці наперад»3. У многіх сваіх выступленнях Святы Айцец жадае «новага і мужнага ўздыму для гэтага ўзлюбленага кантынента». Так прыгожа і пяшчотна — «узлюбленым кантынентам» — Папа называе Еўропу. «Вызначыць шляхі пастырскага супрацоўніцтва паміж рознымі краінамі з пашанаю да адрозненняў, развіваючы ініцыятывы салідарнасці і братэрства», — так папа Францішак акрэсліў мэту працы Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ), пленарнае пасяджэнне якой праходзіла ў Мінску з 28 верасня па 1 кастрычніка.

Ва ўступнай прамове на адкрыццё пленарнага пасяджэння РКБЕ яе старшыня кардынал Анджэло Баньяско, арцыбіскуп Генуэзскі, сказаў: «Мы таксама цвёрда перакананыя разам з Папам, што Еўропа „мае моц, культуру, гісторыю, якую нельга змарнаваць“4; што „да адраджэння Еўропы знясіленай, але ўсё яшчэ багатай энергіяй і магчымасцямі, можа і павінен прычыніцца Касцёл“5, штораз больш усведамляючы бясспрэчнае багацце двух „лёгкіх: усходняга і заходняга“6. Такім чынам, Еўропа не павінна змарнаваць сама сябе, двухтысячагадовую гісторыю, што звязвае яе з хрысціянствам і якая, нягледзячы на цёмныя чалавечыя бакі, прынесла плады цывілізацыі і культуры, але павінна лепш ставіцца да сябе, павінна паверыць у свае магчымасці, ведаючы, што „гэтую гісторыю, большаю часткаю, яшчэ трэба будзе напісаць“7. Нават крыху знясіленая, магчыма, употай расчараваная, яна не павінна здавацца, павінна зноў адшукаць першапачатковы энтузіязм, безумоўна, не тое мінулае бачанне сябе ў цэнтры свету, але магчымасць падараваць штосьці прыгожае і асаблівае чалавецтву. Кожны рэгіён свету, сапраўды, мае штосьці вялікае і сваё ўласнае, што можа даць іншым: усе павінны навучыцца думаць пра сябе ў сувязі з іншымі рэгіёнамі, у велікадушным імкненні даваць і прымаць».

Падчас сваёй працы ў Мінску прадстаўнікі біскупскіх канферэнцый з 45-ці еўрапейскіх краінаў маліліся і разважалі пра Еўропу і пра моладзь з мэтаю прадставіць свае прапановы для абмеркавання на наступным Сінодзе біскупаў, прысвечаным моладзі, які папа Францішак склікаў на восень 2018 года. «Гэтай значнай падзеяй Касцёл паказвае свой клопат пра тых, хто з’яўляецца нашай будучыняй, разважаючы над найбольш адпаведнымі спосабамі і падыходамі, каб адказаць на пытанні пра сэнс, якія кожны малады чалавек носіць у сваім сэрцы. Закранаючы тэму Еўропы, РКБЕ жадае перш за ўсё засведчыць перажыванне Касцёла за Еўропу, за гэты вялікі кантынент народаў і краінаў, які жадае падзяляць лёс міру і дабрабыту», — так пракаментаваў працоўныя задачы мінскай пленарнай асамблеі кардынал Баньяско падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам.

Гэтая сустрэча еўрапейскіх біскупаў на беларускай зямлі стала для іх таксама цудоўнай магчымасцю пазнаёміцца з мясцовай каталіцкай супольнасцю і адзначыць разам з ёю 950-годдзе першага ўспаміну Мінска ў летапісе і 500-годдзе выдання Бібліі — першай кнігі, надрукаванай на беларускай мове. Гэтае знаёмства дапамагло ўдзельнікам асамблеі і журналістам з розных краінаў, якія асвятлялі гэтую гістарычную падзею, зрабіць для сябе пэўныя чалавечыя адкрыцці. Адно з іх адбылося падчас наведвання выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, на якой гісторыя беларускага кнігадруку паказана ў кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі кнігі. Госці з-за мяжы былі здзіўленыя наяўнасцю ў фондах бібліятэкі старадрукаў з Германіі, Італіі, Францыі, іншых краінаў Еўропы. Для многіх з іх стала адкрыццём, што ў XVI стагоддзі многія нашыя суайчыннікі мелі магчымасць навучацца ў еўрапейскіх універсітэтах, удзельнічаць у навуковым і культурным жыцці тагачаснай Еўропы, якая, аказваецца, была тады больш адзінаю, чым цяпер, асабліва ў святле «брэксіту» і рэферэндуму аб незалежнасці ў Каталоніі. І нездарма кардынал Баньяско падкрэсліў, што «ў вялікай працы дзеля пабудовы лепшай і больш чалавечай будучыні Беларусі неабходна адыграць вялікую ролю».

У заключным пасланні пленарнага пасяджэння РКБЕ ў Мінску, прадстаўленым у апошні дзень яго працы ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім — гасцінным гаспадаром форуму еўрапейскіх біскупаў — яго ўдзельнікі далучыліся да пажадання папы Францішка «новага і адважнага ўздыму для гэтага ўзлюбленага кантынента»: «Мы не можам застацца ў баку ад гэтага ўздыму, усведамляючы, што з’яўляемся пасланцамі радаснай навіны. Пасланне, за якое мы нясем адказнасць перад светам, узнёслае і магутнае, але мае слабыя прылады. Хрыстова Евангелле — гэта спрадвечная крыніца гісторыі Еўропы, яе гуманнай цывілізацыі, дэмакратыі, правоў і абавязкаў чалавека. Гэта таксама іх найбольш надзейная гарантыя! <...> Нам бы хацелася, каб слова Езуса дасягнула сэрца Еўропы: «Не бойся, Я з табою». Не бойся, старажытная Еўропа, быць сама сабою, вярніся на шлях айцоў, якія марылі пра цябе як пра дом народаў і краінаў, як пра плодную маці дзяцей і цывілізацый, як пра зямлю адкрытага і цэласнага гуманізму. Так, не бойся, май давер! Касцёл, які з’яўляецца спецыялістам у чалавечнасці, — твой сябра: з позіркам, скіраваным на Хрыста, і з Евангеллем у руках ён разам з табою ідзе да будучыні паяднання, справядлівасці і міру».

Мікола Гракаў, дыякан
Паводле матэрыялаў пленарнага пасяджэння РКБЕ.
Мінск, 28 верасня –
1 кастрычніка 2017 г.


  1. The European Commission and religious values // The Economist — Oct 28th, 2004.
  2. Пар.: Папа Францішак. Прамова падчас уручэння прэміі Карла Вялікага, 6 мая 2016 г.
  3. Пар.: Папа Францішак. Прамова на пленарным пасяджэнні РКБЕ, 3 кастрычніка 2014 г.
  4. Пар.: Папа Францішак. Прэс-канферэнцыя падчас палёту з Мексікі, 17 лютага 2016 г.
  5. Пар.: Папа Францішак. Прамова падчас уручэння прэміі Карла Вялікага.
  6. Пар.: Папа Францішак. Пасланне да пленарнага пасяджэння РКБЕ 2016 г.
  7. Пар.: Папа Францішак. Прамова да Еўрапарламента, 25 лістапада 2014 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY