Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(36)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
Гісторыя
Мастацтва
Культура
Актуальная размова

ПРАЎДА ТОЛЬКІ АДНА

«КОД ДА ВІНЧЫ»: РОЗДУМ ПАСЛЯ ПРЭМ’ЕРЫ
Паэзія

ПАЗНАЮ ЦЯБЕ, БОЖА

ВЕРШЫ
Мастацтва

ПАЎНОЧНЫЯ РЫЦАРЫ
Літаратуразнаўства
Пераклады

ДАРОГА ДА ЭМАУС

ВЕРШЫ
Вандроўкі
Мастацтва

Валеры БУЙВАЛ

БЭРНІНІ.
ВІЗІЯ СВЯТОЙ ТЭРЭЗЫ

Беларускага пілігрыма і падарожніка здзіўляе сустрэча з Вечным горадам – Рымам. Многія ўяўленні, што склаліся пад уплывам школьных урокаў, прачытаных кніг і пазнейшых штудыяў, паддаюцца моцнай карэкцыі пасля ўбачанай цудоўнай рэчаіснасці. Старажытны Рым – Urbs, сталіца антычнага свету – у каласальнай структуры сённяшняга горада пакінуў шэраг фрагментаў: імператарскія форумы, трыумфальныя аркі, Калізей, Via Appia Antica, Arca Pacis і яшчэ некалькі архітэктурных арэалаў, якія захаваліся ад дахрысціянскай эпохі. Але ў архітэктурным партрэце Рыма дамінуе менавіта стыль барока, які панаваў у еўрапейскім мастацтве (і дасягнуў таксама Амерыкі) у XVIІ—XVIII стагоддзях.

Барока, якое ўгрунтавалася на падмурку, створаным майстрамі Высокага Рэнесансу і маньерызму, стала яскравай мастацкай моваю, мастацкім выразнікам духоўнага свету перш за ўсё ў каталіцкіх краінах. Некаторыя даследчыкі нават называюць барока «мастацтвам контррэфармацыі». Сапраўды, рашэнні Трыдэнцкага Сабору (1545—1563) аказалі непасрэдны ўплыў на развіццё тагачаснага мастацтва. На пракламаваны Лютэрам і Кальвінам нямы аскетызм каталіцкія мастакі і архітэктары адказалі магутным уздымам творчасці ў славу Усявышняга. Гэта было мастацтва Новага часу, але яно працягвала духоўныя традыцыі ўсіх папярэдніх пластоў хрысціянскай мастацкай культуры.

Джованні Лорэнцо Бэрніні (1598—1680) яшчэ сучаснікі называлі «il genio». Вялікі архітэктар і скульптар, ён вызначыў сваімі геніяльнымі творамі не толькі мастацкі характар барочнага Рыма, але і паўплываў на тагачаснае еўрапейскае мастацтва больш за іншых сваіх сучаснікаў. Галоўны ягоны твор у архітэктуры — каланада, якая замыкае плошчу святога Пятра, а таксама архітэктурная арганізацыя самой плошчы. Найвышэйшае дасягненне Бэрніні ў скульптуры — гэта алтар у касцёле Санта Марыя дэлла Вітторыя.

Італьянскага майстра, як і ягоных сучаснікаў, хвалявала постаць знакамітай іспанскай святой, якая пакінула ў сваіх творах апісанні візіяў, спасланых ёй Небам як узнагароду за палымяную веру і добрыя справы ў зямным жыцці. Святая Тэрэза ад Езуса (1515—1582), вядомая таксама як Тэрэза Авільская і Тэрэза Вялікая — святая патронка горада Авіла і ўсяе Іспаніі, рэфарматарка ордэна кармэлітак. Да яе звяртаюць свае малітвы хворыя людзі, яна выступае заступніцай душаў, што церпяць у чыстцы. Мабыць, не выпадкова, што святая Тэрэза нарадзілася менавіта ў Авіле, адным з галоўных цэнтраў хрысціянскага мыслярства і культуры. «Біблія з Авілы» з яе містычнымі ілюстрацыямі на тэму Апакаліпсісу — адзін з шэдэўраў сярэднявечнага мастацтва Іспаніі. Ананімны Майстар з Авілы стварыў цудоўную серыю твораў на тэму жыцця Хрыста. Не аднойчы ў гісторыі людзі гэтай зямлі (здавалася б, насуперак безвыходнай сітуацыі і агульнапрынятай логіцы) змагаліся за сваю волю і свае духоўныя каштоўнасці. Так было і падчас Рэканкісты, і на пачатку ХІХ стагоддзя, калі авільцы, вызваляючы родны горад, кінуліся на французскіх акупантаў без зброі, з голымі рукамі. Іх самахвярны подзвіг натхніў на барацьбу і перамогу ўсю краіну. І цяпер, калі бачыш магутныя муры Авілы, у свядомасці паўстае вобраз непахіснай крэпасці Гасподняй.

Вядома, што за дзесяць гадоў да сваёй смерці св. Тэрэза перажыла містычную стыгматызацыю. «Раптам я ўбачыла каля сабе анёла ў чалавечым выглядзе, у ягонай руцэ — залатую дзіду з вогненным вастрыём. Мне падалося, што ён некалькі разоў ударыў дзідаю ў маё сэрца, і я, здавалася, адчувала, як ён прабіваў мне ажно ўсё нутро. Я так пакутавала, што пачала стагнаць, але боль быў такі невымоўна салодкі, што я жадала, каб мае пакуты ніколі не заканчваліся». Так апісвае сама святая Тэрэза сваю цудоўную візію. Творы святой, у якіх адлюстравалася яе душа, належаць да класікі іспанскай літаратуры. Перад скульптарам стаяла няпростая задача стварыць пластычны адпаведнік містычнай візіі, якая захапляла людзей тае пары і працягвае захапляць нашых сучаснікаў. Бэрніні бліскуча справіўся з гэтым заданнем. Створаны ім алтар – адзін з таленавіцейшых помнікаў веры.

...У паўцёмным інтэр’еры невялікага касцёла пасярод калонаў алтара ярка, асляпляльна ўспыхвае фрагмент містычнага свету святой Тэрэзы. З падкупальнай адтуліны разам з рэальным сонечным святлом уніз імкнецца плынь Боскага ззяння, матэрыялізаваная ў залатых праменнях, пучкі якіх пранізваюць прастору на фоне фігурнай групы. Гарачая субстанцыя металу і халодная бель мармуру, геаметрызм строга арганізаванай стыхіі праменняў і вулканічная лава фігурнай кампазіцыі – вось кантрасты, на якіх трымаецца бясконцы дынамізм твора Бэрніні. Даследчыкі шмат пісалі пра сцэнічнасць, тэатральнасць эфектаў гэтай алтарнай кампазіцыі. Мабыць, і сапраўды мастак назіраў і вывучаў тагачасныя тэатральныя пастаноўкі. У рэлігійных і свецкіх цырымоніях, святах, народных містэрыях эпохі барока таксама было шмат сцэнаграфічных эфектаў, якія маглі стаць крыніцаю натхнення і паказаць скульптару шлях фармальнага пошуку. Але, на нашу думку, твор Бэрніні – не тэатр, а само жыццё, вобраз надзвычай інтэнсіўнага духоўнага жыцця святой Тэрэзы. Незямная, недаступная для большасці людзей падзея – сустрэча з пасланцом Усявышняга – увасоблена ў мастацкіх формах, пазбаўленых штучнасці. Героі Бэрніні – не акцёры, якія адбываюць сваю мізансцэну. Аднак многім з нашых сучаснікаў незразумелыя экстрэмальны накал пачуццяў і экспрэсіўная пластыка твора, і ў гэтым неразуменні адлюстроўваецца духоўная абмежаванасць, прадыктаваная матэрыяльнымі прыярытэтамі нашага часу.

Камень, мармур ажывае пад разцом майстра, набывае жывое дыханне, якога каменная скульптура не ведала да барока ў такой выразнасці. У параўнальна невялікай масе каменя (фігуры выкананы амаль у чалавечы рост) Бэрніні дэманструе шырокую, кантрастную палітру эфектаў фактуры і святлаценю. Кампазіцыя, здаецца, не мае пастаменту (ён губляецца, ледзь бачны, адсунуты ўглыб каплічкі). Эфект палёту дасягнуты скульптарам з непараўнальным майстэрствам. Сцэна разгортваецца на воблаку, якое, здаецца, лёгка плыве, трошкі нахіляючыся, і вось-вось можа растварыцца на нашых вачах. Забываеш, што гэта – мармур, надзейная база для фігурнай кампазіцыі. Шурпатая фактура каменя ілюзорна перадае нябесную стыхію. Разам з праменнямі дынамічнай вертыкаллю вырастае фігура анёла. Абуджанай хваляй уздымаецца падхопленая ветрам матэрыя ягоных шатаў. Грацыёзныя рухі пяшчотных рук, светлая, няроўная лінія якіх спыняе імпэтны вертыкалізм кампазіцыі, злёгку нахіленая галава анёла, салодкая ўсмешка на прыгожым юным твары – усё гэта сведчыць пра добрую місію пасланца Боскага. Ён з’явіўся, каб узнагародзіць пасіянарную святую. Кончыкамі пальцаў ён трымае залатую стралу і гатовы зноў пранікнуць у яе сэрца...

Фігура святой Тэрэзы ёсць увасабленнем поўнай адданасці волі Нябёсаў. Кармэліцкі манаскі строй ператвораны мастаком у хаатычны вір буйных ламаных складак. Пластычная мелодыя мармуровай масы перадае разгубленасць, боль, насалоду – тыя перажыванні і пачуцці, якія адлюстраваліся на твары святой. Яе галава адкінута назад, на фоне воблака чытаюцца таксама яе рука і ступня нагі. І гэтыя фрагменты ёсць сведчаннем духоўнага і фізічнага стану святой Тэрэзы (майстры барока не баяліся такіх натуралістычных выяваў). З вуснаў святой вырываецца стогн, вочы заплюшчаны, малады твар азораны незямным святлом. Не выпадкова многія даюць іншую назву гэтаму твору – «Экстаз святой Тэрэзы».

Вялікі Бэрніні авалодаў прасторай, прыёмамі святлаценю і дынамічнага руху ў найвышэйшай ступені. Ён апярэдзіў у гэтым творчыя дасягненні сваіх рэнесансавых папярэднікаў, стаўся выразнікам новага стылю і мастацкага светаўспрымання. Але ўсе гэтыя фармальныя дасягненні былі, безумоўна, сродкам дзеля галоўнага – услаўлення Бога і Ягоных святых.

 
Джованні Лорэнцо Бэрніні. Візія святой Тэрэзы.
1644—1647 гг. Мармур, пазалочаны метал.
Рым, касцёл Санта Марыя дэлла Вітторыя.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY