Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(105)/2023
З нагоды юбілею
Нашы святыні
Постаці
Мастацтва
Інтэрв’ю
Літаратуразнаўства
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ПЕРШАЯ СПОВЕДЗЬ
In memoriam

УПРЫГОЖЫЦЬ КВЕТКАМІ ЦЫНІІ
Памяці Анатоля Клешчука

Успаміны

ЗАЛАТЫЯ КРОСНЫ ДУШЫ

Алена КАРПЕНКА
Іван СІНЧУК

БЭНЭДЫКТЫНСКІ ЦУДАТВОРНЫ АБРАЗ ДЗЕВЫ МАРЫІ ВЕСАБРУНСКАЙ

Невядомы мастак.
«Дзева Марыя»,
другая палова XVIII ст.,
палатно, алей.

Алтарны абраз са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

У 1972 г. у збор Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (з 1993 г. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, далей — НММ РБ) паступіла невялікая алтарная карціна (80,5×49,3 см), занесеная ва ўліковую дакументацыю як твор невядомага мастака «Святая ў вянку», без даты. Палатно без падрамніка было знойдзена супрацоўнікамі музея падчас навуковай экспедыцыі ў Петрапаўлаўскай драўлянай царкве 1792 г. у вёсцы Махро Іванаўскага р-на Брэсцкай вобласці. Першы праваслаўны храм у вёсцы быў збудаваны ў XVI ст., але да нашых дзён захавалася толькі царква, пабудаваная мясцовым землеўладальнікам Яраславам Андрэйковічам як уніяцкая. У дакументах уніяцкая парафія з царквой згадваюцца ў Махро да 1772 г., але да канца XIX ст. у храме захоўваліся метрычныя кнігі 1755 г., таму час пабудовы можа быць і ранейшым. У канцы ХІХ — пач. ХХ ст. уніяцкі іканастас у царкве замянілі на новы, але некаторыя творы старажытнабеларускага жывапісу захаваліся1. Сярод іх твор, які першапачаткова быў вызначаны як выява святой у вянку.

У 2008 г. карціна была рэстаўравана: умацаваны фарбавы слой, выдалены паверхневыя забруджванні, дубляваны кромкі, выраблены падрамнік і рама (рэстаўратар НММ РБ — Э. А. Пашкіна). Твор упершыню экспанаваўся на выставе «Алтарны жывапіс Беларусі XVII–XIX стст.» у 2009 г. і апублікаваны ў суправаджальным каталогу як «Святая ў вянку», XVIII ст.2 У тэксце згадана, што кветкавы вянок з ружаў сустракаецца ў святых Агнешкі, Даратэі, Цэцыліі. Дапоўнім — у Розы Лімскай, Разаліі Палермскай, Эльжбеты Венгерскай. Такім чынам, карціна была ўведзена ў навуковы ўжытак, але без вызначэння імя святой. У музейным альбоме, прысвечаным іканапісу і алтарнаму жывапісу Беларусі, надрукаванаму ў 2021 г.3, ранейшыя дадзеныя былі захаваны.

Незвычайная кампазіцыя твора, яго маляўнічасць і дэкаратыўнасць адзення святой прыцягнулі нашу ўвагу і заахвоцілі даследаваць іканаграфію гэтай алтарнай карціны. Нягледзячы на знаходжанне ў праваслаўным храме, відавочнай была яе прыналежнасць да каталіцкай ці ўніяцкай канфесіі, што пацвердзіла гісторыя будаўніцтва царквы. Для праваслаўнага канону не характэрны выявы кветкавага вянка, яркіх адзенняў, багата ўпрыгожаных пярлінамі, дэкаратыўнай какарды, медальёнаў на грудзях. Выява на алтарнай карціне, падобная да авальнага фератрону (двухбаковы вынасны абраз) з імітацыяй драўлянай разьбы, характэрнай для каталіцкага ці ўніяцкага храма.

На грудзях святой відаць два медальёны: уверсе з выявай сэрца і ўнізе з лацінскай манаграмай — абрэвіятурай імя Езуса Хрыста, што адпавядае заходняй традыцыі. Авальная рама ўстаноўлена на фігурным пастаменце, які мае свабоднае поле, верагодна, для надпісу, а ўся канструкцыя знаходзіцца ва ўмоўнай каменнай нішы, над якой у аблоках лунаюць чатыры галоўкі анёлаў з крыламі. Унізе ў барочныя завіткі дэкаратыўнай разьбы прадзеты ружанец з крыжыкамі і авальнымі медальёнамі на канцах. Позіркі ніжніх анёлаў звернутыя на жаночы вобраз, верхніх — на карону, якая вянчае раму. Галава святой акружана ззяннем, перададзеным промнямі, якія маюць у завяршэнні 12 зорак. Гэты сімвал не пакідае сумненняў у тым, што перад намі выява Маці Божай у юным узросце — Дзевы Марыі. Вядомы даследчык сімволікі рэлігійнага мастацтва Дж. Хол піша: «У мастацтве XVII стагоддзя, асабліва ў Іспаніі, імпульсы, якія надала шанаванню Панны Марыі Контррэфармацыя, прывялі да новага тыпу выявы Беззаганнага Зачацця, які хутка зацвердзіўся. Гэта форма атрымала абгрунтаванне ў іспанскага мастака, пісьменніка і цэнзара мастацтваў інквізіцыі Франсіско Пачэка ў яго трактаце „Мастацтва жывапісу“ (1649). Галоўныя рысы былі заснаваныя на выяве цяжарнай жанчыны — „Жанчыны Апакаліпсісу“, убранай у сонца, з месяцам пад яе нагамі і вянком з дванаццаці зорак на галаве (гл. Ап 12,1) — тып, зусім не новы ў XVII стагоддзі (Бонавэнтура яшчэ ў XIII стагоддзі звязаў гэты вобраз з Дзевай Марыяй), але выкарыстаны і развіты Пачэка. Ён устанавіў, што яна павінна адлюстроўвацца маладой жанчынай дванаццаці ці трынаццаці гадоў, на ёй белая мантыя і блакітны плашч, яе рукі складзеныя на грудзях або ў малітоўным жэсце, месяц павінен быць у выглядзе паўмесяца (антычны сімвал цноты) з ражкамі, звернутымі ўніз; вакол яе таліі францішканскі пояс з трыма вузламі»4. Апісанне кампазіцыі адсылае нас да іканаграфіі «Маці Божая Беззаганнае Зачацце», што сустракаецца як у беларускіх, так і ва ўкраінскіх каталіцкіх і ўніяцкіх іконах і алтарным жывапісе, дзе галаву Марыі часта ўпрыгожвае кветкавы вянок. Пошук аналагаў кампазіцыі твора са збору НММ РБ у публікацыях сакральнага мастацтва Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі не даў выніку. Мяркуецца, што ўзорам для стварэння палатна паслужыла гравюра ці карціна на аналагічны сюжэт, як гэта часта сустракаецца ў рэлігійным жывапісе.

Задачай даследавання стала высвятленне блізкіх кампазіцыйных аналагаў музейнага твора, найперш гравюраў заходнееўрапейскага паходжання, што, як правіла, датуюцца. Пошук увянчаўся поспехам.

 

Аналаг музейнай выявы

Ёган Бэнэдыкт Аўэр.
«Марыя як Маці цудоўнай любові»
(цудатворная выява з Весабруна),
гравюра на медзі, 1751–1753 гг.

У выніку паслядоўнай працы была выяўлена гравюра з меднай дошкі, якая ў аснове сваёй цалкам супадае з кампазіцыяй музейнага твора аўтарства Ёгана Бэнэдыкта Аўэра (1722–1792) пад назвай «Марыя як Маці цудоўнай любові» (цудатворны абраз з манастырскага сабора Весабруна, Баварыя). Медзярыт захоўваецца ў бібліятэцы Цірольскага дзяржаўнага музея ў Інсбруку. Яго стварэнне адносяць да часу знаходжання Ёгана Бэнэдыкта Аўэра ў Бацэне каля 1751/53 г. або пасля яго вяртання ў 1753 г. у свой родны горад Санкт Марцін ін Пасая.

Графічны твор паказвае апраўленую «карціну ў карціне», якая ўстаноўлена на пастаменце, блізкую ўшанаванаму абразу, што раней захоўваўся ў кляштарнай, а сёння ў парафіяльнай святыні Весабруна ў Верхняй Баварыі.

На гравюры Ёгана Аўэра па-свойму інтэрпрэтуецца першапачатковы варыянт: вывераная кампазіцыя, выразны малюнак, з’яўленне на адзенні Панны Марыі картушаў з каталіцкімі сімваламі дазваляюць сцвярджаць, што ў 1720–1750-я гады былі створаны шматлікія панегірычныя творы, пра што будзе сказана далей.

На гравіраваным малюнку 1751/53 гг. у Панны Марыі маюцца нагрудныя ўпрыгожанні з сэрцам і медальёнам з Імем Хрыста. Вопратка атарочана нізкамі перлаў. Істотная рыса — падвойная стужка пад фібулай на левым плячы.

Вянок з дванаццаці зорак вакол Яе галавы можна разглядаць як сведчанне Беззаганнага Зачацця Маці Божай. Карона, змешчаная ў верхняй частцы рамы, падкрэслівае ролю Марыі як Валадаркі Нябеснай. У надпісе ўнізе пастамента — урывак з панегірыка гераіні Юдзіфі са Старога Запавету, якая звязана з Марыяй у сэнсе праслаўлення: «TU Honorificentia Populi Nostri. / Iudith С. 15.» — «Ты гонар народа нашага». Гэты ўрывак з Кнігі Юдзіф таксама сустракаецца ў малітве «Tota pulchra es Maria» («Ты вельмі цудоўная, Марыя»). У правым верхнім куце ліста два крылатыя анёлы, іх галоўкі глядзяць уніз на Марыю, у левым верхнім куце паказана вока Бога Саваофа, акружанае трыкутнікам Тройцы, з якога зыходзіць прамень ласкі ў бок Марыі. У левым ніжнім куце анёлак-пуцця трымае люстэрка, у правым ніжнім куце іншы пуцця падае герб горада Бацэна са сцягам з надпісам «Honor Bulsani» — «Гонар Бацэна». Люстэрка выкарыстоўваецца для таго, каб накіраваць прамень міласэрнасці, які сыходзіць ад медальёна на грудзях Марыі, на зорку на гербе горада Бацэна. Марыя шанавалася і шануецца ў Бацэне як Апякунка парафіі і горада. Легенда на стужцы справа — лацінская, але назва горада на бандэролі на ладзінскай мове паказвае на блізкае знаёмства мастака з мясцовай, мала распаўсюджанай у выкарыстанні ладзінскай мовай (належыць да рэта-раманскай групы).

Ёзэф Антон Цымерман.
Партрэт Беды Зееўэра,
зальцбургскага
бэнэдыктынскага абата.
Франтыспіс да выдання 1758 г.;
гравюра.

Біяграфія аўтара гравюры дастаткова падрабязна вывучана. Ёган Бэнэдыкт Аўэр (1722–1792) быў другім сынам мастака Нікалаўса Аўэра. Пасля першапачатковага навучання ў свайго бацькі 14-гадовы Ёган Бэнэдыкт з’ехаў на тры гады ў Інсбрук, дзе ствараў мініяцюры і гербы. Там жа ён навучыўся партрэтнаму жывапісу. Пасля Аўэр пераехаў з Інсбрука спачатку ў Трэнта, затым у Верону і, нарэшце, у Венецыю, атрымліваючы прыбытак ад напісання партрэтаў. У Вероне ў яго была магчымасць навучання ў італьянскага майстра; у Венецыі ён прысвяціў сябе стараннаму вывучэнню рамяства на працягу чатырох гадоў і стаў майстрам гравюры і мініяцюрнага жывапісу. Яго настаўнікамі называюць гравёра па медзі і выдаўца Ёзэфа Вагнера, мастака-графіка Розальбу Кар’ера і мастака Якапа Амігоні, які працаваў у тэхніцы алейнага жывапісу і фрэскі. На працягу некалькіх гадоў Аўэр выконваў заказы ордэну езуітаў у Балоньі. З сярэдзіны XVIII ст. жыццё і творчасць Аўэра прасочваецца па розных архіўных крыніцах і творах. У 1751 г. яму было дазволена пасяліцца ў Бацэне. У адпаведнай заяве ў гарадскую раду Аўэр заявіў, што навучыўся майстэрству ў Венецыі і некалькі тыдняў працаваў гравёрам у кнігадрукара Бацэна Карла Ёзэфа Вайса. У 1753 г. Аўэр вярнуўся ў Санкт Марцін ін Пасая. Ён працягнуў справу свайго бацькі, працаваў пераважна для бэнэдыктынаў, езуітаў і некаторых іншых манаскіх ордэнаў.

Датаванне гравюры пацвярджае франтыспісны партрэт зальцбургскага бэнэдыктынскага абата Беды Зееўэра (1716–1785), выкананы Ёзэфам Антонам Цымерманам (1705–1797) да кнігі «Хвалебныя і пачэсныя прамовы Найсвяцейшай Панны і Маці Божай Марыі», выдадзенай у Аўгсбургу ў 1758 г. На партрэце абат трымае выяву Дзевы Марыі з перламі на вопратцы, у авальнай раме, як на апісаным творы5. У верхнім левым куце, можна меркаваць, — выява парафіяльнага касцёла святога Яна Хрысціцеля ў Весабруне.

Алтары рабіліся з «гнёздамі» пад прамакутныя ці авальныя абразы6. На франтыспісе абат трымае выяву Дзевы Марыі ў простай раме без аздаблення, карцінаў, але прамакутная рама партрэта самога абата адмыслова аздоблена ў стылі ракако, таму можна лічыць, што гэта рэальны алтарны абраз Дзевы Марыі.

 
Невядомы мастак.
«Марыя са схіленай галавой»
(Маці Міласэрнасці), пачатак XVII ст.,
касцёл кармэлітаў
у Унтэр-Дзёблінгу, Вена.
  накенцій (Франц) Мец.
«Марыя, Маці цудоўнай любові»
(каля 1700 г.). Парафіяльны храм.
Весабрун. Сучасны стан (2015 г.)

Прататып выявы весабрунскага абраза Марыі — венская Маці Міласэрнасці

Істотная рыса — выява Дзевы Марыі падаецца з адной зоркай на правым плячы.

Паводле падання, цудадзейны абраз — «Марыя са схіленай галавой» — знайшоў у 1609 г. у старым будынку пад руінамі ксёндз Дамінік, прыёр першага кляштара кармэлітаў у Рыме. Карціна была адноўлена і трапіла ў Мюнхен, пазней — у Вену.

Цудатворная карціна-абраз выканана алеем, памерамі 60 х 45 см. Паданне гаворыць, што абраз створаны невядомым мастаком італьянскай школы XV–XVI стст. На ім паказана пагрудная выява Найсвяцейшай Маці з крыху схіленай галавой.

У 1631 г. карціна была дастаўлена з Мюнхена ў Вену на караблі па Дунаі і паднесена імператару Фердынанду ІІ. Твор быў пранесены ўрачыстай працэсіяй у імператарскую рэзідэнцыю ў Хофбургу і ўстаноўлены ў прыдворнай капліцы.

Калі 15 лютага 1637 г. імператар Фердынанд II памёр, ягоная ўдава імператрыца Элеанора сышла ў заснаваны ёю кляштар босых кармэлітаў у Вене на Зальцгрысе, а цудатворны вобраз яна ўзяла з сабой. Імператрыца памерла 27 чэрвеня 1655 г. Яе пахавалі ў габіце кармэлітак у склепе кляштара. 10 ліпеня 1655 г. цудатворны вобраз быў перанесены ў кармэліцкі касцёл. Падчас турэцкай аблогі ў 1683 г. усталяваны імператрыцай алтар быў знішчаны, але цудатворная выява была захавана ў кармэліцкім касцёле ў цэнтры горада. У 1702 г. прынц Максіміліян фон Ліхтэнштэйн паставіў новы прыгожы алтар у стылі барока ў касцёле кармэлітаў.

У 1901 г. цудатворны вобраз быў перанесены ў новы касцёл у Дзёблінгу пад Венай. Абраз «Марыя са схіленай галавой» быў змешчаны ў левай наве як найвялікшая каштоўнасць, якой валодаюць кармэліты ў Вене.

27 верасня 1931 г., у гонар 300-годдзя перамяшчэння ў Вену, абраз быў каранаваны папскімі каронамі арцыбіскупам Венскім кардыналам Густавам Піфлем7.

 

З’яўленне весабрунскага абраза

Невядомы мастак. Марыя,
як Маці цудоўнай любові
(цудатворны абраз Весабруна), 1717 г.
Парафіяльны храм.
Унебаўзяцце Марыі
ў Маосе ў Пасая / Мазо ін Пасірыя,
Муніцыпалітэт св. Марціна ў Пасая,
Паўднёвы Ціроль, Італія.

Істотныя рысы — адсутнасць медальёна з манаграмай Хрыста з чырвонай падвойнай стужкай над ім і фібулы на левым плячы.

Як узор для пераймання мастаку, верагодна, служыў ушанаваны ў ордэне кармэлітаў з пачатку XVII ст. цудатворны абраз «Марыя са схіленай галавой» у Вене, разгледжаны намі вышэй. Аўтар мог пазнаёміцца з яго копіяй у Рэгенсбургскім кляштары кармэлітаў. Адметная асаблівасць выявы з Весабруна — упрыгожванне для валасоў Марыі, якое складаецца не з німба або кароны, як звычайна, а з вянка з натуральных ружаў і лілеяў8. Характэрныя для весабрунскага абраза і яго копій нахіленая ўлева галава і апушчаныя вочы Багародзіцы. Яе адзенне складаецца з шаўковага хітона і плашча. Арыгінал абраза быў напісаны каля 1700 г. у бэнэдыктынскім кляштары ў Пруфенінгу каля Рэгенсбурга манахам Інакенціем (Францам) Мецам і трапіў у кляштар Весабруна (за 150 км на поўдзень) дзякуючы бэнэдыктыну Плазідусу Ангермайру.

Усталяваная на галоўным алтары кляштарнага касцёла Весабруна каля 1706 г., выява стала аб’ектам пакланення для Брацтва Беззаганнага Зачацця Марыі, заснаванага Ангермайрам у 1711 г.9, і папулярным месцам паломніцтва. Найменне Марыі як «Маці цудоўнай любові» ўзыходзіць да саманазвы Боскай мудрасці, перададзенай у старазапаветнай Кнізе Сіраха (гл. Экл 24, 18), дзе экзэгеты называюць Марыю «Нявестай Святога Духа». Шанаванне Марыі як «Маці цудоўнай любові» звязана, у прыватнасці, са святам Беззаганнага Зачацця Марыі 8 снежня. У польскамоўнай літаратуры гэты тэрмін тлумачыцца наступным чынам: «Перш за ўсё, тытулы павінны быць абгрунтаваны анталагічна: Марыя <...> з’яўляецца «Маці прыгожай любові» не сама па сабе, а таму, што з’яўляецца іконай прыгажосці Божай любові — атрымлівае прыгажосць ад свайго Сына, «найпрыгажэйшага з сыноў чалавечых» (гл. Пс 45, 3)»10.

Алтарны вобраз знаходзіўся ў кляштары да 1803 г., калі ў Германіі распачалася секулярызацыя пад кіраўніцтвам напалеонаўскага міністра замежных спраў Талейрана11.

Выяву Панны Марыі ахвотна капіравалі мясцовыя майстры, яна, з рознымі інтэрпрэтацыямі, хутка распаўсюджвалася ў рэгіёне: прыкладам з’яўляецца варыянт 1717 г. з касцёла Унебаўзяцця Марыі, Маос, у Паўднёвым Ціролі. Істотныя рысы — адсутнасць медальёна з манаграмай Хрыста з чырвонай падвойнай стужкай над Ім і фібулы на левым плячы.

Шанаванне Марыі як «Маці цудоўнай любові», як ужо гаварылася, звязана са святам Беззаганнага Зачацця. Святар з Маоса Майкл Вінебахер заказаў копію, зробленую ў 1717 г. Карціна, верагодна выкананая меранскім мастаком Себасцьянам Пергерам, размяшчалася ў правым бочным алтары парафіяльнага касцёла Маоса. У адрозненне ад арыгінала, выява Марыі на копіі дапоўнена сімвалічнымі дэталямі: чырвоная драпіроўка, адкінутая ўверсе справа, надае кампазіцыі сэнс нябеснага адкрыцця; Марыя акружана зоркамі і асветлена трохкутнікам, які сімвалізуе Святую Тройцу з вокам Божага Провіду; унізе некалькі пуццяў: адзін схіліўся над букетам ружаў і лілеяў, другі трымае сцяг на дрэўку, вакол якога ўецца стужка з манаграмай Марыі і датай. Трэці пуцця падтрымлівае каштоўны камень на каралях Марыі, чацвёрты дзьме ў трубу славы і ўзводзіць да неба дзяржаву12. Знізу — шырокая стужка з надпісамі: да двух скруткаў прымацаваныя дзве лацінскія хранаграмы капітульнага маюскульнага пісьма, якія сведчаць пра бязгрэшнасць Панны Марыі. На вузейшай паласе абвяшчаецца: «qVa nVnqVaM CeCIDIt», на шырэйшай — «neC noXæ hæc faVIt aDaMI». Буйнейшыя вялікія вылучаныя золатам літары, якія маюць лічбавае значэнне ў лацінскім алфавіце (рымскія лічбы), на кожным са скруткаў у суме даюць дату стварэння карціны «DCCXVII» і «DCCVVVII» — 1717 г.

Выява Дзевы Марыі з парафіяльнага касцёла Маоса змешчана ў пазалочаную раму, стылізаваную пад лісце аканту.

Заканчэнне ў наступным нумары.


  1. Мароз В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны. Нарысы гісторыі, археалогіі і культуры. – Мінск, 2018. – С. 332.
  2. Алтарны жывапіс Беларусі XVII–XIX стст. Каталог выстаўкі / Уступны артыкул – А. А. Ярашэвіч. – Мінск, 2009. Кат. 2.
  3. Іканапіс і алтарны жывапіс Беларусі XVI – пачатку XIX стагоддзя. = Иконопись и алтарная живопись Беларуси XVI – начала XIX века. = Icon and Altar Painting of Belarus in the 16 – early 19 Centuries / У. І. Пракапцоў, А. У. Карпенка і інш. – Мінск. – 2021. – С. 226–227.
  4. Холл Дж. Словарь сюжетов и символов в искусстве /. Пер. с англ. А. Е. Майкапара. – Москва, 1996. – С. 191.
  5. Hipper B. [Übers.]. Lob- und Ehren-Reden von der allerseeligsten Jungfrau und Mutter Gottes Maria. Von den berühmtesten geistlichen Wohlrednern in- und ausser Welschland auf verschiedenen Kanzeln abgehalten. – Augsburg: Rieger, 1758.
  6. Авал (ад лац.: ovum – яйка) – плоская замкнутая выпуклая C²-гладкая крывая (пры гэтым пад выпукласцю разумеюць уласцівасць крывой мець з любой прамой не больш за два (рэчаісных) агульных пункты).
  7. Karmelitenkonvent Wien [Electronic resource] // URL: https://wien.karmel.at/Media/Sites/Karmelitenkonvent-Wien/Kirche-Kloster/Gnadenbild#jump-11680 (Date of access: 09.03.2023).
  8. Das Bistum Augsburg: 2. Die Benediktinerabtei Wessobrunn. – Berlin – New York, 2001. – S. 211 (Germania sacra ; N. E, 39 : Die Bistümer der Kirchenprovinz Mainz).
  9. Брацтва Маці цудоўнага кахання (Bruderschaft von der Mutter der Schonen Liebe) было заснавана ў 1711 г., у сярэдзіне XVIII ст. налічвала больш за 600 000 членаў. У яго ўваходзілі вернікі Баварыі, Аўстрыі, Паўднёвага Ціроля, Венгрыі, Багеміі, Польшчы, Бельгіі і Францыі. Марыйнае брацтва Маці цудоўнага кахання адрадзілася ў Аўгсбургу ў жніўні 2021 г.
  10. Wojtczak A. W sprawie tytułów maryjnych i ich rozumienia // Perspectiva. Legnickie Studia Teologiczno-Historyczne. R. IX. 2010. Nr 2 (17). S. 257.
  11. Лортц Й. История Церкви рассмотренная в связи с историей идей. Т. II. Новое время: Церковь в полемике со светской культурой. – Москва, 2000. – С. 215–216.
  12. Maria als Mutter der Schonen Liebe (Wessobrunner Gnadenbild). Museum Passeier = Museo Passiria. Die Passeirer Malerschule 1719-1845. Kunsthistorische Database [Electronic resource] // URL: https://www.malerschule.it/de/werke/maria-als-mutter-der-schonen-liebe-wessobrunner-gnadenbild/84-2682.html (Date of access: 09.03.2023).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY