Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(101)/2022
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Ірына БАГДАНОВІЧ
ПРАЗРЫСТАЯ КАЛОНА
Мастацтва
Спадчына
Паэзія

ЦУДОЎНАЕ
Постаці

«КСЁНДЗ РУСАК»
Літаратуразнаўства
Культура

Ірына БАГДАНОВІЧ

«ДУХОЎНЫ ЗАПЛЕЧНІК» ПРАФЕСАРА АДАМА МАЛЬДЗІСА

Да 90-годдзя Адама Мальдзіса

Адам Мальдзіс падпісвае кнігу
для Ірыны Багдановіч
пры апошняй сустрэчы ў яго дома.
28 сакавіка 2019 г.

На самым пачатку гэтага года, за восем месяцаў да свайго 90-гадовага юбілею, закончыў зямны шлях і адышоў у вечнасць прафесар Адам Мальдзіс (07.08.1932 – 03.01.2022) — чалавек высокага, міласцю Божай пазначанага лёсу, які ўсёй сваёй асобай і дзейнасцю служыў адраджэнню Беларусі, вяртанню ў сучаснасць яе старажытных культурных скарбаў, аднаўленню імя і годнасці беларусаў як нацыі еўрапейцаў, якая мае даўнія і глыбокія радаводныя карані, унікальную культурна-гістарычную спадчыну, сваё непаўторнае аблічча ў міжнароднай супольнасці.

У гаміліі падчас пахавальнай святой Імшы ў мінскім Чырвоным касцёле св. Сымона і св. Алены арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў Адама Мальдзіса «выдатным грамадзянінам і вернікам Каталіцкага Касцёла, які пакінуў трывалы след на нашай зямлі», чалавекам, які «ствараў новую культуру нашай Бацькаўшчыны» і «дапамог нам зразумець нашу тоеснасць». Яго Эксцэленцыя таксама адзначыў, што менавіта Адам Мальдзіс стаяў ля вытокаў адраджэння нашай краіны, ля вытокаў адраджэння яе культуры, пісьменства і літаратуры, вельмі шмат зрабіў для росквіту беларускай мовы, спрыяў яе шырокаму ўжыванню ў Каталіцкім Касцёле. Гэтымі годнымі справамі і ўчынкамі любові для Бацькаўшчыны напоўнены «духоўны заплечнік» прафесара Адама Мальдзіса, з якім ён пераходзіць з зямнога жыцця ў вечнасць…

Як жа справядліва і мудра ўсё гэта было сказана пра чалавека, які сапраўды жыў і дыхаў Беларуссю! Атрымаўшы ад Бога дар валодання словам, напоўніўшыся духам Айчыны ў дзяцінстве і юнацтве на роднай Астравеччыне, а затым атрымаўшы ў Мінску ўніверсітэцкую адукацыю журналіста, Адам Мальдзіс на прафесійнай ніве стаў выбітным навукоўцам-літаратуразнаўцам; пісьменнікам-папулярызатарам беларускай старажытнай спадчыны і выдатных асобаў мінуўшчыны; гісторыкам літаратуры, які зрабіў шмат адкрыццяў, рупліва вывучаючы архівы і адшукваючы даўнія беларускія творы. Гэтымі новымі творамі даследчык шчодра ўзбагаціў нацыянальную літаратурную спадчыну, сфармаваў свой уласны погляд навукоўцы-літаратуразнаўцы на культурную мінуўшчыну нашых продкаў і змяніў уяўленне пра нацыянальную літаратурную традыцыю, якая лічылася беднай і амаль адсутнай у пэўныя гістарычныя перыяды, а менавіта ў ХVІІІ і ХІХ стагоддзях. Яго бліскучыя па стылі і багатыя фактурай кнігі «Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў ХІХ стагоддзі» (1966, перавыданне ў 2007 у серыі «Беларускі кнігазбор»), «Падарожжа ў ХІХ стагоддзе» (1969), «На скрыжаванні славянскіх традыцый» (1980), «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХVІІІ стагоддзя» (1982) і яе наступныя перавыданні пад тытулам «Як жылі нашы продкі ў ХVІІІ стагоддзі» (2001, 2007, 2009), «З літаратуразнаўчых вандраванняў» (1987), дакументальна-мастацкая аповесць пра класіка нацыянальнай літаратуры ХІХ ст. Уладзіслава Сыракомлю «Восень пасярод вясны» (1984, перавыданне ў 2014), аповесць-партрэт пра класіка сучаснай беларускай літаратуры і свайго сябра «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990), а таксама іншыя, не названыя ў гэтым пераліку кнігі і незлічоныя артыкулы нястомнага рупліўцы-даследчыка ў навуковым і грамадскім культурна-асветным друку былі несумненнымі адкрыццямі свайго часу — адкрыццямі terra incognita Беларусі, бо яны праз прызму даўняй літаратурнай спадчыны фармавалі ў некалькіх пакаленнях суайчыннікаў новыя арыстакратычныя густы і ўяўленні пра Беларусь як пра краіну з багатай культурнай традыцыяй, у якой народнасць спалучаецца са шляхетна-рыцарскай элітарнасцю і высокай хрысціянскай духоўнасцю, а таксама пашыралі прыязнае і зацікаўленае ўспрыняцце нашай краіны ў блізкім і далёкім замежжы.

Апошні аўтограф Адама Мальдзіса
для Ірыны Багдановіч. 28.03.2019.

Прызнанне, павага і захапленне чытачоў яшчэ пры жыцці аўтара суправаджалі бадай ці не кожную публікацыю Адама Мальдзіса, настолькі яркім і жыццядайным быў дар яго таленту, якім ён шчодра дзяліўся з усімі, хто прагнуў праўдзівага пазнання беларускай мінуўшчыны і нацыянальнай ідэнтычнасці. Гэта была яго місія, яго пакліканне — абуджаць у беларусах Беларуса! Гэта было яго культурніцкае апостальства і хрысціянскае сведчанне аб сваім народзе праз навуковую і літаратурную працу. Яго кнігамі «запаўняліся прагалы беларускай культуры» — трапна падкрэслілі калегі-навукоўцы Генадзь Кісялёў і Вячаслаў Чамярыцкі ў прадмове да кнігі «Выбранае» Адама Мальдзіса ў серыі «Беларускі кнігазбор» (2007), адзначыўшы энцыклапедычнасць ведаў аўтара, рознабаковасць яго талентаў, няўрымслівую творчую актыўнасць, заслужанае шырокае прызнанне ў свеце.

У тым жа 2007 годзе акурат адзначалася 75-годдзе Адама Мальдзіса і ў гонар гэтага юбілею быў выдадзены грунтоўны навуковы зборнік «Беларусь і беларусы ў прасторы і часе», які змяшчае «мальдзісіяну» — матэрыялы пра юбіляра і новыя артыкулы навукоўцаў у галіне беларусістыкі. Генадзь Кісялёў, дзелячыся ў гэтым выданні сваімі згадкамі пра калегу і сябра, вобразна назваў Мальдзіса «рыцарам навукі і пісьменства», які годна і пераможна выступае «на розных турнірах свету ў славу адзінай Дамы сэрца — Беларускай Культуры. І гэтая Дама, вядома ж, адказвае яму ўзаемнасцю». Абсяг навуковых захапленняў Мальдзіса ўражвае — гэта Еўфрасіння Полацкая і Францыск Скарына, Адам Міцкевіч і Уладзіслаў Сыракомля, Радзівілы і прадстаўнікі іншых найславутых магнацкіх родаў на Беларусі, якія пакінулі найбагацейшыя мемуарныя сведчанні пра сябе і свой час; гэта кожная пісьмовая драбностачка з архіўных сховішчаў, якая сведчыць пра Беларусь, ачышчаная даследчыкам ад пылу забыцця і вернутая ў культурную карону каханай Дамы каштоўным дыяментам, смарагдам, сапфірам, як рукапісная паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, легендарная «Песня беларускіх жаўнераў 1794 года» або шэдэўральныя ўзоры песенна-інтымнай лірыкі ХVІІІ ст., што сталі хрэстаматыйнымі ўзорамі з часу іх адкрыцця даследчыкам у 1970-я гг.

У прадмове да сваёй кнігі «З літаратуразнаўчых вандраванняў» Адам Мальдзіс, апісваючы навукова-творчы працэс сваіх пошукаў і тую велічную перспектыву, якая перад ім адкрывалася, зазначаў: «Постаці мінулага ўсё часцей узнікаюць у маім уяўленні, нібы жывыя. Толькі ці хопіць сіл, часу і здольнасці ўсё гэта ўвасобіць на паперы?!» Тая прадмова мела назву «Дзеля жывой сувязі пакаленняў» і датаваная 1977–1983 гг. Гэта якраз быў час найбольш актыўных архіўных пошукаў аўтара, час шматлікіх знаходак, якія ён вяртаў у скарб нацыянальнай культуры, сваёй руплівай штодзённай працай ствараючы сапраўды атмасферу жывой сувязі пакаленняў, бо і сам ён праз свой багаты навуковы досвед, чуйную інтуіцыю і здольнасць перасоўвання ва ўяўленні ў прасторы і часе быў ужо жыхаром і сведкам розных эпохаў, сваёй асобаю яднаючы сучаснікаў ХХ – ХХІ стагоддзяў не толькі з жыццём продкаў у ХІХ ці ХVІІІ стагоддзях, але і з ХVІ стагоддзем Скарыны, і з ХІІ стагоддзем Еўфрасінні Полацкай.

Ірына Багдановіч, Адам Мальдзіс, Ганна Запартыка,
Галіна Шаблінская каля Дома-музея Казіміра Сваяка
ў дзень яго адкрыцця. Кастрычнік 2010 г.

Не маючы на мэце ў гэтых нататках пералічыць усе заслугі і годныя зямныя справы шаноўнага прафесара Адама Мальдзіса — даследчыка-энцыклапедыста, пісьменніка, грамадскага дзеяча, якія складаюць той самы «духоўны заплечнік», з якім ён выправіўся ў падарожжа вечнасці, хачу зрабіць акцэнт на тым вымярэнні любові, якою прасякнутая ўся яго рознабаковая дзейнасць. «Асоба збываецца праз любоў», — пісаў Святы Айцец Ян Павел ІІ, тлумачачы ў кнізе «Пераступіць парог надзеі» (1997) персаналістычныя аспекты біблійнай запаведзі любові. Ён вылучыў два такія аспекты: сцвярджэнне асобы дзеля яе самой і бескарысная аддача самога сябе. «Чалавек найбольш поўна сцвярджае сябе, аддаючы сябе. Гэта і ёсць поўная рэалізацыя запаведзі любові», — падкрэслівае Святы Айцец. У поўнай меры гэтыя словы стасуюцца з асобаю Адама Мальдзіса, які менавіта ўсяго сябе аддаваў справе служэння беларускай культуры, справе адраджэння сваёй роднай краіны Беларусі, прэзентацыі яе годнага аблічча ў супольнасці еўрапейскіх народаў. Яго любоў да Айчыны была выяваю яго любові да Бога і бліжняга, і гэтай любові ён, сапраўды, аддаваў усяго сябе без астатку. Гэта была яго апостальская місія, яго пакліканне, даверанае яму Богам заданне. Сведкаю гэтага самаадданага і ахвярнага служэння пашчасціла быць на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў і мне. Калі ў 1980-я гг. па сканчэнні аспірантуры ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі я пачала працаваць малодшым навуковым супрацоўнікам гэтага Інстытута, Адам Восіпавіч Мальдзіс быў ужо вядомым і паважаным даследчыкам, аўтарам некалькіх кніг, у тым ліку грунтоўнай наватарскай манаграфіі «На скрыжаванні славянскіх традыцый», якая неўзабаве стане яго абароненай доктарскай дысертацыяй, і ўжо ўзначальваў на той час у Інстытуце аддзел беларускай старажытнай (або, як тады яго называлі, «дакастрычніцкай») літаратуры. Я працавала ў іншым аддзеле, даследавала творчасць Янкі Купалы і паэтаў 1920-х гг. Неўзабаве, аднак, Мальдзіс выступіў ініцыятарам падрыхтоўкі ў Інстытуце і выдання энцыклапедычнага шасцітомнага Бібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі», які павінен быў уключаць біяграфіі і бібліяграфіі ўсіх беларускіх літаратараў ад старажытнасці да сучаснасці — вядомых, малавядомых, забытых і выключаных раней з літаратурнага працэсу — з усёй, па магчымасці, падрабязнай і праўдзівай інфармацыяй пра іх, не скажонай ідэалагічнымі догмамі і забаронамі савецкага часу, бо гэта быў ужо пярэдадзень «перабудовы», і сама яна неўзабаве наступіла.

Не буду апісваць, які грандыёзны гэта быў праект, і што над ім працавала амаль палова супрацоўнікаў Інстытута літаратуры, і праца над ім заняла бадай дзесяцігоддзе, уключаючы падрыхтоўчы перыяд і само выданне шасці энцыклапедычных тамоў цягам 1992–1995 гг. План-праспект выдання быў распрацаваны самім Адамам Восіпавічам, пад яго ж кіраўніцтвам ажыццяўлялася і штодзённая руплівая праца. Трэба сказаць, што гэта быў яшчэ дакамп’ютарны час, усе бібліяграфічныя крыніцы (не толькі ў бібліятэках Беларусі, але і за яе межамі) распісваліся ўручную на картках, і кожны тыдзень стосы картак здаваліся супрацоўнікамі бібліяграфічнай групы Адаму Восіпавічу на праверку і далейшую тэхнічную апрацоўку. Так была створаная велічная беларуская картатэка, на сёння, на жаль, страчаная ў арыгінале, але захаваная ў самім Слоўніку. Я ўваходзіла ў склад «біяграфічнай» групы, і маёй задачай было напісанне біяграфій пісьменнікаў 1920–1930-х гг. — таго перыяду, якім я займаюся непасрэдна як даследчык.

Пераважная большасць маіх «герояў» былі малавядомыя або зусім не вядомыя літаратары, многія з іх былі рэпрэсаваныя, бо гэта было менавіта пакаленне рэпрэсаваных пісьменнікаў, былі пісьменнікі-святары. Менавіта з часу працы над біяграмамі Слоўніка ў маю асабістую творчую біяграфію ўвайшоў паэт-святар Казімір Сваяк (ксёндз Кастусь Стэповіч), асоба якога захапіла мяне, і я працягвала збіраць і вывучаць яго творчую спадчыну яшчэ працяглы час пасля выдання адпаведнага тома Слоўніка, пакуль у 2010 годзе не выйшаў укладзены і пракаментаваны мною том выбраных твораў Казіміра Сваяка ў серыі «Беларускі кнігазбор». Адам Восіпавіч Мальдзіс усяляк мяне заахвочваў да гэтай працы, цешыўся, што я захапілася постаццю Казіміра Сваяка, бо да ўсяго іншага паэт-святар быў ягоным зямляком з Астравецкага раёна. Тады ж адбылася і ўрачыстая імпрэза з прэзентацыяй тома на радзіме паэта падчас адкрыцця яго мемарыяльнага музея ў роднай хаце ў вёсцы Барані, бо ў 2010 г. якраз адзначалася 120-годдзе з дня нараджэння Казіміра Сваяка. Было тады і памятнае наведванне касцёла ў Клюшчанах (яшчэ да пажару), святая Імша там, дзе ў свой час паэт нёс сваё натхнёнае святарскае служэнне. Спрыяў гэтым ініцыятывам і браў у іх непасрэдны ўдзел, безумоўна, і сам Адам Восіпавіч Мальдзіс, на той час, па збегу абставінаў, ужо не навуковец акадэмічнай установы, не дырэктар створанага ім у 1991 г. Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францыска Скарыны, а сціплы супрацоўнік газеты «Голас Радзімы», кабінецік якога ў рэдакцыі, тым не менш, працягваў заставацца нефармальным штабам актуальнай беларусістыкі.

Сімвалічная дэталь — вокны гэтага кабінеціка выходзілі ў двор і «глядзелі» акурат на касцёл Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. У гэтым жа касцёле неаднойчы мне даводзілася бачыць і самога Адама Мальдзіса — ці то ў часе святой Імшы, перадаючы знак супакою, ці то перад Імшою, укленчыўшага каля канфесіяналу. Мальдзіс быў шчырым вернікам-католікам і, несумненна, Пан Бог благаслаўляў яго на жыццёвай пуцявіне, выбраўшы і паклікаўшы да чыннасці на ніве адраджэння беларускай культуры і духоўнасці яшчэ з глыбіняў савецкага часу. Нават імя і прозвішча яго сведчылі пра гэтае благаслаўленне: біблійнае імя першага чалавека Адам, дадзенае яму пры хросце, спалучылася з прозвішчам, семантыка якога лучыцца з літоўскім словам maldaмалітва. Астравеччына ж — гэта беларуска-літоўскае моўнае пагранічча, таму сэнс прозвішча Мальдзіс можна, несумненна, тлумачыць як «чалавек малітвы».

Менавіта аб малітоўнай семантыцы свайго літоўскага прозвішча любіў у апошні час гаварыць і сам Адам Восіпавіч — падчас размоў па тэлефоне, калі была ў разгары пандэмія, або перад гэтым у часе некалькіх незабыўных сустрэчаў у яго дома на кватэры па вуліцы Чарвякова ў Мінску, калі я мела магчымасць і нагоду яго наведаць. Мая апошняя жывая сустрэча з ім адбылася 28 сакавіка 2019 г., калі ў працяглай сардэчнай гутарцы мы абмяркоўвалі бягучыя беларускія справы, новыя выданні і дзейнасць Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў — навуковай грамадскай арганізацыі, створанай яшчэ на пачатку 1990-х гг. менавіта Адамам Мальдзісам і ягонымі калегамі-беларусістамі з розных краінаў свету, да якой у свой час з вялікай цікавасцю і ахвотай я таксама далучылася. Я прынесла тады Адаму Восіпавічу якраз нядаўна выдадзены 38-ы том альманаха «Беларусіка=Albaruthenica», прысвечаны 220-годдзю Адама Міцкевіча. Ад яго ж у падарунак атрымала кнігу з аўтографам, які сімвалічна засведчыў, што кніга перадаецца мне Адамам Мальдзісам як «добрая і шчаслівая эстафета». Прыняла гэта з удзячнасцю і нізкім паклонам як бацькоўскае благаслаўленне, як даверанае заданне…

Закончыць жа свае нататкі хачу цытатай невялікага дасціпнага верша-прысвячэння «Адаму Мальдзісу на 50-годдзе і на ўсе наступныя юбілеі», які напісаў яшчэ ў далёкім 1982 г. ягоны калега і сябра Уладзімір Мархель. Верш быў змешчаны ў згаданым ужо юбілейным зборніку да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса «Беларусь і беларусы ў прасторы і часе»:

Наш лёс не самы-самы,
Ды ёсць у ім Адамы.
Здаецца, як нядаўна,
Як быццам толькі ўчора
Свяціўся час адамны
Міцкевічам, Кіркорам,
А ўжо сягнуў у памяць
І Мальдзісам адаміць.

Прыгожыя і прарочыя словы! І праз сорак гадоў пасля іх напісання яны гучаць актуальна і свежа, як быццам на сённяшні дзень напісаныя! У іх падкрэслена менавіта тая «жывая сувязь пакаленняў», дзеля якой напаўняў свой «духоўны заплечнік» светлай памяці прафесар Адам Мальдзіс. Пане Божа, прытулі яго ў сваім Валадарстве і дай нам тут, на зямлі, быць годнымі спадкаемцамі сабранага ім духоўнага скарбу, праз які ім былі ў паўнаце сваёй рэалізаваныя запаведзі любові да Бога, Айчыны і бліжняга.

Фотаздымкі з уласнага архіва аўтара.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY