![]() |
«Вялікае шчасце — служыць людзям» — такую назву мае інтэрв’ю галоўнага рэдактара часопіса Крыстыны Лялько з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, прысвечанае 20-годдзю яго біскупскай сакры.
Увазе чытачоў прапануецца таксама інтэрв’ю «Шукаць згубленых авечак» Франца Сіўко з ардынарыем Віцебскай дыяцэзіі біскупам Уладзіславам Блінам з нагоды 10-годдзя стварэння дыяцэзіі і біскупскай сакры яе пастыра.
Зміцер Цехановіч у матэрыяле «Спадчына Адама Станкевiча» падрыхтаваў для чытачоў часопіса афарызмы з працаў і прамоваў выбітнага святара і дзеяча беларускага адраджэння Адама Станкевіча.
У рубрыцы «Пераклады» прапануецца працяг «Кветачкаў святога Францішка» ў перакладзе Аксаны Данільчык.
У рубрыцы Ad fontes змешчаны працяг славутай працы Тамаша Кэмпійскага «Следам за Хрыстом» у перакладзе на беларускую мову, здейсненым д-рам Станіславам Грынкевічам у 30-х гадах мінулага стагоддзя.
Пад назваю «У эпоху пераменаў» друкуюцца фрагменты з прэс-канферэнцыі протадыякана А. Кураева, якая адбылася ў Мінску напярэдадні візіту Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Кірыла ў Беларусь.
«Ліст святога Бруна Баніфацыя да караля Генрыка ІІ» друкуецца ў перакладзе з лацінскай мовы вядомага лацініста Алеся Жлуткі.
У рубрыцы «Вера і культура» друкуецца артыкул Пятра Рудкоўскага ОР «„Крыжовы шлях“ еўрапейскай свабоды».
Дзейнасці баніфратаў (шпітальнай кангрэгацыі святога Яна Божага) прысвечаны артыкул брата Атаназыя «Аздараўляючы цела, лячыць душы».
У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы беларускай паэткі Аксаны Данільчык.
У артыкуле Пятра Вайля «На пачатку: Джотто», перакладзеным на беларускую мову Лідзіяй Камінскай, распавядаецца пра італьянскага мастака эпохі Рэнесанса.
Літаратуразнаўца Ірына Багдановіч у артыкуле «На шляху нацыянальнага і духоўнага адраджэння» распавядае пра дзейнасць беларускага адраджэнца Браніслава Эпімаха-Шыпілу і падае публікацыю верша «Дзесяць Боскіх прыказанняў» з калекцыі, сабранай вучоным.
У рубрыцы «Нашы святыні» друкуецца даследаванне Алены Карпенкі «Да гісторыі алтара Маці Божай Ружанцовай у пінскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі».
«Я пешкі, мама!» — такую назву мае раздзел з новай кнігі пісьменніка Франца Сіўко.
Чытачам прапануецца інтэрв’ю з аўстрыйскім арганістам Ёганам Трумэрам пад назваю «Без музыкі жыццё было б пустым...»
У рубрыцы «Мастацтва» друкуецца эсэ Дануты Бічэль пра майстра Казіміра Місюру, які займаецца аднаўленнем згарэлых частак у галоўным алтары гродзенскай кадэдры імя святога Францішка Ксавэрыя.
Даследчык Юры Лаўрык у рубрыцы «Вачыма візітатара» прапануе артыкул «Мінскія бэрнардыны ў 1796 годзе».
«Да сустрэчы ў небе» — так называецца артыкул Яна Урыгі, у якім распавядаецца пра апошнія дні зямнога жыцця Фрыдэрыка Шапэна, прымеркаваны да 160-й гадавіны з дня смерці кампазітара.