Дарагія браты і сёстры.
Сёння мы жывем у свеце, які становіцца ўсё «меншым», таму здаецца, што ўсё прасцей быць побач адзін з адным. Развіццё транспарту і тэхналогій камунікацыі напрамую закранае нас, усё лепш звязваючы, а глабалізацыя робіць нас узаемазалежнымі. Аднак грамадства ўсё яшчэ застаецца падзеленым, і часам вельмі істотна. На агульным узроўні мы бачым абуральную дыстанцыю паміж раскошаю самых багатых і галечаю самых бедных. Часам дастаткова прайсціся па горадзе, каб убачыць кантраст паміж людзьмі, якія жывуць на ходніках вуліц, і асляпляльным бляскам вітрынаў. Мы так да іх прызвычаіліся, што ўжо не звяртаем на гэта ўвагі. Свет пакутуе ад мноства формаў астракізму, маргіналізацыі і нястачы, а таксама ад канфліктаў, у якіх змяшаныя эканамічныя, палітычныя, ідэалагічныя і рэлігійныя пытанні.
У гэтым свеце сродкі масавай інфармацыі могуць дапамагчы нам стаць больш блізкім адзін аднаму, нанова адчуць еднасць чалавечай сям’і, што заклікае нас да салідарнасці і сур’ёзных кампрамісаў на карысць больш годнага жыцця для кожнага чалавека. Добрая камунікацыя дапамагае нам лепш пазнаваць адзін аднаго, быць больш з’яднанымі. Сцены, якія нас раздзяляюць, можна пераадолець толькі тады, калі мы гатовыя слухаць і вучыцца адзін у аднаго. Нам трэба вырашыць нязгоду з дапамогаю дыялогу, які дазволіць нам узрастаць ва ўзаемапаразуменні і павазе. Культура камунікацыі патрабуе, каб мы былі гатовыя не толькі даваць, але і прымаць нешта ад іншых. СМІ могуць дапамагчы нам у вырашэнні гэтай задачы, асабліва сёння, калі сеткі сацыяльнай камунікацыі дасягнулі небывалага ўзроўню развіцця. У прыватнасці, інтэрнэт можа даць вялікія магчымасці людзям, каб сустрэцца адзін з адным і дасягнуць салідарнасці; і гэта добра, гэта Божы дар.
Аднак тут таксама існуюць праблемныя аспекты: хуткасць, з якой распаўсюджваецца інфармацыя, перавышае нашыя магчымасці разважаць над ёю і выносіць суджэнне, не дазваляе чалавеку выказваць удумлівае і справядлівае меркаванне. Разнароднасць меркаванняў можна палічыць каштоўнаю, але яна можа стварыць небяспеку замкнуцца ў той інфармацыйнай сферы, якая адпавядае нашым чаканням і думкам або нават пэўным палітычным і эканамічным інтарэсам. Свет камунікацыі можа дапамагчы нам развівацца або наадварот — дэзарыентуе. Імкненне атрымліваць лічбавую сувязь можа прывесці да ізаляцыі ад бліжніх — людзей, якія знаходзяцца побач з намі. Не трэба забывацца таксама, што, па розных прычынах не маючы доступу да гэтых сродкаў масавай камунікацыі, мы рызыкуем самі застацца ў ізаляцыі.
Гэтыя абмежаванні рэальныя, але яны не апраўдваюць адмаўлення ад СМІ, а хутчэй нагадваюць, што камунікацыя, у рэшце рэшт, гэта штосьці больш чалавечае, чым тэхналагічнае дасягненне. Што дапамагае нам узрастаць у чалавечнасці і ўзаемапаразуменні ў лічбавым свеце? Напрыклад, нам трэба супакоіцца, суцішыцца. Гэта патрабуе часу і здольнасці захоўваць маўчанне, каб слухаць. Нам трэба быць цярплівымі, калі мы хочам зразумець таго, хто адрозніваецца ад нас: чалавек здольны выказацца цалкам не тады, калі бачыць, што яго проста церпяць, а тады, калі адчувае, што яго шчыра прымаюць. Калі ў нас ёсць сапраўднае жаданне слухаць іншых, мы навучымся глядзець на свет іншымі вачыма і цаніць досвед чалавецтва ў тым, як ён выяўляецца ў розных культурах і традыцыях. Але таксама мы навучымся лепш цаніць вялікія каштоўнасці, інспіраваныя хрысціянствам, напрыклад, здольнасць бачыць у чалавеку асобу, цаніць шлюб і сям’ю, рабіць размежаванне паміж рэлігійнай і палітычнай сферамі, цаніць прынцыпы салідарнасці і ўзаемнай падтрымкі.
Як жа можна прымусіць СМІ паслужыць сапраўднай культуры камунікацыі? Што для нас, вучняў Пана, паводле Евангелля азначае сустрэцца з чалавекам? Ці магчыма, нягледзячы на нашую абмежаванасць і грахоўнасць, быць сапраўды блізка адзін да аднаго? Гэтыя пытанні абагульняюцца ў адно, зададзенае аднойчы Езусу кніжнікам, — чалавекам камунікацыі: «А хто мой бліжні?» (Лк 10, 29). Гэтае пытанне дапамагае нам зразумець камунікацыю ў катэгорыях блізкасці. Можна растлумачыць яго такім чынам: як выяўляецца «блізкасць» ва ўжыванні СМІ і ў новым асяродку, створаным лічбавымі тэхналогіямі? Я бачу адказ у прыпавесці пра добрага самараніна, якая з’яўляецца і прыпавесцю пра чалавека камунікацыі. Сапраўды, той, хто падтрымлівае камунікацыю, становіцца бліжнім, блізкім. Добры самаранін не проста набліжаецца да паўмёртвага чалавека, якога знаходзіць пры дарозе, ён клапоціцца пра яго. Езус змяняе перспектыву: справа не ў тым, каб прызнаць іншага чалавека падобным да мяне, а ў тым, каб быць здольным самому прыпадобніцца да іншага чалавека. Такім чынам, камунікаваць — азначае ўсведамляць, што ўсе мы — людзі, Божыя дзеці. Мне падабаецца вызначаць гэтую моц камунікацыі як блізкасць.
Калі асноўная мэта камунікацыі ў тым, каб ставіцца да людзей па-спажывецку або маніпуляваць імі, мы пакутуем ад жорсткай агрэсіі, падобна чалавеку, на якога напалі злачынцы і пакінулі пры дарозе, як гаворыць прыпавесць. Левіт і святар бачаць у ім не свайго бліжняга, а чужынца, ад якога лепш трымацца далей. У тыя часы ўмовы паводзінаў дыктавалі людзям законы рытуальнага ачышчэння. Сёння мы рызыкуем апынуцца пад уплывам СМІ, якія прымушаюць нас забыцца пра нашых рэальных бліжніх.
Недастаткова крочыць па лічбавых «вуліцах», то бок, проста быць на сувязі, трэба, каб сувязь вяла да сапраўднай сустрэчы. Мы не можам жыць у самоце, замкнутыя ў саміх сабе. Нам неабходна любіць самім і адчуваць, што нас любяць. Нам неабходная пяшчота. Стратэгіі камунікацыі не гарантуюць прыгажосці, дабра і шчырасці ў чалавечых стасунках. Свет СМІ не можа заставацца далёкім ад клопату пра чалавечнасць, яны таксама пакліканыя выказваць любоў. Лічбавая камунікацыйная сетка можа стаць прастораю, багатаю на чалавечнасць: гэта сетка не з кабеляў, а з чалавечых асобаў. СМІ застаюцца нейтральнымі толькі знешне: толькі той, хто, перадаючы інфармацыю, сам уключаецца ў працэс камунікацыі, можа быць арыенцірам для іншых. Асабісты ўдзел — корань даверу да чалавека камунікацыі. Менавіта таму хрысціянскае сведчанне, дзякуючы інтэрнэту, можа дасягнуць экзістэнцыяльнай перыферыі.
Я часта паўтараю: паміж Касцёлам, пабітым у няшчасных выпадках на вуліцы, і Касцёлам, хворым ад уласнай замкнутасці на сабе, я без ваганняў выбіраю першы. Вуліцы свету — гэта таксама месца, дзе жывуць людзі, дзе да іх адкрыты дзейсны і эмацыйны доступ. Сярод гэтых вуліцаў сустракаюцца і лічбавыя, таксама запоўненыя людзьмі, часта параненымі мужчынамі і жанчынамі, якія шукаюць збаўлення або надзеі. Дзякуючы інтэрнэту хрысціянскае пасланне можа падарожнічаць «ажно да краю зямлі» (Дз 1,8). Адчыніць дзверы касцёлаў азначае адчыніць іх і ў лічбавым свеце, і для таго, каб туды маглі ўваходзіць людзі ў любых жыццёвых абставінах, у якіх бы яны ні знаходзіліся, і для таго, каб Евангелле магло пераступіць парог святыняў і выйсці насустрач іншым.
Мы пакліканыя даць сведчанне Касцёла, які з’яўляецца домам для ўсіх. Ці здольныя мы паказаць такі твар Касцёла? Камунікацыя дапамагае сфармаваць місіянерскае пакліканне Касцёла ў цэлым, а сацыяльныя сеткі сёння з’яўляюцца адным з месцаў, дзе можна ажыццяўляць гэтае пакліканне, нанова адкрываючы прыгажосць веры, прыгажосць сустрэчы з Хрыстом. Таксама і ў кантэксце камунікацыі патрэбны Касцёл, здольны несці цяпло і запальваць сэрцы.
Хрысціянскае сведчанне не ў тым, каб бамбардзіраваць іншых рэлігійнымі пасланнямі, а ў жаданні дарыць сябе іншым «праз уласную гатоўнасць цярпліва і з пашанаю адказваць на іх пытанні і сумневы на шляху пошукаў праўды і сэнсу чалавечага існавання» (Бэнэдыкт XVI, Пасланне на 47 Сусветны дзень сродкаў масавай інфармацыі).
Паразважаем над сцэнаю з вучнямі, якія накіроўваюцца ў Эмаўс. Неабходна ўмець весці дыялог з сучаснымі мужчынамі і жанчынамі, каб разумець іх чаканні, сумневы, спадзяванні і магчы даць ім Евангелле, а гэта значыць — Езуса Хрыста, Бога, які стаў чалавекам, памёр і ўваскрос, каб вызваліць нас ад граху і смерці. Гэта патрабуе заглыбленасці, уважлівасці да жыцця, духоўнай чуласці. Весці дыялог — значыць быць упэўненым, што іншы чалавек мае сказаць нешта добрае, а значыць прымаць яго гледжанне, яго прапановы. Весці дыялог — гэта не адмаўляцца ад уласных думак і традыцый, а толькі ад таго, каб лічыць іх адзіна магчымымі і правільнымі.
Няхай указальнікам нам паслужыць вобраз добрага самараніна, які перавязвае раны пабітага падарожніка, льючы на іх алей і віно. Няхай нашыя стасункі з іншымі стануць духмяным алеем ад болю і добрым віном для радасці. Няхай нашае святло сыходзіць не ад хітрыкаў і спецэфектаў, а ад таго, што мы з любоўю і пяшчотай набліжаемся да тых, каго знаходзім параненымі пры дарозе. Не бойцеся стаць грамадзянамі лічбавага свету. Цікаўнасць Касцёла да свету камунікацыі і прысутнасць у ім важныя для таго, каб весці дыялог з сучасным чалавекам і скіроўваць яго да сустрэчы з Хрыстом: Касцёл, які нам спадарожнічае ў жыцці, здольны ісці побач з кожным чалавекам. У гэтым кантэксце рэвалюцыя ў сродках камунікацыі і інфармацыі — гэта вялікі і захапляльны выклік, які патрабуе ад нас новых сілаў і новага ўяўлення, каб перадаваць іншым прыгажосць Бога.
Ватыкан, 24 студзеня 2014 года,
ва ўрачыстасць святога Францішка Сальскага.
Францішак
Падрыхтавала Юлія Шэдзько.
Паводле матэрыялаў сайта
www.vatican.va