![]() |
Да канца XVIII ст. у Рэчы Паспалітай могілкі традыцыйна знаходзіліся на цвінтарах — агароджанай тэрыторыі касцёлаў і цэркваў. І толькі ў 1770 г. Станіслаў Любамірскі, вялікі маршалак каронны, запатрабаваў ад касцёльных уладаў выносіць месцы пад пахаванні па-за межы гарадоў і мястэчак. А ў 1792 г., 18 лютага, Камісія паліцыі Абодвух Народаў выдала Заканадаўчы Універсал для вольных гарадоў адносна могілак, дзе магістрам гарадоў загадвалася дамовіцца з касцёльнымі ўладамі аб стварэнні могілак за гарадскімі межамі ў кароткі тэрмін — на працягу трох месяцаў (4).
У Мінску не сталі доўга цягнуць, і ўжо ў наступным 1793 годзе новая некраполія была ўтвораная, саступіўшы першынство Гродна, дзе заснаванне новых фарных могілак адбылося адразу, у 1792 годзе. Дарэчы, знакамітыя Росы ў Вільні былі закладзеныя толькі ў 1796 г., а кракаўскія Ракавіцы і ўвогуле ў 1801 годзе. Кальварыйскія ж могілкі ў Мінску былі далучаныя да катэдральнай парафіі горада ў 1798 г.
Ёсць меркаванне, што пахаванні на Залатой Горцы існавалі і раней, нават у XVII ст.2 і першапачаткова, у 1793 г., могілкі былі заснаваныя як грэка-каталіцкія (24).
Напачатку тэрыторыя Залатагорскіх могілак 3 была падобная ў плане да квадрата памерамі 63 на 63,2/3 сажні (каля 134 х 135 м), пры гэтым плот могілак ад Барысаўскага тракта (сёння пр-т Незалежнасці) знаходзіўся на адлегласці каля 30 м, а паўднёва-заходняя мяжа могілак цягнулася ўздоўж дарогі на Сляпянку (вул. Казлова) (10, 15). У сярэдзіне ХІХ ст. адзначалася, што могілкі падзяляліся ровам на рыма-каталіцкі і ўніяцкі сектары (24).
![]() |
Фрагмент праекта пашырэння тэрыторыі Залатагорскіх могілак у 1861 г. |
У 1796 г. у цэнтры могілак была ўзведзена драўляная капліца, асвечаная пад тытулам Усіх Святых — у стылі класіцызму, з 4-калонным порцікам, вежачкаю-званіцаю над галоўным фасадам і сігнатуркаю над вільчыкам даху алтарнай часткі; у алтары быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Марыі Панны з Дзіцяткам; пад капліцаю была створаная крыпта «для захоронений давних фундаторов и духовных лиц». Тытул Найсвяцейшай Тройцы быў нададзены гэтай капліцы ў 1842 г., калі яна, у сувязі са знікненнем фарнага Траецкага касцёла ў Мінску, была ўзведзена ў статус новага самастойнага парафіяльнага касцёла. Драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы стаяў фронтам да Сляпянскай дарогі, таму можна меркаваць, што галоўны ўваход на могілкі ў той час знаходзіўся з боку сённяшняй вул. Казлова 4 (1-а, 2, 19, 20).
Справа ад уваходу ў касцёл, на адлегласці каля 20–25 м, бочным фасадам да Сляпянскай дарогі, пабудавалі капліцу ў гонар святога Роха, таксама драўляную, крытую гонтай і з выяваю Усёбачнага Вока Божага на франтоне. У яе алтары змясцілі цудадзейную статую святога, якая, згодна з гарадскім паданнем, уратавала Мінск ад эпідэміі халеры — яна была перанесеная сюды са скасаванага ў 1833 г. кляштара баніфратраў5 (знаходзіўся на сённяшняй пл. 8 сакавіка перад ракою) (3, 16).
Уласна «халерныя могілкі» знаходзіліся тут жа, на Залатой Горцы, на адлегласці ў 53 сажні (каля 110 м) на ўсход ад адпаведнага кута могілак — сёння гэта месца каля скрыжавання вуліц Чырвоназоркавай і Залатая Горка. Тэрыторыя могілак была невялікаю, а па форме гэта быў прастакутнік памерамі каля 20 на 30 сажняў (прыкладна 40 х 60 м) (10, 15).
Пасля сярэдзіны XIX ст. паўстала пытанне аб пашырэнні могілак, а драўляны касцёл быў прызнаны «зусім струхлелым». У 1861 г. пан Эдвард Ваньковіч, уладар маёнтка Сляпянка, згадзіўся ўдвая пашырыць пляц пад пахаванні, дадаўшы са сваёй зямлі трапецыяпадобны надзел у паўночна-ўсходнім напрамку (усходні вугал даходзіў да «халерных могілак»6), па плошчы амаль роўны першапачатковай тэрыторыі. У той час тут яшчэ стаяла леснічоўка, гаспадару якой, верагодна, быў выдадзены іншы будынак. Увогуле гэтыя землі знаходзіліся па-за межамі горада. У раёне сённяшняй пл. Перамогі на той час дзейнічала гарадская «Борисовская караульная застава» — кантрольна-прапускны пункт на ўездзе ў горад з боку Барысава: такім чынам мяжа Мінска ў гэтым напрамку пачыналася менавіта адсюль. Як бачна на праекце пашырэння могілак, у той час квартал паміж сённяшнімі вуліцамі Казлова і Захарава займалі землі парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы; тут змяшчаўся шпіталь-«багадзельня» (прыкладна там, дзе сёння крама «Акіян»; а другі парафіяльны шпіталь стаяў па дыяганалі праз скрыжаванне — тут, у «жаночым» і «мужчынскім» будынках, вернікі даглядалі старых парафіянаў, якія засталіся без родзічаў і сродкаў на жыццё) і шэраг гаспадарчых пабудоваў (10, 15).
![]() |
Фотаздымак Залатагорскіх могілак Х. Руефа, зроблены з самалёта. Верасень 1941 г. |
На вылучанай зямлі ў тым жа 1861 г. пачалося і ўзвядзенне новага касцёла, цяпер мураванага, у стылі неаготыкі, які мы добра ведаем і сёння, атынкаванага набела, з высокаю спічастаю вежаю-званіцаю па-над выцягнутым аб’ёмам малітоўнай залы, падтрыманай моцнымі контрфорсамі. Будаўніцтва, якое вялося паводле праекта акадэміка Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў М. Сівіцкага, было скончанае праз тры гады, і 1 лістапада 1864 г. новая святыня была асвечаная пад трайным тытулам — у гонар Найсвяцейшай Тройцы, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны і святога Роха. Касцёл узнёсся на мяжы першапачатковай і новай частак могілак і цяпер быў разгорнуты галоўным фасадам на Барысаўскі тракт. Сюды ж быў перанесены і галоўны ўваход на могілкі — яго ў 1893 г. пазначыла мураваная неагатычная брама, фланкаваная дзвюма брамамі і завершаная стромкімі пінаклямі з крыжамі. Уся тэрыторыя могілак была абнесеная штыкетным плотам (7, 17).
Драўляны касцёл быў прыстасаваны пад жалобную капліцу, а каплічка святога Роха — пад «склад церковных вещей, оставшихся после упразднения в городе Минске монастырских церквей [т.е. костелов]»; (цудадзейная статуя знайшла сваё месца ў правым бочным алтары новага касцёла); пры гэтым у 1893 г. залатагорская некраполія была афіцыйна зачынененая для новых пахаванняў (24).
![]() |
![]() |
|
Мецэнатка, дзяячка беларускай культуры Магдалена Радзівіл. |
Выгляд Залатагорскіх могілак. Фотаздымак пач. ХХ ст. |
Капліца святога Роха дастаяла да 1901 г., на яе месцы і была пабудавана драўляная каплічка «Укрыжаванне». Мінск жа працягваў разрастацца, і тэрыторыя Залатагорскіх могілак была аточаная кварталамі прыватных сядзібаў. Пры гэтым напрыканцы ХІХ ст. цалкам зніклі «халерныя могілкі», аб чым сведчаць мапы горада — у гэты час уся тэрыторыя была забудаваная прыватнымі жылымі хацінамі з гаспадаркамі7 (3, 10, 17, 24). Працягвала развівацца і Траецкая парафія — пры касцёле дзейнічалі школа арганістаў, Траецкае брацтва, а колькасць вернікаў складала амаль 9 000 чалавек. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, разлічаны на 500 парафіянаў, ужо не мог змясціць усіх сваіх вернікаў, і ў 1910-я гг. варшаўскі архітэктар Дзяконьскі распрацаваў праект новай велічнай дзвюхвежавай трохнававай базылікі з чырвонай вонкавай цэглы ў стылі неаготыкі, разлічанай на 3 000 вернікаў. Аднак здзейсніцца гэтым планам перашкодзіла Першая сусветная вайна, рэвалюцыя і ваяўнічы атэізм... (3, 9).
![]() |
Фрагмент мапы горада Мінска, 1892 г. Урочышча Доўгі Брод і Залатагорскія могілкі (РДГА). |
У 1937 г. касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі, са святыні былі вынесеныя алтары, арганы, касцёльнае начынне; знікла і знакамітая статуя святога Роха. Пры пабудове Дома спецыялістаў (цяпер тэрыторыя д. 44 па пр-це Незалежнасці) быў зрыты рэльеф перад касцёлам і знішчана прыгожая неагатычная брама. Другая сусветная вайна пашкодзіла Траецкі касцёл больш за астатнія святыні горада — ад яго застаўся толькі перыметр абгарэлых сценаў; тэрыторыя ж могілак, як сведчаць фотаздымкі, была моцна разрытая варонкамі ад выбухаў8. Пасля вайны будынак былой святыні трошкі падлаталі і зрабілі тут кнігасховішча (1, 11).
У 1949 г. творчы калектыў дойлідаў пад кіраўніцтвам архітэктара М.В. Баршча спраектаваў забудову кварталаў уздоўж галоўнага праспекта нашай сталіцы ад пл. Перамогі да пл. Я. Коласа (на той час — Камароўская плошча)9. Як бачна на праекце, трасіроўка вуліц, якія атачалі квартал Залатагорскіх могілак, амаль не змянілася: Барысаўскі тракт у гэтым месцы стаў вул. Савецкай (сёння пр-т Незалежнасці); дарога ў Сляпянку, яшчэ ў ХІХ ст. стаўшы вул. Даўгабродскай10, так і засталася Даўгабродскай, страціўшы толькі пачатак пад вул. Казлова; вул. Залатагорская стала Чырвоназоркавай (Краснозвёздной); а завулак Кладбішчанскі стаў вул. Радыста (потым — Радыстаў, сёння — вул. Залатая Горка). Пры гэтым здадзены ў 1954 г. дом № 44 па пр-це Незалежнасці не закрануў гістарычнай тэрыторыі могілак (21, 22, 24), чаго нельга сказаць аб забудове вул. Казлова — тут планавалася ўзвесці жылёвую забудову кшталту дамоў 34–38 на пр-це Незалежнасці, а ў выніку пазней, у 1973 г., пабудавалі Палац мастацтва (вул. Казлова, 3). Створаная пры гэтым капітальная падпорная сцяна знішчыла паўночна-заходні схіл залатагорскага ўзвышша. Паўднёва-ўсходняя частка могілак была забудаваная, паводле праекту 1949 г., дамамі № 1 і 3 па вул. Залатая Горка11. Усходняя, большая, частка могілак адышла ў ведамства Мінскіх тэлефонных сеткаў, частку паўночнай занялі прыватныя гаражы (22, 24).
![]() |
Фрагмент праекта забудовы вул. Даўгабродскай, 1949 г. (22) |
Такім чынам, будынак былога Траецкага касцёла, акружаны высокімі дамамі, апынуўся ўнутры квартала. А між тым яшчэ на пачатку ХХ ст. адзначалася, што касцёл, невялікі па аб’ёме, успрымаецца велічным дзякуючы добраму праглядванню ў навакольнай забудове. З іншага боку, трэба адзначыць, што менавіта прыхаванасць касцёла ў сярэдзіне квартала дапамагла зберагчы будынак святыні ад знішчэння.
Пасля рэстаўрацыі 1983 г. (праект быў выкананы напрыканцы 1970-х гг., арх. А. Малахоўскі)12 будынак былога касцёла, атрымаўшы статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння, быў прыстасаваны пад залу камернай музыкі Белдзяржфілармоніі. Што ж датычыцца тэрыторыі могілак, ад іх на паверхні зямлі не засталося анічога (5, 24).
Аднак не прайшло і 10-ці гадоў як становішча цалкам змянілася. З 1991 г. у Траецкім касцёле ў вольны ад канцэртаў час аднавіліся набажэнствы, а 16 жніўня 1998 г. статуя святога Роха, выкананая з бронзы скульптарам Валяр’янам Янушкевічам, ізноў заняла сваё месца ў правым бочным алтары13 (1).
Нарэшце 5 ліпеня 2006 г., згодна з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 мая таго ж года, будынак святыні быў перададзены вернікам цалкам. З-пад зямлі былі выкапаныя і размешчаныя каля касцёла некалькі надгробкаў. У верасні 2017 г. з Прылукаў былі вернутыя каля дзясятка надмагілляў, вывезеныя туды за савецкім часам; яшчэ адно надмагілле было знойдзена ў сутарэннях д. № 44. З гэтых матэрыялаў і плануецца зрабіць мемарыял страчаным Залатагорскім могілкам.
31 кастрычніка 2017 г. рашэннем Адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска № 1068 за парафіяй Траецкага касцёла была замацаваная тэрыторыя14, якая дагэтуль належала Мінскім тэлефонным сеткам і апошнія гады была пакінутая без карыстання — пляц з вышкаю і параю будынкаў. Менавіта тут вернікі парафіі, разам са сваім пробашчам кс. Юрыем Санько, мараць стварыць і мемарыял страчаных могілак, і малітоўны вулічны пляц.
Траецкая парафія працягвае сваё жыццё. Новы эпізод упісаны і ў гісторыю Залатагорскай некраполіі: 17 лютага 2018 г. у касцёле знайшоў вечны супакой прах Магдалены Радзівіл (+1945)15; згодна з яе тэстамэнтам, вядомая мецэнатка і дзяячка беларускага культурнага руху нарэшце пахавана ў Мінску: урна з яе прахам умураваная ў левую бочную сцяну малітоўнай залы касцёла Найсвяцейшай Тройцы.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
Фота Аляксея Яроменкі |
У час падарожжа па Еўропе Магдалена пазнаёмілася ў Вялікабрытаніі з маладым князем Мікалаем Радзівілам (1880–1914), які быў пляменнікам нясвіжскага ардыната Антонія Радзівіла і стаў яе мужам.
Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш. Адкрыла беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага р-на) наведвалі Вацлаў Іваноўскі, Iван і Антон Луцкевічы, Раман Скірмунт і інш. дзеячы нацыянальнага беларускага руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло і інш.
З канца 1918 г. жыла у эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі. З 1932 г. жыла ў Швейцарыі. Дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, літоўскаму і габрэйскаму культурным рухам. Памерла ў 1945 г. у Фрыбургу (Швейцарыя). Сям’я выканала апошнюю волю памерлай — быць пахаванай у Мінску, з якім была звязаная вялікая і найлепшая частка яе жыцця.