![]() |
Працягваюцца: публікацыя ўрыўкаў з кнігі «Бэнэдыкт XVI. Святло свету: Папа, Касцёл і знакі часу. Размова з Петэрам Зэевальдам» у перакладзе з нямецкай мовы Ірыны Бурак; пераклад Алеся Жлуткі працы Стэфана Свяжаўскага «Святы Тамаш, прачытаны нанава», а таксама пераклад працы Тамаша Кэмпійскага «Сьледам за Хрыстом», зроблены Станіславам Грынкевічам.
Айцец Пётр Рудкоўскі ў эсэ «Выходзьма са сваіх магілаў!» заклікае беларусаў да нацыянальнага самаўсведамлення ў кантэксце Крыжовага шляху Хрыста.
У публікацыі Валерыя Буйвала «З’яўленне Хрыста народу» распавядаецца пра шэдэўр вялікага рускага жывапісца Аляксандра Іванава.
Пісьменніца Ірына Жарнасек у інтэрв’ю «Што ў падмурку?» гаворыць з ксяндзом Юрыем Барком пра асновы хрысціянскай веры.
120-годдзю з дня нараджэння ксяндза Адама Станкевіча прысвечаны артыкул даследчыцы Ірыны Багдановіч «Ксёндз Адам Станкевіч — знаны і нязнаны».
Беларускі гісторык Юрась Гарбінскі прапануе чытачам публікацыю «Шлю прывітанне з далёкай Сібіры...» пра архімандрыта Андрэя Цікоту ў савецкім ГУЛАГу. Таксама ён прапануе чытачам публікацыю лістоў ксяндза Андрэя Цікоты са сталінскіх лагераў.
«Заняпад глабальнай вёскі» — так называецца артыкул Яраслава Макоўскага, аўтар якога разважае пра горкі вобраз сучаснага свету.
Вядомы беларускі даследчык Уладзімір Содаль у матэрыяле «Сямейныя рэліквіі Францішка Багушэвіча» апавядае пра рэчы, якія належалі сям’і паэта.
Кандыдат філалагічных навук, прафесар Ева Лявонава ў артыкуле «Сюжэт біблейскай прыпавесці...» разважае пра аповесць Васіля Быкава «Сотнікаў» у святле старазапаветнай прытчы пра Каіна і Абэля.
Пра новую кнігу вершаў Рыгора Барадуліна «Anima» піша Міхась Скобла ў літаратуразнаўчым эсэ «Збудаваць свой каўчэг».
У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы Алеся Гібка-Гібкоўскага.
Майстра беларускай мастацкай прозы Генрых Далідовіч прапануе чытачам урывак са свайго рамана «Рурыкавічы і Рагвалодавічы».
Пісьменніца Данута Бічэль у артыкуле «Іван Лагвіновіч — паэт з палескага хутара Запрапасць» піша пра свае думкі падчас перачытвання пасмяротнай кнігі вершаў І. Лагвіновіча «Элегія палескага матыля».
Вядомы беларускі рэстаўратар Аркадзь Шпунт у эсэ «Роздум на лузе» прыгожа разважае пра кветкі і травы як частку Божага стварэння.