1 | У кіпарысаў ценю між магілаў слязьмі суцешаных хіба лягчэйшы смяротны сон? І калі Сонца болей мяне жыццём сям’і цудоўнай не пацешыць | |
5 | раслінаў і жывёлін на зямлі, і будучыня поўная надзей шчаслівых наперадзе не будзе болей таньчыць, і не пачую, мілы дружа2, тваіх вершаў з гармоніяй тужлівай, іх царыцай, | |
10 | калі я ў сэрцы духа не адчую цнатлівых Музаў, полымя кахання — у снах выгнанніка адзіных суцяшэнняў, што дасць за страчаныя дні мне камень, які пазначыць мае косткі сярод іншых, | |
15 | раскіданых па моры і па сушы шчодрай смерцю? Вось яно як, Піндэмонтэ! З кладоў адыходзіць нават Надзея — Багіня апошняя; рэчы ўсе забыццё акаляе ў начной цішыні, іх безупынна нястомная сіла | |
20 | перастварае; людзей, іх магілы, сляды прысутнасці,— усё, што ад зямлі і неба застаецца, час змяняе. Але чаму заўчасна так смяротны ілюзію губляе, што ля межаў Дзіта3 | |
25 | яго, памерлага, спыніць магла б? Ці не працягвае ён жыць і пад зямлёю, калі яму змаўкае музыка сусвету, і ці не можа ён праз сумны клопат у родных памяці яе трымаць? Ідзе ад неба | |
30 | такая сувязь сэрцаў дарагіх, нябесны дар людзям; і часта цераз яе душа жыве з памерлым сябрам, і з намі ён, калі зямля, што міласэрна яго дзіцёнкам прыняла і ўзгадавала,— | |
35 | у мацярынскім чэраве сваім апошні даючы прытулак, абараняе мёртвыя парэшткі ад бур раз’юшаных і ног неасцярожных натоўпу, а імя каменне захавае, і сябар, што струменіць водар кветак, | |
40 | суцешыць прах яго сваім пяшчотным ценем. І толькі той, хто ў спадчыну пачуццяў не пакіне, магілай не суцешыцца, і ў думках пасля хаўтураў беспрытульны дух свой бачыць між плачу ў сутарэннях Ахерона4 , | |
45 | або прынятым пад крылом магутным ўседаравання Боскага5: але свае парэшткі пакіне ў крапіве пустэльнай глебы, дзе не памоліцца каханая жанчына, і не пачуе ўздыхаў рэдкі падарожнік, | |
50 | што нам з кладоў Прырода пасылае. Новы закон між іншым загадвае сёння, каб пахаванні схавалі ад сумных паглядаў, і забірае імёны ў нябожчыкаў. Спіць без магілы святар6 твой, Талія7; спяваючы табе пашану, | |
55 | ён лаўр8 узгадаваў пад бедным дахам з такой любоўю і вянок табе ўскладаў, а ты сваімі жартамі ўпрыгожвала куплеты, што джалілі ламбардскага Сарданапала9, якому толькі рык быкоў прыемны: | |
60 | яны са стайняў Адды і Цічына10 яго суцешваюць заганы і патрэбы. О, Муза мілая, ты дзе? Не чую я амброзій водару — нябеснасці прыкметы — між тых раслін, дзе я сяджу і ўспамінаю | |
65 | свой родны дом. А ты сюды злятала, каб сустракаць паэта ўсмешкаю пад ліпай, што шамаціць сваім схілёным веццем. Чаму не закрывае, о, Багіня, пахавальню, таго, каму раней дарыла ціш і прахалоду? | |
70 | Магчыма, ты сярод магіл плебейскіх шукаеш месца, дзе святая спачывае твайго Парыні галава? Бо гэты горад, юрлівы спакушальнік вылегчаных спевакоў, не даў яму між сцен сваіх ні ценю, | |
75 | ні каменя, ні слова; і, магчыма, яго косткі скрываўленыя галавой бандыта, што аплаціў грахі свае на пласе. Ты чуеш, як скрабецца між развалін і вецця ссохлага бадзяга-пёс, блукае | |
80 | сярод магіл і з голаду скуголіць; як з чэрапа выходзіць, дзе ад поўні схаваны быў, шакал і скача між крыжамі, параскіданымі па полі пахавальным, і брудны папракае сваім плачам | |
85 | праменні, што так шчодра дораць зоркі забытым могілкам. Цяпер дарэмна, расе няшчаснай ночы над паэтам, о Багіня, ты молішся сваім. Ах! Болей кветка, якой патрэбныя жывых пашана і каханых | |
90 | слёзы, над памерлымі не ўзыдзе. Ад дню таго, як людзям першабытным алтар, суды і шлюб11 адкрылі міласэрнасць як да саміх сябе, так і да іншых, жывыя ад дрэннага паветра і жывёлаў | |
95 | няшчасных рэшткі забіралі, для якіх Прырода спрадвечным рухам сэнс інакшы вызначае. Магілы славы сведчаннем былі і алтаром сынам; ад іх адказы хатніх Лараў12 сыходзілі, трымалі людзі | |
100 | над прахам продкаў дадзенае слова: свяшчэнны культ, што ў розных рытуалах радзімы гонар, шкадаванне родных перадаваў на працягу стагоддзяў. І не заўжды служылі надмагіллі | |
105 | падлогамі ў катэдрах; дзе змяшаны з ладанам іх пах малельнікаў бянтэжыць, а гарады не засмучаліся шкілетаў прывідамі, бо начной парою маці перапалоханыя прачынаюцца і цягнуць | |
110 | аголеныя рукі да галоўкі любай сваёй малечы, каб яе не патрывожыў душы памерлай несупынны лямант, што са святыні просіць у нашчадкаў аплочаных малітваў. Кедры й кіпарысы, | |
115 | струменячы ў паветры чысты водар, вечназялёныя галіны над кладамі прасціралі у гонар вечнай памяці, і вазы каштоўныя прымалі слёзы запаветаў. Сябры скрадалі сонечныя промні, | |
120 | каб асвятліць начныя сутарэнні13, бо вочы чалавека перад смерцю шукаюць Сонца; і апошнія грудзей усіх уздыхі святлу, якое знікне, узыходзяць. Фантаны, разліваючы ваду жывую, | |
125 | вырошчвалі фіялкі, амаранты на глебе могілак; і хто садзіўся, каб малако разліць і выказаць свой смутак памерлым дарагім, той найсвяцейшым пахам дыхаў, бы тым, які лунаў над Елісейскімі палямі14. | |
130 | Ілюзія, народжаная сумам, што робіць мілымі гаі кладоў вясковых ангельцам маладым, пакліканым любоўю да маці страчаных, дзе Геніям15 яны маліліся, каб той герой вярнуўся, | |
135 | які з галоўнай мачты карабля ім пераможанага16 вырабіў труну. Ды там, дзе прага слаўных дзеянняў заснула, дзе страх і сквапнасць грамадой кіруюць, пампезнасць непатрэбная магільных | |
140 | калон і новых манументаў мармуровых паказвае праклятай Смерці вобраз. А мудры люд, багаты люд, шляхетны17, краса і розум італійскіх земляў, жывым у пышных залах пахаваны | |
145 | і герб яму адзіным суцяшэннем. І нам прытулак ціхі смерць рыхтуе, дзе ўрэшце задаволіцца фартуна сваёй вендэтай, дзе сябры спадкуюць не скарбніцу багацця, а пачуцці | |
150 | высокія і вольных вершаў прыклад. Да спраў шляхетных запальваюць моцных духам моцных магілы, о Піндэмонтэ, і робяць для пілігрымаў святой і прыгожай зямлю, у якой іх прытулак. Калі я знайшоў надмагілле, | |
155 | дзе спачывае цела таго велікана18, што, гартаваўшы жазло для далоні ўладарнай, лаўраў пазбавіў яго і тлумачыў народу, колькі крывавай слязы па-над ім пралілося; і мастака надмагілле19, што ў Рыме Анёлам | |
160 | новы Алімп збудаваў; і таго, хто пабачыў20 рухі пад купалам вечным нябёсаў іншых планет у святле нерухомага Сонца, хто ўпершыню для Ангельца21, каб крылле змог распрасцерці, дарогі Сусвету разведаў, | |
165 | то закрычаў: «Блаславёнаю будзь за паветра22, поўнае моцы жыццёвай, за рэкі, што праліваюць з вяршыняў сваіх Апеніны. Радасны Месяц з празрыстых вышыняў ясным святлом апранае пагоркі | |
170 | ад вінаграду вясёлыя; кветкі з поўных сядзіб і аліўкавых дрэваў далінаў тысячы водараў небу твайму пасылаюць: слухала першай, Фларэнцыя, ты песняспевы, што залагодзілі сум Гібеліна23 ў выгнанні, | |
175 | ты і бацькоў дарагіх, ты і мову вуснам салодкім дала Каліёпы24, тым, што Любоў, распранутую ў Грэцыі й Рыме, зноў захінаючы ў вэлюм бялюткі вярнулі чыстым абдымкам Нябеснай Венеры; | |
180 | ды шчаслівейшая болей, бо ў храме адзіным25 гонар сабраны Італіі ты зберагаеш, можа апошні з часоў, як трыклятыя Альпы і пераменлівы лёс чалавечай фартуны зброю тваю захапілі і скарбы, і веру, | |
185 | і захапілі радзіму, — усё, апроч успамінаў, — дзеля таго, каб у час, як надзея на славу дзецям Італіі розумам смелым заззяе, мы б атрымалі натхненне адсюль. І да мармураў гэтых часта Віторыё26 натхняцца прыходзіў. | |
190 | Моўчкі блукаў на багоў раззлаваны радзімы па берагах апусцелых Арно27, прагна палеткі сузіраючы і неба; а паколькі нішто не супакойвала трывогі, суровы прыпыняўся; і на твары | |
195 | надзею замяняла бледнасць суму. Тут, сярод волатаў духу, ён вечна жывы, а косці любоў да радзімы хвалюе. О, так! Богі вяшчаюць з той цішыні найсвяцейшай: грэкаў адвагу і ярасць натхнялі яны супраць персаў | |
200 | у Марафоне28, калі асвяцілі Афіны слаўных герояў магілы. Морапраходзец, што бараздзіў тыя хвалі навокал Эўбеі, бачыў праз цемру начную, як іскры ляцелі ад сутыкнення са шлемамі мечаў, | |
205 | як узнімаліся дым і агонь, і як здані салдатаў бліскалі зброяй жалезнай, — бойкі шукалі; між жахаў начной цішыні доўга грымелі па полі і ўдалеч ляцелі грукат фалангаў і заклікі трубаў, | |
210 | і набліжэнне шалёнае коней, што на скаку паміраючых шлемы тапталі, лямант і гімны, і Паркаў29 трывожныя спевы. Шчаслівы ты, бо вольную краіну ветру30, парою маладой, Іполіта, наведаў. | |
215 | І калі плыў твой карабель за выспы мора Эгейскага, чуў ты, бясспрэчна, спеў Гелеспонта аб справах мінулых, аб бітвах, чуў, як трывожнае мора шумела, што па-над целам Аякса Ахілаву зброю | |
220 | несла да мыса Рэтэйскага: шчодрым смерць справядліва пашану адмерыць: зброяй здабытай пацешыцца хітрага розуму і дапамогі цароў не хапіла Улісу 31, — у карабля беспрытульнага хваля яе адабрала, | |
225 | што замагільныя богі паслалі. Але мяне, каго часы і гонару пачуцці ісці змушаюць у чужыя людзі, мяне згадаць герояў клічуць Музы, якія думак ход падказваюць смяротным. | |
230 | Яны садзяцца вартаўніцамі магіл і ў момант, як час сваім халодным крыллем там змятае руіны нават, радуюць Пімплеі32 сваімі спевамі пустэльні, і перамагае гармонія тысячагоддзі цішыні. | |
235 | І сёння ў незасеянай Траядзе33 наведвальнікаў прываблівае месца, што ўвекавечыла сабою Німфа, Юпітэра нявеста, бо дала яму Дардана-сына34, і ад яго пайшлі і Асарак, і Троя, | |
240 | і пяцьдзесят сыноў, і царства Юліі людзей. Аднак калі пачула Паркі спевы, што да Элізіума клікалі Электру з жыццёвае прасторы, то апошні Юпітэру паслала заклік свой. Казала: | |
245 | «Калі мой твар і косы дарагімі табе былі і ночы, поўныя бяссоннае пяшчоты, а воля Лёсу для мяне не мае лепшых падарункаў, абарані, хаця б, ад неба мёртвую сяброўку, каб памяць пра тваю Электру засталася». | |
250 | І так гаворачы памерла. Плакаў несуцешна па ёй Алімп; ківаючы бяссмертнай галавою, ліў з валасоў сваіх амброзію на німфу і асвячаў ёй цела і магілу35. Тут Эрыхтоній36 спачыў, дрэмлюць рэшткі | |
255 | мудрага Іла37; тут валасы дарэмна распускалі траянскія жанчыны, ай! прасілі сваіх мужоў, каб аддалілі лёс няўмольны; сюды Касандра, калі Бог прадбачыць ёй ранак дапамог смяротны Троі, | |
260 | прыйшла і ценям праспявала спеў журботны, сюды скіроўвала нашчадкаў і вучыла журботным лямантам траянцаў юных. Казала, уздыхаючы: «О, як дазволіць вам воля неба з Аргасу38 вяртанне, | |
265 | дзе давядзецца вам пасці каней Лаэрта сына і Цідзіда39, дарма вы будзеце радзіму шукаць! Муры, стварэнне Феба40, дыміцца будуць у сваіх руінах!» Ды родны дом Пенаты41 Троі знойдуць | |
270 | у пахавальнях, дадзеных Багамі, каб славу захаваць высокую ў нягодах. Вы, кіпарысы з пальмамі, якіх нявесткі Прыамавыя42 садзяць, вырасціце хутка, удовінай палітыя слязою; | |
275 | абараніце маіх продкаў; ну а той, хто зможа адвесці ад свяшчэнных дрэў сякеру, адчуе за памерлых боль слабейшым і алтара кранецца блаславёна. Абараніце маіх продкаў! І аднойчы | |
280 | убачыце: сляпы жабрак43 блукае пад вашым ценем старажытным, і рукамі махаючы, у пахавальні зазірае, гладзіць урны і задае пытанні ім. Паскардзяцца глыбіні таемныя, распавядуць усе магілы | |
285 | пра двойчы зруйнаваны Іліён і двойчы адроджаны над вулкамі нямымі, каб прыгажэйшым стаў трафей апошні Пелеевых сыноў44 пасланых фатам. Святы паэт пакуты лірай супакоіць, | |
290 | і ўвекавечыць Грэцыі цароў па свеце усім, што бацька Акіян вялікі абдымае. Ты гонар слёз таксама атрымаеш, Гектар45: паўсюдна кроў, якая льецца за радзіму, святою і аплаканаю будзе, покуль Сонца | |
295 | над бедамі ўзнімаецца людскімі. |
Глядзі таксама:
Аксана ДАНІЛЬЧЫК :: УГО ФОСКАЛА ::