![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|
№
3(13)/2000
![]() На кніжнай паліцы
У свеце Бібліі
Мастацтва
Да Юбілею 2000 Года
Паэзія
Сведчаць архівы
Нашы святыні
Пра самае важнае
Проза
Кантрапункт
|
![]() У бібліяграфічных крыніцах ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. звесткі пра мястэчка Закозель* вельмі нешматлікія і пераважна абмежаваныя паведамленнямі пра тое, што «маёнтак знаходзіцца ва ўладанні роду Ажэшкаў (герб Кораб)... за 46 км ад г. Кобрына па дарозе Осаў – Антопаль і разам з фальваркамі налічвае 8 018 тысяч дзесяцінаў зямлі». Сучасныя польскія і беларускія даследчыкі больш надаюць увагі палацава-паркаваму ансамблю ў Закозелі (ён захаваўся да сённяшняга часу), аднак звестак пра будаўніцтва і існаванне капліцы ў іх працах вельмі мала. Вядома, што з ХVІІІ ст. маёнтак Закозель належаў Юзафу Ажэшку, але хутчэй за ўсё будаўніцтва заказельскага комплексу распачыналася ў той час, калі маёнткам валодаў Нікадым Ажэшка – сын Юзафа. Згодна з тэстамантам і ўводным лістом, складзеным 20 ліпеня 1843 г., ад Нікадыма маёнтак перайшоў да Калікста Нікадэмавіча Ажэшкі, які прадоўжыў пачатую бацькам працу па будаўніцтве і ўпарадкаванні палацава-паркавага ансамбля. Відаць, менавіта Каліксту Ажэшку мы абавязаны і тым, што ў Закозелі была збудавана цудоўная неагатычная капліца, якая і сёння, нягледзячы на яе ненайлепшы стан, упрыгожвае мястэчка. Пасля заканчэння будаўніцтва капліца служыла родавай пахавальняй Ажэшкаў. Дата будаўніцтва святыні вядомая дзякуючы звесткам пераліковай ведамасці Кобрынскага павета за 1867–1868 гг., дзе паведамляецца, што заказельская філіяльная капліца пабудавана з дазволу віленскага біскупа Кланцэвіча ў 1849 г.1. Аўтарам праекта заказельскай капліцы быў вядомы польскі і беларускі архітэктар Францішак Яшчальд (1808–1873), па праектах якога ўзводзіліся многія выдатныя архітэктурныя збудаванні, у тым ліку і на Беларусі (замкі ў Косаве, Вістычах Брэсцкай вобласці, палацы на Палессі і Гродзеншчыне). У Нацыянальным гістарычным архіве г. Гродна захоўваецца даволі шмат дакументаў, якія датычаць гісторыі капліцы. Так, напрыклад, у адным з іх паведамляецца: «...каталіцкая капліца ў м. Закозель была пабудавана для пахавання памерлых з роду Аржэшкаў (аўтары рускамоўных крыніцаў дадавалі ў напісанні прозвішча Ажэшка літару «р». – С.А.), у якой ужо пахаваныя Восіп Аржэшка, яго сын Нікадым, дачка яго Феафіла, у замустве Бухавецкая, і бацька жонкі нябожчыка – Іван Хржаноўскі... Апрача гэтага, ёсць яшчэ дзве гатовыя пахавальні. Да закрыцця ў капліцы адпраўляліся набажэнствы па святах і нядзелях, парафіянаў рыма-католікаў не было»2. Напачатку святыня была прыпісана да брашэвіцкай парафіі (на пачатку ХХ ст. яна ўжо належала янаўскаму касцёлу. – С.А.). Аўтар артыкула, надрукаванага ў «Геаграфічным слоўніку» (1895), піша пра капліцу ў мінулым часе, бо ў 1865 г. адпаведна з указам Галоўнага Начальніка краю яна ўжо была зачыненая. Тлумачэнне прычыны яе закрыцця ёсць у адным з данясенняў гродзенскаму губернатару, дзе гаворыцца, што «існаванне капліцы мела б кепскі ўплыў на шматлікіх слугаў Закозеля, а адасобленасць маёнтка перашкаджае нагляду за польскай прапагандай»3. У 60-я гг. ХІХ ст. Калікст* * рэдка наведваў Заказель і ўсімі справамі маёнтка займалася яго маці – Фернанда Іванаўна (да замуства – Хржаноўская). Але і яна, валодаючы ўжо толькі часткай маёнтка, зрэдку прыязджала ў Закозель і больш жыла ў Валынскай губерні, аднак праз давераных асобаў намагалася захаваць капліцу як сямейную пахавальню, пра што сведчыць вялікае ліставанне, якое знаходзіцца ў фондах НГАБ г. Гродна. Пасля смерці ў Парыжы аднаго з сыноў, Юлія, Фернанда Ажэшка звярнулася да начальства па дазвол пахаваць памерлага ў закозельскай капліцы. Яна атрымала дазвол на перазахаванне, але ў той жа час з канцылярыі губернатара прыйшоў загад: «Капліца не можа быць адчыненай. Што датычыць маёмасці і будынка, дык паколькі капліца гэта не была парафіяльнай і з'яўлялася ўласнасцю ўладальнікаў маёнтка, то маёмасць і будынак належыць вярнуць Ажэшкам з тым, аднак, каб капліца была перароблена ў пахавальню са зруйнаваннем на ёй царкоўных купалоў і каб у будынку не засталося алтара і ніякіх прыладаў для набажэнства...»4. У 1867 г. капліцу ўсё ж адчынілі, а ключы перадалі валовельскаму святару: ад вышэйшага начальства паступіў новы загад – перадаць капліцу праваслаўным уладам. У рапарце павятовага спраўніка, пададзеным на пачатку 1867 г., ёсць паведамленне пра тое, што капліца павінна быць перароблена да 1 мая наступнага года5.
Цяжка сказаць, што прымусіла кіраўніцтва краю адмяніць рашэнне перарабіць капліцу. Яна і сапраўды была зачынена для набажэнстваў на доўгія гады, але не разбураная. У 1868 г. святар валовельскай царквы Балабушэвіч разам з вопісам маёмасці перадаў яе прыставу. З гэтага вопісу, а таксама з іншых дакументаў тых часоў мы маем уяўленне пра тое, як выглядала капліца: «...Будынак з востраканечным купалам завяршаўся чыгунным крыжам; унутры вежаў з чыгуннымі востраканечнымі шпілямі па вуглах у чыгунных кіётах знаходзіліся чатыры фігуры ў чалавечы рост. Перад уваходам у капліцу стаялі два драўляныя слупы з ліхтарамі (больш позняга паходжання. – С.А.). Перад уваходам у капліцу з каменя, апрацаванага пад мармур, было зроблена 10 прыступак... Інтэр'еры будынка ўпрыгожвалі драўляныя разьбяныя пераплёты, шматколернасць ваконнага шкла, гіпсавыя фігуркі, чыгунныя перагародкі адмысловай работы, а таксама цудоўныя абразы, напісаныя на палатне... Хоры і галоўны алтар таксама былі зроблены з чыгуна – усё вылучалася высокім густам і майстэрствам...». У ХІХ ст. на могілках побач з капліцай на драўляным слупе зрабілі званіцу, крытую гонтам.
Труны Ажэшкаў захоўваліся ў падвале капліцы яшчэ доўгія гады пасля яе закрыцця. У 1915 г. у час нядоўгай нямецкай акупацыі заходніх тэрыторый Беларусі медны дах быў зняты з заказельскай капліцы і будынак некалькі гадоў стаяў пад адкрытым небам. Новы цынкавы дах быў пакладзены Каралем Талочакам, які набыў маёнтак у 1923 г. і валодаў ім да 1939 г. Капліца стаіць на невялікім штучным узгорку на тэрыторыі парка, які служыць годным абрамленнем архітэктурнаму помніку. Шмат што ўжо страчана, але нават невялікія фрагменты парка сведчаць пра арыгінальнасць яго кампазіцыйнага вырашэння, выразнасць і маляўнічасць. Святыня, якая некалькі дзесяцігоддзяў прастаяла незапатрабаваная, адкрытая ўсім вятрам і нягодам, і сёння вабіць сваёй веліччу і прыгажосцю. Але помнік архітэктуры сярэдзіны ХІХ ст. ужо даўно ў небяспецы, і калі ў бліжэйшы час не пачнецца рэстаўрацыйная праца, мы можам назаўсёды страціць яго. Страціць яшчэ адну святыню гармоніі, спакою і дабрыні...
Святлана АДАМОВІЧ, гісторык.
Фота А. Яроменкі.
* *Адзін з братоў – Юлій – жыў за мяжой, а трэці брат – Нікадым – загінуў у час паўстання 1863 г. У заказельскім парку быў зроблены невялікі абеліск у гонар удзельнікаў паўстання 1863 г. і ў прыватнасці – Нікадыма Ажэшкі. На помніку быў надпіс: "За душу Нікадыма і ўсіх палеглых у лясах". * * *Пер. з фр.: "Друкарня Лемерсье, Парыж"; другі надпіс на літаграфіі зроблены таксама па-французску: "Eug Ciceri et Ph. Benoist tith", што, хутчэй за ўсё, абазначае скарочаныя імёны аўтараў.
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |