![]() |
Ніна Мацяш з беларускімі і ўкраінскімі пісьменнікамі і журналістамі. |
Паэтка Ніна Мацяш памерла «лёгкай» смерцю, памерла ў сне…Бог дараваў ёй «лёгкую» смерць за яе пакутнае жыццё. Калі можна назваць лёгкім самае адказнае канчатковае дзейства, якім бывае смерць… Але не было пры Нініным паміранні сведкаў, Ніна памірала адна ў сваёй кватэры, дзе адна жыла. Хацелася б, усё ж, каб пры апошнім развітанні з жыццём быў побач нехта блізкі…
Перад гэтым Ніна пабывала на сустрэчы ў Белаазёрскім ліцэі: любімая справа яе жыцця — размаўляць з моладдзю. Побач былі сябры — паэты Міхась Скобла і Васіль Жуковіч, якія прыехалі з Мінска.
Гэта быў яе выбар — патраціць апошнія жыццёвыя сілы менавіта так — аддаць іх людзям, моладзі.
Ніна падрыхтавалася да смерці. Напісала тэстамэнт. Усе дробязі, усе прадметы свайго пакутнага цялеснага прабывання і шчаслівай творчасці паэткі расклала з дапамогай сябровак і зрабіла фондавы вопіс на кампутары.
Ніна Мацяш свядома сама стварыла свой уласны музей-кватэру: жыцця, творчасці і шчаслівых адлётаў у Святлыні…У Белаазёрску няма ніякага музея.
Адштурхнуцца ад зямнога ёй было не так і цяжка…Яна жыццё правяла ў палётным стане маленькага птаха — паміж зямлёй і небам…На руках у сяброў, у калясцы…
— Птушанятка маё дарагое… — сказаў Ты на ранішняе павітанне з далёкай далечы… |
Памятаецца з апошніх тэлефонных размоў:
— Алё-ё-ёў, Данусенька! Вітаю цябе, сястрыца…
— Данусенька, я ўжо пайду. І ты мяне не адгаворвай. Я не буду чапляцца за жыццё і мучыць людзей, якія каля мяне. Чуеш, як я размаўляю? Прападае голас. Перастаюць слухацца рукі — не дацягнуцца да ракавіны…Цяжка трымаць галаву. Невыносна баліць усё цела ўвесь час. Наймацней баліць сэрца…Я ўжо і так болей жыву, чым мае сёстры Аня і Марыя.
Ты не злуй, сястрыца, што я табе гэта кажу.
— Не хочаш яшчэ раз патурбаваць Алёшу Хартоніка, каб памасажыраваў?
— Не.
Алёша масажыраваў яе цела па шэсць гадзінаў штодзённа. Не хацеў браць платы. Спачатку яна спынялася ў мяне, Алёша жыў па-суседстве ў Гародні. Пасля спынялася ў гатэлі Гроднаэнерга, які ёй рэзервавала Бярозаўская ДРЭС, пасля Алёша ездзіў у Белаазёрск…
Куды ні траплю — скрозь магу разлічваць Калі не на свяцільнік — на лучынку, Як не на белы хлеб — хоць на скарынку, Як не на малако — хоць на ваду: Людскога клопату хаця б расінку Паўсюль знайду… |
Размова між намі была спакойнай — яна тэлефанавала мне на мае народзіны. Я падумала, што гэта будзе адбывацца паволі, што яшчэ ўбачымся — мяне запрашае дырэктар Бярозаўскай школы, якую скончыла ў сваім часе Ніна, на сустрэчу. Тады і заеду да Ніны.
Каб паразмаўляць аб прыемным, я спытала ў Ніны, ці марыла яна ў дзяцінстве аб шчасці.
— Не, нам гэта было забаронена. Мама сказала, што нашу хваробу звальваць некаму на плечы нельга, калі б нехта гэтага нават вельмі хацеў. Мы крыж нашага роду мусім несці самі…
— Але ж ты тады хадзіла. У школе не было хлопчыка, які б табе падабаўся?
— Быў у восьмым класе Сашка, такі светлы, чысты хлопчык. На фотцы, якую зрабілі ў канцы года, ён стаў каля мяне…
— І які яго лёс?
— Не ведаю. Думаю — добры. Ён прыходзіў у школу з вёскі за кіламетраў сем…
Не мроячы пра шчасце, Ніна Мацяш стварыла прыгожыя вершы пра каханне — ад таемных салодкіх прадчуванняў да вялікай поўні асалоды душы і яго светла-сумнага прамінання. Гэта, бадай, галоўнае ў яе філасофска-ўзнёслай лірыцы…
На Ваша «ты» сказаць Вам «ты» не смею. І калі позірк позіркам злаўлю, Як птушанё, спалохана нямею. Я не кахаю Вас. Я Вас люблю. |
Пра чалавечую долю ў асяроддзі сяброў і сусвету, складзеную на ахвярнік нацыянальнай культуры, пра высокі дух адзіноты… Пра глыбіні родавага карэння, якімі моцны дух… «на гэтай пакрываўленай Зямлі»…
Стварыла эпічныя маналогі нацыянальных герояў…
Напісала кнігі вершаў, драматургіі і прозы дзецям…
Пераклала на беларускую мову вершы Віславы Шымборскай, паэму Ліны Кастэнкі «Маруся Чурай», творы Антуана дэ Сэнт Экзюперы…І шмат іншых аўтараў.
Прыдумвала музыку і прыгожа спявала свае і маміны песні.
Прыдумала новы від у мастацтве — пёркаграфіку — і ёю ўпрыгожвала ўласныя выданні.
Пляла макрамэ. Гадавала кактусы. Займалася мастацкай вышыўкай.
Яе пахавалі ў вышыванцы, зробленай сваімі рукамі.
Перапісвалася з класікамі і пачаткоўцамі.
Кіруючы Берасцейскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў, склала анталагічны альманах «Жырандоля», які выйшаў у 2008 годзе.
Незадоўга да смерці выступала ў Берасці, на шасцідзесяцігоддзі светлай памяці паэткі Жэні Янішчыц у Пінску, у Бярозаўскай школе і шмат дзе яшчэ.
Яна была смелай паэткай — ладзіла ў сталіцы творчыя вечарыны, на якія збірала тлумы моладзі і заплаканых жанчын. На пісьменніцкіх з’ездах яна цярпліва выседжвала ў сваёй калясцы ад пачатку да канца. Каля яе збіраліся сяброўкі і сябры, каб ад яе ўзяць спакою і цярплівасці…І ўвечары збіраліся ў яе пакоі ў гатэлі, каб усё абмеркаваць. Трыванне яе было гераічным. Ёй гэта было патрэбна.
Пры жыцці яна патрабавала ад сяброў, каб не напаміналі чытачам, што яна жыве ў калясцы, а хіба яна не сцвердзіла моц духу і цела сваёю дзейнасцю?
Бог пасяліў яе ў адказным месцы Беларускага Палесся сярод буслоў і азёр — Белага і Чорнага — і даў ёй чорна-белую долю, яна дарам ад Святога Духа стварыла нашчадкам на навучанне жыццё — з яснотаў.
Яе сёстры ўжо хварэлі, калі яна вучылася ў інстытуце замежных моваў і адчула, што пачалі балець ногі. Шукала ратунку. Хацела паехаць за мяжу, дзе лячылі і гэткую хваробу. У ЦК камсамола ёй сказалі: «Па надзею за мяжу не пускаем».
Памятаю, як яна ранкам займалася фізічнымі практыкаваннямі ў спецыяльна абсталяваным ложку. Хадзіла па кватэры, трымаючыся за парэнчы. Хадзіла па пакоі, трымаючыся за палачку. Пасля трымалі сяброўкі і вадзілі па пакоі.
Пасля давялося адмовіцца і ад усялякіх практыкаванняў. Казала:
— Калі б мне Бог даў пахадзіць хоць паўгода, а пасля памерці, — я згадзілася б. Прызнавалася:
— У сне я хаджу і нават лётаю, як птах…
Яе сёстрам пашанцавала: з імі даўжэй была мама, а ў мамы найболей сілаў і найцяплейшае сэрца… Іх ранічкай мама апранала, мыла, карміла, садзіла на спецыяльныя крэслы — яны займаліся шыццём. Самі прыгожыя, прыгожа ўмелі пашыць людзям, з шыцця зараблялі сабе на хлеб і лекі. У роднай вёсцы Ніўкі, што побач з Белаазёрскам, іх домік стаіць аддалены ад вулкі, там у глыбокім раўку працякае вадзіца. Навокал дрэвы, кветкі… Казачнае месца.
Мама памерла, сястра Люба загінула ў аварыі. Тата пахаваў Аню і Марыю…
Тады памёр сам. Галена доўгі час жыла па-за Беларусяй, пасля распаду Саюза пераехала ў родную хату. Іх засталося трое — брат і дзве сястры…
Мусіць, найбліжэй да Нінінага сэрца яе духоўная сястра Галя Скарына…
Крыху змянілася яе жыццё ў лепшы бок, калі яна атрымала кватэру, пабудаваную спецыяльна для яе — з шырокім калідорам, без дзвярэй, са спецыяльным выездам для каляскі. У гэты ж час стараннямі сяброў з Германіі яна атрымала каляску, якую не трэба было каціць рукамі. Пляменніца Алеся любіла пракаціцца, пачапіўшыся ззаду…
Яшчэ калі яна жыла ў першай маленькай кватэры, недалёка ад якой шумеў штучны вадаспад, выкладала замежную мову ў СПТВ, навучэнцы перад лекцыямі прыходзілі па яе і адвозілі на калясцы на заняткі, ужо тады ў Белаазёрск да яе на спатканні прыязджала моладзь з усёй Беларусі.
«Каб набрацца добрай энергіі», моладзь Гародні ездзіла да яе шмат разоў. Казалі:
— Паразмаўляўшы з ёю, выходзіш, нібы нанава нарадзіўшыся.
Яна дзялілася духам і словам. Мастацкае слова давала ёй крылы. Каб ніколі не ўпасці духам, яна моцна трымалася за роднае слова, як за самую надзейную браню. У Белым возеры яна плавала на спінцы, нібы шустрая рыбка. Засведчыла яна сваімі цярпеннямі высокую сілу духу.
«У слабасці хворых я заўсёды заўважаў сілу міласэрнасці, якая ўсё больш праяўлялася. Хворыя як бы «правакуюць» міласэрнасць. Праз сваю малітву і ахвяру яны не толькі выпрошваюць міласэрнасць, але ўтвараюць «прастору міласэрнасці», ці, дакладней, «адкрываюць прастору» для міласэрнасці. Сваёю хваробаю і цярпеннем яны заклікаюць да ўчынкаў міласэрнасці і даюць магчымасць іх здзяйсняць», — пісаў Ян Павел ІІ у кнізе «Устаньце, хадзем!»
Так было каля Ніны Мацяш.
Каля Ніны Мацяш чыніліся добрыя справы, з ёю лічыліся, станавіліся людскімі людзі ўлады, чыноўнікі. Перш за ўсё яна адносілася да іх з усёй павагай, як да людзей, якім цяжка працаваць, бо трэба прымаць рашэнні.
Мы будзем маліцца за яе да Бога, і будзем маліцца да яе, каб папрасіла нам натхнення, а Беларусі — дабрыні…Яна дзеля гэтага жыла.
Душа ўзалочана і ўчэрнена, І высям гэта не пярэчыць: Душа, як зорачка вячэрняя, Усходзіць радасці настрэчу. |
Залатая каляска з горкі падала,
Беглі цені белыя па возеры,
Ды занеслі цябе ў хатку тваю новую,
Ды замкнулі дзверы ў хатку тваю ціхую,
Там няма ні холаду, ні цяпла.
Усе болесці твае адбалеліся...
29.01.2009
| ![]() |
Гл. таксама:
:: У ВЯНОК НІНЕ МАЦЯШ ::