 |
Малітва да святой Ганны
| |
Ганна, цудоўная маці Святой Багародзіцы Панны,
Маеш ты кроўную повязь з Унукам славутым; з пашанай
Крочыць Дачка табе ўслед, дасылаючы шчодрай рукою
Сына свайго падарункі — Сама ж узняслася высока
|
| 5 |
Да паднябесных вышыняў, каб нашыя беды суцішыць.
Мерай якою, скажы, тваёй славы адмераць бясконцасць,
Як жа смяротны язык да яе дакрануцца пасмее?
Што ж ён прамовіць тут зможа? Якіх толькі слоў адшукае?
Мала: твая невымоўная веліч… Паслухай хоць мала
|
| 10 |
Нашых пакорных малітваў: табе іх узносіць пасольства
Пана Эразма з паўночнага краю; ад шчырага сэрца
Мы на цябе спадзяемся цяпер вельмі цвёрда і просім
Толькі адно — прабачэння, да ног прыпадаем і молім
Аб дапамозе прыхільнай тваёй у сугучным харале.
|
| 15 |
Глянь, як павевы заразныя згубную роспач прыносяць
Той незвычайнай парой, калі ўстала агністае сонца,
Свежы эфір падаўляючы жорстка празмернаю спёкай,
І невядома, чаму сапсавалася гэтак паветра.
Рымскае места жахнулася страшнай пачвары-навале,
|
| 20 |
Скрушна аплаквае смерці людзей напалоханых бедных,
Чорных быкоў, адпіліўшы ім рогі, ў ахвяру прыносіць,
Молячы пра атрыманне палёгкі ў суровай нядолі.
Мы ж па законах бацькоў — не інакш! — ушаноўваем Бога
І да цябе прыбягаем адной, нас усіх суцяшае
|
| 25 |
Толькі дзясніца твая, а на іншае — прэч спадзяванні,
Хай ні намёку, ні следу таго ў нашых сэрцах не знойдзем.
Будзем, здаровыя, дыхаць бяспечна заразным паветрам,
Потым у радасці вернемся ўсе да айчыннага краю,
Толькі зірні на наш лёс са спагадай, шаноўная маці!
|
Пра чутку, што нечакана ўзнікла
ў касцёле святога Лаўрэнція ў Дамасе
| | Папа, прыдзі! Не адкладвай свой шлях: заражае паветра |
| | Ў Рыме ліхая хлусня — з ёю прыходзіць чума. |
| | Праўды няма, а мінулі шэсць месяцаў, сёмы прыходзіць: |
| | Што за дзівосы яшчэ нам прынясе ён цяпер? |
| 5 | Чуў, быццам з Цела Хрыста, што было і сухім, і халодным, |
| | Там, на касцельным крыжы, кроплямі сочыцца кроў. |
| | Бедны народ у пагібельнай скрусе да цудаў уяўных |
| | З розных імкнецца бакоў, звузіў сабою шляхі… |
| | Так што калі свае ветразі хвалям марскім не даверыш, |
| 10 | Неба пазбудзецца зор, мора — салёнай вады. |
| | Мусіць, даўно над смяротнымі сам ты ўладарыць не можаш: |
| | Церпіць над Целам Хрыстос гвалт люты… Папа, прыдзі! |
Да святога Себасцьяна
| |
Я ў трымценні і ў хваляванні моцным
У нямногіх словах малюся ціха
Да цябе, святы Себасцьян-пакутнік.
|
| 4 |
Глянь са спагадай!
| | |
Што ж, хіба ты больш не айцец прыхільны
І не апякун над народам рымскім?
Людзі ж, глянь, нясуць да тваіх касцёлаў
|
| 8 |
Скарбаў багата.
| | |
Бачыш ты святое аблічча Бога,
Дык чаму ж не дбаеш пра наша гора,
Дык чаму адкрыць не жадаеш вушы
|
| 12 |
Просьбам народа?
| | |
Вось паветра згубнае выклікае
Роспач, звар'яцела ўцякаюць людзі.
Хто яшчэ жывы — тых чума сцінае
|
| 16 |
Смерцю заўчаснай.
| | |
Можа, хопіць тут панаваць хваробе?
Трупы поўняць ямы ўсе і пячоры,
Нават Тыбр не можа да мора знесці
|
| 20 |
Кінутых мёртвых.
| | |
Вунь праз вінаграднік брыдуць лісіцы, —
І знямоглым людзям смуроднай пашчай
Целы рвуць крывымі зубамі… Чуеш?
|
| 24 |
Трушчацца косці.
| | |
Я ж хіба хацеў бы казаць пра гэты
Корм сабачы жудасны, корм птушыны?
Не, ды людзі кажуць, што розных жахаў
|
| 28 |
З тысячу ўбачыш.
| | |
Вось натоўп вандроўны шляхі запоўніў,
Страх ганебны кожнага падганяе.
Знікла міласэрнасць: хаваць памерлых
|
| 32 |
Людзі не хочуць.
| | |
Хворы не жадае прыняць атруту,
Каб дзеля людзей сваё цела знішчыць —
Цела, што пазней разарвана будзе
|
| 36 |
Пашчай звярынай.
| | |
Самі грамадзяне пакуты множаць,
Бо ніхто бяспечна не сплаціць доўгу
Жудаснага лёсу: прыносіць шкоду
|
| 40 |
Мёртвы жывому.
| | |
Дом жалобны дзверы свае зачыніць,
Ні ўвайсці ў яго, ані выйсці нельга,
Можна толькі ўзняць да высокіх вокнаў
|
| 44 |
Ежы нямнога.
| | |
Бацька сыну, што памірае, вусны
Хоча сціснуць, каб не пачулі стогнаў.
Жонка мужу душыць рукамі горла,
|
| 48 |
Плачучы горка.
| | |
Толькі багацеі ўцячы паспелі,
Па жабрацкіх хатах чума свідруе,
І здаецца, перамагаюць грошы
|
| 52 |
Сілы нябёсаў.
| | |
Крочыць люд праз горад з мальбой супольнай,
Абразы святыя нясуць з сабою,
Свечкі трапяткія гараць і поўняць
|
| 56 |
Дымам завулкі.
| | |
Моладзь бізунамі сябе прылюдна
Па плячах скрываўленых б'е няшчадна,
Чуцен грукат з посвістам ад удараў —
|
| 60 |
Вушы дранцвеюць.
| | |
Глянь, сябе не хочуць прыбраць паненкі,
Чорных брудных шатаў рыззё усклаўшы;
Вунь жанчыны, просячы даравання,
|
| 64 |
Шэрагі поўняць.
| | |
Скрозь, па ўсіх кутах — галашэнне, стогны,
І само паветра дрыжыць ад плачу.
Страшны енк!.. Па ўсіх бізунах і плётках
|
| 68 |
Кроў струмяніцца.
| | |
Што ж, памкненні нашы не маюць сэнсу?
Мо, наш спеў не спыніць патокаў слёзных,
Можа, кроў пралітая не суцішыць
|
| 72 |
Гэткай нядолі?..
| | |
Глянь жа, глянь тады на дзяцей бязвінных,
Як яны сябе бізуном катуюць.
Нас не хочаш слухаць? Скажы ж, якое
|
| 76 |
Дзетак злачынства?
| | |
Нават між чужых мы малітву ўзносім:
Не закрый вушэй для пакорных просьбаў
Тых, хто прыбыў з краю ільду і снегу —
|
| 80 |
З Польскай дзяржавы.
| | |
Хай завершаць цяжар грамадскай справы
І ў здароўі вернуцца ў край айчынны,
Хай імя тваё ўспамінаюць дома
|
| 84 |
Годнай малітвай.
|
Пераклад з лацінскай мовы
Жаны Некрашэвіч-Кароткай і Ірыны Шкурдзюк
Артыкул Жаны Некрашэвіч-Кароткай IСПЫТ НА МАРАЛЬНАСЦЬ
|
 |