Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(101)/2022
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Ірына БАГДАНОВІЧ
ПРАЗРЫСТАЯ КАЛОНА
Мастацтва
Спадчына
Паэзія

ЦУДОЎНАЕ
Постаці

«КСЁНДЗ РУСАК»
Літаратуразнаўства
Культура

Сяргей ЧЫГРЫН

АДАМ СТАНКЕВІЧ НА ПАШТОЎКАХ

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літаратуразнавец і каталіцкі святар Адам Станкевіч (1891–1949) — адна з самых вялікіх постацяў беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Усім сваім жыццём ён сцвярджаў духовы подзвіг, аддана служыў Богу і беларускай ідэі.

Адам Станкевіч скончыў вучэльню ў Ашмянах, духоўную семінарыю ў Вільні, рымска-каталіцкую акадэмію ў Петраградзе. Супрацоўнічаў з беларускімі газетамі «Светач», «Дзянніца», «Гоман». Быў адным з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, адным з ініцыятараў правядзення З’езду беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску ў 1917 годзе. Ён першы перайшоў на казанні па-беларуску. Працаваў і праводзіў набажэнствы ў Дзісенскім, Браслаўскім паветах, пасля ў Драгічыне.

З 1919 года — кандыдат кананічнага права Адам Станкевіч выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. Быў рэдактарам-выдаўцом легендарнай беларускай газеты «Крыніца». Уваходзіў у камітэт беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1922–1928 гадах — пасол польскага сейму, намеснік старшыні Беларускага пасольскага клубу. Бараніў беларускія інтарэсы. За дабрачынную дзейнасць яго называлі «вялікім філантропам». Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні, узначальваў ТБШ, быў кіраўніком Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. У 1928–1939 гадах Адам Станкевіч рэдагаваў і выдаваў часопіс «Хрысьціянская думка». Адзін з заснавальнікаў беларускай друкарні імя Скарыны, у якой было выдадзена каля 150-ці розных беларускіх рэлігійных і свецкіх кніг.

Адам Станкевіч выступаў за эвалюцыйны шлях развіцця грамадства, легальныя формы працы, адмоўна паставіўся да сацыялістычнай рэвалюцыі. Асуджаў пераслед беларускага насельніцтва з боку польскіх уладаў. Служыў у касцёле святога Мікалая ў Вільні, а потым быў высланы ў Слонім. Восенню 1939 года зноў вярнуўся ў Вільню. Пасля перадачы Вільні Літве арганізаваў Беларускі цэнтр, аднавіў выданне газеты «Крыніца».

У гады фашысцкай акупацыі служыў у касцёле святога Міхала, ратаваў экспанаты Віленскага беларускага музея. У 1944 годзе, калі зноў прыйшла савецкая ўлада, быў арыштаваны НКУС, але неўзабаве выпушчаны. У 1949 годзе Адама Станкевіча арыштоўваюць паўторна і абвінавачваюць у антысавецкай дзейнасці. Беларус, перад тым як пакінуць пад канвоем сваю кватэру, папрасіў афіцэра МГБ, які прыйшоў яго арыштоўваць, праслухаць пласцінку з песняй Міхася Забэйды-Суміцкага. Атрымаўшы дазвол, ён паставіў пласцінку і, слухаючы песню, расплакаўся, бо адчуваў, што дамоў ён ужо ніколі не вернецца. Пасля арышту з кватэры Адама Станкевіча забралі толькі адзін залаты царскі імперыял (манету вартасцю ў 15 рублёў) і залаты пярсцёнак з датай 1908 года, якія належалі ксяндзу…

Святара асудзілі на 25 гадоў пазбаўлення волі. Спярша ён сядзеў у Лукішскай турме, потым быў вывезены ў савецкі канцлагер. У Азярлагу пад Тайшэтам (Іркуцкая вобласць) 29 лістапада 1949 года, паводле адной з версій, нібыта памёр сваёю смерцю, але праўдападобна, што быў забіты. У афіцыйнай паперы пра смерць Станкевіча цынічна напісана, што ён «умер от ожирения сердца». Пахаваны вялікі беларускі святар і асветнік на могілках Азярлагу каля вёскі Шаўчэнкі Тайшэцкага раёна.

   

Адам Станкевіч напісаў і выдаў 19 кніг, а таксама пакінуў нам свой унікальны дзённік. У Вільні на будынку былой беларускай гімназіі ў базыліянскіх мурах вісіць мемарыяльная шыльда ў гонар Адама Станкевіча, але памяць пра яго ў Беларусі належным чынам не ўшанавана: толькі ў 2008 годзе годзе з друку выйшлі грунтоўны збор твораў Адама Станкевіча пад назвай «З Богам да Беларусі» і «Выбранае» ў серыі «Беларускі кнігазбор», а ў Беластоку ў 2019 годзе пабачыла свет кніга «Mužyckaja Prauda» i «Гомон».

Пра Адама Станкевіча напісалі і выдалі дзве невялікія кнігі Уладзімір Конан — «Адам Станкевіч і беларускае каталіцкае адраджэнне» (Мінск, Бібліятэка часопіса «Наша вера», 2000) — і Андрэй Вашкевіч — «Адам Станкевіч» (Мінск, 2017) у серыі «100 выдатных асобаў». Найбольш парупіліся ўшанаваць памяць пра Адама Станкевіча беларускія філакартысты, але і паштовак, яму прысвечаных, не дужа шмат. У красавіку 2022 года ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася навукова-краязнаўчая канферэнцыя «З верай у Беларусь», якую парупіўся арганізаваць даследчык беларускай літаратуры і краязнавец Міхась Казлоўскі. Дзякуючы яму былі выдадзены асобнымі выданнямі матэрыялы канферэнцыі, праграмка і прыгожая паштоўка-запрашэнне. На паштоўцы адлюстраваны партрэт Адама Станкевіча, напісаны гады яго жыцця і словы Максіма Танка: «Ксёндз Адам Станкевіч быў адным з самых разумных і культурных людзей свайго часу на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі».

Дзякуючы Міхасю Казлоўскаму ў 2000 годзе свет пабачыла першая яго паштоўка, прысвечаная Адаму Станкевічу з партрэтам святара.

У верасні 2022 года ў мінскім выдавецтве «Тэхналогія» выйшлі з друку дзве паштоўкі, прысвечаныя Адаму Станкевічу. На адной паштоўцы змешчаны здымак Адама Станкевіча першай паловы 1920-х гадоў. З адваротнага боку паштоўкі надрукаваны васілёк, кароткая біяграфія святара і яго словы: «Прыроды гэтага свету мы змяніць не можам, але можам і павінны мы жыць на гэтым свеце як Божыя дзеці» (1938 год). На другой паштоўцы — партрэт Адама Станкевіча, намаляваны беларускім мастаком Генадзем Сянькоўскім. З адваротнага боку паштоўкі надрукаваны таксама васілёк, біяграфія Адама Станкевіча і яго радкі: «Да прыгожых словаў трэба прыгожыя ўчынкі» (29 красавіка 1924 год). Наклад паштовак — 100 асобнікаў.

На пачатку 2022 года і мне пашанцавала таксама выпусціць у Слоніме паштоўку з выяваю маладога Адама Станкевіча. Паштоўка была выдадзена да 130-годдзя вялікага нашага святара, пісьменніка і грамадскага дзеяча.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY