Франц СІЎКО

ЗНАК СУПАКОЮ

апавяданне

«Перадайце адзін аднаму знак супакою», — кажа святар, і словы яго патанаюць у какафоніі з сірэнаў аўто і грукату колаў трамвая за вокнамі. Ценькая Люсіна пастава з выпрастанай — «супакой вам!» — рукою робіцца яшчэ больш ценькай, амаль празрыстай. І вось ужо другая, мажная, з шырокімі, як ахапіць вокам, плячыма — бацькава — неўпрыкмет вырастае замест яе на тле белай, з выявамі стацыяў Крыжовага шляху касцёльнай сцяны. Я мкнуся падхапіць Люсіну руку, каб таксама паціснуць, але ледзь паспяваю датыкнуцца да пальцаў дзяўчыны, як рука яе пачынае танець, танець і ўрэшце зусім чэзне ў прапахлым мірам і вапнаю паветры: касцёл толькі што, з месяц таму, адрамантавалі. Пранізаная парэшткамі майго няспраўджанага памкнення прастора абапал аздобленай кветкамі спавядальні і чаргою прагных пазбыцца грахоў пры ёй адразу вузее, цьмянее, аж пакуль дарэшты не перамяняецца ў штосьці вельмі знаёмае, накшталт абклеенай новымі імпартовымі шпалерамі сцяны ў нашай цеснаватай хрушцоўцы-двухпакаёўцы.

— Ну, нарэшце, здаецца, васпан прачнуўся, — кажа бацька і старанна прыгладжвае мокраю далоняй кароткія, бобрыкам, валасы. Ён, мабыць, бачыць мяне з калідора ў люстэрку, бо ледзь паспяваю я канчаткова атрэсці рэшту сну, як ён ужо паварочваецца тварам да дзвярэй, што вядуць у мой пакой, бадзёрым голасам пытаецца: — Прачытаў сёе-тое ўчора?

Сёе-тое — Карнэгі, якога ён настойліва каторы дзень запар падсоўвае мне для чытання пасля таго, як класная абмовілася падчас бацькоўскага сходу, што ў мяне, мабыць, нейкія праблемы псіхалагічнага кшталту. Маўляў, нічога страшнага, але ж такі апошнім часам хлопец нервовы, вунь нават павека ў яго торгаецца, дык бацькам варта мець усё тое на ўвазе. А можа, нават след звярнуцца па параду да спецыяліста. Да наведання спецыяліста, праўда, не дайшло, але пэўныя захады дзеля майго псіхічнага, так бы мовіць, аздараўлення бацька і маці зрабілі. Найперш — абмежавалі ў сядзенні за кампутарам. З васьмі вечара да паловы дзесятай, ні хвіляю больш, хіба што па суботах і нядзелях, ды і тое — у залежнасці ад таго, як лягуць на небе зоркі, а дакладней ад таго, які будзе ў абоіх настрой.

— Ну, дык як табе Карнэгі?

— Даволі цікава, — адказваю я, і мой абыякавы тон выклікае на бацькавым твары грымасу расчаравання.

— А як прайшло ўчорашняе інтэрв’ю з тым карэспандэнтам з часопіса? Пра што ён пытаўся?

— Пра тое, які момант у Імшы нам найболей падабаецца.

— І ўсё? І варта было дзеля аднаго адказу гэтак хвалявацца? І што ты адказаў яму?

— Што і амаль усе ў класе: момант зычання супакою.

— Няўжо ўсе? Што ты кажаш! Вось і дай тут рады вас зразумець, маладых... Удаяце гэткіх непрабівальных, круцізна так і прэ з вас, здаецца, а вось жа якія, аказваецца, насамрэч датклівыя... Знак супакою — хм, хто б мог падумаць!

— Я ў такім мандражы перад споведдзю, а вы са сваімі Карнэгамі ды інтэрв’ю. Знайшлі тэму, разумнікі, — адзываецца з кухні маці і ўключае радыё. — Менш у манітор ды тэлевізар трэба таропіцца, тады і ніякі Карнэгі не спатрэбіцца...

— А каму-нікаму — папсу слухаць, — асаджвае яе бацька, намякаючы на любоў маці да сучаснай музыкі. — Розных пінкаў ды панкаў... Яшчэ невядома, што горш для псіхікі.

— Мне сорак, а не восемдзесят, — парыруе яна. – І я не збіраюся дачасна заганяць сябе ў падпол... І ўрэшце, калі на тое пайшло, улічвай, калі ласка, маю прафесію творчага чалавека...

Маці — мастачка, вырабляе батык і прадае яго праз шапік на кірмашы ды падчас перфомансаў з удзелам музыкаў-аматараў. Заробкі так сабе, ды хоць штосьці, як сама яна кажа.

— Вось, а з дзіцяці нечага патрабуем! — закрывае бацька тэму і пачынае апранацца. Апошняе слова — рэдкі выпадак пасля таго, як загадаў доўга жыць ягоны бізнес па рамонце электрапрыбораў і яму давялося зноў хоцькі-няхоцькі вярнуцца да збрыдзелай выкладчыцкай працы ў тэхнікуме — засталося за ім, і гэта, відочна, дадае яму гумору.

Сёння нядзеля, і мы, як заўсёды, ідзем да дванаццатай у касцёл на Імшу. Бацька – з каталікоў, маці – з праваслаўных атэістаў. Абое доўга шукалі, пакуль не прыбіліся да касцёла, і цяпер мы штонядзелю ходзім у фарны. Бацька лічыць, што лепш было б прыпісацца да парафіі па месцы жыхарства, але маці не згаджаецца. Мабыць, усё яшчэ баіцца трапіць пад строгую — «ну ж і норавы ў гэтым касцёле!» — апеку пробашча. Мне нават часам здаецца, што яна шкадуе аб зробленым на карысць каталіцкае веры выбары і з радасцю вярнулася б да бесклапотных часоў рэлігійнага нікуды-не-належання.

 
На дварэ прахалодна, хоць і даволі ясна. Тонкае павуцінне, ледзь заўважнае на тле празрыстага, настылага з начы і яшчэ не прагрэтага як след сонечнымі прамянямі паветра чапляецца на вопратку, бязважкімі пасамі-ніткамі кладзецца на твар, шыю, рукі, на пабітае нядаўнімі прымаразкамі голле маладых, нядаўна пасаджаных кусткоў вішняку наўзбоч ходніка. Метраў за дзвесце паперадзе нас ідуць Садоўскія — бацька, маці, іх дачка Люся.

Я вымаю з нагруднай кішэні курткі акуляры-нулёвікі, уздзяваю на пераноссе.

— У цябе акуляры? — агаломшана кажа маці і глядзіць на мяне так, быццам упершыню бачыць. — З чаго б гэта? І што гэта за мода, сынок, — рабіць нешта употайкі, без ведама бацькоў? Мог бы і параіцца з намі, не чужыя ж мы табе у рэшце рэшт...

— Псіхолаг параіла, — кажу я і прыпыняю крок, каб пайсці следам за ёю, а не ўпоравень, як дагэтуль.

— А, вось яно што — псі-холаг! Дык ты быў у псіхолага? Ну і ну! Хоць бы словам абмовіўся... І што яна табе сказала?

— Сказала, што ў мяне, мабыць, занадта датклівае біяполе, таму мне трэба конча навучыцца абараняць яго ад уздзеяння кепскіх флюідаў. Нейтралізаваць іх абмежаваннем візуальна-зрокавага кантакту з суразмоўцам, вучыцца ставіць паміж сабою і ім нябачную перагародку. А гэта, сказала яна, найлепш рабіць з дапамогаю акуляраў, пажадана з прыцемненымі шкельцамі. Уздзеў — і ты быццам у шкарлупіне, ніякая адмоўшчына цябе не дастае.

— І што, сапраўды памагае?

— Вельмі. Ва ўсялякім разе павека падчас размовы не торгаецца. А калі раптам і заторгаецца, праз шкельцы гэта старонняму воку незаўважна.

Мой адказ маці не задавальняе, яна збянтэжана глядзіць на бацьку, быццам чакае падказкі, што рабіць ці казаць далей.

— Абмяркуем гэта дома, — прамаўляе з самавітым выглядам бацька і, задаволены роляю галоўнага ў сям’і, што гэтак неспадзеўна другі раз за ранне звалілася на яго, шматзначна хмыкае.

— Ах, як усё складана ў гэтым жыцці і як я заўжды хвалююся перад споведдзю! — кажа маці і ўтрапёна глядзіць на вежы касцёла, што вымыкаюцца белавата-ружовым шпілем з-за будынка чыгуначнай станцыі.

 
У касцёле не так каб вельмі шматлюдна, але і не пуста. Садоўскія ўжо паспелі заняць месцы на лаве акурат насупраць алтара, і мы з бацькам (маці застаецца ў чарзе да спавядальні) прабіраемся да іх. Мужчыны паціскаюць адзін аднаму рукі, мы з Люсяю і яе маці абменьваемся ветлівымі ўсмешкамі. Люся, як заўжды, сядзіць паміж бацькам і маці, я — таксама, як заўжды, — паміж мужчынамі, так што між мною і Люсяй, калі ўлічыць не худзенькую камплекцыю яе бацькі, — адлегласць даволі ладная, хоць, вядома, і не такая вялікая, каб перашкодзіць нам падаць адно аднаму рукі падчас пажадання супакою. Абы толькі бацька не адціснуў, як тое здарылася ў мінулы раз, дачку ўбок, дацягваючыся рукою да чыёйсьці далоні на пачатку лавы.

На Люсі лёгкі плашчык з каптурыкам з нейкай штучнай тканіны, і ён шторазу, варта ёй варухнуцца, выдае ціхі, ледзь улоўны шэлест, поўніць маю наструненую клопатам істоту адчуваннем невыказнага цяпла і лагоды. Хоць нешта, як кажа маці, не ўсё ж небараку непярэліўкі.

Міністранты ў суправаджэнні ксяндза выходзяць з закрыстыі, першы торгае тасемку звона — пачынаецца Літургія.

 
Час ад літургічных спеваў да абраду камуніі цягнецца так марудна, а я так чакаю запаветнае хвіліны пажадання супакою, што мяне міжволі пачынаюць прабіраць дрыжыкі. Як яно будзе? Ці здолею я сказаць Люсі пацісканнем рукі тое, што даўно маю намер распавесці? Мне не па сабе, таму ўсё, што дзеецца пры алтары, нібыта адбываецца за межамі маёй свядомасці. Я разумею, што гэта кепска, але як ні намагаюся авалодаць сабою, нічога не атрымліваецца. Я скасабочваю голаў з намерам паглядзець, як там Люся, але зрабіць гэта замінае мажная постаць яе бацькі. Так што замест ценькае дзявочае паставы я бачу толькі крысо яе плашча ды пасму валасоў, што выбіваюцца на каптурык з-пад хусціны. Мой бацька адорвае мяне няўхвальным позіркам, мацней сашчэплівае рукі на грудзях: праз хвіліну-другую пачнецца «Ойча наш» і трэба надаць позе належны, варты важнасці моманту выгляд. Я дастаю з кішэні акуляры, уздзяваю іх на пераноссе. Свет наўкола адразу цьмянее, і я з радасцю адчуваю, як трывога-няпэўнасць спакваля, хоць усё ж такі і неахвотна, урэшце адпускае мяне.

— Супакой Божы няхай заўсёды будзе з вамі, — кажа па малітве Панскай святар, і яго прачулы, поўны лагоды голас разносіцца па касцёле.

Я пасоўваюся ўправа, каб падаць Люсі руку, і ўжо амаль дацягваюся, сяк-так пераадолеўшы здрадлівае трымценне ва ўсім целе, да далоні дзяўчыны, як раптам яе бацька робіць рэзкі рух...

Рух такі рэзкі, неспадзеўны, што я нават па першасці не даю рады сцяміць, што адбываецца... Рукаў ягонага паліто шмаргае мяне па твары, б’е па ілбе, акуляры саслізгваюць з маёй пераносіцы і, перш чым я паспяваю іх падхапіць, валяцца долу, пад Люсіны ногі.

Люся колькі хвілін няўцямна глядзіць на іх, потым нахіляецца, падымае з падлогі. На твары яе — здзіўленне ўперамешку са страхам. І страх, аказваецца, недарэмны: адно са шкельцаў вывальваецца з аправы, з ціхім звонам зноў падае — цяпер ужо з рук Люсі — долу, трушчыцца на дробныя аскепкі.

— Ай, незадача, — кажа Садоўскі і з перапрашэннем у вачах хітае мне галавой. — Прабач... Я адрамантую... А не — новыя куплю. — Ён кладзе скалечаныя акуляры ў кішэню доччынага плашча, зноў паварочваецца да мяне: — Прабач, прабач, дружа!

— Ну, гэткае бяды, падумаеш — акуляры, — шэпча падвысакароджаная споведдзю і доўгачаканым момантам прыняцця Камуніі маці і ідзе да алтара.

 
Развітанне па Імшы похаплівае, з адценнем ніякаватасці — усё з-за пабітых акуляраў.

— Нядобра, нядобра атрымалася, — кажа Садоўскі і вінавата ўсміхаецца. — Як падумаю, што ў вока мог трапіць аскепак ад таго шкельца, — мароз па скуры... Вось з раніцы, ці дасцё веры, было прадчуванне нейкай прыкрасці, і вось — на табе, збылося. Ну, што тут скажаш?

Мужчыны рукаюцца наастатак, жанчыны абдымаюцца, можна і разыходзіцца.

Люся вымае далоньку з кішэні плашча, дзе ляжаць у чаканні далейшага лёсу — ці то выкінь, ці то рамантуй — мае акуляры, падае мне:

— Супакой табе!

— І табе, — адказваю я, і ўзнёсла-радасныя інтанацыі нашых галасоў не застаюцца незаўважанымі пільнымі дарослымі.

— А гэтым весела, бач, — паціскае плячыма мая маці і ідзе ад цвінтара да брамы. — Ну ж моладзь!

— Было б з чаго маркоціцца, праўда? — кажа Люся, і надзея на працяг гісторыі ў яе голасе ды вачах да такой ступені супадае (так мне, прынамсі, здаецца) з маёй, што мне ўвобміг робіцца горача.

 
Ужо амаль гадзіна мінула, як мы вярнуліся з касцёла, а ў кватэры ціша, быццам на хаўтурах. І ўсё з-за маці, дакладней, з-за Камуніі, якую яна сёння прыняла. Здаецца, яна не ходзіць цяпер па кватэры, а перасоўваецца мяккімі і няпэўнымі, што зусім ёй неўласціва, крокамі.

— Не кабета, а святая нейкая, — жартуе напаўголасу бацька і застывае ў малітоўнай позе, з якое яго выводзіць тэлефонны званок.

Ён здымае слухаўку, слухае, паварочваецца тварам да мяне.

— Сын, цябе просяць... Вазьмі.

Можа таму, што гэта першая наша размова па тэлефоне, Люсін голас я пазнаю не адразу. Чамусьці ён здаецца мне нейкім ненатуральным. Ды, апроч усяго, яго перашкаджае чуць тараторанне радыё. Люся просіць прабачэння за шкоду маім акулярам, а потым распытвае, дзе я іх набываў. Мне здаецца, што яна, як абяцаў яе бацька, хоча купіць мне новыя, і я пачынаю аднеквацца.

— Я хачу сабе набыць гэткія ж, — кажа яна на мае аднекванні. — Вельмі зручныя нулёвікі. Уздзеў і быццам схаваўся ад усіх. Праўда, зручныя. Да таго ж густоўныя, асабліва аздоба... Ды і шкельцы колерам нішто сабе. Дык дзе ты іх купіў?

— У шапіку каля аўтастанцыі, — адказваю я. — Там шмат розных, і ўсе неблагія. Да таго ж і танна, як параўнаць з аптэчнымі. Ды і выбраць ёсць з чаго.

— Дык, можа, пакажаш мне? Давай выберамся паслязаўтра, калі маеш час... Як?

— Паслязаўтра ў мяне трэніроўка, а вось заўтра можна было б...

— Ну, то тады заўтра. Бывай!

Бацька вызірае з-за фаліянта Карнэгі, незадаволена зморшчвае лоб.

— Адны выдаткі вакол, — кажа гучным, няйначай, каб і маці з кухні чула яго, голасам. — Адны выдаткі. Ты хоць ведаеш, колькі сёння каштуе пражыццё, каб гэтак раскашавацца яшчэ на розную драбязу? Памогуць яны табе тыя акуляры, як мерцвяку прыпарка. Удумаў немаведама што...

— Вось і я кажу, — падтаквае яму маці і выключае радыё. — Навошта ўсе гэтыя хітрыкі з хаваннем ад людзей, уся гэтая канспірацыя, калі можна расцудоўна заняцца трэнінгам... І здаравей, і расходаў, як той казаў, ніякіх.

— Канечне, — падхоплівае яе думку трэці раз за дзень усцешаны важкасцю ўласнага слова бацька і адкладвае кніжку ўбок. — Усё можна з Божае ласкі, варта толькі як след пажадаць ды папрасіць.

І хоць мне здаецца, што ён мае рацыю, да канца ў тым, што менавіта так яно і ёсць, я не ўпэўнены. Мне ўжо як-ніяк шаснаццаць, і я не з чужых словаў ведаю, якая немалая часам адлегласць аддзяляе жаданне ад таго, з чым насамрэч даводзіцца сутыкацца ў жыцці. Я хачу сказаць яму пра гэта, але не наважваюся: што карысці ісці ў «рожкі» са старэйшымі? Няхай усё пакуль што застаецца як ёсць, а там будзе бачна.