![]() |
Гетман Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Радзівіл Руды. |
[З кнігі І]
<…> Я апяваю цябе, Радзівіл, твае слаўныя дзеі,
Вартыя памяці і піэрыйскі10 вянок ускладаю.
Чутка пра гэткі твой подзвіг дайшла да Еўропы, да самых
Нават далёкіх краін, о Трырожац,11 аднак пачынаю
20 Я аздабляць сваім словам імя тваё, Старча вялікі,
Марса твайго, а таксама тваю пракаветную славу.
О, Каліопа з Эратай, да нас павярніцеся тварам,
Подзвіг літоўскага правадыра вы ўслаўляйце шматгучна —
Подзвіг, што ззяе да неба: герой той і ў міры, і з Марсам
25 Родны свой край умацоўваў; успомніце пра навальніцу,
Што праз Улу, па Іванавых землях ляцела шырока.
Хай яго слава паблякла ў бясконцых нарадах лівонцаў —
Можна лічыць, што ён сам зваяваў усю Скіфію цалкам.
Слаўце ж героя, Багіні, а вы, грамадзяне, жадайце
30 Поспехаў мне. Гэты твор я МАГУТНАЙ ЛІТВЕ прысвячаю.
<…>
195 Цяжка цяпер, сапраўды, прыгадаць усё тое, што здзейсніў
Мужны твой Марс, Радзівіл, бо муры і цвярдыні дашчэнту
![]() |
Тытульны аркуш выдання паэмы Яна Радвана «Радзівіліяда...» (Вільня, 1592 г.) |
[З кнігі IV]
Як для мяне, Радзівіл — наш фундамент, і Муза не спыніць
Спеў пра яго. Дык у чым для той панны з палёў Елісейскіх13
Лепшым ён стаўся ўва ўсім, Радзівіл: і ў жыцці, і ў спакоі?
Што ж за падзяка, скажыце, яму за святую адвагу,
Чым ён, якім рамяством, вартым памяці, вечнасць уславіў?
Ён па дарозе ідзе, што вядзе да вяршыняў Алімпа.
Высіцца толькі яна для мізэрных смяротных паўсюдна,
Дзе бессмяротныя дзеі. Ён крочыў за зменлівай славай,
Імем высокім сваім гэткім велічным подзвігам роўны.
Ён, як ніхто, у душы меў павагу да Боскае волі,
Словы Евангельскіх кніг шанаваў, і спрадвечная вера
Зноў ажывала ў радках і ў пашане ішла да народаў. <…>
Розным манархам чужым не прадаў ён за золата-срэбра
Маці-Радзіму сваю. За прывабны дарунак, за грошы
Сілаю ўладу змяніць не памог ён ніколі нікому.
Ведаў, што люд — легкадумны, а гэта — загана, таму ён
Сам не ўступаў у інтрыгі — ні з людам, ні з панскаю радай.
Прага да ўлады яго не душыла, як сквапная жаба,
Пыха, мярзотная немач, яго не з’ядала заўчасна,
Пыха — вялізны магільнік дзяржаў і найлепшых законаў.
Варта здзіўлення найперш справядлівасць яго і да міру
Прага душэўная: ён сам не клікаў вайну у Айчыну
Дый не хацеў парушаць дабрадатны спакой у краіне;
Лёгкіх да звадкі паноў заклікаў прымірыцца і разам
Стаць пад адныя сцягі. Навальніцу, якую шалёна
Хуткі Эол закруціў, наляцеўшы на нашыя землі,
Гетман магутны прагнаў і парадай, і справай найлепшай.
Ён, патрыёт, не цярпеў крывадушных прысяг ды вайсковых
Хітрыкаў розных, ліхіх да ўзаемных сутычак памкненняў.
Толькі святы дагавор ды нязломнай прысягі кляйноты
Ён шанаваў, наш герой, бессмяротная слава ліцвінаў.