Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла

АДКАЗНАСЦЬ КАТАЛІЦКІХ СМІ
Постаці

АПОСТАЛ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Прэзентацыя

КАВАЛЕР ОРДЭНУ ЎСМЕШКІ

ГІСТОРЫЯ КАСЦЁЛА...
Маналог святара
Кіно

ДРАЎЛЯНЫ НАРОД
У святле Бібліі
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ДЗЕНЬ ШОСТЫ
Проза

З «НАЧНЫХ НАТАТАК І ФАЦЭЦЫЙ»
Юбілеі

АЛЕНА СЯМЁНАЎНА

ТРЫ КВАДРЫ ЖЫЦЦЯ

ДАРАГОЕ ЛІСЦЯНЯТКА
Паэзія

МАЛІТВЫ ЛЮБОВІ
Мастацтва

КОЛЕРЫ ШЧАСЦЯ
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы

Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ

НОВАЯ ЕВАНГЕЛІЗАЦЫЯ
ДЛЯ ПЕРАДАЧЫ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ВЕРЫ

XIII Звычайны Сінод Біскупаў
(Рым, 7–28 кастрычніка 2012 г.)

Падчас святой Імшы, якою распачаўся Сінод.

7 кастрычніка 2012 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас урачыстай святой Імшы на плошчы св. Пятра распачаў XIII Звычайны Сінод Біскупаў. Тэма Сіноду — «Новая евангелізацыя для перадачы хрысціянскай веры». Сінод Біскупаў з’яўляецца дарадчай інстытуцыяй, якую заснаваў папа Павел VI у 1965 годзе. Гэта сход прадстаўнікоў епіскапатаў усяго свету, кіраўнікоў ватыканскіх дыкастэрый, дэлегатаў Рады Вышэйшых настаяцеляў манаскіх супольнасцяў, экспертаў, аўдзітараў і свецкіх. Такім чынам, Сінод Біскупаў — гэта вельмі яркае праяўленне калегіяльнасці епіскапату на чале з Папам. Мэта Сіноду — абмеркаванне найбольш актуальных справаў і праблемаў з жыцця Касцёла і апрацоўка прапановаў, на аснове якіх Папа рыхтуе Апостальскую адгартацыю, дзе прадстаўляе шляхі іх вырашэння. Такім чынам, Сінод дапамогае Папу ў кіраванні Касцёлам.

У кастрычніцкім Сінодзе прынялі ўдзел 370 чалавек, з якіх 272 — айцы Сіноду, біскупы і святары. Падрыхтоўка да кожнага Сіноду пачынаецца з апрацоўкі так званага Lineamenta — базавага тэксту, у якім акрэсліваецца тэма будучага Сіноду ў розных яе аспектах. Да яго далучаецца анкета з пытаннямі, на якія адказваюць Канферэнцыі Біскупаў, ватыканскія дыкастэрыі, Рады Вышэйшых настаяцеляў манаскіх супольнасцяў, тэолагі, свецкія асобы, законнікі і святары.

На аснове гэтых адказаў рыхтуецца Insrtumentum laboris, які рассылаецца Канферэнцыям Біскупаў і ўдзельнікам Сіноду. Гэта арыентацыйны дакумент, паводле якога на Сінодзе праходзяць дыскусіі.

Чытаючы знакі часу, Папа звяртае ўвагу Касцёла на неабходнасць адказаць на глыбокі крызіс веры, які пануе ў сённяшнім свеце. На працягу трох тыдняў удзельнікі Сіноду разважалі над праблемаю абвяшчэння слова Божага ў сучасным свеце, каб адрадзіць і ўмацаваць у ім веру.

У гаміліі з нагоды распачацця Сіноду Біскупаў Пантыфік падкрэсліў, што цэнтральным пунктам еванелізацыі з’яўляецца Езус Хрыстус, якога неабходна нястомна абвяшчаць. Касцёл, паводле словаў Папы, існуе для евангелізацыі. Бог заўжды абуджаў у ім дынамізм евангелізацыйнай дзейнасці. Святы Айцец дадаў, што і ў наш час, асабліва дзякуючы Другому Ватыканскаму Сабору, Дух Святы абуджае новы подых, каб абвяшчаць Добрую Навіну і тым, хто яе не ведае, і тым, хто адышоў ад яе.

Папа даверыў працу Сіноду Марыі — Зорцы новай евангелізацыі — і вялікім евангелізатарам, сярод якіх неабходна вылучыць благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, чый доўгі Пантыфікат стаў прыкладам новай евангелізацыі, і прасіў Святога Духа, каб Ён асвячаў працу Сіноду.

Працэсія біскупаў на святую Імшу, якою распачаўся Год веры.
Тым самым шляхам ішлі біскупы на адкрыццё ІІ Ватыканскага Сабору
50 гадоў таму.

На наступны дзень пасля ўрачыстага адкрыцця Сіноду Біскупаў распачалася яго праца. На першым пасяджэнні Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што слова «Евангелле» (па-грэчаску εν̓αγγε´λιον) азначае таксама і перамогу. Гэта мае вялікае і непрамінальнае значэнне, бо Евангелле вядзе да перамогі над злом. Папа дадаў, што, каб евангелізаваць, неабходна мець Божы дух, гарэць агнём евангелізацыі.

Галоўны рэлятар Сіноду арцыбіскуп Вашынгтона кардынал Дональд Вюрл, чый даклад быў уводзінамі ў працу Сіноду, падкрэсліў, што секулярызацыя выклікае ў чалавека своеасаблівы голад і таму можа стаць шанцам для новай евангелізацыі. Вашынгтонскі іерарх нагадаў, што цэнтральнае месца ў евангелізацыі займае Хрыстус і Яго Евангелле, а таксама прадстаўлены Ім новы стыль жыцця і спосаб існавання. Дакладчык звярнуў увагу на драматычныя змены ў сучасным свеце, у тым ліку і адыход ад рэлігіі. Прычынаю гэтага, паводле яго словаў, з’яўляюцца недахопы катэхізацыі ў 70–80-я гады мінулага стагоддзя. Недастаткова казаць, што Бог нас любіць і мы любім Бога — людзей трэба весці да веры ў Езуса Хрыста. У выніку секулярызацыя выхавала два пакаленні людзей, якія не ведаюць асноўных малітваў, не бачаць сэнсу ўдзельнічаць у святой Імшы і сакрамэнтах. Вернікі не гатовыя адказаць на выклікі новай культуры, пазначанай секулярызмам, матэрыялізмам і індывідуалізмам. Аднак у гэтай цемры ёсць і святло, бо многія людзі бачаць, што секулярызаваны свет не дае адказу на пытанні іх сэрцаў.

Падчас Сіноду ў выступленнях біскупаў узнімаліся найбольш важныя праблемы новай евангелізацыі. У выніку былі зробленыя наступныя высновы.

Галоўная задача новай евангелізацыі — прывесці чалавека да сустрэчы з Езусам, і цэнтральнае месца ў ёй павінна займаць слова Божае. Гэта місія Касцёла, які павінен даводзіць людзям, што змест Евангелля не змяняцца са зменаю ладу жыцця, бо Хрыстус заўсёды той самы і маральныя праўды нязменныя. На жаль, у наш час чалавек імкнецца змяніць іх, вырашаючы нават, каму і калі нарадзіцца або памерці. Але новыя сцэнарыі жыцця не могуць змяняць Касцёла, ён сам павінен несці праз іх Евангелле.

Жыццё Касцёла і яго інстытуцыі занадта бюракратызаваныя, што перашкаджае іх эфектыўнай дзейнасці, таму неабходна больш плённа выкарыстоўваць евангелізатарскія магчымасці літургікі, цэлебрацыі сакрамэнтаў, пахаванняў і г.д., больш увагі звяртаць на значэнне для новай евангелізацыі традыцыйнай народнай пабожнасці, ачышчанай ад розных не рэлігійных практыкаў.

Трэба звяртаць больш увагі на абвяшчэнне Евангелля хрысціянскім сведчаннем, каб такім чынам яно перамяняла чалавека. Памятаючы пра тое, што першымі словамі Хрыста да апосталаў былі «ідзіце за Мной», а апошнімі — «ідзіце і навучайце», у працэсе евангелізацыі неабходна найперш самім з мэтаю духоўнай перамены пайсці за Хрыстом, каб потым несці Яго людзям. На пытанне, што нядобра ў сучасным свеце, мы часта чуем: эканоміка, палітыка, сацыяльная несправядлівасць і г.д. Аднак у святле Божай праўды адказ павінен быць наступны: «Я сам». Таму евангелізацыю іншых людзей трэба распачынаць з сябе саміх, і гэтаму павінны спадарожнічаць адвага і евангельскі аптымізм. Евангелізацыя немагчымая без духу пакоры і асабістага навяртання. Наш час патрабуе вяртання да сакрамэнту пакаяння, які амаль дэвальваваўся.

У зале пасяджэнняў Сіноду.

Працэс новай евангелізацыі павінен грунтавацца на адраджэнні духоўнасці — святасці і сведчанні аб ёй. Шлях новай евангелізацыі — дабрачыннасць, бо справы міласэрнасці змяняюць сэрцы людзей. Для паспяховай евангелізацыі неабходная адпаведная фармацыя святароў. На жаль, многія хрысціяне, у тым ліку і духоўныя асобы, згубілі евангелізацыйны дух. Новую евангелізацыю неабходна праводзіць ad intra і ad extra — евангелізуючы самога евангелізатара і тых, да каго ён ідзе. Немагчыма рухацца па гэтым шляху без дзеяння Святога Духа. Неабходна прысвяціць свет Духу Святому, каб жыць духам новай Пяцідзясятніцы.

Галоўную ролю ў евангелізацыі адыгрывае парафія — месца сустрэчы чалавека з Богам. Сям’я, якая павінна быць хатнім Касцёлам, з’яўляецца першым евангелізатарам.

Свет патрабуе духоўнай рэвалюцыі, і ёю можа стаць новая евангелізацыя праз культуру і навуку, мастацтва і спорт і г.д. Асаблівае месца ў новай евангелізацыі павінны займаць сродкі сацыяльнай камунікацыі як новы арэапаг і новая амбона сучаснага свету. Іх неабходна выкарыстоўваць як для абвяшчэння Божага слова, катэхізацыі, так і для малітвы, евангелізуючы і свецкія СМІ. Важнае месца павінны займаць пілігрымкі і санктуарыі.

Сучасны свет чакае выйсця з рэлігійнага анальфабэтызму. У ім дэмакратыя становіцца новым «богам», у імя якога парушаюцца правы вернікаў. Глабалізацыя таксама адзін з найбольш значных выклікаў сучаснасці, бо закранае не толькі эканоміку і палітыку, але таксама і культуру, і таму Касцёл павінен прысутнічаць у кожнай культуры, каб дзейсна абвяшчаць Божае слова і весці чалавека да сустрэчы з Богам. Мы перажываем парадокс: усё больш з’яўляецца каталіцкіх навучальных установаў, а вера становіцца ўсё слабейшай. Сучасны чалавек многае ведае пра Бога, але, на жаль, не ведае Бога, таму неабходна пазнаваць Яго і жыць Ім. Вялікім выклікам для новай евангелізацыі з’яўляецца міграцыя. З аднаго боку, мігранты прыносяць жывую веру ў секулярызаваныя краіны, з другога — яны знаходзяцца пад уплывам секулярызму і хутка трацяць веру. Таму трэба інтэнсіфікаваць душпастырства мігрантаў.

Асаблівым госцем Сіноду стаў Прымас Англіканскай Царквы арцыбіскуп Роўэн Уільямс, які ў сваім выступленні закрануў праблемы новай евангелізацыі з пункту гледжання Англіканскай Царквы. Паводле словаў іерарха, евангелізацыя дапамагае Касцёлу адрадзіцца. Гуманізм не заменіць яе свету, а евангелізацыя найперш патрабуе нашай асабістай рэевангелізацыі. Прымас Англіканскай Царквы вельмі высока ацаніў плён Другога Ватыканскага Сабору, які дапамог Касцёлу аднавіцца, і падкрэсліў значнасць Дэкрэту аб экуменізме як шляху да еднасці хрысціянаў.

Яшчэ адным шаноўным госцем Сіноду стаў лаўрэат Нобелеўскай прэміі, прафесар швейцарскага ўніверсітэта мікрабіялогіі Вэрнэр Арбэр, які прачытаў даклад на тэму адносінаў паміж верай і навукай, падкрэсліваючы, што сучасная навука не мае адказу на фундаментальныя пытанні аб стварэнні свету і жыцця з нічога. Паводле словаў навукоўца, вера і навука павінны дапаўняць адна адну.

Асобнай і вельмі значнай падзеяй працы першага тыдня Сіноду было святкаванне 50-годдзя Другога Ватыканскага Сабору і абвяшчэнне Году веры, мэта якога — вывесці сучаснага чалавека з духоўнай пустыні і паказаць яму прыгажосць веры.

Падчас набажэнства выступіў Канстанцінопальскі патрыярх Барталамей І, які вучыўся ў Папскім Усходнім інстытуце ў Рыме і быў членам дэлегацыі Канстанцінопальскага Патрыярхату на ІІ Ватыканскім Саборы.

Першы тыдзень Сіноду паказаў, што Касцёл не ўцякае ад праблемаў, але імкнецца іх вырашаць. У сувязі з гэтым яго правядзенне трэба лічыць вялікай Божай ласкай. Касцёл добра разумее, што сёння перад хрысціянствам стаіць шэкспіраўскае пытанне «To be or not to be» — «Быць альбо не быць». Прызнанне сваіх слабасцяў і нават віны — гэта знак сілы, бо толькі прызнаўшы хваробу і паставіўшы дыягназ, можна яе вылечыць.

Айцы Сіноду ўжо прапанавалі нямала лекаў ад хваробы секулярызму і дыктатуры лібералізму. Найперш, аднак, трэба памятаць аб тым, што мэта евангелізацыі —прывесці чалавека да Хрыста, а для гэтага біскупы, святары, евангелізатары і катэхізатары самі павінны жыць Хрыстом, быць сведкамі таго, што абвяшчаюць. У іх павінна гарэць евангелізатарскае полымя.

Падчас другога тыдня працы Сіноду біскупы ў сваіх выступленнях закраналі наступныя тэмы.

Нядзельная св. Імша павінна знаходзіцца ў цэнтры новай евангелізацыі — неабходна адрадзіць ролю літургіі, якая з’яўляецца прывілеяваным месцам сустрэчы чалавека з Езусам. Ars celebrandi — мастацтва літургіі — гэта найлепшы спосаб евангелізацыі, як і найлепшая катэхеза аб Эўхарыстыі — сама Эўхарыстыя.

Касцёл евангелізуе праз сваю дзейнасць, праз сакрамэнты, жыццё праўдаю Хрыста, абвяшчэнне слова Божага. Ён павінен быць адкрыты на ўсіх людзей. Неабходна грунтоўная катэхізацыя дарослых і асабліва моладзі, каб супрацьстаяць уплыву неабмежаванай свабоды. У дзейнасці Касцёла неабходна больш задзейнічаць лаікат (свецкіх вернікаў), заахвочваючы моладзь евангелізаваць сваіх аднагодкаў, аднаўляючы ў парафіях дух місіянерства і ўмацоўваючы касцёльную супольнасць (камунію). Працу трэба распачынаць з сям’і — неабходна развіваць душпастырства сем’яў, не выключаючы і разведзеных сужэнцаў. Яшчэ адной крыніцай евангелізацыі могуць стаць сведчанні хворых і церпячых вернікаў.

Прыклад святых — імпульс для новай евангелізацыі, сведчанне мучанікаў — яе багацце. Яна патрабуе і новых святых евангелізатараў, якія жывуць Евангеллем, умеюць весці дыялог з новай культурай. Евангелізатар павінен быць укаранёным у Хрыста і заўжды памятаць, што ён абвяшчае не сваё Евангелле, а Евангелле Хрыста, ставячы ў цэнтр евангелізацыі не самога сябе, але Бога. Таму, каб быць настаўнікамі веры, неабходна быць людзьмі веры. Перад Касцёлам стаіць заданне так выхоўваць вернікаў, каб, заняўшы высокую пазіцыю ў грамадстве, напрыклад, у палітыцы, яны дзейнічалі згодна з маральным законам. Многія адыходзяць ад веры, бо былі ахрышчаныя, але не выхаваныя ў веры. Таму сёння шмат ахрышчаных, але мала евангелізаваных.

Касцёлу, каб быць евангелізацыйным, трэба шырэй выкарыстоўваць СМІ, дзеля чаго неабходна клапаціцца аб падрыхтоўцы адпаведных спецыялістаў. Сродкі масавай інфармацыі павінны адыгрываць усё большую ролю ў евангелізацыі, але неабходна іх духоўнае развіццё.

Каталіцкі Касцёл адчувае вялікую патрэбу супрацьстаяць сектам, таму неабходна заняцца падрыхтоўкай добра адукаваных кадраў.

Вялікай перашкодай у новай евангелізацыі ў некаторых краінах з’яўляецца пераслед хрысціянаў.

Прамаўляе Канстанцінопальскі патрыярх Барталамей І.

Выступленні айцоў Сіноду былі ўзбагачаныя выступленнямі дэлегацый братніх Цэркваў. Асаблівае значэнне мела выступленне старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліта Іларыёна. Іерарх адзначыў, што супрацоўніцтва хрысціянскіх веравызнанняў дае новыя магчымасці для абвяшчэння Евангелля, і што праваслаўныя і католікі пакліканы разам бараніцца ад выклікаў і нападаў сучаснасці. Мітрапаліт заклікаў да стварэння сумеснага фронту для абароны хрысціянскай веры.

Прадстаўнік баптыстаў нагадаў аб значэнні мучанікаў. Прадстаўнік Метадысцкай Царквы сказаў, што поспех евангелізацыі залежыць ад даверу да евангелізатара. Прадстаўнік Румынскай Праваслаўнай Царквы гаварыў пра значэнне літургіі, дабрачыннасці і святасці як «антыдоту» ад секулярызму. Прыёр экуменічнай супольнасці Тэзэ брат Алоіз Лозэр падкрэсліў, што супольная малітва розных хрысціянаў вядзе да адзінства і з’яўляецца добрым сведчаннем евангелізацыі.

Таму новая евангелізацыя патрабуе экуменічнага вымярэння, і для яе неабходныя сумесныя намаганні розных хрысціянскіх Цэркваў, асабліва супрацоўніцтва з Рускай, Канстанцінопальскай, Сербскай і Румынскай Праваслаўнымі Цэрквамі, а таксама — міжрэлігійны дыялог.

Напрыканцы ўсіх выступленняў Генеральны дарадчык Сіноду кардынал Дональд Вюрл у чатырох пунктах падсумаваў іх вынікі:
— прырода новай евангелізацыі заключаецца ў дзеянні Святой Тройцы з мэтаю перадачы веры;
— місія Касцёла ў наш час заключаецца ў тым, каб прывесці чалавека да Хрыста;
— пастырскі адказ на праблему новай евангелізацыі заключаецца ў ажыццяўленні духоўнага аднаўлення людзей з мэтаю дапамагчы іх асабістай сустрэчы з Хрыстом;
— пратаганістамі новай евангелізацыі з’яўляюцца: парафія, сям’я, святары, кансэкраваныя асобы, катэхізатары, свецкія вернікі, СМІ, феномен міграцыі і г.д.

Падчас працы Сіноду ў малых моўных групах іх удзельнікі канкрэтызавалі сваё бачанне новай евангелізацыі і падкрэслілі галоўнае, на іх погляд, каб выпрацаваць прапановы для Святога Айца.

У межах трэцяга тыдня працы Сіноду Біскупаў малыя моўныя групы падрыхтавалі 326 прапановаў, з якіх быў зроблены адзіны спіс з 57 пунктаў.

Генеральны дарадчык Сіноду кардынал Дональд Вюрл і спецыяльны сакратар Сіноду арцыбіскуп П’ер-Мары Каррэ прадставілі ўдзельнікам гэтыя прапановы. Пасля ўнясення паправак спіс прапановаў быў пашыраны да 58 пунктаў. Былi выбраны 12 членаў рады па падрыхтоўцы вынікаў Сіноду — па тры ад Еўропы, Амерыкі, Афрыкі, Азіі і Акіяніі. Потым Папа прызначыў яшчэ траіх, у тым ліку і вярхоўнага арцыбіскупа Грэка-каталіцкай Царквы ва Украіне Святаслава Шаўчука, адзінага прадстаўніка Усходняй Еўропы ў камісіі.

26 кастрычніка кардынал Джузэпэ Бэторы зачытаў папраўленае згодна з прапановамі ўдзельнікаў Сіноду Пасланне народу Божаму. Яно было сустрэта доўгімі апладысментамі, і Генеральны сакратар Сіноду арцыбіскуп Нікола Этэровіч аб’явіў, што Пасланне прымаецца праз так званую «акламацыю» без галасавання, што рэдка здараецца ў касцёльнай практыцы.

Пасланне дае новую надзею ў духоўнай цемры сучаснага свету. Яно складаецца з 14 частак і напісана на італьянскай, англійскай, французскай, іспанскай і нямецкай мовах. Напрыканцы яго знаходзяцца звароты да народу Божага ўсіх кантынентаў.

Пасланне заклікае даваць евангельскае сведчанне ў сучасным свеце, каб Евангелле магло дайсці да ўсіх людзей. Першая яго частка зыходзіць з евангельскага аповеду аб навяртанні самаранкі, якая з пустым збанам прыйшла да Якубавай студні і знайшла сэнс жыцця пасля сустрэчы з Езусам. Сучасны чалавек таксама падобны да самаранкі, і яму патрэбная сустрэча з Хрыстом. Касцёл, як і Хрыстус, павінен сесці каля сучаснага чалавека, каб той мог яго сустрэць, бо толькі Ён ёсць жывой вадою, якая дае вечнае жыццё. Сучасны ж чалавек пасля сустрэчы з Богам павінен, па прыкладзе самаранкі, быць Яго сведкам.

У другой частцы паслання распавядаецца пра неабходнасць новай евангелізацыі ў сучасным секулярызаваным свеце, які знаходзіцца ў духоўнай пустыні і ахоплены духоўнай цемраю. Трэцяя — пра асабістую сустрэчу з Хрыстом як сэнс новай евангелізацыі, мэта якой — адраджэнне веры. У чацвёртай частцы гаворыцца пра розныя спосабы сустрэчы з Хрыстом і падрэсліваецца значэнне ў гэтым слухання Божага слова, што павінна адбывацца ў Касцёле як супольнасці (камуніі), каб потым хрысціяне маглі ісці адтуль у свет як сведкі. Пятая частка паслання нагадвае пра тое, што для паспяховай евангелізацыі неабходна распачаць з саміх евангелізатараў і іх навяртання, бо слабасць вучняў Хрыста спрыяе недаверу да іх місіі. У шостай частцы гаворыцца пра пошук новых магчымасцяў для евангелізацыі ў сучасным свеце. Усведамляючы, што зло не мае апошняга слова ў свеце, біскупы заклікаюць хрысціянаў перамагаць баязлівасць і глядзець на свет з адвагаю, бо Бог любіць яго. Глабалізацыя, секулярызм, новыя абставіны грамадскага жыцця, міграцыя і іншыя цяжкасці павінны быць выкарыстаны як магчымасць для евангелізацыі. Гэта хваробы сучаснага свету, і новая евангелізацыя павінна стаць лекам ад іх.

У сёмай частцы паслання гаворыцца пра значэнне сям’і і кансэкраванага жыцця ў новай евангелізацыі. Сям’я — найбольш натуральнае месца для евангелізацыі, і таму яна павінна быць падтрымана Касцёлам і грамадствам. Асаблівая роля ў сям’і належыць жанчыне. Касцёл таксама не павінен пакідаць без увагі сем’і, якія знаходзяцца ў цяжкай з кананічнага пункту гледжання сітуацыі. Восьмая частка паслання прысвечаная касцёльнай супольнасці і розным «агентам» евангелізацыі. Сярод іх асаблівае месца займаюць парафія, кансэкраванае жыццё, хрысціянскае сведчанне, святары, якім неабходна сталая фармацыя, свецкія вернікі, рухі, супрацоўніцтва з іншымі канфесіямі. У дзявятай частцы гаворыцца пра моладзь, якая таксама можа сустрэць Хрыста ў сучасным свеце і несці Яго іншым. Біскупы заклікаюць прыслухоўвацца да маладых і весці з імі дыялог, каб не гасіць у іх энтузіязму.

Дзясятая частка паслання прысвечаная дыялогу Касцёла з культурай, навукай, мастацтвам, светам палітыкі і эканомікі, іншымі веравызнаннямі, хворымі і церпячымі вернікамі. Сінод асабліва падкрэслівае значэнне міжрэлігійнага дыялогу, які спрыяе ўстанаўленню міру. Біскупы выступілі супраць фундаменталізму і парушэння правоў вернікаў. У адзінаццатай частцы акрэсліваецца значэнне Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, а таксама магчымасці Году веры для новай евангелізацыі. Дванаццатая частка звяртае ўвагу на значэнне разважання (кантэмпляцыі), бо цішыня дапамае ўспрыманню Божага слова, і важнасць дабрачыннасці з мэтаю распазнання Езуса ў абліччы бедных. Трынаццатая частка паслання — гэта зварот да Касцёлаў розных кантынентаў, у якім даецца панарама сучаснага Касцёла ў розных частках свету. Чатырнаццатая частка прысвечаная Марыі, якая асвятляе сучасную духоўную пустыню.

Такім чынам, Пасланне народу Божаму заклікае да хрысціянскага сведчання, асабістага навяртання, перамогі праз веру баязлівасці і да аптымізму. Глабалізацыя, секулярызацыя, міграцыя і розныя крызісы могуць стаць новай нагодаю для евангелізацыі, калі імкнуцца адказаць на іх з евангельскага пункту гледжання.

На апошніх пасяджэннях Сіноду 26 і 27 кастрычніка ўдзельнікам быў прадстаўлены канчатковы варыянт прапановаў — галоўнай мэты Сіноду. Папа можа выкарыстаць іх пры напісанні адпаведнага пастырскага дакумента — Апостальскай адгартацыі. Прапановы прадставілі кардынал Дональд Вюрл і арцыбіскуп П’ер-Мары Каррэ. Кожны айцец Сіноду атрымаў брашуру з тэкстам прапановаў на лацінскай і англійскай мовах. Далей Папа аб’явіў аб тым, што справы духоўных семінарый ад Кангрэгацыі каталіцкага выхавання пераходзяць да Кангрэгацыі па справах Духавенства, а справы катэхізацыі — ад Кангрэгацыі па справах Духавенства да Папскай рады па новай евангелізацыі. Папа падзяліўся думкамі наконт прызначэння шасці новых кардыналаў — па два з амерыканскага і афрыканскага кантынентаў і два з Азіі і Акіяніі. Святы Айцец падзякаваў арганізатарам Сіноду і яго ўдзельнікам, падкрэсліўшы, што асамблея стала новым праяўленнем калегіяльнасці сусветнага епіскапату і будзе спрыяць адраджэнню веры і яе ўмацаванню.

Потым адбылося галасаванне па кожнай прапанове. Айцы Сіноду павінны былі ў брашурах з прапановамі паставіць адпаведны знак і свой подпіс. Кожнага айца Сіноду выклікалі асабіста, і ён адказваў на лацінскай мове Adsum — «Прысутнічаю» — і перадаваў брашуру прадстаўніку камісіі па падліку галасоў. Прапановы працы Сіноду былі прынятыя абсалютнай большасцю галасоў. Гэта дакумент прызначаны выключна для Папы і носіць грыф «сакрэтна», аднак на гэты раз Папа дазволіў апублікаваць тэкст прапановаў на англійскай мове. Ён падзелены на чатыры часткі. Першая нагадвае пра прыроду новай евангелізацыі. Другая частка акрэслівае сённяшні стан служэння Касцёла ў справе евангелізацыі. Трэцяя — гэта адказ Касцёла на сучасныя праблемы. Чацвёртая частка прадстаўляе галоўных суб’ектаў новай евангелізацыі.

Галоўныя ідэі дакумента наступныя.

Сінод пацвердзіў, што евангелізацыя з’яўляецца галоўнай місіяй Касцёла, асабліва ў наш час секулярызму і глабалізацыі, якія нясуць у жыццё вельмі небяспечныя выклікі, сярод якіх — рэлігійная індыферэнтнасць. Важнаю з’яўляецца абарона рэлігійнай свабоды і правоў чалавека для свабоднага абвяшчэння Евангелля. Асаблівае значэнне ў новай евангелізацыі надаецца каталіцкім СМІ, культуры і сакральнаму мастацтву. Біскупы выказалілся аб значэнні міграцыі для распаўсюджвання Евангелля і неабходнасці духоўнай апекі над мігрантамі. Святасць з’яўляецца важнай часткаю працэсу новай евангелізацыі. Вучэнне Другога Ватыканскага Сабору, Катэхізіс і сацыяльнае вучэнне Касцёла з’яўляюцца аднымі з цэнтральных пунктаў праграмы новай евангелізацыі. Каталіцкая адукацыя з захаваннем каталіцкай ідэнтычнасці, вывучэнне тэалогіі, катэхізацыя, апека над хворымі і беднымі, сакрамэнт пакаяння, літургія, святкаванне нядзельнай Эўхарыстыі і людская пабожнасць адыгрываюць вельмі вялікую ролю ў евангелізацыі, перадачы і ўмацаванні веры. Падкрэсліваецца значэнне свецкіх вернікаў і моладзі ў новай евангелізацыі. Асаблівая ўвага звернутая на ролю сям’і і пастырскую апеку над сужэнствамі, якія жывуць без сакрамэнту сужэнства. Лакальнаму Касцёлу, парафіям і святарам належыць галоўная роля ў новай евангелізацыі. Вялікае значэнне маюць кансэкраваныя асобы і рухі, якія Сінод заклікае да больш цеснай супольнай працы з парафіямі.

Біскупы прапанавалі апрацаваць Кампендый па новай евангелізацыі, які навучаў бы, як прывесці людзей да сустрэчы з Хрыстом.

Сінод запрасіў усіх да дыялогу — экуменічнага, міжрэлігійнага, паміж навукай і верай і з няверуючымі, а таксама да захавання створанай Богам прыроды, давяраючы справу новай евангелізацыі Марыі.

...Сінод завяршыўся, але Сінод працягваецца. Ён павінен працягнуцца ў выкарыстанні яго досведу і ідэяў, у развіцці яго думак і прапановаў, у пошуку новых шляхоў і спосабаў сустрэчы сучаснага чалавека з Хрыстом, каб жыць вераю ў Яго, бо толькі яна вядзе да збаўлення.

Арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
удзельнік XIII Звычайнага Сіноду Біскупаў.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY