  |   
 
Вячэрняя малітва 
      Памяці дачкі Ілоны
 |   
  
 
*  *  * 
За рубяжэвіцкім касцёлам, 
Ля азярковага зліцця, 
Як крылы белыя анёла, 
Бярозкі ў неба дзве ляцяць.
А там далей, у снежных высях, 
Як толькі позірк іх дагнаў, 
Яны мне вежамі здаліся, 
А неба – возерам без дна.
 
Яны ўзняліся над вякамі, 
Над лёсам, над быццём маім, 
Каб калыхаць дзвюма рукамі 
І свет, і неба ўсё над ім.
 
Яны працягнуты здалёку. 
Ідзі на іх і не блудзі, 
Са сцежкай тою – крок да кроку – 
Дзе прадзед некалі хадзіў.
 
Што пройдзеш, не пачнеш спачатку. 
Сваю рахубу маюць дні. 
І ўсё ж праз далячынь нашчадку 
Руку, як провад, працягні!
  |   
  
 
*  *  * 
Пад лёгкі дождж 
            сцяжынай скрушнай, 
Цераз трывогі і гады, 
У ціхі дзень, 
У дзень Задушны 
Іду маўкліва на клады.
А цемра сыплецца, як сечка, 
У вочы колецца, імжыць. 
І вецер хукае на свечку, 
Але не можа патушыць.
 
Нібы слязінка дарагая, 
Самотна полымя дрыжыць 
І вокам доччыным міргае: 
– Нічога, бацька, 
                  не тужы!
 
Святло тваё і ў цемры свеціць, 
Агонь твой нашае крыві. 
Жыві, як жыў у гэтым свеце, 
І лепш крыху, чым жыў, жыві!
 
Зліюцца разам нашы словы, 
І слёзы разам пацякуць. 
Сцінае цемра свае сховы, 
І хтосьці падае руку.
 
Вазьму яе, каб не спаткнуцца, 
А сцежку ў дзень свой адшукаць. 
І каб з табой не размінуцца, 
Мне трэба Памяці рука.
  |   
  
 
*  *  * 
Я зноў нанова гэты шлях, 
Як твор забыты перачытваў. 
Але па-новаму з вулля 
Плыла пчаліная малітва.
Маю дарогу па вясне 
Пабіла ямамі паводка. 
І ў той дарогі, і ў мяне 
Даўно змянілася паходка.
 
А ў пушчы той жа чуйны слых, 
І поўня так знаёма свеціць, 
Ды колькі іх, сяброў маіх, 
Даўно няма на гэтым свеце.
 
Як страшна глянуць у вакно 
І твар знаёмы не пабачыць. 
Хоць і абмытае вясной, 
Але яно, здаецца, плача.
 
Стаміўся даўні дом ад сну, 
І нешта сняць старыя рэчы. 
Як проста ўсё ж мінуць вясну, 
Нібы па кладцы перабегчы.
  |   
  
 
*  *  * 
Жыццё, заміраеш само ты, 
Цябе не суцешыш нічым, 
Калі «Анёл Панскі» самотна 
Пад восеньскім небам гучыць.
Прыгорбленым ціхім радочкам 
Зноў цягнецца дзень на клады. 
І ўнучка за ручку, 
І дочка, 
А ўперадзе – век малады.
 
Не злічыш – яны не злічоны – 
Сляды, па якіх ты ступаў. 
Іх сумна ў працэсіі чорнай 
Лісцём паўтарыў лістапад.
  |   
  
 
*  *  * 
Як засутонее на ўзбор’і 
І сцежкі змрок завечарыць, 
І зноў ружанцамі сузор’яў 
Трывожна неба ўсё гарыць.
І птах стамлёны не лятае, 
І пад вядзёрны перазвон 
Уся лістота залатая 
Малітву шэпча ля акон.
 
Як дзіўна гукі ў ёй зліліся 
У нейкі мудры сугалос. 
І ты, дачушка, памаліся 
За ўсё, што дзень табе прынёс.
 
За гэту мілую сцяжынку 
Каля азёрнага стаўка 
І гэту звабную смяшынку 
На сініх крылцах матылька;
 
За ўсё, што ў дні тваім наступным 
Хоць і паўторыцца інакш, 
Ды стане новаю прыступкай 
Да ганка, што ўзвышае нас, – 
Шапчы цнатліва: 
            «Ойча наш!»
  |   
  
 
*  *  * 
Людзі там былі святыя, 
Кветкі там былі жывыя, 
А запомніў я адно: 
Свечкі слёзы васкавыя 
З трэскам капаюць на дно.
Думаў, выльецца на сподак 
У паўсонлівай журбе 
І дакор твой, мілы продак, 
Што не помніў я цябе.
 
Ды ніякага дакору 
Я нідзе не распазнаў. 
Толькі капаў воск, і морак 
Разам з полымем канаў.
 
Застываў і плыў па сподку, 
Як васковае крыло. 
І ўсё з полымем дрыготкім 
Недзе ў вечнасць адплыло.
  |   
	
 
  | 
  |