|
|
|
№
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі
Постаці
Год малітвы
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя
|
НАБЛІЖЭННЕ СВЯТАСЦІ
На сайце польскага каталіцкага тыднёвіка «Нядзеля» на адмысловым табло пастаянна пазначаецца колькасць дзён, гадзінаў і хвілінаў, якія застаюцца да кананізацыі двух благаслаўлёных Папаў — Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ. Кожная адлічаная секунда змяншае часавую адлегласць да гэтай гістарычнай падзеі, якая адбудзецца ў Ватыкане 27 красавіка ў свята Божай Міласэрнасці. Такі зрокава-асязальны адлік часу дапамагае больш востра і выразна адчуць усю яе важнасць і неардынарнасць і разам з тым згадаць, што 9 гадоў назад, 8 красавіка 2005 года, увесь свет развітваўся з Янам Паўлам ІІ. Менавіта тады на плошчы святога Пятра ў Рыме прагучала ўпэўненае: «Santo subito» — «Ужо святы». Вось жа сапраўды: Vox populi, vox Dei. І гэтая кананізацыя, якая так хутка — усяго праз няпоўнае дзесяцігоддзе — спраўдзіць тыя словы, стане першаю ў нашым стагоддзі, падчас якой будуць абвешчаныя святымі адразу два Папы. «Мы жывём у перыяд ззяння папства», — слушна заўважыў ксёндз Славамір Одэр, пастулатар у кананізацыйным працэсе благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Будучыя святыя — па сутнасці нашы сучаснікі, і таму яны асаблівым чынам набліжаюць святасць да кожнага з нас, як бы асвойваюць яе з гэтым светам, які ўсё больш і больш аддаляецца, уцякае ад святасці... Благаслаўлёны Ян Павел ІІ пісаў, што святыя «з’яўляюцца прадстаўнікамі Бога, які прамаўляе праз іх». На гэты раз Бог прамаўляе да нас праз Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ, праз іх жыццё, поўнае любові і ахвяры, праз прыклад іх веры і малітвы, праз іх навучанне і ўрэшце — праз іх незабыўныя ўсмешкі і выдатнае пачуццё гумару, уласцівае абодвум Папам... У гэтым нумары, шаноўныя чытачы, вы знойдзеце прыгожыя і кранальныя прыклады святасці двух вялікіх Папаў у прысвечаных ім матэрыялах. Касцёл узносіць іх да хвалы алтароў, каб дзякуючы ім і праз іх усе мы лягчэй і смялей знаходзілі свой шлях да святасці, бо кожны чалавек, створаны па вобразе Божым, да яе пакліканы. Рэд.
|
|
|
|