Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(82)/2017
З жыцця Касцёла
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Да 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай
In memoriam

САЛЕЗІЯНІН — СЫН КАВАЛЯ
Да 135-годдзя Якуба Коласа
Асобы

«АБНЯЛА МЯНЕ БЕЛАРУСЬ, ЗАПАЛАНІЛА, ТРЫМАЕ...»
Проза
Віншуем з юбілеем!

«ПАЧАКАЙ, ЗАТРЫМАЙСЯ...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Успаміны
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ

Леапольд Стаф — польскі паэт, драматург, перакладчык. Нарадзіўся ў 1878 г. у Львове. Пасля заканчэння гімназіі вучыўся ў Львоўскім універсітэце (1897–1901). Удзельнік паэтычнага гуртка «Płanetnicy». З 1918 г. жыў у Варшаве. Быў сурэдактарам часопіса «Nowy Przegląd Literatury i Sztuki» (1920–1921), старшынёю Таварыства польскіх пісьменнікаў і журналістаў (1924–1931). З 1920 г. — член кіравання Саюза польскіх пісьменнікаў, член Польскай акадэміі літаратуры (з 1933 г.) і яе віцэ-старшыня (1934–1939).

Лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі (1927, 1951). З 1931 г. — ганаровы член польскага ПЭН-клуба; лаўрэат узнагароды ПЭН-клуба (за перакладчыцкую дзейнасць; 1948). Доктар honoris causa Варшаўскага ўніверсітэта (1939), Ягелонскага ўніверсітэта (1949).

Аўтар драматычных твораў «Skarb» (1904), «Południca» (1920) і інш., паэмы «Mistrz Twardowski. Pięc spiewow o czynie» (1902), паэтычных зборнікаў «Sny o potędze» (1901), «Ptakom niebieskim» (1905), «Gałąz kwitnąca» (1908), «Tęcza łez i krwi» (1918), «Ucho igielne» (1927), «Barwa miodu» (1936), «Wiklina» (1954) і інш.

Перакладаў з грэчаскай, лацінскай, італьянскай, французскай, нямецкай моў творы Рамэна Ралана, Томаса Мана, Рабіндраната Тагора і інш., пераклаў на польскую мову «Кветачкі святога Францішка».

Падчас нямецкай акупацыі Польшчы жыў у Варшаве, выкладаў у падпольным універсітэце. Памёр у 1957 г. Пахаваны на Варшаўскіх могілках Павонзкі.

 

Малітва
Ратуй жа, мой Божа, душы маёй квецень
Ад чорнай патравы на гэтым свеце.
Каб нават на той, на Апошняй Вячэры,
Я чуў яе водар у прыцемку шэрым.

Няхай на крыжы я распяты канаю,
Не бачу я сонца, нічога не маю.
Тады мне хай вера, о Маці Марыя!
У далечы цёмнай свет новы адкрые.

Нядзельны ранак

У сонечным ранку нядзельным
Пустыя шляхі над азерцам,
І свет гэты бачу, бы ў сне я,
Як быццам адбіты ў люстэрку.

І святасць вось гэтай гадзіны
Змяняе зямныя абшары.
Блакіт насычаюць нябесны
Чароўныя Боскія мары.

На лес, на сады, агароды,
На хаты, схаваныя ў вецце,
Сплывае анёльска пагода,
І мір добрым людзям на свеце.

Ці мне падаецца, ці бачу?
На ціхім шляху апусцелым,
Што Хтосьці з галінкаю пальмы
Там едзе на восліку белым.

Звеставанне
Авэ, Марыя! Навек блаславёна!
З захаду сонца Цябе прывітае,
Знае: з Твайго што народзіцца лона,
Вечарам горкім з ім разам сканае.

Авэ, Марыя! Калоссем зноў важкім
Нівы схіляюцца ў прыцемку шэрым,
Што ў час трывогі і ў смутку дзень цяжкі
З’явяцца хлебам Апошняй Вячэры.

Авэ, Марыя! Нябесныя росы
Лягуць, як жэмчуг, ля ног Тваіх самі,
І ў час жалобы тваёй невыноснай
Ціха сальюцца з Тваімі слязамі.

Авэ, Марыя! Хай ветрык пяшчотны
Той, што злятае з-за воблачнай пусткі,
Твар Твой абсушыць ад слёз і ад поту,
Калі ў Веранікі не будзе хусткі.

Авэ, Марыя! Лілеі на лузе
Ўславяць Цябе за твой боль і за мукі,
Голаў, што ўвенчана цернямі ў скрусе,
Прымеш Ты ціха ў лілейныя рукі.

Авэ, Марыя! Над шляхам, над полем
Песні падзякі пяюць табе птушкі,
Што панясуць над бясконцым раздоллем
Выдых апошні любові патухшай.

Авэ, Марыя! Зноў змрок раздарожжа
Да Тваіх ног упадзе ў паняверцы,
Каб ад Галготы, ад крыжа падножжа,
Роспаччу горкаю легчы на сэрца.

Авэ, Марыя! Навек блаславёна,
Вечнасць павінна Табе тут сівая
За Твае мукі, за плод Твайго лона,
Бо найвышэйша з ахвяр тут — малая.

Ноч
Нябёсы, як Сын Божы ранамі,
Скрозь зоркамі густа прабіты.
Шлях Млечны шырокай павязкаю,
Як быццам на бёдрах спавіты.

Нябачны, вякамі зацемнены,
Бы на абразе пачарнелым,
І толькі акладам сярэбраным
Над светам ён свеціцца цэлым.

Я выйшаў шукаць…
Я выйшаў шукаць Цябе ранкам, на золку ў трывозе,
Ніяк не знайду, мо іду я дарогай не тою?
Спаткаў жа Цябе я, калі абярнуўся ў дарозе,
Бо Ты ўсё жыццё крок у крок ішоў следам за мною.

Дзень цэлы блукаў я пад хмараў свінцовым цяжарам,
У холадзе поўдзень мінуў мой, каб толькі пад вечар
Успыхнуць Табой на змярканні маім палкім жарам,
Як ззяе пад сонцам вячэрнім на захадзе рэчка.

* * *
Вось так, як Цябе тут цвікамі да крыжа,
Любоў да Цябе мяне, Божа, прыбіла.
І не адарве ўжо ніякая сіла
Ад моцы Тваёй: ні самлеласць, ні слава.

Мне быць ад Цябе, можа, злева ці справа?
Не ведаю, Божа. Абы не гнявіла
Цябе тут душа мая, што саграшыла,
І просіць аб літасці шчыра, ласкава.

Бо ў час той ганебнай для людства падзеі
Не я падняў крыж Твой на горкай дарозе,
Падзякай Тваёй, каб навекі сагрэцца.

Але ж я не трачу, мой Божа, надзеі
І сэрца маё не жыве ўжо ў трывозе,
Бо злева ў разбойніку ўбачыў Ты сэрца.

Просьба
І мара, і праўда ў нядолі,
І ява над снамі вітае.
І вязняў, што мруць у няволі,
Зноў крыўда, як воўк злы, кусае.

А людзі свет зганьбілі ў Бога,
Нянавісць спагаду крыжуе.
Народзіцца заўтра трывога,
І смерць тут з жыццём спарышуе.

І будзе пракляццем хвіліна,
Цяжкая, як слёзы стагоддзя,
Ды зноўку падстаўлена спіна,
Каб несці бяду пры народзе.

Хоць свет гэты гневу і варты
Тых мудрых, што ведаюць святасць…
Ты збі з мяне пыху пагарды
І дай жа пакоры мне радасць.

Пераклаў з польскай мовы
Сцяпан Сяргей.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY