![]() |
Доктар філалагічных навук Ж. Некрашэвіч-Кароткая прапануе ўвазе чытачоў свой пераклад даследавання нямецкага прафесара Т. Менцаля «„Пяць хростаў Русі“ ў помніках даўняга ўсходнеславянскага пісьменства».
А. Агапаў у арт. «Хрысціянскія каштоўнасці як адказ на сучасны крызіс Еўропы ў святле навучання Ёзафа Ратцынгера» разважае пра важныя аспекты вучэння выбітнага тэолага.
Да 600-й гадавіны смерці вялікага Дантэ таксама падрыхтавана падборка матэрыялаў: арт. А. Жлуткі «Паэтыка боскага…», урывак з энцыклікі Бэнэдыкта XV In praeclara summorum, арт. Дж. Папіні «За Дантэ супраць „дантыстаў“» (у пер. з італ. А. Данільчык).
Памяці пакутніка сталінскіх рэпрэсій пісьменніка Я. Скрыгана прысвечаны ўспаміны яго дачкі Галіны Скрыган — «Выратавальны круг любові».
У матэрыяле «Беларускі след Сталема» Ул. Ягоўдзік распавядае пра паэта А. Олэся (Украіна) і А. Траяноўскага, які пераклаў яго вершы на беларускую мову.
У рубрыцы «Паэзія» змешчаны вершы ўкраінскага паэта А. Олэся (у перакладзе А. Траяноўскага) і беларускай паэткі Л. Сільновай.
Цікавая падборка матэрыялаў прысвечана знакамітым юбілярам: пра выдатнага беларускага паэта Л. Галубовіча піша Е. Лявонава ў арт. «Вершам мацуючы веру…», да юбілею доктара мастацтвазнаўства Т. Габрусь падрыхтавана інтэрв’ю Л. Камінскай «Знайсці свой шлях…», а юбіляр А. Ярашэвіч, сябра рэдкалегіі нашага часопіса, прапануе ўвазе чытачоў свой арт. «Партрэты фунтадараў», дзе апавядае пра старажытную традыцыю ахвяраванняў на святыні і асобаў, якія актыўна падтрымлівалі яе.
Вядомы калекцыянер і рэстаўратар І. Сурмачэўскі ў эсэ «Вечнае жыццё» піша пра сапраўднага хрысціяніна, свайго дзеда Юзіка, і неўміручыя мастацкія творы, якія нагадваюць нам пра таямніцы чалавечага быцця.
Пра гісторыю старых аршанскіх могілак, а таксама пра магілу Людвіка Ангермана піша мастак М. Купава ў артыкуле «Аршанскія каталіцкія могілкі: гісторыя надмагілля Людвіку Унгерману».