|
|
|
№
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Пераклады
Вялікія містыкі
In memoriam
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Алена ВАЛЬЧУК
СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ВЫХАВАННЯ ЯК ФАКТАР ФАРМІРАВАННЯ ХРЫСЦІЯНСКАГА СВЕТАБАЧАННЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Асобы
Паэзія
Пераклады
Асобы
Музыказнаўства
Архітэктура
Прэзентацыя
|
НАРАДЖЭННЕ Мы не ведаем дакладна, калі ў сям’і Скарынаў, у «слаўным месце Полацкім», прыйшоў на свет хлопчык, які прынёс гонар і славу не толькі роднаму гораду, але і ўсёй Айчыне. Ці здарылася гэтая шчаслівая падзея ў 1490 г. альбо на пяць ці дзесяць гадоў раней? А мо, бліжэй да праўды быў Мікола Шчакаціхін, калі, узіраючыся на Скарынаву эмблему «Сонца маладзіковае», убачыў у ёй закадаваную дату нараджэння дзіцяці, якая, на яго думку, прыпала на момант сонечнай зацьмы 6 сакавіка 1486 года1. Першую дату 1490 г. даследчыкі прапаноўваюць, зыходзячы з таго, што для паступлення ў зімовым семестры 1504/1505 гг. у Кракаўскі ўніверсітэт хлопец мусіў мець, згодна з тагачасным рэгламентам, не менш за 14 гадоў. Але падаецца, што нават маючы выдатныя здольнасці, перад універсітэтам ён мусіў мець больш часу, каб падрыхтаваць сябе і для навучання ва ўніверсітэце, і для перакладу ды выдання Святога Пісання. Атрыманне за мінімальны тэрмін, крыху больш чым за паўтары года, у канцы 1506-га, годнасці бакалаўра ў Кракаўскай Alma Mater можа сведчыць пра добрае і больш працяглае знаёмства з лацінскай пісьмовасцю і традыцыяй, прынамсі з лацінскай моваю. Для падрыхтоўкі і выдання кніг Бібліі ў Празе ў 1517 г. палачанін павінен быў таксама авалодаць кірылічнай граматай, спасцігнуць хрысціянскую традыцыю ўсходняга абраду, стаць абазнаным у богаслужбовай літаратуры. Час для гэтага ён меў толькі перад паступленнем ва ўніверсітэт, і час гэты, напэўна, быў даўжэйшы. Мабыць, будзе больш слушным прыняць за дату нараджэння дзіцяці 1485–1486 гг.
СЯМ’Я У «Метрыцы Кракаўскага ўніверсітэта» за 1504/1505 гг.2 і ў «Актах акадэмічных ступеняў» Падуанскага ўніверсітэта за 1512 г.3 Скарына названы сынам Лукі. Полацкі купец Лука, ці Лук’ян Скарына, упершыню згадваецца 18 траўня 1492 г. у скарзе маскоўскага князя Івана ІІІ на дзеянні палачанаў, накіраванай каралю Польшчы і вялікаму князю ВКЛ Казімеру4. У 1512 г. Лук’яна Скарыны ўжо не было на свеце, бо ў «Актах...» Падуанскага ўніверсітэта побач з яго імем стаіць лацінскае «quondam», якое ў такіх выпадках азначала нябожчыка. Нічога не ведаем мы і пра маці хлопчыка. Брат Іван пайшоў па слядах бацькі, заняўшыся гандлем скурамі і футрамі. Упершыню мы знаходзім яго імя ў дэкрэце Жыгімонта І у снежні 1518 г. як сведкі па справе маёмасці нейкага Андрэя са Львова5. Іван памёр у 1528 ці 1529 г., пакінуўшы пасля сябе трох дарослых дзяцей: сына Рамана і дзвюх, не названых па імені, дачок. Імя Рамана ў дакументальных крыніцах з’яўляецца ў 1529 г. па справе падзелу маёмасці памерлага бацькі, пакінутай на захаванне ў доме познаньскага месціча Якуба Корбы6. Другі раз з Гданьска ў Познань у 1532 г. яго прывяла справа, распачатая варшаўскімі юдэямі супраць дзядзькі Францішка. У судзе ён даказаў невінаватасць дзядзькі і вызваліў яго з вязніцы, куды той быў кінуты па фальшывым звінавачанні з боку памянёных юдэяў7. Далейшы лёс Рамана застаецца няясным. У 1535 г. за полацкую спадчыну ягонага бацькі судзіліся абодва швагры — Еська Сцепановіч і Міхна Аўсянік, жанатыя з яго сёстрамі. На судзе Еська Сцепановіч абвясціў, што не можа вырашаць нешта наконт маёмасці без свайго швагра Рамана, які «в Немъчех служитъ»8. З гэтага вынікае, што Раман у той час, магчыма, заставаўся ў Гданьску, які тады быў пад нямецкім уплывам, альбо ў нейкім іншым месцы на Захадзе, улічваючы тагачаснае шырокае значэнне паняцця «немцы». У запісах Полацкай рэвізіі ад 9 сакавіка 1552 г. фігуруюць яшчэ дзве асобы з прозвішчам Скарына: ігумен Пятніцкага манастыра Васька Скарына і райца Еська Скарына, які ў 1553 г. разам з другім райцам Гаўрылам Аляксеевічам быў адпраўлены Полацкаю радаю ў Рыгу дамаўляцца пра паляпшэнне гандлёвых стасункаў з Полацкам9. Ці мелі нейкія роднасныя сувязі гэтыя асобы з сям’ёю Францішка Скарыны, сёння мы сказаць не можам.
ІМЯ Не ўсё ясна таксама і з імем Францыск, якое атрымаў хлопчык. Наконт гэтага выказваюцца два меркаванні: альбо ён спачатку быў ахрышчаны паводле праваслаўнага абраду і меў іншае імя, а пасля паўторнага, каталіцкага хросту, быў названы Францішкам, альбо адразу быў ахрышчаны па каталіцкім абрадзе. Мяркуючы па ўсім, паходзіў ён з асяроддзя полацкага праваслаўнага купецтва; безумоўна, быў добра знаёмы з традыцыяй усходняга абраду, кірылічнай богаслужбовай літаратурай і біблійнымі тэкстамі і адрасаваў свае выданні шырокім колам праваслаўнага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Зыходзячы з гэтага, некаторыя навукоўцы і праваслаўныя дзеячы прымалі версію паўторнага, каталіцкага хросту. Для падмацавання гэтай версіі даследчыкі абапіраліся на недакладную копію прывілея, выдадзенага каралём Польшчы і вялікім князем ВКЛ Жыгімонтам І Францыску Скарыну 25 лістапада 1532 года. У ім перад імем Franciscus стаіць Georgius, але адсутнічае азначэнне egregius — «выдатны», якое пастаянна ўжываецца ў іншых лацінскіх дакументах, дзе згадваецца Скарына10. Таму больш аб’ектыўныя даследчыкі адразу палічылі, што кракаўскі капііст дапусціў банальную апіску, упісаўшы замест egregius сугучнае імя Georgius11. Канчаткова версію пра другое, праваслаўнае імя Скарыны — Георгій, «пахаваў» беларускі скарыназнаўца Георгій Галенчанка, які выявіў у Дзяржаўным архіве Познані запіс памянёнага дакумента ў познаньскія магістрацкія кнігі. У прэамбуле запісу сказана, што гэты прывілей з віслаю пячаткаю і подпісам Жыгімонта І прадставіў для ўпісання асабіста доктар Францыск Скарына і дакумент быў слова ў слова ўнесены ў кнігу. Як і чакалася, на месцы, дзе ў кракаўскай копіі чытаецца Georgius, у познаньскім запісе стаіць egregius12. Такім чынам, трэба канстатаваць, што ва ўсіх лацінскіх і кірылічных дакументах ды ва ўсіх сваіх творах Скарына называецца толькі адным імем — Franciscus, Францыск. З гонарам ён прадстаўляе сваё імя ў прадмовах і пасляслоўях, у «Малой падарожнай кніжцы» і нават зашыфроўвае яго ў акравершах. Гэта схіляе да высновы, што, хутчэй за ўсё, Францыск набыў сваё імя падчас адзінага хросту паводле лацінскага абраду.
БЭРНАРДЫНСКАЯ НАВУКА Імя Скарыны Францішак, безумоўна, указвае на яго канфесійную прыналежнасць, а таксама на крыніцу, з якой ён мог здабыць веды з лацінскай мовы, неабходныя для паступлення ва ўніверсітэт. Святы Францішак Асізскі, якому ён абавязаны сваім іменем, як вядома, быў заснавальнікам і патронам Ордэну братоў меншых, ці францішканаў, якія пачалі прапаведаваць неўзабаве пасля свайго заснавання таксама на тэрыторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ў ХІІІ ст. Рэфармаванае іх адгалінаванне — францішканаў абсервантаў — было заснаванае Бэрнардынам з Сіены (1380–1444), які заклікаў сваіх паслядоўнікаў займацца прапаведаваннем і навучаннем. Летам 1453 г. на запрашэнне караля Казімера IV Ягелончыка і Кракаўскага біскупа Збігнева Алясніцкага ў Кракаў на чале са знакамітым прапаведнікам Янам Капістранам прыбылі некалькі манахаў з гэтай супольнасці. За восем месяцаў побыту Капістрана да абсервантаў было прынята 130 новых членаў, пераважна з ліку выкладчыкаў і студэнтаў Кракаўскага ўніверсітэта13. Адразу ж пачалося будаўніцтва кляштара, прысвечанага Бэрнардыну з Сіены. Ад назвы кляштара францішкане абсерванты ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім сталі называцца бэрнардынамі, у адрозненне ад нерэфармаваных канвентуальных францішканаў. Супольнасць імкліва развівалася: узніклі кляштары на тэрыторыі Польшчы і Украіны, а ў 1468 г. быў заснаваны кляштар у Вільні. Пазней, у 1498 г., у Полацку таксама быў запачаткаваны бэрнардынскі кляштар, прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, з шырокімі правамі, у тым ліку парафіяльнымі. Цалкам верагодна, што віленскія бэрнардыны працавалі ў Полацку і раней. Вядома, што на місіі яны выпраўляліся і далей за Полацк, напрыклад, у Кіеў14. Школа ў Полацку магла быць створаная ўжо на самым пачатку іх працы. Заснавальнікамі кляштараў у Вільні і Полацку былі тагачасныя вікарыі, выхаванцы Кракаўскага ўніверсітэта, Мар’ян з Езёрка, які набыў у ім ступень бакалаўра15, і Уладзіслаў з Гельнёва16. Адміністрацыйна віленскі і полацкі кляштары ўваходзілі ў склад Польскага вікарыяту (з 1517 г. Польскай правінцыі) францішканаў абсервантаў з цэнтрам у Кракаве. Бэрнардыны вылучаліся тым, што прызнавалі правамоцнымі ўсе праваслаўныя таемствы і не патрабавалі пераахрышчвання17. Іх дзейнасць была скіраваная на паяднанне дзвюх галінаў хрысціянства: праваслаўя і каталіцтва. Выказвалася нават меркаванне, што менавіта бэрнардыны паспрыялі выданню ў 1491 г. у Кракаве першай друкаванай кірылічнай кнігі Актоіха на царкоўнаславянскай мове папярэднікам Скарыны ў друкарскай справе — Швайтполем Фіёлем. Прынамсі да гэтага выдання меў непасрэднае дачыненне сіндык Кракаўскага канвента бэрнардынаў Ян Турза18. Тое, што Скарына атрымаў хроснае імя ад патрона бэрнардынаў і пазней дзейнічаў у гэткім жа самым экуменічным кірунку, выдаючы Святое Пісанне і богаслужбовыя кнігі для праваслаўных вернікаў, дадаткова сведчыць пра яго сувязі з полацкімі бэрнардынамі і навучанне ў іх. Вельмі верагодна, што з іх дапамогаю ён стаў таксама студэнтам Кракаўскага ўніверсітэта. Ягоным апекуном і натхняльнікам на гэтым шляху мог быць Лявон з Ланьцута (горада на ўсход ад Кракава, што ўваходзіў у склад Рускага ваяводства, цэнтрам якога быў Львоў). Лявон быў манахам у Кракаве, дзе дакументальна засведчаны ў 1484 г. і дзе ў 1525 г. ён памёр. Ён стаў першым гвардыянам полацкага кляштара і кіраваў ім каля 15-ці гадоў (1498–1512?). Потым нейкі час (да 8 снежня 1512 г.) ён быў кусташам Віленскага канвента19. Па справах полацкага кляштара ён мусіў мець пастаянныя стасункі з Кракавам, а ў сталіцу вікарыяту Лявон з Ланьцута быў абавязаны з’яўляцца падчас капітулаў, якія адбываліся штогод і найчасцей у Кракаве20. Стала прабываць у Кракаве ён мусіў у 1512-1514 гг., калі быў кіраўніком Польскага вікарыяту бэрнардынаў, а таксама ў 1517-1520 гг., калі займаў пасаду правінцыяла Польскай правінцыі21. Сувязі полацкіх бэрнардынаў з Кракавам, а кракаўскіх з Ягелонскім універсітэтам і маглі паспрыяць паступленню туды Францыска Скарыны. Магчыма, пошукі ў бэрнардынскіх архівах змаглі б праліць святло на гэты перыяд у яго біяграфіі.
ПА ВЕДЫ Ў КРАКАЎ У Кракаў юнак выправіўся, найверагодней, альбо з купецкім абозам, альбо разам з кімсьці з братоў бэрнардынаў. Шлях, хутчэй за ўсё, пралягаў звычайным маршрутам: гасцінцамі з Полацка да Вільні, з Вільні да Берасця, Драгічына, Любліна і адтуль да Кракава. Відаць, на некалькі дзён, чакаючы запісу ў метрычную кнігу ўніверсітэта, што сведчыла пра паступленне, ён мусіў знайсці прытулак альбо ў якой-небудзь гасподзе, альбо ў кагосьці з бацькавых знаёмых па купецкай справе ці ў манахаў. Выдадзеныя адносна нядаўна на высокім навуковым узроўні «Метрыка Кракаўскага ўніверсітэта»22 і «Кніга прамоцыяў...»23 дазваляюць нам удакладніць некаторыя акалічнасці паступлення Скарыны ва ўніверсітэт. Раней іматрыкуляцыйны запіс Скарыны ў «Метрыцы...» адносілі да 1504 г. і без указання больш дакладнай даты. Але трэба ўзяць пад увагу, што, у адрозненне ад сённяшняй практыкі, паступленне ва ўніверсітэт адбывалася на працягу ўсяго семестра. У кожны з дзён семестра, на якія не прыпадалі рэлігійныя святы, а іх вучэльня святкавала каля 90 дзён у год, маглі паслядоўна запісвацца па адным альбо па некалькі чалавек. Акадэмічны год дзяліўся на два семестры: летні — з красавіка да кастрычніка, зімовы — з кастрычніка да красавіка наступнага года. Паўнамоцтвы рэктара доўжыліся адзін семестр, хоць ён мог пераабірацца і на наступны. Рэктара на зімовы семестр абіралі ў дзень св. Гала 16 кастрычніка24. У зімовым семестры 1504/1505 гг., калі Францішак быў запісаны ў «Метрыку...», паўнамоцтвы рэктара выконваў Ян Пшыяцель, ці ў лацінізаванай форме Аміцын — доктар вызваленых навук і кананічнага права, Леадыцэйскі біскуп і плябан касцёла св. Мікалая25. Семестр доўжыўся з кастрычніка 1504 г. да красавіка наступнага, 1505 года. Найбольшая колькасць запісаў, як падлічыў даследчык гісторыі Ягелонскага ўніверсітэта Кшыштаф Барада, прыпадала на пачатак і канец семестра, г.зн. у зімовым семестры на кастрычнік-лістапад і сакавік-красавік26. Але толькі ў некалькіх семестрах за ўвесь перыяд ад 1400 да 1509 г. пазначаны дзённыя даты запісаў. На шчасце, прынамсі чатыры датаваныя, да таго ж зімовыя, семестры апынуліся блізкімі да семестра іматрыкуляцыі Скарыны: гэта семестр рэктарства Яна з Піліцы 1490/1491 гг., два семестры Мацея з Мехава 1501/1502 і 1505/1506 гг., найбліжэйшыя да Скарынавага семестра, і ідуць яны перад і адразу пасля яго, ды пазнейшы, таксама Мацея з Мехава, 1507/1508 гг.27 Наяўнасць дзённых датаў у гэтых семестрах дае нам магчымасць з вялікай верагоднасцю больш дакладна вызначыць час іматрыкуляцыі Францыска Скарыны. Самы ранні кастрычніцкі запіс у памянёных датаваных семестрах адносіцца да 19 кастрычніка, самы позні — да 28 красавіка (але не раней за 22 красавіка). Тым не менш, пры працэнтным раскладзе семестраў па месяцах, на красавік, хоць гэта і не поўны месяц, прыпадае найбольшы працэнт запісаў — ад 18 да 40 %, у сярэднім 25 %, на сакавік — ад 7 да 17 %, у сярэднім 14 %. У зімовым семестры 1501/1502 гг. у «Метрыку...» былі ўнесеныя імёны 154-х асобаў, з іх 11 у сакавіку, што складае 7 %, і 61 у красавіку — 40%. У зімовым недатаваным семестры 1502/1503 гг. былі іматрыкуляваныя 91 чалавек, у наступным, таксама недатаваным 1503/1504 гг., — 108 асобаў. У зімовым датаваным семестры 1505/1506 гг., які ішоў адразу пасля Скарынавага, усяго запісалася толькі 74 асобы, з іх 13 у сакавіку — 17 %, і 16 у красавіку — 22 %. У зімовым недатаваным семестры 1504/1505 гг., які нас цікавіць, разам са Скарынам ва ўніверсітэцкую Метрыку былі ўпісаныя 120 асобаў. Францыск Скарына запісаны на 29-м месцы з канца спісу28. 29 канцовых запісаў складаюць 24 % ад агульнай колькасці. Паколькі імя Скарыны стаіць на пачатку гэтага працэнтавага адрэзку, то пры параўнанні з сярэднім працэнтам па красавіку можна лічыць, што ён быў іматрыкуляваны ў сакавіку-красавіку і, верагодна, бліжэй да пачатку красавіка, але, безумоўна, ужо ў 1505 г., а не ў 1504 годзе. Запісы ў «Метрыцы...» рабіліся па пэўнай схеме: імя, імя бацькі, месца паходжання, сума грашовага ўнёску. Поўная стаўка складала 8 грошаў, але толькі як выключэнне пры паступленні яе ўносілі цалкам. Найчасцей абмяжоўваліся значна меншаю сумаю — 1–4 грошы, альбо нават абяцаннем аплаціць; сустракаюцца і запісы аб паступленні задарма — gratis pro Deo («задарма дзеля Бога»). Былі і выпадкі аплаты натураю: півам, мальвазіяй, воскам, соллю альбо нават банкетам для магістраў. Рэшта павінна была аплачвацца на працягу навучання, але абавязкова да моманту бакалаўрскага іспыту29. Іматрыкуляцыйны запіс Францыска гучыць так: Franciscus Luce de Ploczko, [solvit] 2 grossos30. Запіс у форме Ploczko (а не Poloczko) мог спараджаць сумнеў, ці ён увогуле адносіцца да Скарыны. Параўнанне зместу і часу гэтага запісу з запісам 14 снежня 1506 г. у «Кнізе прамоцыяў Ягелонскага ўніверсітэта» аб наданні Францыску годнасці бакалаўра — Franciscus de Poloczko Litphanus31 — змушае нас з пэўнасцю ідэнтыфікаваць абодвух Францыскаў як адну і тую самую асобу — Францыска, сына Лукі з Полацка, грамадзяніна Вялікага Княства Літоўскага. Час, крыху больш за паўтары года, за які Скарына набыў годнасць бакалаўра, упісваецца ў тэрмін, што патрабаваўся для гэтага: ад 10-ці месяцаў да двух гадоў32. У тым жа запісе аб прамоцыі на ступень бакалаўра з 1506 г. разам з Францыскам прадстаўленыя яшчэ тры асобы, якія таксама ў адным семестры з ім паступілі ва ўніверсітэт у 1504 годзе. Апрача таго, ніякага іншага Францыска de Ploczko ці de Poloczko не запісана ні ва ўсёй «Метрыцы...», ні ва ўсёй «Кнізе прамоцыяў Ягелонскага ўніверсітэта». Усё гэта ўзятае разам не пакідае сумненняў у тым, што ў абодвух запісах — «Метрыкі...» і «Кнігі прамоцыяў...» — фігуруе адна і тая ж асоба — Францыск, сын Лукі, Скарына з Полацка. Апрача паслядоўнага, на працягу ўсяго семестра, паступлення ва ўніверсітэт, былі і іншыя адрозненні ад сучаснай практыкі. Так, паступаючым не трэба было здаваць ніякіх экзаменаў. Патрэбныя былі толькі дастатковыя для чытання і слухання лекцыяў веды лаціны33. У Кракаўскі ўніверсітэт прымалі толькі прадстаўнікоў каталіцкага веравызнання34. Як ужо гаварылася, неабходна было зрабіць таксама нейкі грашовы ўнёсак, але перадусім іматрыкулянт павінен быў прынесці прысягу ўстаноўленай формы рэктару: «Я, Н., прысягаю вам, пану рэктару і вашым наступнікам, якія законна ўступяць на пасаду, і абяцаю паслухмянасць ва ўсіх дазволеных і пачэсных справах, а таксама, што як магу буду дбаць пра дабро Кракаўскага ўніверсітэта, у якім бы стане я не апынуўся, і што за ўласную крыўду не буду караць сам, здзяйсняючы пакаранне раненнем, калечаннем ці пагрозай ужыць зброю, але буду прасіць рэктара пакараць крыўдзіцеля. Таксама, што не буду трымацца вучэння асуджанага ерэтыка Гуса. Няхай дапаможа мне Бог і гэтае святое Евангелле» (урывак са св. Лукі — 11, 27-28): «Калі Езус прамаўляў да народу, адна жанчына з натоўпу ўзняла голас і сказала Яму: Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе! А Ён сказаў: Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго!»35 Прысягу паступаючы складаў стоячы перад рэктарам і ўсклаўшы пальцы на гэтыя словы Евангелля. Тоўсты пергаміновы аркуш з тэкстам прысягі і евангельскімі словамі працёрся наскрозь ад ускладання тысячаў рук прынамсі з 1415-га да 1509 года36. Безумоўна, ён быў сведкам прысягі і нашага Скарыны ды адчуў на сабе дотык рукі будучага перакладчыка і пашыральніка Слова. Без складання прысягі ніхто не мог быць упісаны ў «Метрыку...», а значыць не мог лічыцца студэнтам і карыстацца ўсімі правамі і вольнасцямі ўніверсітэта. У сваю чаргу без запісу ў «Метрыку...» нельга было спадзявацца на атрыманне годнасці бакалаўра. Студэнты абавязаныя былі ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях і святах, якія адзначаліся ва ўніверсітэце і ва ўсіх афіцыйных набажэнствах. З усяго сказанага вынікае, што Скарына належаў да каталіцкага веравызнання (можна хіба толькі спрачацца пра тое, ці трымаўся ён лацінскага альбо грэцкага абраду).
Гл. таксама:
|
|
|
|