Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(101)/2022
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Ірына БАГДАНОВІЧ
ПРАЗРЫСТАЯ КАЛОНА
Мастацтва
Спадчына
Паэзія

ЦУДОЎНАЕ
Постаці

«КСЁНДЗ РУСАК»
Літаратуразнаўства
Культура

Марыя МІДУХ

ПРА ЛЮДСКІЯ ТЫТУЛЫ І БОСКУЮ ІЕРАРХІЮ

У Бібліі ёсць фрагменты, якія выклікаюць у нас цяжкасці, і таму мы іх прапускаем, бо не вельмі добра разумеем, як іх сэнс стасуецца з практыкаю Касцёла. Варта паразважаць, ці часам мы не заплюшчваем вочы на словы Езуса, ці не перайначваецца ў жыцці нашых супольнасцяў тое, што Езус імкнуўся нам сказаць. У такіх выпадках заўсёды неабходна задумацца, нягледзячы на дысананс, які мы адчуваем пры чытанні складаных словаў і супастаўленні іх з рэчаіснасцю. Варта засяродзіцца менавіта над такімі тэкстамі, якія знаходзяць у нашай душы пэўны водгук, выклікаюць неспакой. У іх можа быць штосьці вельмі важнае — тое, што можа змяніць вобраз Бога, які мы самі для сябе стварылі.

 

Адкрываць ідэнтычнасць

Адным з такіх біблійных тэкстаў, якія патрабуюць ад нас большай увагі, з’яўляецца ўрывак з Евангелля паводле святога Мацвея, змешчаны ў 23-м раздзеле, паміж першым і дванаццатым вершамі. Гэты тэкст — частка доўгага фрагмента, у якім Езус крытыкуе вучоных у Пісанні. Калі мы яшчэ пагаджаемся з асуджэннем крывадушнасці фарысеяў, выяўленнем іх памылак і падступства, то дзявяты верш можа нас шакаваць: «І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны». Гэтыя словы выклікаюць у нас разгубленасць. Калі праз іх прызму паглядзець на наша штодзённае жыццё, на штодзённае жыццё Касцёла, то мы нават не ведаем, што сказаць… Як жа так?.. Па-першае, ёсць нашыя зямныя таты, якія далі нам жыццё і выхавалі нас… Па-другое, у Касцёле да святароў з манаскіх супольнасцяў мы звяртаемся менавіта словам «айцец»… І што рабіць, калі мы прымем словы Хрыста, запісаныя евангелістам Мацвеем? Нам трэба змяніць звычкі? Прыдумаць іншыя найменні? Перш чым рабіць такія радыкальныя крокі, трэба задумацца над словамі Езуса. Немагчыма іх правільна зразумець, вырваўшы з шырокага культурнага кантэксту. Пачнем па парадку.

Спробы чалавека даваць імёны, акрэсліваць штосьці пры дапамозе назваў апісаныя ўжо ў Кнізе Быцця. Адам па даручэнні Бога стараецца ўпарадкаваць свет стварэнняў, даючы ім імёны (гл. Быц 2, 18–19). На жаль, ён не мае ў гэтым неабходных навыкаў. Адам не дае найменняў, якія дапамаглі б адрозніваць асобных істотаў. Ён выглядае бездапаможным у называнні жывёлаў, якія стаяць перад ім, і бачыць толькі адно — жыццё, або паходжанне ад Таго, які жыве. У Адама добрая інтуіцыя, але імёны, якія ён павінен даць істотам, павінны мець дыферэнцыяльную функцыю. Яны павінны дапамагаць адрозніваць розных істотаў. Гэтая бездапаможнасць і разгубленасць першага чалавека ў называнні аб’ектаў рэчаіснасці, а таксама добрая інтуіцыя перадаліся наступным пакаленням. Гэта сапраўды ўласціва чалавеку — мець цяжкасці ў дакладным вызначэнні ідэнтычнасці таго, што (або хто) павінна быць названым. Таму ў гэтым людзі абавязкова мусяць быць адкрытымі на кіраўніцтва Бога як Таго, Хто дасканала бачыць усю рэчаіснасць, мы павінны звяртацца да Найвышэйшага, які дае істотам назвы, паказваючы праўду пра іх.

Называнне, даванне імені чаму-небудзь або каму-небудзь у біблійнай культуры азначае адкрыццё найглыбейшай ідэнтычнасці, выяўленне сутнасці дадзенай істоты. Менавіта Бог, ствараючы, дае імя, называе. Чалавек можа толькі выконваць службовую ролю перад Боскаю таямніцаю стварэння. У біблійным разуменні той, хто кліча па імені, адкрывае праўду пра гэтую істоту або рэч. І менавіта тут трэба быць асабліва асцярожным.

Адам адносіў усялякія стварэнні да Таго, Хто іх стварыў, называючы толькі жывымі істотамі, не выяўляючы розніцы паміж гэтымі істотамі і, горш за ўсё, паміж імі і Богам. Той, які жыве, — толькі адзін, а ўсё жывое ў Ім укаранёнае, чэрпае з Яго жыццё. У Адамавай «наменклатуры» лёгка пераблытаць адно з другім, не заўважыць гэтай залежнасці стварэння ад Стварыцеля. І менавіта тут узнікае небяспека, ад якой перасцерагае Езус: «Адзін у вас Айцец». Было б нядобра паставіць знак роўнасці паміж Нябесным Айцом і зямнымі бáцькамі, настаўнікамі, праваднікамі ў веры.

 

Крыніца айцоўства

Айцоўства Бога — гэта той аспект Яго асобы, з якім мы сустракаемся з ранніх гадоў навучання і набыцця рэлігійнага досведу. Ужо ў першых словах «Малітвы Панскай» мы звяртаемся менавіта да Бога Айца. Пазнаючы Асобу Езуса Хрыста, мы даведваемся, што Ён з’яўляецца Сынам, а значыць, моцаю абставінаў адносім Яго да Айца. Магло б здавацца, што дзякуючы ўсяму гэтаму мы не павінны мець цяжкасцяў з прыняццем праўды пра Боскае айцоўства. Аднак можа быць іначай…

Першы наш чалавечы досвед — гэта адносіны не з Богам Айцом, а з нашым зямным бацькам. І менавіта ён уплывае на наш вобраз першай Асобы Найсвяцейшай Тройцы. Мы будзем ствараць у сабе вобраз Бога паводле свайго зямнога досведу. Будзем скажаць вобраз Таго, Хто з’яўляецца сапраўдным Айцом і чыё айцоўства з’яўляецца сутнасцю Яго самога. Менавіта тут паўстае шмат праблемаў рэлігійнага характару. Гэта нібы ацэньваць веліч твора вялікага мастака на прыкладзе копіі, якую зрабіла малое дзіця. Нават калі б зямныя таты стараліся невядома як, іх айцоўства заўсёды будзе толькі няўдалаю копіяй… Нельга гаварыць пра тое, кім з’яўляецца Бог, толькі на прыкладзе іх дзеянняў. Гэтае зямное айцоўства паходзіць ад Стварыцеля, а не наадварот.

Спрадвечны Бог з’яўляецца Айцом у поўным значэнні гэтага слова. Не толькі для Езуса, але і для кожнага з нас. Больш за тое, Ён з’яўляецца Айцом для ўсяго свету, для ўсяго стварэння. У Ім усё, што жыве, павінна быць укаранёным, інакш бы яно не распачало свайго існавання. Ён кліча да жыцця. Ён падтрымлівае жыццё. Дае свайму стварэнню падабенства да сябе і хоча, каб мы развівалі гэтае падабенства, каб мы абапіраліся на яго. Нягледзячы на тое, што Бог ведае пра нашыя падзенні, пра нашую схільнасць да звілістых шляхоў, Ён жадае, каб мы былі падобныя да Яго — нашага сапраўднага Айца. Апрача айцоўскага аблічча, Ён паказвае нам таксама аблічча маці. Бог жадае, каб мы ведалі, што ў Ім — спрадвечным Даўцы жыцця — ёсць наш пачатак, ад Яго мы паходзім і дзякуючы Яму існуем. Паводле габрэйскай традыцыі, апісанай у таргумах (арамейскіх перакладах, у якіх адначасова змешчаны каментар да тэксту Бібліі), акт стварэння звязаны з любоўю Бога да таго, што Ён стварае. Такім чынам, стваральная любоў уласцівая айцоўству Бога.

Тое, што мы называем зямным айцоўствам, укаранёнае ў Боскім айцоўстве — з яго паходзіць, з яго бярэ свой пачатак. Бог дзеліцца з чалавекам магчымасцю перадаваць жыццё, укладвае ў чалавечае сэрца гарачае жаданне клапаціцца пра тых, каго мы нарадзілі. Гэта дар Бога для Яго дзяцей, а з дарам можна ўчыніць вельмі шмат, асабліва калі ў нас ёсць вольная воля. Яго можна развіваць, але таксама можна вельмі глыбока закапаць яго і зусім занядбаць ці нават знявечыць. Нельга блытаць стварэнне са Стварыцелем, зямных бaцькаў з Нябесным Айцом. Сутнасці айцоўства нам не паказваюць ні духоўныя айцы, ні нашыя таты. Сутнасць айцоўства аб’яўляе толькі Бог, а ў зямным бацьку мы можам пастарацца адшукаць толькі яго водбліскі.

 

Скажоная рэчаіснасць

Наказ Езуса — «айцом вашым не называйце нікога на зямлі» — набывае зусім іншае гучанне, калі мы ведаем, што называнне — гэта вызначэнне ідэнтычнасці. Называючы штосьці, мы кожны раз звяртаемся да вечна жывой крыніцы і блытаем прадмет з самою крыніцаю. Мы робім памылкі ў называнні з’яваў рэчаіснасці. Што адбываецца, калі мы жадаем самі навязаць камусьці пэўную ідэнтычнасць, замест таго каб адкрываць, якою яна сапраўды з’яўляецца? Тады здараюцца сур’ёзныя злоўжыванні, часта вельмі балючыя. Чалавечая гісторыя, як і гісторыя Касцёла, ведае шмат выпадкаў падобных скажэнняў рэчаіснасці. Не раз слова «айцец» выклікала ў дзіцяці жах і паніку. Не раз айцом называлі чалавека, які забіраў і нішчыў духоўнае жыццё, замест таго каб дарыць яго, — у такім выпадку найменне «айцец» меў той, хто зусім не праяўляў у сабе Божага айцоўства. Мы хапаемся за пасеянае зярнятка праўды ў тым, каго называем, і не глядзім, ці дало насенне плён, ці дазволілі яму ўзысці і вырасці. Горш за тое, мы не зважаем таксама на таго, хто яго пасеяў.

Заклік Езуса з Евангелля паводле Мацвея павінен звярнуць нашу ўвагу на назвы, якімі мы так лёгка злоўжываем, не задумваючыся пра іх першакрыніцу. Не мы надаем ідэнтычнасць, не мы ў сіле даць тытул, які звязаны з сутнасцю самога Бога. Дык як жа быць з нашаю чалавечаю практыкаю ўжывання наймення «айцец»? Думаю, гэты наказ Езуса можа быць стымулам для рахунку сумлення ў Касцёле — і для супольнасці вернікаў, і для іерархіі. Тут не ідзе гаворка пра тое, каб змяніць нашую мову і выпрацаваць новыя формы звароту да зямнога бацькі або да кансэкраваных асобаў з мужчынскіх кангрэгацый (хоць адносна іх можна было б і падумаць). Галоўнае — памятаць, што айцоўства паходзіць ад Бога і толькі Бог з’яўляецца сапраўдным Айцом, а ўсе іншыя пакліканыя быць толькі адлюстраваннем Яго айцоўства. І гэтыя адлюстраванні могуць быць вельмі рознымі — ад вельмі ўдалых да тых, якія зусім не падобныя да арыгіналу.

Найчасцей людзі, якіх мы называем айцамі (татамі), атрымалі пэўны водбліск Боскага айцоўства, і хоць не заўсёды самі наследуюць яго, аднак надалей захоўваюць найменне айца. Яны не задумваюцца, чаму мы да іх так звяртаемся, нібыта гэта відавочна і належыць ім без ніякіх сумненняў. Добра было б, калі б зварот «айцец» мог абудзіць у іх таксама жаданне наследаваць Таго, Хто сапраўды ім з’яўляецца! На жаль, гэта не заўсёды так. У многіх выпадках айцоўства з’яўляецца як бы прывілеяй, што дае магчымасць заняць пэўнае становішча ў сацыяльнай іерархіі, узвышае чалавека над іншымі, прадугледжвае яго ўплыў, уздзеянне, а часам і панаванне над кімсьці. Не гэта з’яўляецца сутнасцю Божага айцоўства. Нараджэнне і пастаяннае падтрымліванне жыцця часта вымагае прыніжэння, ахвяры, самаадданасці, а перш за ўсё — любові. Менавіта праз любоў Бог стаў Айцом! Злоўжыванне становішчам, якое вынікае з гэтага наймення, з’яўлецца грахом супраць Бога. Скажэнне Божага аблічча — не такая ўжо і лёгкая правіна.

Цяпер мы становімся сведкамі шматлікіх скандалаў, якія былі і, на жаль, працягваюцца ў Касцёле. Многія з іх узніклі менавіта ў выніку злоўжывання аўтарытэтам «духоўнага айца». Зло, учыненае чалавекам, які называе сябе «айцом» і патрабуе гэтага ад іншых, у Касцёле адгукаецца ўдвая мацнейшым болем. У такім выпадку крыўда чыніцца чалавеку, але ўдар наносіцца таксама Богу. «Не аддавайце нікому ідэнтычнасці айца!», бо можаце забыцца, хто з’яўляецца сапраўдным Айцом, а хто толькі павінен адлюстроўваць у сабе Яго падабенства.

 

Настаўнік — не настаўнік…

Цяжкія і патрабавальныя гэтыя словы Езуса з евангельскага ўрыўка, над якім мы разважаем. Справа не толькі ў патрабаваннях, якія ставіць перад намі Езус, але таксама ў разуменні таго, штó Ён на самай справе нам гаворыць. Рэчаіснасць айцоўства — блізкая нам, знаёмая. Можа здавацца, што яна датычыць нас больш, чым згаданае перад гэтым у тэксце Евангелля слова «раббі» (гл. Мц 23, 8). Бо хто ж з нас ужывае гэты тытул? Аднак калі замест гэтага экзатычнага слова выкарыстаць тэрмін «настаўнік», гэта загучыць ужо больш знаёма. Кім быў габрэйскі «раббі»? Кім з’яўляецца чалавек, якога мы называем настаўнікам?

Было б нядобра, калі б у наш час людзі вымагалі ад кожнага са сваіх настаўнікаў рознабаковасці і майстэрскага ўзроўню ва ўсіх сферах жыцця. Аднак габрэі ў часы Езуса ўспрымалі раббі як аўтарытэт ва ўсялякіх справах. Мы ўсё-такі не чакаем, што майстар па скоках з трампліну будзе таксама высокакласным спецыялістам у галіне эпідэміялогіі і кліматычных зменаў. Сучасны майстар можа абмежавацца вузкаю галіною сваёй спецыялізацыі, аднак часам і тут здараецца пэўнае непаразуменне: калі чалавек мае дасягненні ў пэўнай галіне, мы пачынаем лічыць, што ён разбіраецца ва ўсім. Даволі часта здараецца так, што і сам майстар будзе так пра сябе думаць, лічачы сваё меркаванне аўтарытэтным у тых тэмах, якія ён зусім не ведае.

Словы, якія мы чытаем у Евангеллі, былі прамоўленыя ў кантэксце габрэйскай культуры І стагоддзя нашай эры. Раббі павінен быў разбірацца ва ўсім, даваць парады сабраным вакол яго вучням ва ўсялякіх справах, з якімі яны да яго прыходзілі, пачынаючы з рэлігійных пытанняў, напрыклад, пра сужэнскае жыццё, і заканчваючы авечкагадоўляю і сяўбою. Усё гэта знаходзілася ў абсягу аўтарытэту раббі. Таму зразумела, што часам трагічнымі былі вынікі рашэнняў, прынятых пад уплывам іх парадаў, а часам і наказаў. Горш за ўсё тое, што гэтыя «спецыялісты ва ўсім» былі задаволеныя, калі падкрэслівалася іх асаблівае становішча сярод народа, для якога яны лічыліся настаўнікамі. Раббі любілі, калі іх цанілі як аўтарытэтаў, і жылі з перакананнем, што роля, якую яны павінны выконваць сярод людзей, дае ім асаблівыя прывілеі і гонар. Тытул «раббі» быў пропускам да такога жаданага прэстыжу.

Такім чынам, нічога дзіўнага, што Езус перасцерагае ад выкарыстання тытулу «раббі». З аднаго боку, Ён паказвае вучням, што яны не павінны станавіцца аўтарытэтамі ва ўсім, а з другога — асуджае пагоню за ўшанаваннямі і прывілеямі. У вучэнні Езуса чуваць перасцярога для людзей, якія прагнуць панаваць ва ўсіх сферах чалавечага жыцця, узвышацца над тымі, каму павінны служыць, паводзяць сябе не як спадарожнкі на жыццёвым шляху, а як усёведныя правадыры.

Звяртаючыся да кагосьці тытулам «ойча», я хачу бачыць тое, што ў ім было пасеяна... Хачу бачыць Таго, Хто паклікаў яго да айцоўства. Прызнаючы кагосьці настаўнікам, я хачу бачыць у ім спадарожніка, які можа падтрымаць мяне сваім досведам. Я не хачу ўспрымаць гэтыя тытулы як адны з многіх у чалавечай іерархіі. Часам хочацца, каб прамоўленае мною «ойча» было дакорам сумлення, абудзіла тое, што было закладзена ў чалавечым сэрцы. Часам я адмаўляюся ад гэтага наймення, бо не магу як чалавек знайсці і ценю падабенства да Нябеснага Айца. Часам хочацца, каб у людзях, якія спадарожнічаюць мне на духоўным шляху, абудзілася пачуццё адказнасці за скіраваныя да мяне словы, за ўказаны мне кірунак. Добра было б, калі б тыя, каго мы называем такімі тытуламі, каму нагадваем пра іх ролю для нас, кожны раз, пачуўшы гэтае найменне ў свой адрас, задумваліся, ці дастаткова яны адлюстроўваюць айцоўства Бога. Ці памятаюць яны пра сваю ролю? Ці ўсё яшчэ памятаюць, каго павінны рэпрэзентаваць і якая адказнасць на іх ляжыць у сэнсе з найменнем «айцец»?

Пераклала з польскай мовы
Ганна Шаўчэнка.

Паводле: Życie duchowe,
№ 109, 2022.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY