![]() |
Альбуць. 1982 год. На святкаванні 100-годдзя Якуба Коласа. |
...Такіх натхнёных асобаў, са святым уяўленнем, якія маюць усе вершы ў галаве, якім дастаткова двух-трох словаў, і ўжо гатовая песня, якую яны ўмеюць спяваць без акампанементу нават і тады, калі слухаюць толькі кветкі ў вазоне; якія не баяцца чорнай дзіры адхлані, якія ўмеюць чэрпаць поўнымі жменямі промні... Якія не выпрошваюць у нікчэмнасцяў нават «цёплага» месца свайго адпачынку; якія не баяцца апошняй вандроўкі туды, куды Бог пасылае, бо ведаюць, што іх спакою не вытрымае ніводзін д’ябал... Якія ў думках кажуць: «Я хачу вам адкрыць вочы»... Глядзяць на ўсіх зверху, бо высокія ростам, але не забываюць, што Бог заўсёды вышэй за ўсіх...
Янка Брыль ад Бога атрымаў талент пісьменніка як падарунак і сам распарадзіўся ім як падарункам для чалавека, гэта значыць, быў выбраным для адказнай, важнай справы благаслаўлення...
Бог, крыніца жыцця, даў Янку Брылю высокі рост і ўзрост, даў розум, плён таленту, даўгавечнасць, поўню жыцця, гэта значыць уменне не прывязвацца да багацця, хоць бы яно расло само па сабе...
А мы, яго нашчадкі духоўныя, яго вучні, разгубіліся, калі ён пайшоў ад нас: не ведаем, што сказаць яму наўздагон, калі ён сам усё пра сябе сказаў...
Меў добрае слова ад Бога, якое працавала, працуе далей, прыносіць плёны, трымае ў стане шчасця, бярэ удзел у поўні жыцця... Калі Бог благаслаўляе, Ён Сам і стаіць за тым словам, і нават болей: Сам дае сябе ў тым слове... З дарам слова, як з каханнем: яго нельга вызначыць іначай, як праз асабістае сведчанне.
![]() |
На радзіме Цёткі (Алаізы Пашкевіч) у Старым Двары. 1976 год. |
Божанька, Ты надзяліў яго такім высокім ростам, што ён ішоў, як ляцеў. Бачыў усё зверху, меў перспектыву, г.зн. не прывязваў сябе да другасных рэчаў. Меў вялікі разгон. А ў нашай краіне — хоць даганяй за тры гады сто гадоў, якія пражылі суседзі, — усё роўна іх не дагоніш. А ці трэба даганяць, калі высокаму можна быць першым і ззаду?!
Калі б я яго не ведала асабіста, ведала б пра яго не нашмат меней, таму што ён усе моманты свайго жыцця і жыцця сваіх блізкіх увёў у сваё добрае слова. Таму што з дзяцінства яго паэзія прозы ўдзельнічала ў фармаванні маёй асобы — у школе, у педвучэльні, у інстытуце... Калі ж выкладала родную літаратуру, вывучэнне яго творчасці было шчасцем, святочнай урачыстасцю, бо як родныя дзеці пад сэрцам, так пад сэрцам біліся яго прыгожыя героі: хлопчык Данік, Марыля, Галя з гарманістам Сярожам, Толя Руневіч, і шумелі яго ліпка і клёнік.
Ён іх спісваў са сваіх родных людзей, а мы іх знаходзілі ў сваіх родных. Ён ствараў у слове добрым жывую Беларусь ва ўсіх маляўнічых, цёплых і змрочных праявах. Мы прытулялі яго, як нашу Беларусь, да сваёй вёсачкі, да свайго сэрца — усё яно неяк зрасталася, зраслося ў адно. Ён абняў, прытуліў і сагрэў усіх нас сваімі добрымі словамі.
Побач з ім — крок у крок — ішоў яго малодшы сябра Валодзя Караткевіч, які ўзяў яшчэ большы разгон, хацеў убачыць, а што там свеціць беларусам, дзе нябёсы дакранаюцца да зямлі і тут жа ад яе адштурхоўваюцца... Залішне разагнаўся Валодзя, заляцеў у будучыню і згарэў там (целам — не духам!). Пакінуў не попел — а благаславенне Божых словаў. І мы іх маем.
Янка Брыль бярог кожны дзень, дадзены Богам. Ён узвышаў нас у думках да свайго ўзроўню, прымаў нас за сваіх дзяцей. Беларусь была ягонай сям’ёй. Хоць і сваю сям’ю меў, бярог яе, шанаваў, апекаваўся як добры бацька.
Янка Брыль ніколі не быў марнатраўным сынам. Быў сынам старэйшым, які зберагаў здабыткі роднай зямлі і памнажаў іх. Але найдаўжэй ён быў бацькам, духоўным бацькам беларускай інтэлігенцыі, які цярпліва вучыў усіх і чакаў цярпліва, калі блудныя сыны пазбіраюцца, памірацца са старэйшымі сынамі і прытуляцца да роднага цяпла. Былі яго сынамі ўсе, хто ведаў, разумеў і не зневажаў роднае слова, добрае слова.
Развітацца з ім прыйшлі толькі сыны — беларуская эліта.
Раптоўна вялікі двор каля яго малой кватэры запоўніўся людзьмі. Сынамі і дочкамі, бел-чырвона-белымі сцягамі з жалобнымі стужкамі. Зацвіў ружамі і белымі лілеямі, кветкамі, якія вырасціла Беларусь, хоць было гарачае, сухое лета.
А ў Варшаве плакаў Чэсь Сэнюх, удзячны, што Янка Брыль сказаў яму аднойчы: «А ты вазьміся за пераклад паэмы Якуба Коласа „Новая зямля!“» І даў яму гэтым словам работу на ўсё жыццё...
Сціплая была мая задача — быць там, побач каля яго вечнага каўчэга, глядзець, плакаць, маліцца, дайсці да месца яго спачыну, потым прыехаць у Гародню. Я справілася.
І вось цяпер зноў малюся, плачу і пішу гэта развітальнае слова. І маю надзею, што верны, адданы яму легіён анёлаў, які вызваліў яго з зямной няволі, цяпер суправаджае яго да Цябе, добры Божа. Прабач яму тыя зямныя грахі, якіх я не ведаю. Прымі яго ў Валадарства Тваё.
Гл. таксама: