ІДУ САБЕ ДА КАСЦЁЛА |
Іду сабе да Касцёла, дарогі не выбіраю. А крылы майго Анёла нясуць мяне, як да Раю. Святы Францішак Ксаверы цямрэч прайсці дапаможа. Дае мне Святой Вячэры Наш Збаўца Адзіны Божа. І сэрца маё не стыне. За ціхім мястэчкам Лідай, і продкі мае ў святыя пасланы маёй малітвай. |
ЦІ ЁСЦЬ ТАКАЯ КРАІНА? |
Ці ёсць такая краіна вось зараз, дзе ў людскай хаце маці выхоўвае сына, як Езуса Хрыстуса Маці? Драгічын, Скідаль і Мядзель... Там ёсць зацішны куточак, дзе аслабелыя маці сваіх не баяліся б дочак? Астатнія людскія справы вершацца самі сабою. Што даў нам Божа ласкавы, трымаецца толькі любоўю. |
У КАРАГОДЗЕ ХМАРАК І АНЁЛАЎ |
У карагодзе хмарак і анёлаў сусвет трымае белы Галубок, а Галубку даў гэту сілу Бог. Давайце заспяваем са святымі! Няхай на крылах Галубок падыме наш Край з дрыгвы і да нябёсных брам па той дарозе у высокі Божы Храм. |
БАСАНОЖ |
Шэрыя туфлі з абцасамі адхапіла за маркі... Па каменьчыках бегла. Можна бегчы за хмаркі да Максіма, да мамачкі, прыхапіўшы мядзяны грош... Але пчолкі ды ластаўкі і туды лятуць басанож... Адпусціце самотную! А туды не ходзяць пад ручкі. Абразок папяровы пакладзіце ў халодныя ручкі. Апусціце ў бязмеж вечаровай цішы і ценю... Хай паколюцца мае ножанькі аб святое райскае церне. |
ТУТ, СЯРОД ВАС |
Сумны гасцінец прылёг на зялёным каберцы. Тут усёй вёскі мінулае, як на паперцы. Сосны... Маўклівыя вочы... Маўклівыя сэрцы... Божы Анёлак, Адам і Франуся, Вінцук і Кастуся... Вы не пазналі? А я ж — ваша ўнучка Дануся. Тут, сярод вас, анічогачкі ўжо не баюся. |
ХХХ |
Калі паміж мной і Духам Святым ніякая моц не паўстане, тады не збірайце з лісточкаў вады, тады не марнуйце світанне. Калі ж і да сноў, дзе спачыла любоў, прасочыцца Божае слова, тады сапраўды пазбіраемся зноў на светлае Свята Хрыстова. |
КРАЙ |
Край, які я маю, не заснуў, а дрэмле. З ім уваскрасаю ў лісцейку, у дрэве. Над жывой зямліцай чыста неба стрэшка... Зорка-зараніца, хлопчыкава ўсмешка. |
БАЛЬСАН |
Нядзелькай светлаю хадзіла, бальсан, сармацкае кадзіла, казельчыкі, каціну мяту сушыць закідвала на мату. Падол андарака каляны, прапахлы ў кропе, у каляндры, трапаўся, да ўсяго быў падкі, ніколі не драмалі складкі. Бальсан, сармацкае кадзіла... Начнога жаўранка будзіла, сунічкі вуснамі спяліла, супольна з Богам дзень бяліла. |
СОНЕЧНЫ ДОЖДЖ |
Сонечны дождж на зямлю не трапляе, слізгаецца па лістоце, як смоўж. Зрэдку краплістая кропля страляе. Сонейка свеціць, стамляецца дождж. Так бы й застацца галінкай зялёнай тут, дзе прамень між галінак завіс. Тут і стагоддзі губляюцца ў кронах, не ападаючы з лісцем уніз. Дожджык сляпы... І я вочы заплюшчу, як лесавінка, схаваюся ў мох ды назаўсёды ўвасоблюся ў пушчу, з ёй уздыхну: сцеражы мяне, Бог... |
НЕ ХАЧУ СПАЧУВАННЯ |
З дубу клёпкі, кляновае дзенца не ўтрымаюць сярэбраны страх. Шнур, што чэрпаў з прадоння, парвецца — паляціць у нябёсы, бы птах... Не хачу спачування і жалю — пад нябёсаў спрадвечную столь проста з сумнага тлумнага балю знікнуць з гонарам, Божа, дазволь. |
СНІЦЦА МНЕ ХАТКА |
Сніцца мне хатка, нізкі парожак. Бог не застрэміць стомленых ножак. Лапкі там грэе Бонка старая, тая, што ў раі кветкі збірае. Сонейка ў поўдзень ткнецца да клямкі — сонныя вочы, носік у плямкі. Нейкі вандровец глядзіць вінавата. Твар не паголены... Гэта ж мой тата. |
ЧАСАМ ДУМАЮ |
Часам думаю, як там, высока на небе, на дармовым, святымі замешаным хлебе... І з якой там мучычкі выпякаюць аплаткі, дзе пасуцца там Божыя статкі... А ці Божы нектар, што збіраюць там пчолкі, п’юць паэткі, мае прыяцелькі... Каля Богавых ног, каля Богавых слоўцаў дзе там стол сарамлівых вяскоўцаў... Ці з нябёсных струменяў адчыняюцца шлюзы, па якіх абтрасаюцца росы... Калі ў нас аж залішне духовае сушы, чым жа росяцца самі нябёсы... Гэта мой апякун Францішак Ксаверы у нябёсах складае мне вершы, у нябёсах складае, аблокам чытае, ціхі спеў да вушэй далятае... |
БЕЛАРУСЬ-ДЗЯЎЧЫНКА |
Беларусь — Ты дзяўчынка-падлетак, вытры з вочак зялёныя слёзы ды бяжы праз квяцісты палетак, кліча Божа Цябе на нябёсы. Зачыні свае даўнія страхі, Хай галоднымі курчацца ў склепе. Панясуць Цябе вольныя птахі, Груганы Цябе тут не зачэпяць. Будзеш правіць сваёю зямелькай, шанаваць Цябе будуць сястрычкі. Будзеш Богу святою нядзелькай шнураваць на нагах чаравічкі. |