|
|
|
№
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Пераклады
Ad Fontes
Вера & Socium
Галерэя
На шляху веры
Постаці
Хрысціянская думка
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы
Паэзія
Проза
In memoriam
Пра вечнае...
|
Пасланне Святога Айца БЭНЭДЫКТА XVI
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ
1. Пачатак новага года, якім Бог адорвае чалавецтва, падахвочвае мяне з вялікім даверам і любоўю скіраваць да ўсіх сардэчныя пажаданні, каб гэты час, які мы маем перад сабою, вызначаўся канкрэтнымі справамі справядлівасці і міру. З якім настроем нам трэба глядзець на новы год? У псальме 130 [129] мы знаходзім вельмі прыгожы вобраз. Псальміст кажа, што веруючы чалавек чакае Пана «больш, чым варта світання» (в. 6); ён чакае Яго з непахіснаю надзеяй, таму што ведае: Пан прынясе святло, міласэрнасць, збаўленне. Гэтае чаканне нараджаецца з досведу выбранага народу, які ўсведамляе, што ён выхаваны Богам для таго, каб глядзець на свет у Ягонай праўдзе і не дазваляць сабе падаць духам перад абліччам нягодаў. Я заклікаю вас глядзець на 2012 год з такім настроем, поўным даверу. Гэта праўда, што ў год, які набліжаецца да свайго канца, узрасла фрустрацыя з-за крызісу, што абцяжарвае грамадства, свет працы і эканоміку, — крызісу, карані якога перадусім культурныя і антрапалагічныя. Здаецца, нібыта шчыльная заслона ахутала цемраю наш час і не дазваляе ўбачыць святло дня. У гэтай цемры сэрца чалавека не перастае, аднак, чакаць світання, пра якое гаворыць псальміст. Гэтае чаканне асабліва жывое і відавочнае ў маладых людзей, і таму мае думкі звяртаюцца да іх, маючы на ўвазе той уклад, які яны могуць і павінны зрабіць у жыццё грамадства. Такім чынам, мне хацелася б прадставіць пасланне на сорак пяты Сусветны дзень міру ў перспектыве выхавання — «Выхавання моладзі для справядлівасці і міру» — з упэўненасцю, што моладзевы запал і імкненне да ідэалу здольныя даць свету новую надзею. Маё пасланне скіравана таксама да бацькоў, сем’яў, да ўсіх, каму даручана справа выхавання і адукацыі, а таксама да тых, хто нясе адказнасць за розныя сферы рэлігійнага, грамадскага, палітычнага, эканамічнага, культурнага жыцця і СМІ. Быць уважлівым да свету моладзі, умець прыслухоўвацца да маладых людзей і цаніць іх — гэта не толькі мэтазгодна, але з’яўляецца галоўным абавязкам усяго грамадства ў справе будаўніцтва справядлівай і мірнай будучыні. Гаворка ідзе пра тое, каб прышчэпліваць моладзі павагу да пазітыўнай вартасці жыцця, абуджаючы ў ёй жаданне прысвяціць сябе служэнню Дабру. Гэта заданне, якое патрабуе асабістага ўдзелу кожнага з нас. Заклапочанасць, якую апошнім часам дэманструюць многія маладыя людзі ў розных рэгіёнах свету, выяўляе іх жаданне глядзець у будучыню з абгрунтаванай надзеяй. Сёння праблемы, звязаныя з многімі жыццёвымі аспектамі, напаўняюць моладзь трывогаю: жаданне атрымаць адукацыю, якая больш глыбока падрыхтуе да сустрэчы з рэальным жыццём; цяжкасці, звязаныя са стварэннем сям’і і знаходжаннем стабільнага месца працы; пошук магчымасці зрабіць дзейсны ўклад у свет палітыкі, культуры і эканомікі, каб збудаваць грамадства з больш чалавечным і салідарным абліччам. Важна, каб гэтыя «ферменты» і тое імкненне да ідэалу, якое ў іх закладзена, знаходзілі належную ўвагу ва ўсіх частках грамадства. Касцёл глядзіць на моладзь з надзеяй, давярае ёй і заахвочвае яе шукаць праўду, абараняць супольнае дабро, быць адкрытымі для свету і мець вочы, здольныя бачыць «новае» (Іс 42, 9; 48, 6)!
Адказныя за выхаванне 2. Выхаванне — гэта самая захапляючая і самая цяжкая справа ў жыцці. Выхоўваць — значыць выводзіць чалавека за межы яго самога, каб увесці ў рэчаіснасць, каб прывесці яго да паўнаты жыцця, якая спрыяе развіццю ягонай асобы. Гэты працэс адбываецца дзякуючы сустрэчы дзвюх свабодаў: свабоды дарослага і свабоды маладога чалавека. Ён патрабуе адказнасці з боку вучня, які павінен быць адкрытым, дазваляючы весці сябе да пазнання рэчаіснасці, і адказнасці з боку выхавацеля, які павінен быць гатовы цалкам прынесці сябе ў дар. І таму перадусім неабходныя сапраўдныя сведкі, а не толькі распаўсюджвальнікі правілаў і інфармацыі; сведкі, якія здольныя бачыць далей, чым іншыя, бо іх жыццё ахоплівае большую і шырэйшую прастору. Сведка — гэта той, хто спачатку сам прайшоў тым шляхам, які прапануе іншым. Мы жывём у свеце, дзе сям’я і нават само жыццё пастаянна знаходзяцца пад пагрозаю, а нярэдка распадаюцца і рассыпаюцца. Умовы працы, якія часта наўрад ці можна спалучаць з сямейнымі абавязкамі, клопат пра будучыню, шалёны рытм жыцця, міграцыя ў пошуках суразмерных сродкаў існавання, калі не ўвогуле выжывання, — усё гэта прыводзіць да таго, што цяжка забяспечыць дзецям адну з найкаштоўнейшых дабротаў: прысутнасць бацькоў — прысутнасць, якая дазваляе ствараць усё больш глыбокія адносіны супрацоўніцтва на жыццёвым шляху, каб была магчымасць перадаваць далей той вопыт і тую набытую з гадамі ўпэўненасць, якімі чалавек можа падзяліцца толькі тады, калі праводзіць час разам з іншым. Мне хацелася б сказаць бацькам, каб яны не адчайваліся! Прыкладам свайго жыцця яны павінны заахвочваць сваіх дзяцей перадусім спадзявацца на Бога — адзіную крыніцу сапраўднай справядлівасці і сапраўднага міру. Хачу звярнуцца таксама да адказных за ўстановы, якія маюць выхаваўчыя заданні: няхай яны з пачуццём вялікай адказнасці сочаць за тым, каб ва ўсіх абставінах паважалася і цанілася годнасць кожнай асобы. Дапамагаючы прыняць і належным чынам выкарыстаць тыя дары, якія Пан Бог прызначае кожнаму чалавеку, няхай клапоцяцца пра тое, каб кожны малады чалавек мог адкрыць сваё асабістае пакліканне. Яны павінны гарантаваць сем’ям, што іх дзецям прапануецца такі шлях адукацыі, які не супярэчыць іх сумленню і іх рэлігійным прынцыпам. Няхай кожны выхаваўчы асяродак стане месцам адкрытасці на трансцэндэнтнае і на іншага чалавека; месцам дыялогу, згуртаванасці і ўзаемнай увагі, у якім малады чалавек адчуе, што магчымасці яго асобы і багацце яго душы цэняцца іншымі, а таксама сам навучыцца цаніць людзей, якія знаходзяцца побач. Няхай моладзь прывучаецца ў іх зведваць радасць, што паходзіць са штодзённага практыкавання любові і спачування ў адносінах да бліжняга і з актыўнага ўдзелу ў будаванні больш чалавечнага і брацкага грамадства. Звяртаюся таксама да палітычных лідараў, просячы іх аб канкрэтнай дапамозе сем’ям і выхаваўчым установам у карыстанні іх правам і ў той жа час абавязкам, якім з’яўляецца выхаванне. Ніколі не павінна адчувацца недахопу ў адпаведнай падтрымцы мацярынства і бацькоўства. Няхай палітыкі клапоцяцца пра тое, каб нікому не быў закрыты доступ да адукацыі і каб сем’і маглі свабодна выбіраць тую ўстанову адукацыі, якую яны лічаць найбольш адпаведнай з пункту гледжання дабра для іх дзяцей. Няхай прыкладаюць намаганні да таго, каб садзейнічаць з’яднанню тых сем’яў, якія падзеленыя з-за неабходнасці шукаць сродкі на сваё існаванне. Няхай прапануюць моладзі ясны вобраз палітыкі як праўдзівага служэння дзеля дабра ўсіх. Акрамя таго, не магу не звярнуцца з заклікам да свету мас-медыя, каб яны ўносілі свой уклад у выхаванне. У сучасным грамадстве сродкі масавай камунікацыі адыгрываюць асаблівую ролю: яны не толькі інфармуюць, але таксама фармуюць дух сваіх адрасатаў і таму могуць уносіць значны ўклад у выхаванне моладзі. Важна памятаць, што сувязь паміж выхаваннем і камунікацыяй надзвычай цесная: выхаванне адбываецца менавіта шляхам камунікацыі, якая пазітыўна або негатыўна ўплывае на фармаванне асобы. І самі маладыя людзі павінны мець мужнасць перадусім жыць тым, чаго яны патрабуюць ад свайго акружэння. На іх ляжыць вялікая адказнасць: яны павінны мець сілы для таго, каб добра і з поўным усведамленнем сваёй адказнасці карыстацца ўласнай свабодай. Яны таксама адказныя за сваю адукацыю і фармацыю ў духу справядлівасці і міру!
Выхоўваць для праўды і свабоды 3. Св. Аўгустын пытаўся: «Quid enim fortius desiderat anima quam veritatem?»2. Чаго ж чалавек прагне больш горача, чым праўды? Чалавечае аблічча грамадства ў значнай ступені залежыць ад укладу выхавання ў тое, каб гэтае хвалюючае пытанне заставалася жывым. Сапраўды, выхаванне датычыць агульнай фармацыі асобы, а таксама маральнага і духоўнага вымярэння чалавечага быцця з улікам канчатковай мэты чалавека і дабрабыту грамадства, членам якога ён з’яўляецца. А значыць, каб выхоўваць у духу праўды, трэба перадусім ведаць, чым ёсць чалавек, ведаць яго прыроду. Аўтар псальма, гледзячы на навакольную рэчаіснасць, разважае: «Калі я бачу Твае нябёсы, справу пальцаў Тваіх, месяц і зоркі, якія Ты ўмацаваў: то чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, і сын чалавечы, што Ты ўзгадваеш пра яго?» (Пс 8, 4–5). Гэта асноўнае пытанне, якое трэба задаць сабе: чым ёсць чалавек? Чалавек — гэта істота, якая мае ў сваім сэрцы прагненне бясконцасці, прагненне праўды, — праўды не частковай, але здольнай растлумачыць сэнс жыцця, таму што створаны ён паводле вобраза і падабенства Божага. Такім чынам, прызнанне з удзячнасцю таго, што жыццё з’яўляецца бясцэнным дарам, вядзе да адкрыцця ўласнай унутранай годнасці і недатыкальнасці кожнай асобы. Выхаванне ў першай сваёй фазе заключаецца ў навучанні таму, каб бачыць у чалавеку вобраз Стварыцеля, а значыць, глыбока паважаць кожнага чалавека і дапамагаць іншым весці жыццё, адпаведнае гэтай найвышэйшай годнасці. Ніколі нельга забываць, што «сапраўднае развіццё чалавека датычыць усёй асобы ва ўсіх яе вымярэннях»3, у тым ліку і трансцэндэнтным, і што не дазваляецца прыносіць людзей у ахвяру дзеля дасягнення нейкага асаблівага дабра — ні эканамічнага, ні грамадскага, ні асабістага, ні калектыўнага. Толькі ў адносінах з Богам чалавек разумее таксама значэнне сваёй свабоды. І заданнем выхавання з’яўляецца фармаванне сапраўды свабодных людзей. Сапраўдная свабода заключаецца не ў адсутнасці абавязкаў ці ў панаванні самавольства, і не ў абсалютызацыі «я». Чалавек, які ўзводзіць сябе ў абсалют, які лічыць, што ён не залежыць ні ад чаго і ні ад каго, што ён можа рабіць усё, што толькі пажадае, у рэшце рэшт супярэчыць праўдзе сваёй істоты і губляе сваю свабоду. На самай справе, чалавек — гэта істота, якая жыве ў адносінах з іншымі, і перадусім — з Богам. Сапраўднай свабоды немагчыма дасягнуць, аддаляючыся ад Яго. Свабода — гэта вельмі важная, але далікатная каштоўнасць; яна можа няправільна разумецца і выкарыстоўвацца. «Сёння асабліва небяспечнаю перашкодаю ў выхаваўчай працы з’яўляецца ўсюдыісны ў нашым грамадстве і ў культуры рэлятывізм, які нічога не прызнае канчатковым, для якога адзіным крытэрыем служыць уласнае „я” чалавека з яго капрызамі, і які, насуперак уяўнай свабодзе, становіцца для кожнага вязніцай, бо раздзяляе людзей і прыводзіць да таго, што кожны замыкаецца ва ўласным „я“. А таму ў падобнай рэлятывісцкай перспектыве ўвогуле немагчыма сапраўднае выхаванне: на самай справе, без святла праўды кожны чалавек раней ці пазней убачыць, што ён асуджаны на тое, каб усумніцца і ў якасці свайго жыцця і адносінаў, з якіх яно складаецца, і ў дзейснасці сваіх высілкаў, скіраваных на тое, каб разам з іншымі нешта збудаваць»4. Такім чынам, каб карыстацца сваёю свабодаю, чалавек павінен пераадолець рэлятывісцкае бачанне свету і пазнаць праўду пра сябе самога, а таксама праўду пра дабро і зло. У глыбіні свайго сумлення чалавек адкрывае закон, які не сам ён устанавіў сабе, але якому ён павінен падпарадкоўвацца і голас якога заклікае яго любіць і здзяйсняць дабро, пазбягаць зла, а таксама да таго, каб браць на сябе адказнасць за здзейсненае дабро і ўчыненае зло5. Таму карыстанне свабодаю глыбока звязана з натуральным маральным законам, які мае ўніверсальны характар, выяўляе годнасць кожнага чалавека, стварае фундамент яго правоў і абавязкаў і, такім чынам, у канчатковым выніку — справядлівага і мірнага суіснавання людзей. Сапраўды, галоўнае значэнне належнага выкарыстання свабоды заключаецца ў садзейнічанні справядлівасці і міру, якія патрабуюць пашаны да сябе самога і да іншага чалавека, нават калі яго паводзіны і лад жыцця далёкія ад нашых. З такой унутранай паставы нараджаецца тое, без чаго мір і справядлівасць застаюцца словамі, пазбаўленымі сэнсу: узаемны давер, здольнасць весці канструктыўны дыялог, магчымасць прабачэння, якое нам так часта хацелася б атрымліваць, але так цяжка дарыць іншым, узаемная любоў, спачуванне ў адносінах да найслабейшых, а таксама гатоўнасць да ахвяры.
Выхоўваць для справядлівасці 4. У нашым свеце, дзе значэнне асобы, яе годнасці і правоў, нягледзячы на дэклараваныя намеры, знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай з боку распаўсюджанай тэндэнцыі карыстацца выключна крытэрыямі карысці, прыбытку і валодання, вельмі важна не аддзяляць паняцце справядлівасці ад яе трансцэндэнтных каранёў. На самай справе, справядлівасць — гэта не звычайная людская дамоўленасць, бо вырашальным пры ўстанаўленні справядлівасці, з’яўляецца не пазітыўнае права [права, устаноўленае людзьмі. — Заўв. пер.], а глыбокае разуменне тоеснасці асобы. Менавіта цэласнае бачанне чалавека захоўвае ад падпарадкавання ўплыву дагаворнай канцэпцыі справядлівасці, дазваляе і для яе адкрыць далягляды салідарнасці і любові6. Нельга ігнараваць таго факту, што некаторыя плыні ў сучаснай культуры, якія падтрымліваюцца рацыяналістычнымі і індывідуалістычнымі прынцыпамі эканомікі, адарвалі канцэпцыю справядлівасці ад яе трансцэндэнтных каранёў, аддзяляючы справядлівасць ад любові і салідарнасці: «„Горад чалавека” будуецца дзякуючы не толькі суаднясенню з правамі і абавязкамі, але яшчэ больш i ў першую чаргу дзякуючы адносінам бескарыслівасці, міласэрнасці i еднасці. Любоў заўсёды паказвае ў чалавечых адносінах Божую любоў, надаючы тэалагальную і збаўчую каштоўнасць усялякім справам справядлівасці ў свеце»7. «Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаныя» (Мц 5, 6). Будуць насычаныя, таму што прагнуць мець праўдзівыя адносіны з Богам, з самімі сабою, са сваімі братамі і сёстрамі, з усім створаным светам.
Выхоўваць для міру 5. «Мір — гэта не проста адсутнасць вайны, і ён не абмяжоўваецца раўнавагаю сілы варожых бакоў. Мір не можа быць дасягнуты на зямлі без абароны асабістых дабротаў, без свабоднага абмену думкамі паміж людзьмі, без шанавання годнасці людзей і народаў, без трывалага імкнення да братэрства»8. Мір з’яўляецца плёнам справядлівасці і вынікам любові. Мір — гэта перадусім дар Божы. Мы, хрысціяне, верым, што Хрыстус ёсць нашым праўдзівым мірам — у Ім, праз крыж, Бог прымірыў з сабою свет і зруйнаваў бар’еры, што нас падзялялі (пар. Эф 2, 14–18); у Ім існуе адзіная, паяднаная ў любові сям’я. Аднак мір — гэта не толькі дар, які трэба прыняць, але таксама справа, якая патрабуе здзяйснення. Каб сапраўды быць міратворцамі, мы павінны навучыцца спачуванню, салідарнасці, супрацоўніцтву, братэрству, павінны быць актыўнымі ў супольнасці і абуджаць у сумленні чуйнасць да нацыянальных і міжнародных справаў, а таксама да таго, як важна шукаць адпаведных спосабаў падзелу дабротаў, садзейнічання іх узрастанню, супрацоўніцтва ў развіцці і ў вырашэнні канфліктаў. «Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі», — гаворыць Езус у Казанні на гары (Мц 5, 9). Мір для ўсіх нараджаецца са справядлівасці кожнага, і ніхто не можа ўхіліцца ад гэтага асноўнага абавязку — садзейнічаць справядлівасці паводле ўласнай кампетэнцыі і ў адпаведнасці з ускладзенымі на яго абавязкамі. Асабліва заклікаю маладых людзей, у якіх заўсёды ёсць жывое імкненне да ідэалаў, каб цярпліва і настойліва шукалі справядлівасці і міру, развівалі ў сабе любоў да справядлівага і праўдзівага таксама тады, калі дзеля гэтага можа спатрэбіцца прынесці ахвяры і плысці супраць цячэння.
Узнімаць вочы да Бога 6. Перад абліччам цяжкага выкліку, якім з’яўляецца патрабаванне хадзіць шляхамі справядлівасці і міру, мы можам адчуваць спакусу да таго, каб спытацца, як аўтар псальмаў: «Узнімаю вочы свае да вышыняў: адкуль прыйдзе мая дапамога?» (Пс 121 [120], 1). Усім, і асабліва маладым людзям, хачу цвёрда сказаць: «Не ідэалогіі збаўляюць свет, а толькі зварот да жывога Бога, нашага Стварыцеля, гаранта нашай свабоды, гаранта ўсяго сапраўды добрага і праўдзівага, <...> радыкальны зварот да Бога, які з’яўляецца крытэрыем справядлівасці і адначасова вечнаю любоўю. А што магло б нас збавіць, калі не любоў?»9. Любоў радуецца разам з праўдаю, яна ёсць тою сілаю, што робіць здольным выступаць у абарону праўды, справядлівасці і міру, бо яна ўсё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць (пар. 1 Кар 13, 1–13). Дарагая моладзь, вы з’яўляецеся каштоўным дарам для грамадства. Не дазвольце, каб вас агарнула маркота перад абліччам цяжкасцяў, і не паддавайцеся фальшывым лозунгам, якія часта здаюцца самым лёгкім шляхам для пераадолення праблемаў. Не бойцеся прыкладаць намаганні і прыносіць ахвяры, выбіраць шляхі, якія патрабуюць вернасці і вытрымкі, пакоры і адданасці. Упэўнена жывіце сваёй маладосцю і глыбокім прагненнем шчасця, праўды, прыгажосці і сапраўднай любові, якія вы адчуваеце ў сабе! Жывіце інтэнсіўна на гэтым этапе жыцця, такім багатым і поўным энтузіязму. Памятайце, што вы самі з’яўляецеся прыкладам і стымулам для дарослых, і тым мацнейшым, чым больш вы прыкладаеце намаганняў, каб пераадолець несправядлівасць і карупцыю, чым больш імкнецеся да лепшай будучыні і ўносіце ўклад у яе будаванне. Ясна ўсведамляйце свае магчымасці і ніколі не замыкайцеся ў сабе, а старайцеся працаваць дзеля больш светлай будучыні для ўсіх. Вы ніколі не застаецеся адны. Касцёл давярае вам, суправаджае вас, умацоўвае і прагне даць самае каштоўнае, што мае: магчымасць узнесці вочы да Бога, спаткаць Езуса Хрыста — Таго, Хто сам ёсць справядлівасцю і мірам. Звяртаюся да ўсіх вас, жанчыны і мужчыны, якім не абыякавая справа міру! Мір з’яўляецца не дабром, якое ўжо дасягнута, а мэтаю, да якой усе мы павінны імкнуцца. Будзем жа глядзець у будучыню з вялікай надзеяй, падахвочваць адзін аднаго на нашым шляху, працаваць над тым, каб надаць нашаму свету чалавечае і брацкае аблічча; давайце адчуваць сябе аб’яднанымі ў адказнасці за сённяшняе і будучыя пакаленні моладзі, асабліва ў тым, каб выхоўваць яе міралюбіваю і здольнаю да міратворчых дзеянняў. З гэтымі думкамі скіроўваю да вас гэтыя разважанні і заклік: давайце з’яднаем нашы духоўныя, маральныя і матэрыяльныя сілы, каб «выхоўваць моладзь для справядлівасці і міру». Падрыхтавала Ірына Бурак.
Паводле http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/
|
|
|
|