АДАМ МІЦКЕВІЧ |
Адам Міцкевіч і ў Наваградку, і ў Коўна жыў небагата - але ж дыхаў поўна! Няшмат у долі ёсць шчаслівых дзён - да Польшчы так і не даехаў ён. Паэт спакойна памірае рэдка - ў Канстанцінопалі расійская разведка атруціла Міцкевіча, каб ён не набіраў там новы легіён. Сто пяцьдзесят гадоў прайшло, а я ўсё плачу, сто пяцьдзесят гадоў прайшло, а я ўсё бачу, як пад наваградскі святы касцельны дах нясе Тадэвуш Зосю на руках. |
МАКСІМ БАГДАНОВІЧ |
Прароцтваў не прыпісвайце Максіму! Да беларусаў пасылаць Месію даўно не мела сэнсу - і таму быў лепшы талент дадзены яму. І рыцар Збройны, на кані і з мечам, і сам Гасподзь над родам чалавечым не раз Айчыну беглі ратаваць - а нам было заўсёды напляваць... Як не хацеў ён зноў крывавіць гэта! Ды боль з адчаем давялі паэта - і хворы ўжо, і ўжо на сконе дзён не вытрываў, Пагоню клікнуў ён. |
КСЁНДЗ ФАЛЬКОЎСКІ - ПЕРШЫ ПАВЕШАНЫ НА КРЭСАХ У 1863 ГОДЗЕ |
Паўставаць заўжды не той час. Зноў ці рана, ці позна. Але ксёндз вясковы чытае з амбоны адозву - гэта ўсё, што паўстанцкі Жонд можа зрабіць пакуль. А далей - толькі смерць ад казачых шабляў і куль. Імперыя моцна ваюе! Кругом яе перамога... Спачатку - ксяндза адвозяць у Вільню, да Мураўёва, потым - на вёсцы вешаюць. І закопваюць без магілы... На тым месцы сорак гадоў камяні ўзыходзяць наноў. Мужыцкія рукі тую работу рабілі. І ўвогуле - на Беларусі лішніх няма камянёў... Людзі, і вы ўспамяніце таго святога ксяндза. І хай хоць раз у жыцці пацячэ па душы сляза. |
ПОМНІК МАКСІМУ БАГДАНОВІЧУ Ў ГРОДНА |
Гродна - месца маленства. Агеньчыкі ў вокнах зімы. На свеце лепшае месца там, дзе ў маленстве мы. Кожны свой бераг мае. Чорны і светлы цень. Гродна - магіла маці. Першы дарослы дзень. Нёман гайдае хвалі. Цягне вецер матыў. Ў Мінску і ў Яраслаўлі ў помніках ты застыў. А тут маленства святое навек замяла зіма.. Гродна - гняздо пустое. Помніка ў Гродна няма. |
ЯЛІНКА |
Свята дваццаць гадоў не было. Адна гарэлка з горкім вяселлем. Запаліла ялінка ў доме святло на Свята Божага Нараджэння. Дваццаць гадоў дзе-небудзь вайна. Самога два разы забівалі. Свечка гарыць пасярод стала. Не ўспамінаю, але забываю. Двуногіх звяроў і двудушных сяброў. Тых, хто біў, і тых, хто не бачыў. Цяпло, як віно, запаўняе кроў. А цемра замерзла ў холад сабачы. Не трэба нам з табой гаварыць. Пра беднага хама. Пра кепскага пана. Цемра гасне. Свечка гарыць. Нарэшце мінулае ў цемры прапала. |
СЕМІНАРЫЯ |
Прыедуць хлопцы з дальніх вёсак - хто па навуку, хто па долю. У Гродна запалае восень і ўжо не скончыцца ніколі. На горцы нёманскай, як колас, расце касцёл праз пяць стагоддзяў. А над гарою Божы голас - тады і ўчора, і сягоння. І гэты ціхі голас кліча не ваяваць, не глоткі рэзаць і не дзяліць, але дзяліцца - тут, на забытых людам Крэсах... |
ТУРМА. БЫЛЫ КЛЯШТАР ЕЗУІТАЎ У ГРОДНА |
Снег пайшоў. Наляцела на Гродна зіма. Ходнік слізкі і вузкі. Мур высокі. Турма. Сягоння з гэтага боку гуляю міма яе, а што адбудзецца заўтра, маўчаць анёлы мае. Наша турма са славай. Ад царскай і польскай пары. Тут сядзелі вялікія людзі. За народ адны змагары. Сягоння з гэтага боку гуляю міма яе, а што адбудзецца заўтра, маўчаць анёлы мае. А народ бяжыць і штурхаецца. Няма часу яму гуляць. Дэмакраты няхай выдурняюцца. Трэба красці і зарабляць. У правінцыі гора вясёлае. Мы не вязьні - вязьні не мы. Галубы ляцяць над касцёлам. Слізкі ходнік каля турмы. |