  |   
 
| 
 
 Араты
 
І ў дзень шчаслівы, і ў момант страты, 
плуг утапіўшы ў сухой раллі, 
на полі Мовы паэт — Араты, 
вядзе барозны з сваёй крыві…
Што нас чакае — ніхто не знае… 
Пасееш Слова — узыйдзе Страх… 
Вол-паднявольнік між зор ступае, 
ярмом чапляе за Млечны Шлях…
 
Ад мігу тога, як быў зачаты, 
да той хвіліны, як згасне свет, — 
на полі Мовы паэт — Араты, 
а поле тое — увесь Сусвет…
 
30 сакавіка 2020 г. 
  |   
 
| 
 
 Тур
 
Узваліўшы ранак хмуры 
на магутнае плячо, 
Князь Барыс ідзе на тура 
з хітрай злобай у вачох…
Мкнуцца дзіды, гнуцца лукі, 
рвуць ашыйнікі харты… 
Рог турыны грозным гукам 
распалохаў чараты…
 
Ад світання да змяркання 
йдуць уцёкі ад хаўтур… 
І нарэшце горда стане 
перад князем вольны тур.
 
Вочы ў вочы, морда ў пене, 
у крыві — вачэй прыжмур… 
Ды ніколі на калені 
не ўпадаў ад страху тур…
 
Не ў туманнае сутонне, 
не ў дажджлівы небакрай, —  
тур падаўся у паданне, 
у аблозе псіных зграй…
 
Памыліцца не збаюся, 
бо ў святое верыцца… 
Тур вярнуўся ў Беларусь, 
Бог таксама вернецца!
 
8 сакавіка 2020 г. 
  |   
 
| 
 
 Не напаказ…
 
Мая вера — не напаказ… 
Мае вершы — без камуфляжу… 
Не патрэбны мне антураж 
дзеля таннага эпатажу…
Штоначы, бы ў забой шахцёр, 
я спускаюся ў прыіск зорны, —  
Слова роднага валанцёр 
і Паэзіі раб пакорны…
 
У галернай сляпой цішы, 
каб народ мой не зведаў зводу, —  
не на лацкане, а ў душы 
я нашу Беларусь заўсёды…
 
26 красавіка 2020 г. 
  |   
 
| 
 
 Залатамытнік
 
Ахвярую Уладзіміру Чараухіну
 
Анёл — Гасподні мытнік, 
глядзіць з нябёсных меж, 
як, слоў залатамытнік,  
паэт складае верш.
 
Як гукаў залацінкі, 
бы знічкі у кашы, 
да сподняе гадзіны 
прасейвае ў душы…
 
Нікому невядома —  
які ў яго намер… 
Навобмацак ён словы 
знаходзіць, як Гамер…
 
На тле вялікай бітвы 
сярод начной цішы 
ён светлую Малітву 
дастане з дна душы…
 
 
2 красавіка 2020 г.
  |   
 
| 
 
 Дарога дадому…
 
Дарога дадому — з вершаў… 
Душа, як страла, ляціць 
туды, дзе пад лаўку пешшу 
наўчыўся калісь хадзіць…
 
Дарога дадому — з грому, 
з маланкі крутым сярпом, 
якая штоноч без стомы 
выкошвала выспу сноў…
 
Дарога дадому — з болю… 
Як скрушна, калі глядзіш 
на цэркаўку ў чыстым полі, 
што моўчкі нясе свой крыж…
 
Дарога дадому — Шчасце, 
якое нам Госпад даў... 
Яна — як душы Прычасце 
да самых высокіх спраў!..
 
28 красавіка 2020 г. 
  |   
 
| 
 
 Лістапад
 
Гляджу на сумны сад 
і сам між дрэў знікаю… 
Так блізка Лістапад, —  
што я яго кранаю…
У вогнішчы прысад 
разгублена блукаю… 
Так блізка Лістапад,  
што я у ім згараю…
 
Ніякіх больш парад 
ад Бога не чакаю… 
Так блізка Лістапад, 
бліжэй, чым брама раю…
  |   
 
| 
 
 Дух Паэзіі
 
Не церпкім кубінскім ромам, 
не свежым фабрычным хлебам —  
Паэзія пахне громам, 
Паэзія пахне небам…
Ні пылам арэны цырка, 
ні потам пуант балетных — 
Паэзія пахне жвірам, 
здабытым з глыбінь Сусвету…
 
Не прытарнай цукраватай, 
не ліпкай душой каштана — 
Паэзія пахне Здрадай, 
крывёю з Гасподніх ранаў…
 
28 красавіка 2020 г. 
  |   
 
| 
 
 Мала...
 
Ісціну вядомую спрадвеку 
суджана не кожнаму спазнаць —  
мала нарадзіцца чалавекам, 
Чалавекам трэба яшчэ стаць...
Каб даваць адпор хлусні і здзекам, 
каб душу за грошы не прадаць, —  
мала нарадзіцца чалавекам, 
Чалавекам трэба яшчэ стаць...
 
Каб не страціць Боскую апеку, 
каб бяздушным зверам не сканаць, —  
мала нарадзіцца чалавекам, 
Чалавекам трэба яшчэ стаць...
 
20 красавіка 2020 г. 
  |   
 
| 
 
 Шлях
 
Валуны на палях —  
знак таемнай заклятасці... 
Трэба доўжыць свой шлях,  
нат калі ён бязрадасны.
Па дзядоўскіх касцях, 
што ў разорах завораны,  
трэба доўжыць свой шлях 
грамадой непакорнаю.
 
І калі чорны страх 
вочы выдзеўбе воранам,  
трэба доўжыць свой шлях 
да вяршыняў няскораных.
 
І калі у грудзях —  
сэрца стомленым молатам, 
трэба доўжыць свой шлях, 
што вякамі намолены.
 
Трэба доўжыць свой шлях 
з непахіснай упартасцю, 
бо хто сее ў слязах, —  
жне заўсёды у радасці...
 
11 снежня 2022 г.
  |   
 
| 
 
 Жыві!..
 
Калі абрынуцца любові берагі, 
і кане зорка светлая ў тумане, 
— Каханая, прашу цябе, плыві, 
нават тады, як болей сіл не стане!..
Калі з шляхоў застанецца адзін, 
і згубіцца надзея на вяртанне,  
— Каханая, прашу цябе, ідзі,  
нават тады, калі ісці ужо не ў стане!..
 
Пакуль агонь пульсуе у крыві, 
і сэрца біцца змушвае Каханне,  
— Каханая, прашу цябе, жыві  
нават тады, калі мяне не стане!..
 
І ў скрушны час, калі адчай сляпы 
зімовай сцюжай выхаладзіць грудзі,  
— Каханая, прашу цябе, жыві, 
нават тады, калі й жыцця не будзе!..
 
16 сакавіка 2023 г.
  |   
 
| 
 
 Давайце дзяліцца Святам!
 
Пакуль над азяблым садам 
сярпок-маладзік не згас, — 
давайце дзяліцца Святам, 
каб Бог не пакінуў нас!..
Пакуль між сняжын-аплатак 
анёлы танцуюць вальс, —  
давайце дзяліцца Святам, 
каб Бог не пакінуў нас!
 
Я ведаю — нас багата, 
хто верыць у светлы час... 
Давайце дзяліцца Святам, 
і Бог не пакіне нас!
 
24 снежня 2022 г. 
  |   
 
| 
 
 Вербніца
 
Вербніца! Вербніца! 
Крочу на Імшу... 
Верыцца — вернецца  
Вера у душу!
Вербніца! Вербніца! 
Вербная нядзеля! 
Верыцца — вернецца 
у душу Надзея!
 
Вербніца! Вербніца!  
Свята родных слоў! 
Верыцца — вернецца 
у душу Любоў!
 
Вербніца! Вербніца! 
Плачу і малю... 
Верыцца — вернецца 
Госпад на зямлю!
 
9 красавіка 2023 г. 
  |   
 
| 
 
 Дазволь...
 
Напярэймы Вялікаму дню, 
што зраўняцца не можа з ніводным, 
п’ю прычасце святога Агню, 
што напоўнены Духам Гасподнім...
Ён няўзнак агарнуў светлынёй 
і ачысціў ад грэшных правінаў, 
напаіўшы душу чысцінёй 
з недасяжных нябёсных глыбіняў...
 
Каб нарэшце пакінуў нас боль, 
каб збыліся спрадвечныя крозы,  
О Гасподзь міласэрны, дазволь  
піць твой Дух, а не горкія слёзы...
 
15 красавіка 2023 г.  
  |   
	
  
  | 
  |