![]() |
Гадавіне біскупскай сакры ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі А. Буткевіча прысвечана інтэрв’ю з ім Ф. Сіўко пад назваю «Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю...».
Дзясятай гадавіне адыходу ў вечнасць папы Яна Паўла ІІ прысвечана слова К. Лялько «Да жыцця вечнага ў Богу…» і публікацыя ўрыўкаў з «Асабістых нататак» пад назвай «Я ўвесь у руках Тваіх» Вялікага Папы.
Пра асобу св. Тэрэзы ад Езуса — настаўніцы камуніі з Богам — апавядаецца ў матэрыяле а. А. Куляхі OCD «Святая Тэрэза ад Езуса — настаўніца Камуніі з Богам».
Перакладчыца С. Грэсві прапануе ўвазе чытачоў раздзелы з «Жыцця святой Тэрэзы ад Езуса, запісанага ёю самою».
Гораду св. Тэрэзы — Авіле, прысвечана эсэ мастацтвазнаўцы В. Буйвала «Горад святой Тэрэзы».
Працягваецца публікацыя перакладу А. Жлуткі працы Стэфана Свяжаўскага «Святы Тамаш, прачытаны нанава» — раздзел ХIV.
Літаратуразнаўца І. Багдановіч з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння святара і паэта К. Сваяка друкуе свае новыя даследаванні з яго жыцця і творчасці ў арт. «Быць ксяндзом, афярнікам «Бога Жывога»...
Працягваецца публікацыя перакладу працы англійскага пісьменніка і тэолага К. С. Льюіса «Чатыры віды любові» (Раздзел IV. «Сяброўства»).
У рубрыцы «Паэзія» змешчаны новыя вершы Я. Чыквіна і А. Данільчык.
Памяці народнага паэта Беларусі Р. Барадуліна прысвечаны арт. М. Скоблы «Храм яго паэзіі».
Даследчык Я. Янушкевіч у арт. «Адвакат Віленскай кансісторыі, або аўтографы Багушэвіча… ў Мінску» піша пра свае новыя архіўныя знаходкі. Тут жа друкуюцца два вершы Д. Бічэль у памяць Ф. Багушэвіча.
У рубрыцы «Проза» І. Жарнасек прапануе чытачам свае біяграфічныя згадкі, сабраныя пад назваю «Нашых дзён крыгаход».
Доктар мастацтвазнаўства Т. Габрусь у арт. «Ад Рыма да Нясвіжа», прысвечаным 540-годдзю Мікеланджэла, разважае пра ўплыў гэтага вялікага творцы на культуру Беларусі.
Рэстаўратар А. Шпунт у нататках з «Агульнага сшытка» разважае пра асаблівасці сваёй прафесіі і нялёгкую задачу захавання айчыннай культурнай спадчыны.
«Гравюра Францыска Скарыны ў Кнізе прарока Данііла. Сэнс мастацкай інтэрпрэтацыі» — так называецца арт. супрацоўніцы Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі І. Зварыкі, у якім яна цікава разважае пра сэнс выяваў льва ў працах знакамітага першадрукара.
Даследаванню аднаго з помнікаў перакладной літаратуры Беларусі прысвечаны арт. літаратуразнаўцы У. Кароткага «Булава, з пяром злучаная. Хрысціянскі запавет гетмана Гасеўскага».
Мастак М. Купава ў эсэ «Art-Ворша-Рубон» піша пра творчыя здабыткі суполкі «Пагоня» і яе нядаўнюю выставу ў Мінску, прысвечаную Аршанскай бітве.