№2(80) 2017

 
  

Новы нумар квартальніка «Наша вера» пачынаецца рэфератам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча «Тэалогія Фацімскіх аб'яўленняў і іх актуальнасць у наш час», з якім беларускі іерарх выступіў на сімпозіуме ў Жодзіне, прысвечаным 100-годдзю Фацімскіх аб'яўленняў. У матэрыяле А. Граеўскага «Папа, які хацеў спыніць вайну» гаворыцца пра папу Бэнэдыкта XV, на Пантыфікат якога прыпала Першая сусветная вайна і Фацімскія аб'яўленні.

Працягваецца публікацыя перакладу трактата св. Яна ад Крыжа «Узыход на гару Кармэль» (пер. з ісп. мовы С. Грэсві).

Выкладчыца Святога Пісання, доктар біблістыкі М. Пашук прапануе ўвазе чытачоў арт. «Дарога жыцця», у якім апавядае пра адну з найцікавейшых кнігаў Старога Запавету — Кнігу Тобія.

Беларускім каталіцкім святарам і арганізацыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) прысвечаны арт. гісторыка А. Вашкевіча «У іх быў свой шлях да незалежнасці».

Доктар філалагічных навук А. Мальдзіс у арт. «Дзе можа знаходзіцца месца пахавання Францыска Скарыны?» разважае пра таямніцу пахавання першага беларускага друкара.

Беларускі кампазітар А. Чыркун у публікацыі «Я ўдзячны Богу за натхненне» прэзентуе сваю музыку на словы Францыска Скарыны.

Рэстаўратар А. Шпунт у арт. «Ікона арэалу палескіх гаворак» цікава апавядае пра народныя палескія іконы і іх аўтараў.

Драўляным святыням Беларусі прысвечаны арт. доктара мастацтвазнаўства Т. Габрусь «Прыгажосць у прастаце».

Кандыдат філалагічных навук І. Багдановіч прапануе ўвазе чытачоў свой пераклад верша Г. Пузыні «Касцёл у Бялынічах».

Асобе выдатнага беларускага мастака В. Бялыніцкага-Бірулі, які паходзіў з каталіцкага шляхецкага роду, прысвечаны арт. Л. Камінскай «У суладдзі з Божым светам».

Памяці апошняга народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча прысвечаны арт. Я. Мальца «Сказ для нас і для нашчадкаў».

Пра таленавітага прадстаўніка польскамоўнай паэзіі А. Гарэцкага і яго творчасць разважае Г. Шаўчэнка ў арт. «На шалях справядлівасці і міласэрнасці». Тут жа друкуецца пераклад з польскай мовы верша А. Гарэцкага «Смерць здрадніка Айчыны».

У рубрыцы «Паэзія» змешчаны вершы таленавітага фотамайстра і паэта Г. Ліхтаровіча.

Да 175-годдзя з дня нараджэння выдатнай польскай паэткі М. Канапніцкай, творы якой любіў Я. Купала, друкуецца арт. прафесара, кандыдата філалагічных навук Е. Лявонавай «Як квяцісты былі твае песні…».

Літаратуразнаўца А. Брусевіч у арт. «Свята ўзнёслага слова» апавядае пра калектыўны зборнік духоўнай паэзіі «Дабравест» (Гродна, 2017).

У эсэ «Буйніцы і драбніцы Уладзіміра Содаля» М. Скобла цёпла згадвае гэтага руплівага беларускага даследчыка.

Пра нялёгкае чалавечае жыццё разважае паэтка Д. Бічэль у сваім эсэ «Шчаслівыя ўбогія духам…».