Рэфлексія
![]() |
Касцёл у вёсцы Камаі. Алесь Шатэрнік. |
Суровы і сціплы ў сваім знешнім архітэктурным абліччы-выглядзе, камайскі касцёл мае ў сабе тую незвычайную моц, прыцягальнасць і бязмежную веліч, якія дадзеныя Храму, несумненна, толькі самім Усемагутным і самім родным краем.
З часоў Вялікага Княства Літоўскага ён стаіць на скрыжаванні стагоддзяў і гістарычных шляхоў нашай любай Беларусі. Як брама веры, вечнасці і любові.
Можа таму, кожны, хто хоць аднойчы пераступіць парог святыні, назаўсёды пакіне тут маленькую часцінку сваёй душы. Асабліва той, што скалечаная лёсам і жыццёвымі выпрабаваннямі. Падзеліцца сваімі трывогамі і радасцямі, няўдачамі і поспехамі, расчараваннямі і надзеямі. Зноў адкрые сваё сэрца, зачарсцвелае ў жыццёвых клопатах і трывогах, для шчырасці, душэўнай чысціні і любові.
Па-ранейшаму поўны велічы і паважнасці, касцёл св. Яна Хрысціцеля і сёння на святой Імшы сустракае сваіх вернікаў ды вітае гасцей. А ў чужых далёкіх краінах ззяе той пуцяводнай зоркай, якая кіруе ў родную старонку.
Да яго, як да алтара веры і надзеі, з дарог жыцця вернемся аднойчы і мы. Каб пастукаць у Браму Вечнасці і Хрыстовай Любові.